![]() |
![]() |
Для разумення феномену польскай грамадскасці беларускіх земляў вельмі важным з’яўляецца асвятленне праблемы яе радаводу. Цэнтральнымі пры гэтым застаюцца пытанні пра памеры міграцыі насельніцтва з этнічнай Польшчы і сутнасць працэсу паланізацыі.
Аналіз навуковай літаратуры сведчыць, што на сённяшні дзень прынцыповых разыходжанняў ў характарыстыцы радаводу палякаў Беларусі і Літвы паміж беларускай, літоўскай і польскай гістарыяграфіямі амаль няма. Найбольш аўтарытэтныя даследчыкі прыйшлі да высновы, што ў сваёй абсалютнай большасці мясцовыя палякі з’яўляліся нашчадкамі паланізаваных аўтахтонаў беларускіх і літоўскіх земляў.
Першымі выказалі гэтую думку прадстаўнікі т.зв. “ліцвінскай” (на пачатку ХХ ст. – “краёвай”) гістарыяграфіі, якія паходзілі з мясцовай польскай грамадскасці. Вядомы навуковец і палітык Міхал Ромэр быў упэўнены, што палякі Літвы і Беларусі не павінны ўспрымацца як прышлы і чужы элемент накшталт нямецкіх баронаў у Латвіі і Эстоніі. На яго думку, характэрныя для іх рысы польскай культуры былі вынікам працэсу паланізацыі[1]. На пачатку ХХ ст. М.Ромэр увёў у навуковы зварот паняцце “літоўскія палякі”.
У яго далейшай навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці тэзіс мясцовага паходжання польскай шляхты атрымаў сваё развіццё. Навуковец катэгарычна абвяргаў сцвярджэнне, што палякі Беларусі і Літвы з’яўляюцца часткай польскай нацыі, якая пасялілася на т.зв. “крэсах усходніх”. Ён даказваў, што мясцовыя палякі – гэта прадукт культурнай паланізацыі вышэйшых колаў грамадства “гістарычнай Літвы”, а таксама гарадскога насельніцтва і сялянскіх рэгіёнаў усходняй часткі этнічнай Літвы[2]. Маючы на ўвазе літоўскіх і беларускіх палякаў, даследчык заяўляў: “Мы не імпартаваны экзатычны тавар, а прадукт непасрэднай гістарычнай эвалюцыі, якая адбывалася ў нашым краю па прычыне ўздзеяння пэўных падзей палітычнай гісторыі”[3]. М.Ромэр характарызаваў палякаў Літвы як адметны этнакультурны феномен, не падобны ні на палякаў, ні на літоўцаў, ні на беларусаў.
Трэба адзначыць, што гэтая канцэпцыя ў пасляваенны час знайшла водгук у польскай гістарыяграфіі. Прыкладам могуць служыць працы вядомага гісторыка Юліўша Бардаха. Ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі “гістарычнай Літвы” галоўную ролю, на яго думку, адыграла пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання “літоўскіх палякаў” з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. На яго думку, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваім этнакультурным характарыстыкам быў бліжэйшым да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[4].
У сучаснай беларускай гістарыяграфіі спробы навуковага падыходу да праблемы польска-беларускіх культурных адносінаў суседнічаюць са спрошчаным ідэалагізаваным разуменнем феномену паланізацыі. Напрыклад, Леанід Лыч трактуе паланізацыю амаль выключна як прымусовае апалячванне[5]. Гэты даследчык, як і некаторыя іншыя беларускія гісторыкі, для разумення гістарычных працэсаў часоў сярэднявечча карыстаецца тэрміналогіяй, якая з’яўляецца толькі ў перыяд новай і найноўшай гісторыі, калі, зрэшты, і адбываецца працэс фарміравання нацый. Але вядома, што Рэч Паспалітая была феадальна-саслоўнай шляхецкай дзяржавай і не з’яўлялася механізмам для рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў. Палітычныя прывілеі для каталікоў нельга лічыць прыкметай палітыкі нацыянальнай асіміляцыі, ужо толькі таму што канфесія не роўная этнічнасці або нацыянальнасці. Тэрмін “паляк” у часы існавання Рэчы Паспалітай быў тэрмінам не нацыянальным, а саслоўным. І толькі ў такім сэнсе гэтую краіну можна лічыць “польскай дзяржавай”. Спроба ахарактарызаваць працэсы паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай у катэгорыях палітыкі дзяржаўнай асіміляцыі ўладаў ІІ Рэчы Паспалітай (1918-1939) толькі заблытвае сітуацыю. У гэтым выпадку мы сустракаемся з пэўнай ідэалагічнай зададзенасцю, якая перашкаджае навуковаму вырашэнню праблемы.
