У снежні 1918 г. Чырвоная армія заняла Менск. Урад Беларускай Народнай рэспублікі быў вымушаны пакінуць сталіцу. Партыя Леніна толькі на словах адмовілася ад працягу імперскай палітыкі расійскіх самадзержцаў.
Кіраўніцтва БНР перабралася ў Гародню, якая на непрацяглы час стала неафіцыйнай сталіцай рэспублікі. Разам з урадам прыехаў Раман Аляксандравіч Скірмунт. Гэты чалавек - адна з найбольш цікавых і таямнічых постацяў нашай гісторыі 20 ст. Сцяпан Некрашэвіч, вядомы дзеяч сярод беларускіх сацыялістаў, у адным са сваіх артыкулаў назваў яго "неразгаданым сфінксам".
Што ж гэта быў за чалавек, і як выглядаюць асноўныя вехі ягонай палітычнай біяграфіі?
У 1905 г. у Львове была надрукавана брашура, прысвечаная нацыянальнай і палітычнай пазіцыі шляхты Беларуска-літоўскага краю. Яе аўтар, які схаваўся пад псеўданімам "Ро... Мунт", сцвярджаў, што сярод мясцовай польскамоўнай шляхты ёсць вялізарная група людзей цалкам адданых сваёй Радзіме - Беларусі і Літве. Кніга была прасякнута замілаваннем да роднага краю і беларуска-літоўскім патрыятызмам. Яна прыцягнула да сябе ўвагу, і хутка ў Беларусі стала вядомым імя аўтара - Раман Скірмунт. Ідэі гэтага чалавека сталіся падмуркам ідэалогіі так званых "краёўцаў".
Краёўцы зыходзілі з таго, што Беларуска-літоўскі край - агульная Радзіма ўсіх карэнных народаў нашай зямлі. Да галоўных з іх яны адносілі беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Краёўцы заклікалі да яднання ўсіх гэтых народаў на глебе інтарэсаў Радзімы. Яны, быццам, прадчувалі, што толькі адзінства дазволіць з годнасцю супрацьстаяць выпрабаванням стагоддзя, якое толькі што распачалося. Раман Скірмунт як і іншыя прыхільнікі краёвай ідэалогіі спрабавалі не дапусціць абвастрэння міжэтнічных адносін у краі. Апошняе было цалкам верагодна ва ўмовах нацыянальна-культурнага Адраджэння беларусаў і літоўцаў, развіцця польскага руху, актывізацыі яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і з'яўлення ў краі шматлікіх расейскіх шавіністычных груповак і партый тыпу "Саюза рускага народу". Краёўцы адчувалі тыя перамены, што адбываліся ў Еўропе, (сённяшнія даследчыкі называюць іх працэсам фармавання сучасных еўрапейскіх нацый) і прапагандавалі ідэю прыналежнасці ўсіх карэнных народаў краю да адзінай нацыі - нацыі ліцвінаў. На іх думку, нацыянальнасць вызначалася не мовай, не культурнымі сімпатыямі, а прыналежнасцю да Беларуска-літоўскага краю, успрыяццем яго ў якасці сваёй Радзімы, а не нейкіх там "Крэсаў усходніх" ці "Северо-Западного края России".
Роля Рамана Скірмунта ў станаўленні краёвай ідэалогіі была даволі прыкметнай. Але ён не толькі прапагандаваў ідэі. У 1906-1907 гг. Р.Скірмунт паспрабаваў стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі. У гэты час ён ужо меў значны вопыт палітычнай дзейнасці, бо з'яўляўся дэпутатам І Дзяржаўнай думы ад Менскай губ. Падчас гэтага дэпутацтва выдатна праявілася адна з прыкметных рысаў характару Р.Скірмунта. Гэты чалавек заўсёды меў уласнае меркаванне і ніколі не баяўся выклікаць незадавальненне большасці сваімі думкамі.
