Смалянчук Алесь

Нацыя ў пошуках гісторыі, ч. 2

Хутка развівалася новая беларуская літаратура, цэнтральнымі фігурамі якой былі Янка Купала (Іван Луцэвіч), Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), Максім Багдановіч, Карусь Каганец, Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), Канстанцыя Буйло і інш. Літаратура адстойвала права беларуса на сацыяльную, палітычную і культурную роўнасць. Яна вяртала беларусу высокі сэнс жыцця. На змену пакутніку ў беларускую літаратуру прыйшоў новы, адраджэнскі тып чалавека, які пачаў разумець саю вартасць і маральную сілу.

Трэба адзначыць поспехі ў развіцці беларускага мастацтва і, у першую чаргу, тэатра. Як прафесійны калектыў з 1910 г. дзейнічала “Першая беларуская трупа” пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. У Вільні пры рэдакцыі “Нашай Нівы” намаганнямі Івана Луцкевіча ствараўся Беларускі нацыянальны музей.

Такім чынам, па меры пашырэння беларускага нацыянальнага руху развівалася і мацнела беларуская культура, гэты, па словах аднаго з аўтараў “Нашай Нівы”, “аграмадны дар і скарб для ўсеславянскай і ўсясветнай людскай культуры”[32].

А вось барацьбу за нацыянальную школу беларусы прайгралі. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. пытанне пра існаванне беларускай школы сталася адным з галоўных пытанняў нацыянальнага руху. Ролю школы ў працэсе фармавання нацыі ва ўмовах пачатку ХХ ст. цяжка пераацаніць. Ніводны іншы сродак вядзення прапаганды не мог параўнацца са школьным. Менавіта тут ідэалогія нацыянальнай эліты павінна была злучыцца з масавай свядомасцю. І беларусы шмат зрабілі па падрыхтоўцы і выданню вучэбнай літаратуры. У 1906 г. у Пецярбургу выйшаў з друку першы ў ХХ ст. беларускі буквар (“Беларускі лемантар або Першая навука чытання”), які ўводзіў новую графічную сістэму для беларускай лацінкі. Яе асновай быў чэшскі алфавіт. Шэраг беларускіх дзеячоў (Баляслаў Пачопка, Аркадзь Смоліч, Антон Луцкевіч, Янка Станкевіч) працавалі над стварэннем граматыкі беларускай мовы для школ. Але найбольш удала справіўся з гэтай задачай Браніслаў Тарашкевіч. Ягонаму поспеху паспрыяла дапамога такіх вядомых даследчыкаў як акадэмікі А.Шахматаў і Я.Карскі. У 1918 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты была надрукавана паралельна кірылічнымі (76 с.) і лацінскімі літарамі (112 с.) “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. Упершыню на даволі высокім навуковым і метадычным узроўні былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы беларускай мовы.

Аднак пакуль дзеячы беларускага Адраджэння рыхтавалі вучэбную літаратуру, Беларусь пакрывалася сеткай афіцыйных рускіх і тайных польскіх школ. Выпускнікоў беларускіх настаўніцкіх семінарый, выхаваных у вялікарускім духу, Язэп Лёсік пазней назаве “найлепшымі правадырамі мураўёўскай палітыкі абрусеньня”[33] Гэтыя “русіфікатары мясцовага гатунку” мелі надзвычай вялікі ўплыў на сялянства, бо былі звязаныя з ім сваім сялянскім паходжаннем. Сур’ёзную перашкоду пашырэнню беларускай нацыянальнай свядомасці ўяўлялі сабой польскія тайныя школы, якія хутка множыліся і вялі актыўнае выхаванне ў польскім духу. Тып беларускага настаўніка-патрыёта, якім была, напрыклад, Алаіза Пашкевіч, заставаўся абсалютнай меньшасцю.

У гэты ж час афармляецца ідэя беларускай палітычнай самастойнасці. Ужо першая праграма БСГ (1903) уключала патрабаванне незалежнай дэмакратычнай беларускай рэспублікі. Але наўрадці гэта было вынікам эвалюцыі беларускай ідэі. Хутчэй сказаўся ўплыў польскіх сацыялістаў і літоўскіх сацыял-дэмакратаў, якія раней уключылі ў свае праграмы патрабаванні незалежнасці адпаведна Польшчы і Літвы. Другая праграма БСГ ужо патрабавала толькі аўтаноміі Беларусі ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расіі. Апошняе патрабаванне было характэрным і для беларускіх краёўцаў. Толькі пры гэтым размова ішла пра аўтаномію ўсяго Беларуска-літоўскага краю (“гістарычнай Літвы”).

У 1905 г. на польска-літоўска-беларуска-яўрэйскіх з’ездах віленскіх аўтанамістаў таксама абмяркоўвалася пытанне пра тэрытарыяльныя і этнічныя межы аўтаноміі. Большасць выказалася за аўтаномію “гістарычнай Літвы”, што не задаволіла літоўскіх прадстаўнікоў, якія адстойвалі канцэпцыю “этнаграфічнай Літвы”, і не жадалі аб’яднання з усімі беларускімі землямі.[34] Напрыканцы 1915 г. сярод віленскіх краёўцаў адрадзілася ідэя самастойнасці “гістарычнай Літвы”, якая аформілася ў зварот Часовай Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага (снежань 1915 г.) Актыўную ролю ў дзейнасці Часовай Рады адыгрываў Іван Луцкевіч.