Для беларускай гістарычнай навукі характэрная неакрэсленасць паняцця “паланізацыя”. Яго выкарыстоўваюць для пазначэння як працэсу прымусовай асіміляцыі, так і працэсу самаапалячвання або спантаннай (стыхійнай) асіміляцыі. Зачастую ставіцца знак роўнасці паміж паланізацыяй і русіфікацыяй (Софья Кузняева, Міхась Біч[6]) За невялікім выключэннем (Міхаіл Піліпенка[7], Вячаслаў Вярэніч[8]) большасць беларускіх даследчыкаў разумее феномен паланізацыі толькі як з’яву палітыкі нацыянальнай або дзяржаўнай асімілячыі.
У польскай гістарыяграфіі паняцце “паланізацыі” звычайна трактуецца, як “самапаланізацыя”, як дабраахвотны выбар. Гэты тэзіс мае пэўнае абгрунтаванне. Як ужо адзначалася, Рэч Паспалітая не з’яўлялася нацыянальнай дзяржавай у сучасным разуменні гэтага слова. А ў перыяд фармавання нацый Польшча не існавала ў якасці дзяржавы, і, адпаведна, дзяржаўных рычагоў для правядзення палітыкі асіміляцыі палякі не мелі. Аднак пры гэтым нельга забываць пра існаванне пэўных рэлігійных, культурных і сацыяльных інстытутаў (каталіцкі касцёл, афіцыйная школа ў першай трэці ХІХ ст., мясцовая адміністрацыя да паўстання 1863-1864 г., тайная школа ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст., маёнтак), якія адыгрывалі значную ролю ў пашырэнні польскасці нават пры адсутнасці польскай дзяржавы.
Частка польскіх навукоўцаў (напрыклад, Пётр Эберхардт[9] і Роман Вапіньскі[10]) лічаць “літоўскіх палякаў” часткай польскай нацыі, якая апынулася ў больш цяжкіх гістарычных абставінах і не здолела захаваць усе польскія этнакультурныя рысы. Яны карыстаюцца традыцыйным паняццем “палякі ў Беларусі і Літве”. Іншыя даследчыкі (напрыклад, Уладыслаў Вяльхорскі[11] і Юліўш Бардах[12]) адзначаюць адметнасць палякаў Беларусі і Літвы ад палякаў з этнічнай Польшчы. Яны досыць шырока ўжываюць паняцце “літоўскія палякі”.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што ў свядомасці гэтых палякаў іх прыналежнасць да польскай культуры спалучалася з выразным успрыяццем Беларуска-літоўскага краю як сваёй Радзімы. Вось, як характарызаваў гэты феномен у 1915 г. карэспандэнт газеты “Myśl Polska”: “Польскасць у Літве (маецца на ўвазе “гістарычная Літва”-А.С.) абсалютна незалежная ад лозунгаў, што ідуць з Варшавы. Гэта асобная, лакальная польскасць. Толькі ад мясцовых фактараў залежыць, ці поўніцца справамі яе жыццё, ці яна празябае ў бездзейнасці. Пра “вяртанне” літоўскіх палякаў у этнаграфічную Польшчу не можа быць і размовы, бо яны і не прыходзілі ў Літву з Польшчы. Літва – гэта адзіны край, з якім яны этнаграфічна звязаныя”. Літоўскі даследчык Рымантас Мікныс, які прывёў гэтую цытату ў адным з артыкулаў[13], лічыць, што на пачатку ХХ ст. існавалі пэўныя ўмовы фармавання нацыі літоўскіх палякаў[14]. Яе асноўную масу маглі скласці носьбіты т.зв. “тутэйшасці”. Толькі ўзнікненне польскай і літоўскай нацыянальных дзяржаваў, на яго думку, зашкодзіла гэтаму працэсу.