І Дума, абраная ва ўмовах уздыму рэвалюцыі, была даволі радыкальнай па настроях большасці дэпутатаў. Галоўнае месца ў яе дзейнасці займала абмеркаванне аграрнай праблемы, і дэпутаты быццам спаборнічалі ў прапановах больш радыкальнага яе вырашэння. У прыватнасці, адной з найбольш папулярных была ідэя адчужэння ўсіх памешчыцкіх зямель з іх наступнай перадачай у дзяржаўны фонд. А вось Раман Скірмунт не лічыў такі шлях аптымальным для Беларуска-літоўскага краю. Адчужэнне памешчыцкіх зямель ён разглядаў як замах на сам прынцып прыватнай уласнасці, які не без падставаў разглядаўся дэпутатам у якасці краевугольнага камення еўрапейскай цывілізацыі. Не падабалася Р.Скірмунту таксама ідэя перадачы зямлі ў дзяржаўную маёмасць. З думскай трыбуны ён заявіў, што гэтая перадача зробіць рэальным гаспадаром зямлі не селяніна, а дзяржаўнага чыноўніка. А ад гэтага праіграюць усе апроч апошняга. (Дэпутат ад Менскай губ. быццам прадчуваў лёс сельскай гаспадаркі СССР.)
Прамова выклікала моцнае абурэнне рэвалюцыйна настроеных дэпутатаў. У зале ўзняўся шум. Р.Скірмунту не давалі гаварыць. Але ён усё ж такі давёў сваё выступленне да канца. За дэпутатам замацаваўся імідж "рэакцыянера-кансерватара", "абаронцы буйнога памешчыцкага землеўладання", "ворага" беззямельных і малазямельных сялян. На самой справе, гэта было зусім не так. Раман Аляксандравіч быў прынцыповым прыхільнікам павялічэння сялянскага землеўладання, але ён разумеў, што няма простага сродку вырашэння складанай аграрнай праблемы. Дэпутат прапанаваў надзяліць паўнамоцтвамі правядзення аграрных ператварэнняў мясцовае выбарнае самакіраванне, бо толькі яно ў стане ўлічыць усе асаблівасці кожнага рэгіёну вялізарнай імперыі.
У Скірмунта хапала сілы і смеласці адстойваць сваю пазіцыю ў кожных абставінах. Гэта быў прыроджаны баец, які захоўваў цвярозасць думкі і разважлівасць, нават калі супрацьстаяў агрэсіўнай большасці. А ў ягоным жыцці гэта было дастаткова частай з'явай. Пэўная самотнасць ў грамадскіх і палітычных справах, як і ў асабістым жыцці была пастаяннай спадарожніцай гэтага чалавека.
Краёвая ідэя пацярпела крах. Нацыянальна-культурныя імкненні беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў, распальванне міжэтнічнай варожасці расейскімі ўладамі не спрыялі яе пашырэнню. Краёўцы на фоне тагачаснага нацыянальнага абуджэння ўспрымаюцца сёння або як "апошнія магікане" талерантнага сужыцця народаў былога Вялікага Княства Літоўскага або як ідэолагі пэўнага рамантызму, што значна апярэдзілі свой час.
Краёвасць паступова замянялася польскасцю (для большасці), літоўскасцю (для меншасці) і беларускасцю (для адзінак). Сімпатыі Рамана Скірмунта да беларусаў, да іх мовы і культуры паступова робяць з гэтага краёўца дзеяча беларускага руху.
Зрэшты, ягоная прыхільнасць да беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння адчувалася здаўна. Па некаторых звестках ён аказваў дапамогу беларускаму друку (фінансава падтрымліваў "Нашу Ніву"), працаваў над слоўнікам беларускай мовы, нават напісаў некалькі лірычных вершаў па-беларуску. Напрыканцы 1916 г. па запрашэнню Максіма Багдановіча ён увайшоў у Менскі аддзел Беларускага Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і досыць хутка узначаліў яго. Гэтая арганізацыя займалася не толькі дабрачыннай дзейнасцю. Фактычна, гэта быў сапраўдны цэнтр беларускага Адраджэння на ўсход ад лініі фронту.
12 сакавіка 1917 г. Аддзел наладзіў у Менску сапраўднае беларускае свята - Дзень беларускага значка. Паўсюль прадаваліся значкі з нацыянальнымі колерамі Беларусі - белым і чырвоным. На вуліцах, у кавярнях і крамах гучала беларуская мова. У адным з кінатэатраў адбыўся шматлюдны беларускі мітынг. Старшынёю быў Раман Аляксандравіч, які сам выступіў з вялікай прамовай на беларускай мове. Прысутныя прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала аўтаноміі для Беларусі ў межах дэмакратычнай Расейскай рэспублікі.
У гэтым жа месяцы Р.Скірмунт быў абраны кіраўніком Беларускага Нацыянальнага Камітэту (БНК). На чале беларускай дэлегацыі ён паехаў у Петраград, каб пераканаць Часовы Урад у сур'ёзнасці беларускіх патрабаванняў. На жаль, урад новай Расіі не збіраўся прызнаваць правы беларусаў на самастойнае жыццё.