У гэты час аформіліся тры з чатырох, паводле Энтані Сміта[35], асноўных кампанента нацыяналізма. Гэта ідэя самабытнай беларускай гісторыі, усведамленне прыналежнасці да адметнага культурнага тыпу, дзе асабліва важную ролю адыгрывала беларуская мова, і ўяўленне пра тэрытарыяльныя межы рассялення нацыі. Чацвёрты кампанент - уласная нацыянальная палітыка – прысутнічаў толькі часткова.

Умацаванне палітычных пазіцый стрымлівалася адсутнасцю беларускай палітычнай партыі. “Наша Ніва” цалкам замяніць партыю не магла. Наогул, для “нашаніўскага перыяду” характэрна пэўная недаацэнка ролі палітычнай працы сярод шырокіх колаў насельніцтва. Палітычны кантакт з шырокімі коламі насельніцтва быў страчаны. Месца сацыяльна-палітычнай праграмы беларускага руху заняла праграма нацыянальная. Між тым толькі спалучэнне нацыянальнай ідэалогіі з папулярнымі сацыяльнымі і палітычнымі лозунгамі дазваляла разлічваць на стварэнне шырокай сацыяльнай базы беларускага руху. Тым больш, што з пачаткам вайны ў сувязі з размеркаваннем у Беларусі велізарнай колькасці расійскага войска і наплывам бежанцаў з Польшчы сітуацыя для беларускага руху яшчэ больш пагоршылася.

Лібералізм, які спрыяў далучэнню да беларускага Адраджэння прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства, не мог стаць асновай масавага руху, бо ў Беларусі так і не сфармаваўся моцны сярэдні клас. Кансерватыўная ідэалогія толькі эпізадычна мела дачыненне да беларускага руху. Што датычыць сацыялізма, які хутка павялічваў колькасць сваіх прыхільнікаў, то ў Беларусі па-ранейшаму сацыялістычная ідэалогія распаўсюджвалася пераважна як польская, яўрэйская і велікаруская. Сацыялістычны рух быў прадстаўлены ППС, БУНДам, Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меньшавікамі і бальшавікамі. Гэтыя партыі праблему беларускага нацыянальна-культурнага і палітычнага Адраджэння ігнаравалі. Адсутнасць беларускай сацыялістычнай партыі, якая б паспрабавала спалучыць папулярныя сацыялістычныя лозунгі з беларускай нацыянальнай ідэяй, рабіла беларускі рух аўтсайдэрам у міжпартыйным і міжэтнічным спаборніцтве за ўплывы сярод насельніцтва.

Такім чынам, напярэдадні вызначальнага перыяду 1917-1918 гг. беларуская нацыянальная ідэя не была спалучана з папулярнай сярод шырокіх колаў грамадства сацыяльна-палітычнай праграмай. У выніку нешматлікім беларускім арганізацыям было вельмі цяжка канкураваць як з агульнарасійскімі партыямі, так і з польскімі або яўрэйскімі партыйнымі арганізацыямі.

Падзеі першай сусветнай вайны прычыніліся да тэрытарыяльнага раз’яднання беларускага руху. Пасля акупацыі Вільні нямецкімі войскамі кіраўнічым цэнтрам руху на захад ад фронта стаў Беларускі народны камітэт, які ўзначаліў Антон Луцкевіч. Ён жа быў кіраўніком створанай у Вільні ў 1915 г. Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы. З’яўленне гэтай арганізацыі было пэўным наступствам расчаравання беларускіх дзеячоў расійскім лібералізмам, які ад пачатку вайны заняў велікадзяржаўныя пазіцыі.

Дастаткова талерантныя адносіны германскіх акупацыйных уладаў да нацыянальна-культурных патрабаванняў беларускага руху паспрыялі хуткай выпрацоўцы ў віленскім беларускім асяродку асноў уласнай нацыянальнай палітыкі. Яна грунтавалася на ідэе будаўніцтва беларускай, а, дакладней, беларуска-літоўскай дзяржаўнасці. Часовая Рада Канфедэрацыі ВКЛ у выніку абвастрэння нацыянальных адносін распалася. Але беларусы засталіся прыхільнікамі ідэі федэрацыі або канфедэрацыі Беларусі і Літвы.