Развіццё літоўскага нацыянальнага руху выклікала пэўную трансфармацыю паняцця “літоўскія палякі”. Нацыянальныя памкненні літоўскага этнасу спрыялі таму, што частка эліты “літоўскіх палякаў” пачала актыўна звяртацца да элементаў этнічнай літоўскай культуры. Слова “літоўскія” ў словазлучэнні “літоўскія палякі” на пачатку ХХ ст. звязвалася ўжо не толькі з “гістарычнай”, але і з “этнаграфічнай” Літвой. У той жа час па меры развіцця беларускага руху “літоўскія палякі”, якія жылі на этнічных беларускіх землях, падпадалі пад пэўныя ўплывы беларускасці. Можна назваць імёны Эдварда Вайніловіча, Аляксандра Ельскага, Марыі Магдалены Радзівіл і Рамана Скірмунта. Аўтарытэт, якім карысталіся названыя прадстаўнікі эліты “беларускіх палякаў” сярод іх асноўнай масы, сведчыць пра тое, што беларускаць у той ці іншай форме прысутнічала ў свядомасці значнай часткі польскай грамадскасці на этнічных беларускіх землях. Усё гэта дае падставы для ўжывання паняцця “беларускія палякі”.
Права на існаванне гэтага тэрміну пацвердзіў таксама аналіз палітычнай дзейнасці польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. (асабліва ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг.)[15]. У польскім руху ў гэты час выразна выявіліся два накірункі – краёвасць і прыхільнасць польскай нацыянальнай дактрыне ў фармуліроўцы Партыі нацыянальных дэмакратаў. Пры гэтым дамінаваў першы. Краёўцы, якія зыходзілі з інтарэсаў усяго Беларуска-літоўскага краю і ўсіх насяляючых яго народаў, імкнуліся замяніць этнакультурнае разуменне нацыі разуменнем яе як палітычнай катэгорыі і пастаянна падкрэслівалі адметнасць Беларусі і Літвы ад Польшчы, карысталіся падтрымкай пераважнай большасці мясцовай польскай грамадскасці. Такая пазіцыя беларускіх палякаў спрыяла захаванню даволі прыязных адносінаў з беларускім нацыянальным рухам.
Варта заўважыць, што на працягу амаль усяго ХІХ ст. паміж палякамі і беларусамі не існавала выразнага пачуцця нацыянальнай чужасці. Аналіз беларускага фальклору, зроблены Паўлам Церашковічам, сведчыць, што палякі Беларусі нават не траплялі ў катэгорыю “чужых”. Частка інтэлігенцыі з ліку беларускіх палякаў (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Людвік Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч і інш.) прыняла актыўны ўдзел у працэсе беларускага культурнага накаплення і выпрацоўцы ўласна беларускай культурнай традыцыі. Толькі напрыканцы ХІХ ст. стаў адчувальным пэўным этнасацыяльны канфлікт. Ён быў вынікам як дэмакратызацыі грамадства, якая суправаджалася радыкалізацыяй настрояў сацыяльных нізоў, так і наступствам русіфікацыі Беларусі. З пачаткам палітычнага этапу беларускага Адраджэння гэты канфлікт мог яшчэ больш абвастрыцца. Аднак доўгі час гэтага абвастрэння не назіралася, бо краёвая пазіцыя большасці беларускіх палякаў была выдатнай глебай для супрацоўніцтва. Польскія краёўцы, як і беларускія дзеячы, успрымалі Беларусь і Літву ў якасьці суб’екта гісторыі і марылі пра яе пераўтварэнне ў суб’ект палітыкі.
Лаяльнасць, а часам нават прыхільнасць беларускіх палякаў да беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння была істотным фактарам развіцця беларускага руху, паколькі палякі з’яўляліся ўплывовай культурнай, гаспадарчай і палітычнай сілай на беларускіх землях на пачатку 20 ст. Устанавіць іх дакладную колькасць вельмі цяжка, бо на рубяжы стагоддзяў асноўная маса насельніцтва Беларусі яшчэ не вызначала сваю свядомасць у нацыянальных катэгорыях. Тым не менш аналіз вынікаў перапісу 1897 г., агляд польскай і беларускай літаратуры па праблемах дэмаграфіі дазваляе сцвярджаць, што на рубяжы стагоддзяў на тэрыторыі сучаснай Беларусіпалякаў было не менш за 324,2 тыс. (5,2%)[16] і не больш за 838,9 тыс. (13,0%). Апошнюю лічбу прапанаваў Пётр Эберхардт, які таксама сцвярджаў, што найбольш палякаў налічвалася ў “беларускай частцы” Віленскай губ. – 365,5 тыс. (43,0%), а найменш – у Магілёўскай губ. – 52,3 тыс. (3,1%)[17].
