Смалянчук Алесь

Рускія ў Беларусі

Аснову рускай супольнасці ў Беларусі ў часы сярэднявечча склалі перасяленцы з этнічных рускіх земляў. Аднымі з першых былі слугі, што суправаджалі сваіх гаспадынь, якія ўступалі ў дынастычныя шлюбы з князямі Беларуска-літоўскай дзяржавы. Так, у 1350 г. вялікі князь Альгерд ажаніўся на дачцы цвярскога князя Юльяне[1]. Шматлікія дынастычныя шлюбы не былі аднак істотнай перашкодай для войнаў паміж дзяржавамі, якія існавалі на тэрыторыях сучасных Беларусі і Расіі. Прычым да канца 15 ст. агрэсія часцей ішла з заходу. Як яе наступства, на беларускіх землях асядалі тысячы ваеннапалонных, прыведзеных з усходу. Напрыклад, у выніку ваеннага пахода вялікага князя Вітаўта на Пскоў (1405) некалькі тысяч жыхароў Пскоўшчыны былі паселеныя ў Гародні[2]. Больш масавы характар перасяленне набыло ў 15-16 ст. На беларускія землі беглі прыгонныя сяляне ў пошуках волі ці лепшага памешчыка, сюды ж з мэтаю заробку накіроўваліся вольныя людзі. Частка з іх увайшла ў групу ваеннаслужылых людзей – панцырных баяраў[3], якія сяліліся на ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага і неслі службу ў яго вайсковых фармаваннях.

У другой палове 17-пачатку 18 ст. колькасць рускіх мігрантаў узрасла коштам старавераў, якія шукалі ў Беларусі паратунку ад рэлігійных пераследаванняў у Расійскай дзяржаве. Менавіта ў гэты час пачала фармавацца досыць шматлікая калонія рускіх старавераў у Беларусі. Іх цэнтрам была на працягу доўгага часу, заснаваная ў 1685 г., слабада Ветка на Гомельшчыне. Яна ператварылася ў сапраўдны Ерусалім старавераў. У 18 ст. іх колькасць у раёне Веткі дасягала 40 тыс.чал[4].

Іншая хваля рускай міграцыі распачалася пасля далучэння беларускіх земляў да Расіі у другой палове 18 ст. У Беларусі з’явіліся рускія чыноўнікі і памешчыкі. Паўстанне 1830-1831 гг., якое адбывалася пад лозунгам “За нашу і вашу свабоду!”, паказала імкненне значнай часткі насельніцтва былой Рэчы Паспалітай, у першую чаргу, шляхты, да свабоды і незалежнасці. Паўстанне распачалося ў Польшчы, але і на беларускіх землях яно знайшло падтрымку. Разгром паўстання абярнуўся мэтанакіраванай рускай каланізацыйнай палітыкай. Урад пачаў прадастаўляць землі ў Беларусі не толькі рускім памешчыкам, але і сялянам. Аднак гэтая спроба рускай каланізацыі Беларусі пацярпела поўны крах. Рускія землеўласнікі звычайна распрадавалі свае землі і выезжалі на ўсход. Перасяленні сялян мелі нязначны характар. Па звестках П.Церашковіча, у 1837 г. у Мінскую губ. перасялілася з этнічнай Расіі 40 сялянаў, а ў Віленскую – 70[5]. На пачатку 1861 г. “новых” перасяленцаў з Расіі налічвалася не болей 10 тыс.чал.[6] Асноўную масу рускага насельніцтва на беларускіх землях па-ранейшаму складалі стараверы. Па падліках В.Цітова, іх было каля 34 тыс.чал.[7]

Расійскі ўрад імкнуўся да уніфікацыі і русіфікацыі* беларускіх земляў таксама палітычнымі сродкамі. У 1839 г. была зліквідаваная беларуская уніяцкая царква. У 1840 г. загадам імператара Мікалая І пачала распаўсюджвацца новая назва беларускіх земляў – “Паўночна-Заходні край”. У сярэдзіне 19 ст. распрацоўваліся асновы ідэалагічнай дактрыны “заходнерусізма”. Яна зыходзіла з таго, што беларусы з’яўляюцца толькі часткай “рускага народу”, якая падпала пад “польска-каталіцкія” ўплывы і “сапсавала” сваю сапраўдную рускасць. Гэтая дактрына дыктавала неабходнасць тэрміновага выпраўлення “сапсаванасці”.

