У Нацыянальным гістарычным РБ у Гародні захаваўся дакументальны комплекс следчых справаў з канцылярыі Гарадзенскага губернатара, якія распачаліся ў сувязі з "нанесением оскорблений по адресу особы Его Императорского Величества". Сярод гэтых матэрыялаў асобна вылучаюцца тыя справы, дзе ў якасці зневажыцеляў выступалі каталікі. Фактычна, толькі тут сустракаецца пэўнае абгрунтаванне незадавальнення асобай імператара. Дзякуючы гэтаму следчыя матэрыялы ствараюць магчымасць паглядзець на палітыку царскіх уладаў па нацыянальнаму (этнічнаму) і канфесійнаму пытанням вачыма тых жыхароў беларускай зямлі, якіх гэтая палітыка найбольш датычыла. Пераважна гэта будуць "вочы" сацыяльных нізоў, т.з. "маўклівай большасці гісторыі"(А.Гурэвіч), бо справы, у якіх фігуруе шляхта складаюць меней 1,0% ад агульнай колькасці. Матэрыялы таксама дазваляюць з нетрадыцыйнага боку падысці да праблемы этнічна-культурнай прыналежнасці беларускіх каталікоў. Наколькі антыпольская палітыка расійскіх уладаў закранала інтарэсы каталіцкай грамадскасці Беларусі? Ці адчувалі беларускія каталікі крыўду як частка "польскай нацыі"? Ці можна весці гаворку пра нацыянальны канфлікт паміж беларускімі сялянамі і памешчыкамі-палякамі мясцовага паходжання?
Польскае і каталіцкае насельніцтва Беларусі ў другой палове ХІХ ст. апынулася ў досыць цяжкім становішчы. Галоўнай мэтай ўрадавай палітыкі пасля падаўлення паўстання 1863-1864 г. была ліквідацыя ўсялякага ўплыву на жыццё краю з боку гэтых груп насельніцтва, поўнае абрусенне Беларусі. "Ворагам нумар адзін" лічылася каталіцкая шляхта. Супраць яе, у першую чаргу, і быў накіраваны шэраг абмежавальных законаў. Рэформы 60-70-х гадоў ХІХ ст., фактычна, не закранулі Беларусі.
Былі забароненыя дваранскія сходы, і шляхта страціла права выбіраць свайго прадстаўніка, які мог звяртацца ў самыя высокія органы ўлады. Прымаліся меры па змяншэнню памераў зямельных уладанняў шляхты каталіцкага веравызнання і па насаджэнню рускага землеўладання. 10 снежня 1865 г. быў прыняты закон, які забараняў "асобам польскага паходжання" набываць зямлю ў Беларусі. Адзіным шляхам атрымання зямлі засталася спадчына. Адным з нступстваў гэтага закона стала тое, што землеўладальнікі-каталікі выстаўлялі зямлю на продаж толькі ў самым крайнім выпадку. Зямля, па сутнасці, была выведзена з гандлёвага абароту, што значна абвастрыла зямельную праблему ў беларускай вёсцы.
Адначасова з мэтай прыцягнення рускіх памешчыкаў было зацверджана імператарам "Палажэнне аб ільготах, прывілеях і грашовых пазыках, якія прадастаўляюцца пры набыцці казённых і прыватных зямель у заходніх губернях". Урад заахвочваў набываць зямлю і рускіх чыноўнікаў. Аднак значных поспехаў гэтая палітыка не мела. Галоўнай прычынай было нежаданне рускіх землеўладальнікаў жыць і працаваць у Беларусі. Звычайна, атрыманыя імі, добра адлажанныя памешчыцкія гаспадаркі распрадаваліся кавалкамі ў спекулятыўных мэтах.
Другім аб'ектам урадавага ціску стаў каталіцкі касцёл. Ужо ў часы паўстання 1863 г. улады пачалі зачыняць касцёлы і кляшторы. Гэтая практыка працягвалася да пачатку ХХ ст. Напрыклад, толькі ў 8 паветах Гарадзенскай губ. (без Беластоцкага) да 1906 г. быў зліквідаваны 61 касцёл і кляштор. 47 з іх былі перададзены праваслаўнай царкве[1]. Ксяндзы знаходзіліся пад пільным наглядам з боку мясцовых уладаў. Іх рэгулярна прыцягвалі да адказнасці за парушэнне шматлікіх забаронаў працэдуры набажэнства, за самавольны рамонт касцёлаў, асвяшчэнне прыдарожных крыжоў, крытычныя заўвагі па адрасу праваслаўнай царквы і ўрадавай школы і г.д.