Аднак адносіны беларускіх палякаў да беларускага культурнага і палітычнага Адраджэння не знайшлі падтрымкі сярод найбольш уплывовых палітычных партый і арганізацый Каралеўства Польскага і польскай эміграцыі. Яны не ўспрымалі беларусаў у якасьці саюзнікаў. Гэтыя партыі або ігнаравалі беларускі рух, або глядзелі на яго як на расійскую ці германскую антыпольскую “інтрыгу”.
У 1917-1918 гг. Беларуска-літоўскі край ператварыўся ў арэну вострага палітычнага і нацыянальнага змагання. Распачалася барацьба за стварэнне нацыянальных дзяржаваў. У гэтых умовах краёўцы як з’ява рэгіянальная страцілі свае пазіцыі. Адметнасць інтарэсаў беларускіх палякаў была прынесена ў ахвяру агульнапольскім інтарэсам.
Дамінаванню ідэі польскай нацыянальнай дзяржавы спрыяла прызнанне германскімі ўладамі незалежнасці Літвы са сталіцай у Вільні, што перакрэсліла геапалітычныя праекты беларусаў і мясцовых палякаў па адраджэнню былога Вялікага Княства Літоўскага (т.зв. “гістарычнай Літвы”), а таксама захоп улады ў Расіі бальшавікамі. Апошнія распалілі сапраўдную сацыяльную вайну ў беларускай вёсцы, што прывяло да канчатковага афармлення ўласна нацыянальнага беларуска-польскага канфлікту. Большасць недаўніх краёўцаў сталася прыхільнікамі канцэпцыі інкарпарацыі беларускіх земляў у склад Польшчы. Буйнейшыя польскія партыі імкнуліся да стварэння незалежнай Польскай дзяржавы. “Беларускае пытанне” як самастойны палітычны фактар для іх не існавала. Наладжванню кантактаў не спрыяла таксама спроба беларускіх палітыкаў услед за літоўскімі разыграць “германскую карту” ў мэтах умацавання ўласнай дзяржаўнасці[18].
Бліжэйшым наступствам гэтага канфлікту сталася савецка-польская Рыжская дамова (1921 г.) і падзел Беларусі, які на працяглы час зруйнаваў ідэю незалежнай беларускай дзяржавы і паспрыяў далейшаму пагаршэнню польска-беларускіх адносінаў.
Павялічэнне колькасці палякаў на беларускіх землях у ХХ ст. адбывалася ў асноўным у Заходняй Беларусі, якая ў 1921-1939 гг. уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы. Польскімі ўладамі праводзілася палітыка дзяржаўнай асіміляцыі беларускага насельніцтва. З этнічных польскіх земляў сюды перасяляліся групы “асаднікаў” (ваенных і цывільных каланістаў), розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікаў. Па звестках Ігара Карашчанкі і Анатоля Валахановіча было перасялена каля 300 тыс.чал[19].
У БССР паводле перапісу 1926 г. пражывала 97,5 тыс. (2,0%) палякаў[20]. Польскія даследчыкі лічаць гэтыя даныя сфальсіфікаванымі. Так, Мікалай Іваноў, спасылаючыся на справаздачу дырэктара Акруговай статыстычнай управы ў Мінску пад назвай “Пра скажэнні падчас Усеагульнага перапісу 1926 г.”, у якой сцвярджаўся факт паслядоўнай дыскрымінацыі польскага насельніцтва, ацаніў колькасць палякаў у 1926 г. у 300 тыс.чал[21].
Палякі, безумоўна, з’яўляліся адной з асноўных этнічных групаў сярод насельніцтва БССР. У перыяд т.зв. “палітыкі беларусізацыі” іх этнакультурныя асаблівасці ў асноўным улічваліся. У 1921 г. ЦВК БССР спецыяльным рашэннем замацаваў за польскай мовай статус дзяржаўнай разам з беларускай, яўрэйскай і рускай мовамі. У 1924 г. існавалі 136 польскіх школ і 7 польскіх дзіцячых дамоў. Дзейнічалі таксама змешаныя беларуска-польскія школы. З 1922 г. у Мінску працавалі польскі педагагічны тэхнікум, польскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута, якія рыхтавалі настаўнікаў для польскіх школаў і выхавальнікаў для дашкольных установаў[22]. Працай польскіх навучальных установаў кіравала Польскае бюро пры Наркамаце асветы. У 1920-30-ыя г. выдавалася 6 польскіх газет. У 1927 г. было створана Польскае аддзяленне Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва арганізоўваліся польскія нацыянальныя сельсаветы. Усяго быў утвораны 41 польскі сельсавет[23]. З 1932 па 1937 г. на базе Койданаўскага раёна БССР існаваў Польскі нацыянальны раён як аўтаномная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Яго ўзначальвалі польскія камуністы-палітэмігранты.