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. распачалася значна больш жорсткая палітыка русіфікацыі. Устаноўленыя ўладамі прывілеі прываблівалі ў Беларусь натоўп чынавенства. Беларускі палітык і гісторык Аляксандр Цвікевіч наступным чынам ахарактарызаваў гэтую хвалю чыноўнай міграцыі: “Залітая крывёй толькі што задушанага паўстаньня, разбураная гаспадарча, змучаная і зьбітая з астоі нормальнага жыцьця, краіна сапраўды стагнала ад гэтае процьмы кар’ерыстых і прайдзісветаў”[8].

Беларускі друк польскай лацінкай быў забаронены. За перыяд з 1863 па 1888 г. у межах Расійскай імперыі не было надрукавана ніводнага беларускага мастацкага твора. Дазвалялася друкаваць толькі на кірыліцы асобныя энаграфічныя творы. Гісторык Міхась Біч адзначыў: “Адмаўляючы, як і раней існаваньне беларускага этнасу, яго мовы і культуры, царскі ўрад і мясцовыя адміністратары ў 60-я г. рэзка ўзмоцнілі ідэалагічную апрацоўку беларускага насельніцтва праз царкву, асвету, друк, дзяржаўныя ўстановы з мэтай надання краю “истинно русского” аблічча, выкаранення гістарычнай памяці, нацыянальнай свядомасці і ўсіх этнічных асаблівасцей беларусаў... І школьны настаўнік, і праваслаўны святар, і дзяржаўны чыноўнік, і афіцыйная газета настойліва і паслядоўна даказвалі беларусам, што яны – рускія, толькі “сапсаваныя” польска-каталіцкім уплывам, што ім як мага хутчэй трэба пазбавіцца сваёй “мужыцкай”, “хамскай” мовы і зліцца з велікарусамі”[9]. Адным з асноўных накірункаў новай палітыкі было панаванне рускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У гэты час руская мова і культура не столькі спрыялі культурнаму развіццю беларускай зямлі, колькі сталіся сродкам асіміляцыі карэннага насельніцтва.

Трэба прызнаць, што ўлады дасягнулі пэўнага поспеху. У 1904 г. віленскі генерал-губернатар князь Пётр Святаполк-Мірскі ў справаздачы Імператару адзначаў: “Процесс окончательного обрусения Северо-Западного края идёт хотя и медленно, но твёрдыми шагами и не преминет из года в год оказывать оказывать воздействие на местное инородческое население”[10]

Пэўныя поспехі русіфікацыі адлюстраваліся ў выніках перапісу 1897 г. За апошнія чатыры дзесяцігоддзі 19 ст. колькасць рускага насельніцтва ў Беларусі павялічылася ў 23,5 разы і дасягнула 235 тыс.чал (3,6%). Пры гэтым колькасць “новых” рускіх-мігрантаў складала каля 90 тыс.[11], старавераў налічвалася каля 100 тыс. [12], а астатнія з’яўляліся зрусіфікаванымі беларусамі.