Прыхільнасць беларусаў да канцэпцыі адраджэння дзяржаўнасці былога Вялікага Княства Літоўскага магчыма тлумачыцца ўсведамленнем недахопу ўласных сіл для працы над стварэннем монанацыянальнай беларускай дзяржавы. Літоўцы маглі стаць адносна нешматлікім, але вельмі актыўным і энергічным саюзнікам, які ўжо дасягнуў пэўных поспехаў, у т.л. і на міжнароднай арэне. Адроджанае ВКЛ уяўляла б сабой даволі буйную еўрапейскую краіну, у развіцці адносін з якой маглі праявіць зацікаўленасць іншыя дзяржавы. Апроч таго Беларуска-літоўская канфедэрацыя дазваляла пазбегнуць падзелу этнічнай беларускай тэрыторыі.

“Віленскія беларусы” падрыхтавалі і прадставілі на міжнародную канферэнцыю ў Лазане (1916) спецыяльны мемарандум, у якім адстойвалі правы беларусаў на нацыянальна-дзяржаўнае жыццё. Упершыню “беларускае пытанне” было вынесена на абмеркаванне еўрапейскай супольнасці.

У сакавіку 1917 г. Антон Луцкевіч у спецыяльным мемарандуме, дасланым Канцлеру Германіі, сфармуляваў галоўную мэту беларускага руху: “стварэнне з трох аб’яднаных абласцей – Беларусі, Літвы і Курляндыі, занятых нямецкімі войскамі, незалежнай дзяржаўнай арганізацыі […]”.[36] Сталіцай гэтай канфедэрацыі бачылася Вільня.

1 верасня 1917 г. сход віленскіх беларускіх арганізацый накіраваў тэлеграму ў германскі рэйхстаг, у якой выказваў надзею, што Германія дапаможа “рэалізацыі палітычных ідэалаў, падзеленага фронтам 9-мільённага беларускага народу, на падставе адзінства з этнаграфічнай Літвой і Курляндыяй”.[37] Аналагічныя дакументы накіроўваліся палітычным кіраўнікам Германіі і пазней.

Літоўскія дзеячы не прымалі гэтай ідэі. Яны цвёрда стаялі на пазіцыях утварэння монанацыянальнай літоўскай дзяржавы ў межах т.зв. “этнаграфічнай Літвы” са сталіцай у Вільні. Ідэя сумеснай з беларусамі дзяржаўнасці была для іх непрымальнай, па меньшай меры, па двух прычынах. Па-першае, на працягу амаль усяго ХІХ ст. працягваўся працэс славянізацыі літоўскага этнасу на Віленшчыне. У межах адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы ён мог абярнуцца катастрофай для літоўцаў. Па-другое, літоўскія палітыкі разумелі, што Расія не “выпусціць” Беларусь, і маладая дзяржава атрымае вельмі моцнага ворага.

У сваім імкненні да незалежнасці “этнаграфічнай Літвы” літоўцы знаходзілі ўсё большую падтрымку германскіх уладаў. Беларусы паспрабавалі перахапіць ініцыятыву. У парадак дня стала задача кансалідацыі ўсіх беларускіх сіл. Шлях да гэтага ляжаў праз фармаванне палітычнай нацыі-дзяржавы.

У верасні 1917 падчас чарговага сходу беларускіх арганізацый Вільні было прынята рашэнне аб правядзенні Беларускай канферэнцыі. На ёй павінны былі быць прадстаўленымі ўсе беларускія арганізацыі, што дзейнічалі на захад ад фронту. Галоўнай мэтай прадстаўнічага сходу была каардынацыя намаганняў у справе будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці ў саюзе з літоўскай нацыяй. Землі ўсходняй і цэнтральнай Беларусі планавалася далучыць да “гэтай самабытнай дзяржавы”.[38]

Напрыканцы лістапада быў створаны Арганізацыйны камітэт. Яго сябры на старонках беларускай газеты “Гоман” (рэдактар Язэп Салавей) заявілі, што перад беларускім рухам з заходняга боку фронту стаіць двайная задача – культурна-нацыянальнае і палітыка-дзяржаўнае самавызначэнне. Галоўнай мэтай абвяшчалася стварэнне ўласнай дзяржаўнасці ў межах Беларуска-літоўскага краю. Нарэшце прыйшло разуменне неабходнасці масавай падтрымкі: “Ідэал свядомага беларускага грамадзянства – збудаваць сваю дзяржаву на такіх асновах, каб яна злучыла ізноў разарваныя ваенным фронтам Беларускія землі, сабрала разам усю беларускую многамільённую сямейку, забяспечыла магчымасць усестаронняга – нацыянальнага, эканамічнага, грамадзянскага развіцця ўсім жыхарам краю бяз рожніцы роду і племі. Але, каб гэты ідэал правесці ў жыццё, трэба, каб яго прынялі і паддержалі ня толькі кіраўнічыя палітычныя кругі беларускага грамадзянства, а ўвесь наш народ – усе беларусы”[39].