У выніку палітычных рэпрэсій другой паловы 30-ых г. польскія нацыянальна-адміністратыўныя адзінкі былі скасаваныя. Ліквідаваліся польскія школы, клубы і бібліятэкі. Быў зачынены Польскі тэатр у Мінску. Апагей антыпольскіх пераследаў наступіў у 1937-1938 гг. Пачаліся масавыя дэпартацыі і фізычнае вынішчэнне польскага насельніцтва. У межах таталітарнай савецкай дзяржавы не было месца нацыянальным адметнасцям. Аналіз статыстычных матэрыялаў сведчыць, што колькасць палякаў у БССР паміж 1937 і 1939 гг. зменьшылася на 61,5 тыс.[24] Частка з іх была забітая ў Курапатах[25] і іншых месцах масавых растрэлаў, частка – дэпартаваная ў Казахстан і Сібір. Толькі ў выніку т.зв. “польскай аперацыі”, па сфабрыкаванай АДПУ-НКУС справе “Польскай вайсковай арганізацыі” было арыштавана болей 21 тыс.чал.[26]
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР (верасень-кастрычнік 1939 г.) доля палякаў у рэспубліцы значна павялічылася. Аднак рэпрэсіі супраць польскай супольнасці працягваліся. На тэрыторыі Заходняй Беларусі яны распачаліся адразу пасля ўступлення Чырвонай арміі. Так, ужо на 7 кастрычніка 1939 г. беларускія органы НКУС арыштавалі 2708 асобаў пераважна польскай нацыянальнасці[27]. На падставе вывучэння захаваўшыхся дакументаў НКУС-КДБ Беларусі гісторык Аляксандр Хацкевіч сцвердзіў, што за перыяд 1939-1941 гг. з заходніх абласцей рэспублікі на ўсход быдо дэпартавана больш за 120 тыс.чал.[28] Асноўную частку рэпрэсаваных складалі палякі. Досыць часта яны лічылі менавіта беларусаў галоўнымі віноўнікамі таго, што з імі адбывалася, хаця беларусы і самі з’яўляліся аб’ектам палітычных рэпрэсій. Наогул, падзеі другой паловы 30-ых г. нанеслі моцны ўдар па патрыятызму беларускіх палякаў. Беларусь сталася часткай таталітарнай савецкай дзяржавы, у якой палякі адчувалі сябе непажаданай нацыяй другога гатунку.
Далейшаму росту напружанасці ў польска-беларускіх адносінах спрыяла палітыка акупацыйных уладаў падчас савецка-германскай вайны. Даследчык Юры Туронак звярнуў увагу на працэс вяртання польскім землеўласнікам маёмасці (лета-восень 1941 г.), які суправаджаўся вострымі канфліктамі ў галіне нацыянальных адносінаў і арыштамі беларусаў па абвінавачванню ў “бальшавізме”. На думку гісторыка, “стварылася атмасфера польскага вяршэнства і антыбеларускага тэрору”[29]. Праз нейкі час ужо беларусы сталіся “нямецкімі фаварытамі”. Такім чынам, распальвалася нацыянальная варожасць дзеля ўмацавання нямецкага панавання.
У лютым 1942 г. узнікла Армія Краёва (АК), якой суджана было стаць галоўнай сілай польскага руху супраціўлення. Галоўная мэта дзейнасці АК на тэрыторыі Заходняй Беларусі (аднаўленне польскай дзяржаўнасці) разыходзілася з мэтамі і савецкіх і беларускіх партызанаў. Адназначна ацаніць дзейнасць польскагу руху супраціўлення на беларускіх землях немагчыма. Вядома, што ў АК змагаліся не толькі палякі, але і беларусы, што яе дзейнасць спрыяла вызваленню Беларусі ад германскай акупацыі. Але існуе шмат фактаў, якія сведчаць, што беларускае насельніцтва таксама з’яўлялася ахвярай дзеянняў АК. Камандзір Стаўбцоўскай групоўкі АК капітан Адольф Пільх адзначаў, што са снежня 1943 па чэрвень 1944 г. ягоныя вайскоўцы забілі каля 6 тыс. “бальшавікоў”. На думку Ю.Туронка, пераважную частку гэтых “бальшавікоў” складалі мірныя беларускія жыхары, якія падазраваліся ў сувязях з савецкімі або беларускімі партызанамі[30].