Трэба было шукаць іншых саюзнікаў і аб'ядноўваць усе беларускія сілы. Раман Скірмунт выдатна разумеў, што моц беларускага руху ў ягонай згуртаванасці. Ён шукаў шляхі кансалідацыі ўсіх беларускіх сіл. Кіраўнік Белнацкома паспрабаваў прыцягнуць да працы на карысць Беларусі ўплывовую і заможную беларускую арыстакратыю. На адно з паседжанняў Камітэту ён запрасіў Марыю Магдалену Радзівіл, Эдварда Вайніловіча, Гераніма Радзівіла і іншых прадстаўнікоў арыстакратыі, якія яшчэ раней праяўлялі свае сімпатыі да беларускага Адраджэння. Р.Скірмунт пераканаў гэтых людзей у неабходнасці дзеля будычыні Беларусі супрацоўнічаць з сацыялістамі. Яны згадзіліся ўвайсці ў склад БНК. На жаль, сацыялісты адмовілі гэтаму супрацоўніцтву. Яны, зрэшты, і на Скірмунта заўсёды глядзелі з падазрэннем. І гэта негледзячы на яго актыўную дзейнасць, на моцную фінансавую падтрымку беларускага Адраджэння, на прыкметнае "палявенне" ягоных поглядаў. У ліпені 1917 г. беларускія сацыялісты (Беларуская Сацыялістычная Грамада) дамагліся адстаўкі ўсяго Белнацкома. Адчуваючы непрыязь да сябе, Р.Скірмунт яшчэ раней склаў паўнамоцтвы старшыні і працаваў у камітэце ў якасці шэраговага сябра арганізацыі. Беларуская нацыянальная ідэя, на жаль, часта не вытрымлівала канкурэнцыі з сацыяльнымі праграмамі і асобаснымі амбіцыямі.
У жніўні 1917 г. Раман Скірмунт, як былы дэпутат І Думы, атрымаў запрашэнне на т.зв "Маскоўскую нараду". Мэтаю нарады было абмеркаванне магчымасці ўстанаўлення ў Расіі "моцнай улады". Фактычна, размова ішла пра падтрымку планаў устанаўлення ваеннай дыктатуры генерала Карнілава. З'яўленне ў зале паседжанняў самога генерала прысутныя сустрэлі аввцыяй. У аднадушным парыве яны ўзняліся з месцаў, каб выказаць свае захапленне асобай Карнілава. Застаўся сядзець і не пляскаў у далоні толькі адзін чалавек - Раман Скірмунт. Ён быў праціўнікам дыктатуры.
У 1918 г. Р.Скірмунт зноў адным з першых выступіў за незалежнасць Беларусі. У траўні-ліпені гэтага года ён узначаліў урад БНР. Дзеля незалежнасці Беларусі спрабаваў разыграць "нямецкую карту". Раней гэта зрабілі літоўцы, якія з дапамогай Германіі пачалі будаваць сваю дзяржаву. На жаль, у беларусаў нічога не атрымалася.
Змагаючыся за міжнароднае прызнанне Беларускай рэспублікі, Р.Скірмунт у Базеле ў канцы 1918 г. сустрэўся са стрыечным братам Канстанцінам Скірмунтам, фактычным міністрам замежных справаў Польшчы. Канстанцінам Скірмунтам. Беларускі дзеяч спрабаваў выкарыстаць нават сваяцкія адносіны дзеля падтрымкі незалежнасці БНР Польскай дзяржавай. Але сваякі Рамана не разумелі ягоных беларускіх сімпатый. Не прынялі яны і эвалюцыі яго сацыяльных поглядаў у накірунку лібералізма. Той самы Канстанцін Скірмунт напоўжартам называў Рамана: "Наш бальшавік!"
Раман Скірмунт пратэставаў супраць Рыжскага міру, які падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Разам з Э.Вайніловічам выношваў планы не дапусціць зацвярджэння гэтага міру ў польскім сейме. Ён разумеў, чым можа абярнуцца для беларускай зямлі панаванне расейскіх бальшавікоў, бо бачыў, як пад чырвонымі сцягамі адраджаецца былая Імперыя, цалкам пазбаўленая нават налёту інтэлігентнасці і арыстакратызма.