У Арганізацыйны камітэт між іншым увайшлі браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Салавей, Казімір Шафнагель, ксёндз Уладыслаў Талочка, іераманах Савацій, В.Святаполк-Мірскі. Склад Камітэту сведчыць пра спробу арганізатараў аб’яднаць усе сацыяльныя колы беларускага грамадства. Гэтаму павінна была спрыяць таксама публікацыя ліста Казіміра Шафнагеля “Да нашай краёвай інтэлігенцыі”.[40]

Аўтар, землеўладальнік з Гарадзеншчыны, пісаў пра трагізм становішча беларускага селяніна, пакінутага сваёй інтэлігенцыяй. Ён заклікаў прадстаўнікоў заможных колаў грамадства беларускіх зямель усвядоміць “очывістую праўду – праўду тэрытарыяльную, а хутка пэўне ўжо і праўду палітычную: што вы – грамадзяне Літвы і Беларусі, яе сыны – значыць: “літвіны” або “беларусы”. К.Шафнагель пераконваў: “Паварот да гэтага адвечнага самавызначэньня […], паварот згодлівы з вашым паходжэньнем і традыцыяй, ня толькі ня будзе вас ганьбіць, а наадварот, прынясе вам чэсць, бо звяжэ вас з народам, бо дасць вам аснову быту, бо вас узмацуе і падніме […]”. Гэты зварот у духу беларускай краёвасці быў разлічаны на далучэнне да беларускага палітычнага руху часткі вышэйшых сацыяльных колаў мясцовага грамадства. Але сярод большасці прадстаўнікоў гэтых колаў ён выклікаў пераважна крытычныя заўвагі.[41]

І тым не менш намаганні арганізатараў не былі цалкам дарэмнымі. Канферэнцыя працавала з 23 па 25 студзеня 1918 г. Выніковыя дакументы сведчаць, што пэўная кансалідацыя была дасягнута. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый пагадзіліся з раней выпрацаванай віленскім беларускім асяродкам канцэпцыяй беларускай дзяржаўнасці: “Будучы глыбока перакананы, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасць можа забяспечыць беларускаму народу магчымасць усебаковага эканамічнага і культурна-нацыянальнага развіцця […] прадстаўнікі беларусаў […] патрабуюць, каб акупаваныя літоўска-беларускія землі ўтваралі незалежную дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з двух падставовых нацыянальна-тэрытарыяльных адзінак – беларускай і літоўскай, цесна звязаных з незалежнай Курляндыяй”.[42] Сталіцай дзяржавы павінна была стаць Вільня. Упершыню ідэя беларускай дзяржаўнасці (няхай у саюзе з Літвой) прагучала як патрабаванне значнай часткі беларускага народу. На канферэнцыі была абрана Віленская Беларуская Рада, якая павінна была каардынаваць намаганні ўсіх беларускіх арганізацый.

Аднак нямецкія ўлады не прынялі беларускіх патрабаванняў. Яны нават не дазволілі змясціць паведамленне пра Беларускую канферэнцыю ў органах друку. Немцы рабілі стаўку на літоўскі рух. Яны вырашылі прызнаць незалежнасць “этнаграфічнай Літвы” са сталіцай у Вільні.

Такім чынам, беларускі рух на акупаваных Германіяй тэрыторыях распачаў барацьбу за ўласную дзяржаўнасць, за ператварэнне этнічнай масы ў палітычную нацыю-дзяржаву. Але на гэтым шляху ён сустрэў вельмі моцную перашкоду ў выглядзе пазіцыі германскіх акупацыйных і імперскіх уладаў і цалкам адметных намаганняў дзеячоў літоўскага і польскага рухаў.

На ўсходзе ролю кіраўнічага органа адыгрываў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. На яго чале з канца 1916 г. стаяў Раман Скірмунт. Спробы арганізацыі сацыялістычнай партыі (у выглядзе адноўленай БСГ) распачаліся тут толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.

Ліквідацыя самаўладдзя выклікала актывізацыю нацыянальных рухаў. На чале Расіі апынуўся ўрад лібералаў, што адразу ўзмацніла ліберальную тэндэнцыю ў беларускім руху. У сакавіку 1917 г. у Менску адбыўся з’езд беларускіх арганізацый, якія аб’ядналіся на платформе лібералізму. Прадстаўнікі БСГ, якая хутка аднаўляла свае ўплывы ў беларускім руху, пагадзіліся з кіраўніцтвам з боку лібералаў. Утвораны на з’ездзе Беларускі нацыянальны камітэт узначаліў Раман Скірмунт. Дэлегаты спадзяваліся, што іх абраннік здолее дамовіцца з расійскімі лібераламі аб аўтаноміі Беларусі. Аднак Часовы ўрад Расіі не пажадаў абмяркоўваць беларускае пытанне.

Перыяд паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. быў часам хуткай радыкалізацыі шырокіх масаў насельніцтва, якія далучаліся да актыўнай палітычнай дзейнасці. Для большасці насельніцтва Беларусі ідэя сацыяльнай рэвалюцыі была значна больш прыцягальнай, чым ідэя нацыянальнага самавызначэння. Гэта было адным з вынікаў дамінавання сацыялістычных лозунгаў у велікарускай афарбоўцы. Вясновыя сялянскія з’езды і летнія выбары ў гарадскія думы паказалі, што палітычнымі лідарамі ў Беларусі з’яўляюцца эсэры, меньшавікі, бундаўцы і бальшавікі. Пазіцыі агульнарасійскіх палітычных партый яшчэ больш узмацніліся пасля ўваходжання сацыялістаў у Часовы ўрад (май 1917).