Надыход савецкай арміі прынёс новыя шматлікія ахвяры. Пераследам былі ахопленыя не толькі тыя асобы, якія супрацоўнічалі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Шмат беларусаў і палякаў было абвінавачана ў нацыяналізме і рэпрэсавана. Пачалася новая хваля дэпартацыяў. Паводле падлікаў Пятра Эберхардта было дэпартавана яшчэ каля 80 тыс.чал[31].
Амаль адразу пасля завяршэння ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ўзнікла праблема мяжы. СССР ад пачатку вайны з Германіяй настойваў на неабходнасці вяртання да межаў з чэрвеня 1941 г. Іосіф Сталін здолеў дамагчыся згоды ўрадаў ЗША і Велікабрытаніі. Аднак на працягу 1944-1955 гг. заходняя мяжа СССР (і БССР) неаднаразова ўдакладнялася. Практычна ўсе гэтыя ўдакладненні зводзіліся да чарговага перасоўвання мяжы на ўсход. Так, напрыклад, 20 жніўня 1944 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову пра перадачу Польшчы большай часткі зямель Беластоцкай вобласці. Дзеля ўрэгулявання спрэчных пытанняў у верасні 1944 г. паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення было падпісана пагадненне пра рэпатрыяцыю беларускага насельніцтва з Польшчы і польскага – з Беларусі. У выніку ў 1945-1947 гг. з Беларусі выехала болей 274 тыс.чал. Большасць выехаўшых складалі палякі[32]. Таксама трэба ўлічваць, што мноства палякаў было вывезена ў Германію ў перыяд акупацыі. Яны засталіся на Захадзе або вярнуліся ў Польшчу. На думку П.Эберхардта, рэпатрыяцыя ў шырокім разуменні ахапіла ад 350 да 400 тыс. палякаў[33].
У 1959 г. паводле перапісу насельніцтва на тэрыторыі Беларусі пражывала 538,9 тыс. палякаў (6,7%)[34]. Перапісы, якія праводзіліся ў БССР, сведчаць, што доля палякаў сярод усяго насельніцтва рэспублікі, няўхільна зменшалася: 1959 г. – 538,9 тыс. (6,7%), 1970 г. – 382,6 тыс. (4,3%), 1979 г. – 403,2 тыс. (4,2%), 1989 г. – 417,7 тыс. (4,1%)[35]. П.Эберхардт не пагаджаецца з гэтымі падлікамі. Паводле ягонага аналізу ў 1989 г. у БССР пражывала каля 600 тыс. палякаў[36].
Палітычныя рэпрэсіі засталіся ў мінулым, аднак свабоды нацыянальна-культурнага развіцця палякі, як і іншыя народы, не атрымалі. У БССР працягвалася гвалтоўная палітыка русіфікацыі. Пасля другой святовай вайны руская мова сталася ў рэспубліцы фактычна адзінай урадавай мовай. У 1947 г. у Гародні была зачынена апошняя польская школа ў Беларусі. Перапіс 1959 г. паказаў, што толькі палова (49,9%) польскай грамадскасці лічыць польскую мову роднай[37]. У 1989 г. толькі 13,3% (55,7 тыс.) палякаў Беларусі назвалі польскую мову ў якасці роднай. Абсалютная большасць лічыла роднай мовай беларускую. Перамены ў моўнай сферы былі першым этапам змяненняў у нацыянальнай свядомасці. Польскія даследчыкі часта гавораць пра працэс беларусізацыі палякаў[38]. З гэтым можна пагадзіцца, але трэба ўлічваць, што беларускай дзяржавы не існавала, і беларусізацыя мясцовых палякаў была толькі этапам іх русіфікацыі. Неспрыяльная для палякаў нацыянальная сітуацыя ў БССР разам з фактарам існавання Польскай дзяржавы разбуралі сярод значнай часткі польскага насельніцтва традыцыйнае для яго ўспрыяцце беларускай зямлі як сваёй Радзімы. Беларускія палякі паступова ператвараліся ў палякаў у Беларусі.