Падзенне Беларусі пазбаўляла сэнсу ягоную палітычную дзейнасць. Ён вярнуўся ў свой маёнтак Парэчча, што недалека ад Пінска. Чалавек вялізарнай актыўнасці, які з пачатку стагоддзя знаходзіўся ў цэнтры палітычнага жыцця Беларусі і Літвы, быццам знік з грамадска-палітычнай арэны. Ён засяродзіўся на гаспадарчых праблемах. Тым больш, што маёнтак знаходзіўся ў вельмі цяжкім становішчы. Нямецкія акупацыйныя войскі абрабавалі ўсе прамысловыя прадпрыемствы і вывезлі абсталяванне ў Германію. Першы год жыхары маёнтку амаль не бачылі мяса. Негледзячы на гэта Парэчча стала прытулкам для блізкіх і сяброў Рамана Скірмунта, якіх вайна і рэвалюцыя пазбавіла даху над галавой.
Аднак не толькі гаспадарка займала былога кіраўніка Белнацкома. У 1926 г. у Варшаве выходзіць з друку яго кніга, прысвечаная творчасці Юліўша Славацкага. Літаратуразнаўцы могуць пацвердзіць высокі навуковы ўзровень працы.
Пасля майскага перавароту 1926 г. і вяртання да ўлады Юзафа Пілсудскага Р.Скірмунт паспрабаваў вярнуцца да палітычнай дзейнасці. Магчыма, з Ю.Пілсудскім былі звязаныя пэўныя надзеі пра адраджэнне Рэчы Паспалітай як сапраўднай федэрацыі свабодных народаў. У 1930 г. Раман Аляксандравіч абіраецца сенатарам ад Безпартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам. Гэты блок між іншым выступаў за спыненне палітыкі асіміляцыі беларусаў і ўкраінцаў. Сенатар Скірмунт нават прымаў удзел у распрацоўцы новай канстытуцыі. Але даволі хутка ён зразумеў, што нацыянальная палітыка не памяняецца. Ён зноў (і на гэты раз канчаткова) адыходзіць ад актыўнай палітычнай дзейнасці і вяртаецца ў Парэчча.
Любімым месцам прагулак Рамана Скірмунта быў парк у Парэччы. Ён быў закладзены Раманам Александравічам яшчэ на пачатку 20 ст. Дзеля гэтага спачатку давялося асушыць вялікі забалочаны бераг Ясельды. Парк плошчай каля 60 га шчыльна прымыкаў да ракі. Тут можна было убачыць побач з дубамі і клёнамі, акацыямі і вязамі розныя экзатычныя гатункі дрэваў, напрыклад, цюліпанавае дрэва, кедры, канадскія і сібірскія яліны. У парку жылі розныя жывёлы, вадзіліся роі балотных птушак, для якіх будаваліся спецыяльныя хаткі.
Гэты парк, сёння моцна панішчаны, успрымаецца як пэўны сімвал месца і ролі Скірмунтаў у беларускай гісторыі. Намаганнямі прадстаўнікоў трох пакаленняў гэтага роду сярод багнаў Палесся ўзнік прамысловы і культурны цэнтр як пэўны оазіс еўрапейскай цывілізацыі. Ні войны, ні рэвалюцыі не здолелі знішчыць яго да канца. Дзед Рамана Аляксандр Скірмунт яшчэ ў 30-ыя гады 19 ст. заснаваў пад Пінскам суконную фабрыку. Гэта было адно з першых у Беларусі прадпрыемстваў фабрычнага тыпу. Мясцовыя сяляне атрымалі магчымасць дадатковага заробку. У маёнтку таксама існавала школа і шпіталь. Пазней быў пабудаваны цукровы завод. Скірмунты моцна прычыніліся да гаспадарчага і культурнага развіцця Палесся.
Сяляне паважалі Рамана Скірмунта, бо амаль заўсёды маглі разлічваць на ягоную дапамогу. Ён дапамагаў грашыма, даваў збожжа ў неўраджайны год, мог даць разумную раду. (Адна з версій, звязаных з абставінамі забойства Р.Скірмунта, сцвярджае, што мясцовыя сяляне доўгі час хавалі яго ад бальшавікоў у 1939 г.) Праўда, у адносінах да злодзеяў і ашуканцаў ён заўсёды праяўляў цвёрдасць і нават жорсткасць.