Усе гэтыя партыі ў адносінах да беларускага Адраджэння займалі, фактычна, варожую пазіцыю. Не была выключэннем і найбольш уплывовая сярод іх Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). Аднак па меры развіцця беларускага нацыянальнага руху і далейшага паглыблення агульнарасійскага сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу настроі значнай часткі эсэраў-ураджэнцаў Беларусі пачалі змяняцца. Яны паступова ўсведамлялі Беларусь як самабытны рэгіён, які мае ўласныя інтарэсы, адметныя, напрыклад, ад інтарэсаў Цэнтральнай Расіі. На думку гісторыка Станіслава Рудовіча, пераходнай ступенню да ўласна беларускай свядомасці для гэтых дзеячоў стала ідэалогія заходнерусізма ў яе ліберальным варыянце.[43] Гэтая ідэалогія, як і пэўныя настроі ліцвінства, і ў 1917 г. актыўна прысутнічала ў грамадскім жыцці Беларусі.

Летам і восенню 1917 г. на шматлікіх сялянскіх, настаўніцкіх і іншых з’ездах, у беларускім друку загучала ідэя аб’яднання ўсіх беларускіх губерняў у буйную адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку – вобласць. Мелася на ўвазе, што “Беларуская вобласць” будзе карыстацца шырокай гаспадарчай самастойнасцю і мець самакіраванне. Ніякіх палітычных функцый кіраўнікі “вобласці” не павінны былі мець. Тым не менш гэта быў, безумоўна, выразны крок наперад на шляху нацыянальнага ўсведамлення. Увосень 1917 г. у Петраградзе праэсэраўскі настроеныя дэпутаты ад беларускіх губерняў ва Усерасійскім сялянскім савеце склалі ядро Беларускага абласнога камітэту (БАК). Пачалося збліжэнне іх пазіцыі з праграмай беларускага нацыянальнага руху, каардыніруючым органам якога на ўсход ад фронту ў гэты час з’яўлялася Вялікая Беларуская Рада (ВБР) у Менску. Галоўную ролю ў Радзе адыгрывалі сябры БСГ.

Грамада ў гэты час займала дамінуючыя пазіцыі ў беларускім руху. У чэрвені адбылася партыйная канферэнцыя, якая абвясціла галоўнай мэтай партыі ўстанаўленне сацыялізму шляхам рэвалюцыі. У сярэдзіне 1917 г. колькасць сяброў БСГ дасягнула 5000 чалавек[44]. Для беларускага руху гэта была даволі значная лічба. На ліпеньскім з’ездзе беларускіх арганізацый прадстаўнікі БСГ дамагліся роспуску Беларускага нацыянальнага камітэту і ўтварэння новага кіраўнічага органа, які складаўся толькі з сацыялістаў. Яны спадзяваліся на падтрымку ідэі палітычнай самастойнасці Беларусі з боку уплывовых палітычных сіл Расіі і, у першую чаргу, з боку сацыялістаў. Аднак удзел беларускіх прадстаўнікоў у Дзяржаўнай і Дэмакратычнай нарадах (жнівень і верасень 1917) паказаў неабгрунтаванасць гэтых надзей.[45]

У кастрычніку 1917 г. уладу ў Расіі захапілі бальшавікі. Расла іх папулярнасць у Беларусі. Абвастрэнне палітычнага супрацьстаяння, унутраныя супярэчнасці, нарэшце, высвятленне адносін да бальшавіцкага перавароту прывялі да расколу БСГ. Частка беларускіх сацыялістаў пакіравала ў напрамку бальшавікоў, хаця тыя адназначна варожа ставіліся да беларускага нацыянальнага Адраджэння. Насуперак абвешчанаму праву нацый на самавызначэнне бальшавікі, фактычна, займалі велікадзяржаўныя пазіцыі.

Сярод дзеячоў беларускага руху расло ўсведамленне, што разлічваць трэба толькі на ўласныя сілы. А гэта патрабавала аб’яднання ўсіх нацыянальных элементаў. Усё часцей выказвалася ідэя ўтварэння на ўсход ад фронта беларускага органа ўлады. Легітымнасць такому органу мог надаць толькі агульнакраёвы форум. Думка пра яго скліканне ўвосень 1917 г. выказвалася рознымі беларускімі арганізацыямі. Нарэшце ў выніку досыць няпростых перамоваў паміж БАК і ВБР была дасягнута дамоўленасць аб скліканні ў Менску ў снежні 1917 г. Усебеларускага з’езду. Усебеларускі з’езд, як і Беларуская канферэнцыя, адыгралі прыкметную ролю ў працэсе фармавання палітычнай беларускай нацыі.

Усебеларускі з’езд распачаў працу 7 снежня 1917 г. У яго паседжаннях удзельнічалі 1872 дэлегаты. Яны забяспечылі даволі шырокае прадстаўніцтва як беларускіх арганізацый, так і адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак. БАК і ВБР мелі прыблізна роўную колькасць прыхільнікаў.