Найбольш прадстаўнічай групай рускага насельніцтва ў Беларусі заставаліся стараверы. Па-ранейшаму іх цэнтры знаходзіліся на Гомельшчыне і Віцебшчыне. Так, у Гомельскім уездзе стараверы ў канцы 19 ст. складалі 11% насельніцтва, а ў Віцебскім – 6,6%[13]. Беларускі географ Аркадзь Смоліч адзначаў, што рускія стараверы “і па быту, і па нацыянальнаму характару вельмі рэзка аддзяляюцца ад беларусаў, прадстаўляюць з сябе чыста маскоўскі тып і блізка што ня змешваюцца з акружаючым беларускім насяленьнем. Займаюцца яны найбольш гандлем, рамяством, а мяйсцамі – гародніцтвам; да земляробства вялікага замілаваньня ня маюць”[14]. Аднак самаізаляцыю старавераў не трэба перабольшваць. Этнографы (А.Дзембавецкі) заўважылі пранікненне ў мову старавераў беларускіх слоў. А на пытанне перапісчыкаў, якія ў адпаведнасці з апытальнымі аркушамі перапісу 1897 г. высвятлялі родную мову, 12% старавераў прызналі, што роднай мовай з’яўляецца беларуская[15]. Відавочна, што працэс адаптацыі рускіх старавераў да беларускіх умоваў паступова набываў пэўныя рысы беларускай асіміляцыі.

Складанасць беларуска-рускіх адносінаў другой паловы 19 – пачатку 20 ст. адлюстравалася ў беларускім фальклоры. Рускія ў фальклоры прысутнічалі пад назвамі “расейцы” і “маскалі”. “Расейцамі” звычайна называлі старавераў, а “маскалямі” – чыноўнікаў, памешчыкаў і вайскоўцаў. Аналіз фальклорнага матэрыялу сведчыць пра досыць талерантныя адносіны беларусаў да “расейцаў”. А вось у адносінах да “маскалёў” прысутнічала выразная варожасць: “Не за тое маскаля б’юць, што ўкраў, а за тое, што дрэнна схаваў”; “- Тата, тата, лезе чорт у хату! – Нічога, сынок, абы не маскаль” і г.д. Гэтая варожасць, магчыма, была абумоўленая негатыўнымі адносінамі чыноўнікаў і вайскоўцаў да працэсаў нацыянальнага адраджэння народаў Беларусі, якія распачаліся напрыканцы 19 ст. і набылі асабліва прыкметны характар у перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. Сваю ролю адыгрывала і тое, што рускія чыноўнікі не ведалі, а зачастую і не жадалі ведаць пра існаванне адметных культурных, гаспадарчых і рэлігійных традыцый і асаблівасцяў Беларусі.

Аднак нельга рускую прысутнасць у Беларусі трактаваць толькі ў рэчышчы нацыянальнай канфрантацыі. Дэмакратычна настроеная частка рускай грамадскасці супрацьстаяла праявам “вялікарускага” ваяўнічага нацыяналізма. Гэтая на яе было разлічана выданне кіраўнікамі беларускага руху братамі Антонам і Іванам Луцкевічамі рускамоўнай “Вечерней газеты” (Вільня, 1911-1915). У артыкуле “Национальнные течения и демократия” галоўная задача рускай дэмакратыі фармулявалася як “борьба с проявлениями национализма в своей национальной среде и объединение всей краевой демократии”[16]. Браты Луцкевічы хавалі ў таямніцы сваё рэдактарства ў гэтай газеце. Аднак тлумачыць феномен гэтага выдання, толькі як “беларускую інтрыгу” па стварэнню рускай дэмакратыі ў Беларусі, нельга. Газета знайшла свайго чытача і выходзіла болей чатырох гадоў.

Таксама варта адзначыць існаванне беларусафілаў, якія, паводле ацэнкі А.Цвікевіча, “выходзілі з рускай культуры... канчалі расійскі універсітэт, пісалі і думалі па-расійску, але адчувалі па-беларуску”[17]. Такія іх прадстаўнікі, як аўтар беларускай граматыкі сярэдзіны 19 ст. Павел Шпілеўскі, вядомы філолаг і этнограф рубяжа стагоддзяў Яўхім Карскі, гісторык і этнограф Аляксей Сапуноў і інш., актыўна прычыніліся да фармавання новай беларускай культуры.