...У жніўні 1998 г. разам з пінчуком Юрыем Друпам мы наведалі Парэчча. У старым парку адшукалі магілу. Надпіс на польскай мове паведаміў, што менавіта тут ляжыць Раман Скірмунт разам са шваграм Балеславам. Яны былі забітыя на пачатку кастрычніка 1939 г. Забівалі мясцовыя сяляне, якія мелі нейкую крыўду на "пана" і хацелі выслужыцца перад савецкай уладай. Улада патурала падобным забойствам. Рамана і Балеслава завялі ў лес, прымусілі капаць магілу. Раман Скірмунт адмовіўся гэта рабіць. Быццам бы, перад смерцю сказаў: "Я нічога дрэннага людзям не рабіў..."
Забілі чалавека, які павінен быў стаць першым беларускім прэзідэнтам. Думаю, што ён цалкам адпавядаў бы гэтай пасадзе, бо быў добра адукаваным і разумным, не быў абцяжараны нейкімі ідэалагічнымі догмамі, любіў Беларусь, ведаў і цаніў мову і культуру яе народу, у палітычнай дзейнасці шукаў не ворагаў, а сяброў і бачыў далей многіх іншых. Нам ніколі б не было сорамна за такога прэзідэнта.
Прах братоў Скірмунтаў пазней перанеслі з лесу ў парк. Магілу аднавіла адна з нашчадкаў роду пані Тэрэза Скірмунт з Варшавы.
Сумныя думкі прыходзілі ў галаву каля гэтай магілы: Можа беларуская зямля - гэта край прокляты Богам? Колькі ж таленавітых людзей нарадзіла яна! І якім страшным быў лёс большасці з іх! Звычайна - або самотнасць і адзінота, або перадчасовая смерць ці выгнанне на чужыну. Сапраўды - чужая Бацькаўшчына! Найлепшых часта забівалі тыя, пра шчасце якіх яны якраз і марылі.
Гэтыя думкі толькі ўзмацніліся, калі мы наведалі в. Маладова (у некалькіх кіламетрах ад Парэчча). Некалі гэта быў маёнтак Канстанціна Скірмунта. Стаяў прыгожы палац пачатку 19 ст. Знаходзіліся родавыя могілкі. Зараз яны нагадваюць сметнік з разбітымі надмагільнымі помнікамі і раскопанымі магіламі. Палац быў спалены ў 1939 г. Няўжо мы здольныя толькі знішчаць і разбураць?! Хочацца верыць, што гэта не так, што калі-небудзь Беларусь усё ж стане краінай прыгожых палацаў і ўтульных паркаў, краінай, у якой будуць шанаваць таленавітых і разумных. Дзеля такой Беларусі варта жыць і варта працаваць.
Але ж забойства Рамана Скірмунта і іншых беларускіх патрыётаў працягваецца. На гэты раз на старонках некаторых выданняў. У прыватнасці, выкладчыкі Гарадзенскага універсітэту Іван Коўкель і Эдмунд Ярмусік у недаўна выданай "Истории Беларуси. С древнейших времён до нашего времени" (Минск,1998) цалкам падзяляюць ідэалогію бальшавікоў і з іх пазіцый ацэньваюць дзейнасць кіраўнікоў БНР. Раман Скірмунт, Антон Луцкевіч і інш. дзеячы беларускага руху на старонках гэтай "гістарычнай" працы - дзеячы "буржуазна-памешчыцкага лагера", "марыянеткі" германскіх акупантаў, падманшчыкі народа, якія імкнуліся адарваць беларусаў ад "братняй Савецкай Расіі", бо марылі толькі пра захаванне на Беларусі ўлады памешчыкаў і капіталістаў. Ці ж гэта не паўторнае забойства?
А наконт "сфінкса", дазволю сабе не пагадзіцца з ацэнкай Сцяпана Некрашэвіча. Гэты вобраз нарадзіла неразуменне тагачасным беларускім сацыялістам феномену ператварэння чалавека, якога ўсе лічылі польскім "кансерватарам" і "рэакцыянерам" у 1905-1907 гг. у аднаго з правадыроў беларускага руху ў 1917 г.? На мой погляд, загадкі няма. Адбывалася паступовая эвалюцыя чалавека, які хоць і быў выхаваны ў рэчышчы польскай культуры і належаў да мясцовай польскамоўнай арыстакратыі, але заўсёды адчуваў непарыўную сувязь з беларускай зямлёй і яе народам. Сваёй Радзіме - Беларусі ён не здрадзіў ніколі.