Ужо падрыхтоўка з’езду прымусіла многіх упершыню задумацца пра гістарычны лёс Беларусі, яго асаблівасці і перспектывы. Прычым, калі “менчукам” (ВБР, ЦВБР і інш.) Беларусь уяўлялася асобнай рэспублікай, якая нароўні з іншымі рэспублікамі ўтворыць агульнарасійскі федэратыўны саюз, то “абласнікі-петраградцы” звязвалі будучыню Беларусі толькі з ідэяй абласной аўтаноміі ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расіі. Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы ў парадку дня “ўсходніх” беларускіх палітыкаў яшчэ не стаяла.

Разбежнасці ў арыенцірах выклікалі даволі жорсткія дыскусіі, але яны ж маглі спрыяць паразуменню і палітычнай кансалідацыі даволі шырокага спектра палітычных сіл Беларусі – ад “незалежнікаў” да дзеячоў з “заходнерускай” свядомасцю. Спрэчкі паміж дэлегатамі з’езда спрыялі збліжэнню пазіцый розных палітычна і цывілізацыйна арыентаваных частак беларускага грамадства. Дарэчы, чым бліжэй з’езд падыходзіў да галоўнага пытання – пытання пра будучыню Беларусі – тым больш відавочным станавіўся не партыйна-палітычны падзел, а падзел цывілізацыйны. У якасці галоўнай лініі раздзелу, на думку Станіслава Рудовіча, “праступаў пакінуты ў спадчыну папярэднімі стагоддзямі […] цывілізацыйны разлом тутэйшага грамадства на носьбітаў візантыйска-праваслаўнага сацыякультурнага кода – прыхільнікаў далейшага дрэйфу Беларусі на ўсход у складзе анахранічнай дзяржавы імперскага тыпу, і тых, чыя ментальнасць заставалася адкрытай каштоўнасцям заходняй, еўрапейскай цывілізацыі з шанаваным там ідэалам самастойнай нацыі-дзяржавы”.[46]

Найбольш зацятыя спрэчкі паміж прыхільнікамі ВБР і “абласнікамі” вяліся вакол формулы самавызначэння Беларусі. Толькі а 2-й гадзіне ночы 18 снежня 1917 г. быў знойдзены кампраміс, які задаволіў амаль усіх дэлегатаў.

Прыняты аднагалосна (!) першы пункт канчатковай рэзалюцыі з’езда фармуляваўся наступным чынам: “Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае расійскай рэвалюцыяй, і зацвярджаючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах Беларускай зямлі, дзеля выратавання роднага краю, і абароны яго ад падзелу і адарванню ад Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, І Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў выглядзе ўсебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якая часова ставіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя адносіны з цэнтральнай уладай […]”.[47]

Пастанова між іншым сведчыла, што ў свядомасці нацыянальнай эліты “Беларуская зямля” з этнічнай тэрыторыі паступова ператваралася ў нацыянальна-палітычнае паняцце. Беларусь ужо ўяўлялася як пэўны суб’ект агульнарасійскага супольніцтва народаў. Гэтая ж пастанова сведчыла пра далейшую эвалюцыю свядомасці беларускай палітычнай эліты ў накірунку ідэі поўнага дзяржаўнага суверэнітэту. Аднак параўнанне з настроямі віленскага беларускага асяродку паказвае, як цяжка выпрацоўвалася гэтая ідэя на тэрыторыі, кантраляванай расійскімі ўладамі.

Наступныя пункты рэзалюцыі з’езд не паспеў прыняць. Ягоная праца была перарвана атрадам узброеных салдат на чале з камендантам Менскага гарнізона М.Крывашэіным. Прэзідыум і частка дэлегатаў з’езда былі арыштаваныя, астатніх прымусілі пакінуць залу паседжанняў. Разгон Усебеларускага з’езду, як і непрыяцце нямецкімі ўладамі рашэнняў віленскай Беларускай канферэнцыі, не спыніў натуральны працэс фармавання палітычнай беларускай нацыі, але моцна запаволіў яго.

З’езд паспеў выбраць Раду, якая стварыла пастаяннае беларускае прадстаўніцта – Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду. Старшынёй Выканкама і кіраўніком ведамства замежных справаў стаў Язэп Варонка. Такім чынам, у Менску існавалі два ўрады: афіцыйны – савецкі і нелегальны – беларускі.