Перамены да лепшага распачаліся толькі ў другой палове 80-ых г. разам з працэсам дэмакратызацыі ў СССР. У 1988 г. быў створаны Саюз палякаў Беларусі з сядзібай у Гародні, пачалі ўзнікацьі шматлікія польскія суполкі, распачалося факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў школах, з’явілася польская газета “Głos znad Niemna” (1989).
Сітуацыя яшчэ больш змянілася разам з распадам СССР, які адкрыў шлях да стварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці, а 24 жніўня 1991 г. яна набыла статус канстытуцыйнага закону. 17 верасня 1991 г. змянілася і назва дзяржавы. На карце Еўропы з’явілася Рэспубліка Беларусь. 27 снежня 1991 г. Польшча прызнала яе незалежнасць. Усё гэта спрыяла актывізацыі працэсаў польскага нацыянальна-культурнага адраджэння ў Беларусі. З 1991 г. Гарадзенскае абласное радыё і тэлебачанне пачало весці штотыднёвую перадачу на польскай мове, у 1992 г. быў адчынены Польскі народны універсітэт у Менску[39], працягвалася стварэнне польскіх суполак (у 1994 г. узнік Саюз палякаў на Міншчыне), стваралася ссыстэма вывучэння польскай мовы і г.д.
Свабода нацыянальнага развіцця, поспехі Беларусі на міжнароднай арэне, адносная стабільнасць эканамічнага становішча рэспублікі на пачатку 90-ых г. спрыялі таму, што ў Беларусі распачаўся працэс фармавання палітычнай беларускай нацыі. Значная частка мясцовай польскай грамадскасці выступіла з заявамі, у якіх адназначна звязвала ўласны лёс з лёсам незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Адзін з першых нумароў часопіса “Magazyn Polski” надрукаваў працу беларускага гісторыка і палітыка пачатку ХХ ст. Мітрафана Доўнар-Запольскага “Асновы дзяржаўнасьці Беларусі”, якая была своеасаблівым маніфестам Беларускай дзяржавы[40].
Аднак у сярэдзіне 90-ых гадоў пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнкі ў нацыянальнай палітыцы кіраўніцтва Рэспублікі адбыўся прыкметны паварот. Ён праявіўся ў спробе вярнуць з небыцця палітыку русіфікацыі і саветызацыі насельніцтва, у адмове ад умацавання дзяржаўнага суверэнітэту. Пачалі стварацца перашкоды ў правядзенні культурна-асветніцкай і грамадскай дзейнасці нацыянальных суполак Беларусі, у т.л. і польскай. Але цалкам пераламіць тэндэнцыю нацыянальна-культурнага Адраджэння народаў Беларусі ўлады не здолелі. Пра гэта сведчаць вынікі перапісу 1999 г. Перапіс засведчыў, што ў рэспубліцы пражывае болей за 396 тыс. палякаў (3,9%)[41].
Варта адзначыць прыкметны рост кольскасці палякаў, якія лічаць роднай мову сваёй нацыянальнасці – 16,5%. Пры гэтым 57,6% польскага насельніцтва заявілі, што звычайна размаўляюць па-беларуску[42]. Такім чынам, палякі Беларусі аказаліся самым беларускамоўным народам краіны.
Дадзеныя перапісу 1999 г. па колькасці палякаў выклікалі здзіўленне сярод польскіх навукоўцаў. Дэмографы Польшчы ў сваіх ацэнках колькасці палякаў у БССР зыходзілі з таго, што “польскія” паказчыкі практычна ўсіх савецкіх перапісаў былі фальсіфікаваныя. Улады БССР, якія паслядоўна праводзілі курс на русіфікацыю мясцовага насельніцтва, былі зацікаўлены ў заніжэнні колькасці палякаў, літоўцаў, татараў і інш. Актыўная грамадска-палітычная і культурная дзейнасць Саюза палякаў Беларусі (старшыня Тадэвуш Гавін), ягоная падтрымка намаганняў беларускай апазіцыі, адраджэнне рэлігійнага жыцця каталіцкага касцёла і інш. яшчэ больш умацоўвалі перакананне ў заніжэнні савецкіх статыстычных дадзеных, якія датычылі польскай грамадскасці. Але вынікі перапісу 1999 г. гэтага не пацвердзілі. Праўда, нельга з абсалютнай упэўненасцю сцвярджаць, што ў 1999 г. не было фальсіфікацыі, і вызначэнне нацыянальнасці залежыла толькі ад волі чалавека.