У 20 ст. рускія – гэта адна з асноўных іншаэтнічных групаў насельніцтва БССР. Падчас палітыкі “беларусізацыі” (першая палова 20-х г.), для якой была характэрнай партыйная падтрымка развіцця беларускай культуры, рускае насельніцтва БССР атрымала каштоўны вопыт існавання ва ўмовах беларускай культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Руская мова разам з беларускай, яўрэйскай (ідыш) і польскай мела статус дзяржаўнай мовы. Існавала 14 рускіх сельсаветаў[18], у рускамоўных школах вучылася 6% дзяцей[19].

Колькасць рускага насельніцтва расла коштам міграцыі. Паводле перапісу 1926 г. у Беларусі пражывала 384 тыс. (7,7%) рускіх. Сюды накіроўваліся партыйныя чыноўнікі, рабочыя, спецыялісты розных галінаў народнай гаспадаркі, выкладчыкі ВНУ, навукоўцы. Варта адзначыць уклад апошніх у развіццё беларускай культуры. Так, дацэнт Беларускага Дзяржаўнага універсітэту Мікалай Шчакаціхін стаўся пачынальнікам беларускага мастацтвазнаўства[20]. У Беларусі працавалі вядомыя рускія літаратуразнаўцы Іван Замоцін, які кіраваў Інстытутам літаратуры і мастацтва АН БССР, А.Вазнесенскі, філосаф В.Іваноўскі, прафесар хіміі М.Прылежаеў. Яны выкладалі ў БДУ на беларускай мове. Аднак у другой палове 30-х г. усе названыя асобы, як і шмат іншых прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі, сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій. Колькасць рускага насельніцтва значна зменшылася. Паводле дадзеных перапісу 1937 г., якія сталі вядомымі толькі недаўна, у Беларусі пражывала толькі 248 тыс. (4,8%) рускіх. Перапіс 1939 г., вынікі якога штучна падганяліся пад патрабаванні афіцыйнай ідэалогіі, даў лічбу 337 тыс. (6,6%)[21].

Выпрабаванні ваеннага часу, сумесная барацьба супраць агрэсіі германскага нацызма спрыялі ўмацаванню беларуска-рускіх адносінаў. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што цэнтральнае партыйнае кіраўніцтва падчас вайны 1941-1945 гг. прыкладала вялікія намаганні дзеля барацьбы з праявамі беларускага нацыянальна-культурнага жыцця і са спробамі арганізацыі беларускага нацыянальнага антыфашысцкага і антыкамуністычнага руху супраціўлення[22].

Беларусь выйшла з савецка-германскай вайны абезлюдненай (колькасць насельніцтва паміж вераснем 1939 г. і студзенем 1947 г. зменшылася на 1831 тыс.чал.[23]), са зруйнаванай гаспадаркай. У пасляваеннай адбудове Беларусі ўдзельнічалі апроч беларусаў прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, у т.л. і рускія. Колькасць рускага насельніцтва хутка расла за кошт перасяленцаў, якімі часцей з’яўляліся былыя ваеннаслужачыя, рабочыя, спецыялісты народнай гаспадаркі і партыйныя функцыянеры. Паводле перапісу 1959 г. у рэспубліцы пражывала ужо каля 659 тыс. (8,2%) рускіх. Варта адзначыць, што гэтая хваля перасяленцаў уладкоўвала сваё жыццё ва ўмовах, калі тэрмін “беларусізацыя” быў выкрэслены з грамадска-культурнага ўжытку. Камуністычныя ўлады працягвалі наступ на беларускую культуру. Спробы абараніць беларускую мову жорстка пераследаваліся. Так, на ў маі 1947 г. на паседжанні бюро ЦК КП(б)Б была прынятая асуджальная пастанова па справе загадчыка кафедры педагогікі Гомельскага педінстытута І.Алісіевіча, які публічна выказваў занепакоенасць становішчам беларускай мовы[24]. Справа дайшла да таго, што ў тым жа самым Гомельскім педінстытуце ў 1952-53 навучальным годзе нават беларуская літаратура на факультэце беларускай мовы і літаратуры выкладалася па-руску[25]. Падобная атмасфера ў рэспубліцы не выклікала сярод большасці новых рускіх перасяленцаў імкнення далучыцца да скарбаў беларускай культуры.