У лютым 1918 г. аднавіліся мірныя перамовы паміж дэлегацыяй Савецкай Расіі, якую ўзначальваў Леў Троцкі, і прадстаўнікамі Германіі. Беларускія прадстаўнікі да ўдзелу ў выбарах не былі дапушчаны. Кіраўнік савецкай дэлегацыі адмовіўся прыняць нямецкія патрабаванні, і 18 лютага германскае войска пачало наступленне. Расійскія салдаты амаль не аказвалі супраціўлення. З набліжэннем немцаў да Менску бальшавікі збеглі з гораду. Сітуацыя ў горадзе кантралявалася сумеснай польска-беларускай ваеннай камендатурай. Але ужо 21 лютага ў горад уступілі нямецкія войскі. У гэты ж дзень Выканкам Рады выдаў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясціў сябе найвышэйшай цывільнай уладай на беларускіх землях. Легітымнасць дзеянням Выканкама надавала ягонае абранне дэлегатамі Усебеларускага з’езду. Выканкам стварыў Народны сакратарыят Беларусі, а ягоным кіраўніком прызначыў Я.Варонку.

Нямецкія ўлады спачатку не прызналі беларускага ўраду. Але ўжо напрыканцы месяца яны згадзіліся на статут Народнага сакратарыяту як прадстаўніка беларускага насельніцтва і дазволілі весці легальную культурную, асветніцкую і палітычную дзейнасць.

У гэты ж час Раман Скірмунт стварыў Беларускае народнае прадстаўніцтва, якое аб’яднала дзеячоў кансерватыўна-ліберальнага накірунку. Іх мэтай было дасягненне дзяржаўнай незалежнасці. Германія разглядалася як патэнцыяльны апякун беларускай дзяржавы.

9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады выдаў Другую Устаўную грамату, у якой абвяшчалася ўзнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), вызначаліся яе межы. Характар адносін да Расіі ў грамаце не разглядаўся. У гэты ж дзень Выканкам абвясціў сябе Радай БНР і ўзяў на сябе функцыі часовай заканадаўчай улады.

Лютаўскае наступленне нямецкіх войскаў зліквідавала лінію фронта і дазволіла аб’яднаць намаганні двух цэнтраў беларускага руху – менскага і віленскага. 18 лютага 1918 г. Германія афіцыйна прызнала Літоўскую дзяржаву са сталіцай у Вільні. Гэта азначала крах спадзяванняў віленскіх беларусаў на адраджэнне беларуска-літоўскай дзяржаўнасці. 18 сакавіка 1918 г. Віленская Беларуская Рада далучылася да Рады БНР.

Прыезд у Менск братоў Луцкевічаў і Вацлава Ластоўскага значна ўзмацніў пазіцыі прыхільнікаў незалежнасці. Гэта, а таксама актыўнасць кіраўнікоў Беларускага народнага прадстаўніцтва, падштурхнулі Раду БНР да рашаючага кроку. 25 сакавіка 1918 г. яна прыняла Трэццюю Устаўную грамату, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была безумоўная перамога нацыянальных сіл. Ідэя ўласнай дзяржаўнасці канчаткова сталася над’емнай часткай беларускага Адраджэння.

Такім чынам, беларускі рух прайшоў складаны шлях развіцця ад “культурнага накаплення” да ідэі ўласнага дзяржаўнага суверэнітэту. Але БНР не стала сапраўды незалежнай беларускай дзяржавай. Замаруджанасць працэсу фармавання беларускай палітычнай нацыі, недаацэнка беларускімі дзеячамі важнасці масавай падтрымкі нацыянальных ідэй і, у сувязі з гэтым, зацягнуўшаяся неразуменне важнасці палітычнай ідэалогіі ў прапагандзе нацыянальных каштоўнасцяў, нарэшце, адсутнасць уплывовых саюзнікаў-суб’ектаў міжнароднага права не дазволілі на пачатку ХХ ст. дамагчыся рэальнага суверэнітэту. Барацьба за беларускую дзяржаўнасць толькі распачыналася.

[1] Выступленне на VII Міжнароднай канферэнцыі “Polsko-białoruskie związki językowe, literackie, historyczne i kulturowe” (Беласток,1999).

[2] Ю.Барабаш, Сиамские близнецы. Западноруссизм и малороссийство в национальном самосознании белоруса и украинца [в:] Русь-Литва-Беларусь. Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. Москва 1997, с. 117-118.

* польскамоўнай была толькі назва лемантара.- А.С.

[3] А.Жураўскі, М.Прыгодзіч, Гісторыя беларускай літаратурнай мовы [у:] Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с. 152.

[4] М.Біч, Гістарыяграфічныя “навацыі” ў навучальнай літаратуры, “Беларускі гістарычны агляд”, т.5, сш.2(9). Снежань 1998, с. 496.

[5] А.Цвікевіч, “Западноруссизм”. Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў канцы ХІХ і пачатку ХХ в., Менск 1993, с. 54.

[6] І.Хаўратовіч, Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731-1.12.1826) [у:] Мысліцелі і асветнікі. Энцыклапедычны даведнік, Мінск 1995, с.185.

[7] М.Гуліцкі, Грыгаровіч Іван Іванавіч [у] Беларуская мова. Энцыклапедыя, Мінск 1994, с.166.

[8] М.Без-Карнилович, Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений к ней же относящихся, Санкт-Петербург 1855.

[9] О.Турчинович, Обозрение истории Белоруссии с древнейших времён, Санкт-Петербург 1857.