Сучаснае становішча польскай грамадскасці ў краіне, дзе адсутнічаюць эканамічныя і палітычныя ўмовы для развіцця польскай культуры і ўздыму матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва, дзе дамінуе знешнепалітычны курс на дзяржаўную інтэграцыю з Расіяй не спрыяе пашырэнню сярод мясцовых палякаў беларускага патрыятызму. Відавочныя эканамічныя, міжнародныя і культурныя поспехі Польскай рэспублікі спрыяюць чарговай пераарыентацыі часткі польскай грамадскасці Беларусі. Ізноў яна апынулася перад дылемай арыентацыі на Мінск або на Варшаву. Вынікі польскага выбару могуць даволі істотна паўплываць на палітычную і культурную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь.
[1] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908, s. 27.
[2] Romer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryż, 1993, s.132; Römer M. Odpowiedż Juzefowi Piłsudskiemu // Znak. 1989 Nr 6, s. 72-75. (“Odpowiedż” была напісана ў 1922 г.).
[3] Romer M. Dwie teorie…, s. 134.
[4] Bardach J. O Litwie dawniej i niedawniej. Poznań, 1988, s. 197-198.
[5] Лыч.Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск: Нкф: “Экаперспектыва”, 1996, с. 53; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5, Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1999, с. 393-394.
[6] Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Частка 1. Мінск: Беларусь, 1994, с.296, 342, 416, 426-427 і інш.
[7] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск: Беларусь, 1991, с. 99.
[8] Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim. (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Walewandra. Lublin: KUL, 1991, с. 201, 211.
[9] Eberhardt P. Polska ludność kresowa. Rodowód, liczebność, rozmieszczenie. Warszawa:PWN, 1998, s. 49.
[10] Wapiński R. Polska i małe ojczyzny Polaków. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1994, s.10.
[11]Wielchorski W. Stosunki narodowościowe, wyznaniowe i językowe w Wielkim Księstwie Litewskim//Dzieje ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego. Alma Mater Vilnensis. T.III, Londyn, 1953, s. 145.
[12] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988, s. 201-202.
[13] Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w./Biuletyn Historii Pogranicza. Nr.1. Białystok, 2000, s. 23
[14] Там жа, s. 27-28.
[15] Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. Гародня: Ратуша, 2000, 204 с.
[16] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5.. Мінск, 1999, с. 394.
[17] Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 45.
[18] Смалянчук А. Палякі Беларусі і Літвы і беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне. Канец ХІХ ст. – 1918 г. // Наш радавод. Кніга 8. Гродна-Беласток, 1999 (2000), с. 379.
[19] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5.. Мінск, 1999, с. 394.
[20] Цыт.па: Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 108.
[21] Iwanow M. Pierwszy naród ukarany. Polacy w Związku Radzieckim 1921-1939. Warszawa-Wrocław, 1931, s. 81-82.
[22] Карашчанка І., Валахановіч А. Палякі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5.. Мінск, 1999, с. 394.
[23] Валахановіч А. Нацыянальныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі ў Беларусі /Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5, с. 310.
[24] Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 135.
[25] Крывальцэвіч М. Курапаты // Наша Ніва 1997 № 17-18.
[26] Міхнюк У. Польская арганізацыя вайсковая.// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5, с. 547.
[27] Chackiewicz A. Aresztowania i deportacje społeczeństwa zachodnich obwodów Białorusi (1939-1941) // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej (Białoruś Zachodnia i Litwa Wschodnia) w latach 1939-1941. Pod red. M.Giżejewskiej i T.Strzembosza. Warszawa, 1995, s. 120.
[28]Там жа, s. 137.
[29] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск:”беларусь”, 1993, с. 60.
[30] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск:”беларусь”, 1993, с. 174.
[31] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 153.
[32] Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999, с. 168.
[33] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 155.
[34] Цыт.па:Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 158.
[35] Численность, возрастная структура, состояние в браке, число и размер семей, национальный состав, уровень образования и источники средств существования населения Белорусской ССР. По данным Всесоюзной переписи населения 1989 г. Минск, 1990, с. 196-197.
[36] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с. 218.
[37] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997, с.170.
[38] Там жа, с. 217-218 і інш.
[39] Magazyn Polski. 1993 Nr 1-2 (5-6), s. 29.
[40] Downar-Zapolski M. Podstawy państwowowści Białorusi // Magazyn Polski. 1992 Nr 3-4.
[41] Численность и основные социально-демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999, с.23.
[42] Численность и основные социально-демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999, с.23.