У пасляваенны час колькасць рускага насельніцтва ў БССР хутка расла: 1970 г. – 938 тыс. (10,4%), 1979 – 1134 тыс. (11,9%), 1989 г. – 1342,1 тыс. (13,2%)[26]. Прырост колькасці рускага насельніцтва забяспечваўся таксама развіццём асіміляцыйных працэсаў сярод беларусаў і некаторых нацыянальных меншасцяў.

На працягу 1959-1989 гг. лічба беларускага насельніцтва, якое ставілася да беларускай мовы як да роднай узрасла на 255,1 тыс. Затое колькасць рускіх і беларусаў, якія лічылі роднай рускую мову павялічылася на 1773,5 тыс.[27] Калі суміраваць рускамоўных беларусаў і рускіх, то атрымаецца, што ў 1989 г. па-за сферай беларускай культурай у Беларусі жылі , па меньшай меры, 1874,2 тыс.чал. (28,3%). У 1959 г. для параўнання гэтая супольнасць налічвала 1100,7 тыс. (13,7%)[28]. Лічбы яскрава сведчаць пра русіфікацыйныя працэсы, якія пагражалі існаванню беларускай культуры. Не рускія падвяргаліся беларусізацыі, а беларусы русіфікаваліся ва ўласнай рэспубліцы. Наймацней русіфікацыя адбывалася ў гарадскіх цэнтрах, а буйнейшым яе цэнтрам сталася сталіца БССР – Мінск.

Становішча пачало змяняцца ў перыяд т.зв. “перабудовы”, новага палітычнага курса абвешчанага ў красавіку 1985 г. генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым. Значная частка рускай грамадскасці Беларусі падтрымала працэс дэмакратызацыі, якая ў беларускіх умовах непазбежна суправаджалася чарговым этапам беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Ёсць звесткі, што на момант правядзення ўстаноўчага з’езду Беларускага Народнага Фронту “Адраджэнне” рускія складалі каля 20% сяброў гэтай арганізацыі[29].

Распад СССР і абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь прычыніліся да пачатку новага этапу беларусізацыі. У 1990 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Закон аб мовах, які абвяшчаў беларускую мову дзяржаўнай мовай рэспублікі і забяспечваў яе ўсебаковае развіццё і функцыянаванне ва ўсіх галінах грамадскага жыцця. Канстытуцыя, прынятая ў 1994 г. пацвердзілі статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Адначасова яна гарантавала права карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў. Зноў жа трэба адзначыць, што частка рускага насельніцтва прыняла гэтыя перамены. Сацыялагічныя даследаванні сярэдзіны 90-х г. сведчылі, што 8 з 10 рускіх чытаюць творы беларускіх пісьменнікаў, а кожны шосты чытае іх толькі на беларускай мове[30].

Аднак многім рускім вельмі цяжка было пагадзіцца з істотнымі пераменамі іх становішча ў Беларусі, дзе яны паступова ператвараліся з дамінуючай нацыі ў нацыянальную меншасць. Таксама цяжка прымалася крушэнне міфа пра “старэйшага брата”, новыя досыць крытычныя ацэнкі месца і ролі Расіі ў беларускай гісторыі і г.д. На пачатку 90-х у рэспубліцы пачалі з’яўляцца напоўпадпольныя рускія арганізацыі і таварыствы (таварыства “Русь”, Народна-праваслаўны саюз “Белая Россия”, таварыства “Отечество”, рэспубліканскі філіял “Памяти”), для ідэалогіі якіх было характэрным спалучэнне антысемітызма з нянавісцю да беларускага руху. Тым не менш беларускі этнограф П.Церашковіч у 1992 г. меў падставы спадзявацца, што “русские, наконец, осознают, что живут они на земле белорусов. На земле, где есть своя культура, свой язык, свой миропонимание”[31]. Аднак гэтая надзея спраўдзілася толькі часткова. Не апошнюю ролю пры гэтым адыгралі палітычныя змяненні ў краіне.