[10] С.Куль-Сяльверстава, Паміж Польшчай і Расеяй: моўная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХУІІІ – ХІХ ст. [у:] Беларусіка. Кніга 6. Мінск 1996, с. 138-139.

[11] М.Сакалова, Пачатак ліберальнага руху ў Беларусі (рукапіс); яна ж, Кансерватызм у Беларусі ў ХІХ ст., „Беларускі гістарычны часопіс”, 1997 № 1, с.23

[12] М.Römer, Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego, Lwów 1908, s. 224

[13] М.Römer, Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego, Lwów 1908, s. 206-207.

[14] Материалы для географии и статистики России, собранныя офицерами Генрального штаба: Гродненская губ. Составил .Бобровский. Ч.1-2, Санкт-Петербург 1863.

[15] Ф.Багушэвіч, Творы.Укл.Я.Янушкевіч, Мінск 1998, с.22.

[16] Н.Недасек, 1917-47. Да трыццатых угодкаў найвызначнейшых падзеяў нашага нацыянальнага руху, “Спадчына” 1997 № 3.

[17] Э.Хобсбаум, Век империи. 1875-1914, Ростов-на-Дону 1999, с. 210.

[18] Э.Хобсбаум, Нации и национализм. После 1870 г., Санкт-Петербург 1998, с.75-80

[19] П.Церашковіч, І.Чаквін,.Беларусы [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.Т.1, Мінск 1993, с. 472.

[20] J.Turonek, Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi, Warszawa 1992, s. 25-34.

[21] А.Кароль, Ля вытокаў беларускай сацыял-дэмакратыі, “Беларуская мінуўшчына” 1996 № 5, с.15.

[22] А. Смалянчук, “Краёвасць” у беларускай і літоўскай гісторыі, “Беларускі гістарычны агляд”, т.4, сш.1-2 (6-7). Снежань 1997, с. 25.

[23] Я. Запруднік, Дваранства і беларуская мова [у] Беларусіка. Кніга 2, Менск 1992, с.29-36.

[24] O.Łatyszonek,A.Zieba, Radziwiłłowa z Zawiszów [w:] Polski Słownik Biograficzny. T.30, s.398-399

[25] А.Смалянчук, Краёвец Антон Луцкевіч, “Гістарычны альманах” 1998 №1 с. 27-44.

[26] M.Römer, Litwa.Studium odrodzenia narodu litewskiego, Lwów 1908, s. 55.

[27] Э.Хобсбаум, Век империи.1875-1914, Ростов на Дону 1999, с. 237.

[28] М.Багдановіч, Беларускае Адраджэнне, Мінск 1994, с. 25-26.(пераклад з рускай мовы).

[29] У. Конан, “Наша Ніва” [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5, Мінск 1999, с. 315.

[30] Л.Хмельницкая, Эволюция взглядов А.П.Сапунова на проблему самоопределения белорусов [в:] Русь-Литва-Беларусь.Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии, Москва 1997, с. 124-125.

[31] М.Біч, Беларускае Адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ ст., Мінск 1993, с. 24.

[32] Цыт. па: Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Частка 1. Мінск 1994, с. 434.

[33] Я.Лёсік, Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскай рэвалюцыі [у:] Беларусь:нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Пад рэд. П.Сташэўскага, З.Жылуновіча, У.Ігнатоўскага, Менск 1924, с.114.

[34] M.Römer, Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów 1908, s. 352-353.

[35] Э.Сміт, Нацыяналізм у ХХ ст., Менск 1995, с.12-13.

[36] Цэнтральная бібліятэка АН Літвы. Аддзел рукапісаў. F21 – 277, c. 12.

[37] L.Abramowicz, Litwa podczas wojny: zbiór dokumentów, uchwał, odezw i t.p., Warszawa 1918, s.128.

[38] “Гоман” 1917 № 86.

[39] “Гоман” 1917 № 93. Усе цытаты з беларускамоўных тэкстаў даюцца з захаваннем усіх асаблівасцяў арыгіналу.

[40] “Гоман” 1917 №№89-91. (пазней гэты ліст будзе выдадзены асобна на польскай мове).

[41] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф.1135, воп.4, ад.з. 30-38. Успаміны Аляксандра Шкленніка.

[42] L.Abramowicz, Litwa podczas wojny: zbior dokumentów, uchwał, odezw i t.p., Warszawa 1918, s.130.

[43] С.Рудович, Беларусь, 1917-й:на сквозняках российской этнополитики, “Неман” 1997 №11, с. 232.

[44] М.Біч, С.Рудовіч, Беларуская сацыялістычная грамада [у:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.Т.1, Мінск 1993, с. 412.

[45] С.Рудовіч, Пошукі шляхоў да беларускай дзяржаўнасці (1917), “Беларускі гістарычны часопіс” 1995 №4, с. 36.

[46] С.Рудовіч, Усебеларускі з’езд 1917 г. як зачатак станаўлення палітычнай нацыі беларусаў, “Пагоня” 1999 №45.

[47] Ф.Турук, Белорусское движение, Москва 1921, с. 106.