Ператварэнне БССР у беларускую нацыянальную дзяржаву сустрэла досыць моцнае супраціўленне. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пачатку 1995 г. ініцыяваў правядзенне рэферэндума па пытаннях мовы, дзяржаўнай сімволікі і паўнамоцтваў прэзідэнта. Па выніках рэферэндума былі прынятыя законы, якія, фактычна, спынялі працэс беларусізацыі. Дапаўненні да Канстытуцыі ад лістапада 1996 г. уводзілі дзяржаўнае двухмоўе, што ва ўмовах постсавецкай рэспублікі адраджала панаванне рускай мовы.

Палітычныя перамены не маглі не паўплываць на становішча рускай грамадскасці Беларусі, што ў пэўнай ступені адлюстравалі вынікі перапісу 1999 г. Упершыню за пасляваенны час за перыяд з 1989 па 1999 г. быў зафіксаваны рост удзельнай вагі беларусаў сярод усяго насельніцтва рэспублікі. Апроч таго беларусы аказаліся адзіным этнасам краіны, колькасць якога ўзрасла па абсалютным паказчыкам: 1989 – 7905 тыс. (77,9%), 1999 – 8159 тыс. (81,2%)[32]. Прычынамі гэтага росту можна лічыць міграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы развіццё нацыянальнай свядомасці. Апошняе ў вялікай ступені вызначалася самім фактам абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту і пашырэннем сярод насельніцтва краіны беларускай гістарычнай памяці. Таксама ўпершыню зменьшылася абсалютная колькасць і ўдзельная вага рускага насельніцтва: 1989 – 1342 тыс. (13,4%), 1999 – 1142 тыс. (11,4%)[33]. Найбольшая ўдзельная вага рускіх аказалася ў Менску (16%), найменшая ў Берасцейскай вобл. (9%).

Колькасць рускіх зменшылася за дзесяцігоддзе на 14,9%. Галоўнай прычынай гэтага прыкметнага змяншэння таксама трэба лічыць міграцыйныя працэсы. Непрыяцце палітыкі беларусізацыі, надзеі на хуткае павышэнне жыццёвага ўзроўня грамадзян Расійскай Федэрацыі абумовілі працэс актыўнай эміграцыі рускіх з Беларусі на пачатку 90-ых гадоў. Але пасля 1995 г. сітуацыя змянілася. Міграцыйны прыток рускіх у Беларусь аднаўляецца. У 1996 г. у рэспубліку перасялілася 3953 чал., у 1997 г. – 4347 чал.[34] Міграцыі таксама спрыяў працэс беларуска-расійскай інтэграцыі.

Перапіс засведчыў пэўныя перамены моўнай сітуацыі ў рэспубліцы. Па-ранейшаму пануе руская мова, на якой звычайна размаўляюць 62,8% насельніцтва (па-беларуску размаўляе 36,7%). Аднак узрасла колькасць людзей, якія лічаць роднай беларускую мову – 85,6% (1989 г. – 80,2%). Прычым сярод рускіх 95,7% лічаць роднай мовай рускую, а 4,3% - беларускую (1989 г. – 2,2%)[35]. Апошняе сведчыць пра наяўнасць прабеларускіх сімпатый сярод часткі рускай грамадскасці.

Сёння ў Беларусі рускае насельніцтва мае выдатныя ўмовы, каб задаволіць свае патрэбы ў сферы культуры і асветы. Старшыня “Рускага таварыства” Міхаіл Ткачоў у выступленні на ІІІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў (снежань 2000 г., Мінск) заявіў, што рускія ў Беларусі маюць больш магчымасцяў для развіцця ўласнай культуры, чым нават у Расіі. На жаль, гэтыя магчымасці датычаць таксама дзейнасці фашысцкай арганізацыі Расійскага нацыянальнага адзінства.

Большасць беларускай інтэлігенцыі ацэньвае дзяржаўную палітыку ў галіне беларускай культуры як палітыку яе маргіналізацыі і выцяснення на перыферыю грамадскага жыцця. Далейшая фаварызацыя рускай культуры ўтрымлівае небяспеку рэальнага пагаршэння адносінаў паміж беларусамі і рускімі ў рэспубліцы.

[1] Цітоў В. Этнаграфічная спадчына. Беларусы. Краіна і людзі. Мінск: “Беларусь”, 1996, с. 161.

[2] Марозава С. Святыня зямлі Беларускай // Памяць. Гродна. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя”, 1999, с. 57.

[3] Церашковіч П. Рускія //Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск, 1989, с. 434.

[4] Короткая Т., Прокошина Е.,Чудникова А. Старообрядчество в Беларуси. Минск: “Навука і тэхніка”, 1992, с. 32.

[5] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 171.

[6] Цітоў В. Этнаграфічная спадчына. Беларусы. Краіна і людзі. Мінск: “Беларусь”, 1996, с. 161.

[7] Цітоў В. Этнаграфічная спадчына. Беларусы. Краіна і людзі. Мінск: “Беларусь”, 1996, с. 161.

* Леанід Лыч даў наступнае вызначэнне русіфікаці: “Русіфікацыя – мэтанакіраваная палітыка ўладаў Расіійскай імперыі і Савецкай дзяржавы па свядомым адрыве беларускага народа ад гістарычных традыцый, роднай культуры і мовы, насаджэнне сярод яго рускай мовы і ладу жыцця”. (Беларусь. Энцыклапедычны даведнік. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя”, 1995, с. 630).

[8] Цвікевіч А. “Западно-руссизм”.Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачаткуХХ в. Менск: “Навука і тэхніка”, 1993, с. 67.

[9] Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Частка 1. Мінск: “Беларусь”, 1994, с. 333-334.

[10] Российский Государственный Исторический архив. Ф. 1284, оп. 194, д. 136, с. 130.

[11] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 172.

[12] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 169.

[13] Цітоў В. Этнаграфічная спадчына. Беларусы. Краіна і людзі. Мінск: “Беларусь”, 1996, с. 162.

[14] Смоліч А. Географія Беларусі. 4-е выданне. Менск: “Беларусь”, 1993, с. 145.

[15] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 168.

[16] Вечерняя газета. 1914, № 468.

[17] Цвікевіч А. “Западно-руссизм”.Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачаткуХХ в. Менск: “Навука і тэхніка”, 1993, с. 64.

[18] Валахановіч А. Нацыянальныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі ў Беларусі /Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5, с. 310.

[19] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 174.

[20] Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Том першы. Менск, 1928.

[21] Касперович Г. Русские в Беларуси. / 7 дней. 1998, № 29.

[22] Ёрш С. Беларуская партызанка. [б.м.], 1999.

[23] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с.155.

[24] Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск: НКФ “Экаперспектыва”, 1996, с. 339.

[25] Лыч Л. Кардыяграма дэбеларусізацыі. // Літаратура і мастацтва. 1995 № 52.

[26] Численность, возрастная структура, состояние в браке, число и размер семей, национальный состав, уровень образования и источники средств существования населения Белорусской ССР. По данным Всесоюзной переписи населения 1989 г. Минск, 1990, с. 196-197.

[27] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 240.

[28] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 243

[29] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 176.

[30] Касперович Г. От старообрядцев до «новых» русских. / Рэспубліка. 1996, № 182-183.

[31] Терешкович П. Русские в Беларуси: постинтернационалистская рефлексия. / Нёман 1992, № 6, с. 176.

[32] Численность и основные социально-демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999, с.20.

[33] Численность и основные социально-демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999, с.20.

[34] Касперович Г. Русские в Беларуси. / 7 дней. 1998, № 31.

[35] Численность, возрастная структура, состояние в браке, число и размер семей, национальный состав, уровень образования и источники средств существования населения Белорусской ССР. По данным Всесоюзной переписи населения 1989 г. Минск, 1990, с. 23.