Істотнай часткай антыпольскай палітыкі стала палітыка ўрада ў галіне духоўнай культуры і адукацыі. Цыркуляр М.Мураўёва ад 1 студзеня 1864 г. забараняў ужываць у афіцыйнай перапісцы і карыстацца ў грамадскіх месцах польскай мовай. У Беларусі забаранялася распаўсюджванне польскіх выданняў за выключэннем малітоўнікаў. Часовыя правілы для народных школ Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. ад 23 красавіка 1863 г. стваралі выключна праваслаўную і велікарускую сістэму адукацыі. З сярэдзіны 80-х гадоў пачалося актыўнае насаджэнне царкоўна-прыходскіх школ. Яны адчыняліся нават у мясцовасцях, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.
Антыпольскасць і антыкаталіцкасць была сутнасцю кадравай палітыкі ў Беларусі. Указ ад 27 траўня 1864 г. забараняў "асобам польскага паходжання" займаць адказныя пасады і тыя пасады, на якіх чыноўнік знаходзіўся ў пастаянным кантакце з насельніцтвам.
Жандарскія губернскія ўправы старанна шукалі ворагаў улады сярод грамадскасці Беларусі. У канцылярыі Гарадзенскага губернатара за перыяд 1866-1891 гг. захавалася 239 следчых справаў, распачатых па факту знявагі асобы імператара. У першую чаргу аналізаваліся справы, па якіх былі вынесены пакаранні (105). Да іх былі далучаныя яшчэ 29 справаў, у якіх не захаваліся дакументы з рэзалюцыяй аб пакаранні, але віна зневажыцеля была даказаная. (Усяго справаў без канчатку - 43.). 91 справа была закончана за недаказанасцю віны. У 14 выпадках, як вызначылі следчыя, меў месца паклёп. Пяцёра з паклёпнікаў былі пакараныя.
Яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. дзейнічалі досыць жорсткія пакаранні за знявагу асобы імператара. У прыватнасці, знявага каралася катаржнымі працамі на тэрмін ад 6 да 8 гадоў, цялеснымі пакараннямі і інш.[2] З ажыццяўленнем рэформаў 60-70-х гадоў сітуацыя змянілася. Звычайна справа не даходзіла да суда, а канчалася прымяненнем адміністратыўных пакаранняў. Цыркулярамі міністра ўнутраных справаў ад 5 красавіка 1867 г. і 17 лютага 1871 г. у Беларусі ўводзілася негалоснае следства жандарскімі афіцэрамі з наступным дакладам начальніка губернскай жандарскай управы губернатару. Апошні ў выпадках, калі віна не была даказанай, па рэкамендацыі начальніка ўправы спыняў следства. (Такіх справаў - 54). Калі ж доказы віны былі бясспрэчнымі, губернатар даводзіў справу да генерал-губернатара, які меў права вызначыць форму і меру пакарання. (Такіх справаў - 29. Усе яны мелі месца да 1877 г.). Часцей аднак справа перасылалася міністру юстыцыі, які дакладваў яе самому імператару. У 65 выпадках (са 105) апошняе слова заставалася за імператарам.
Аляксандр ІІ звычайна абмяжоўваўся "строгим внушением", утрыманнем пад арыштам на час следства, устанаўленнем сакрэтнага нагляду. Знявага, выказаная ў нецвярозым стане, у большасці выпадкаў не каралася. Прысуды Аляксандра ІІІ адрозніваліся крыху большай жорсткасцю. "Строгое внушение" знікла. Звычайным пакараннем быў арышт пры валасным праўленні на тэрмін ад трох дзён да двух тыдняў. Найбольш цяжкімі пакараннямі ў разгледжаных справах была адпраўка ў арыштанцкую роту на 1,5 гады і турэмнае зняволенне на 6 месяцаў. Розніцу ў пакараннях каталікоў і праваслаўных заўважыць немагчыма. Следчыя, дарэчы, не заўсёды звярталі ўвагу на канфесійную прыналежнасць зневажыцеля.
Сярод "герояў" усіх 239 справаў атрымалася вызначыць канфесійную прыналежнасць 110 зневажыцеляў. Сярод іх аказалася 66 каталікоў (з іх 47 сялян), 39 праваслаўных (35 сялян), 5 іўдзяў (усе мяшчане). Цікава, што толькі ў 9-ці выпадках этнічнасць каталікоў вызначалася як польская. Прычым гэта датычыла дваран, а таксама ўраджэнцаў Царства Польскага. Этнічнасць праваслаўных вызначалася як руская ў 3-х выпадках (ваеннаслужачыя і стараабрадзец). Сярод зневажыцеляў-каталікоў пераважалі мужчыны (54). Жанчын было толькі 12 чалавек. Але каб правільна ацаніць гэтую лічбу, трэба адзначыць, што па ўсіх справах у якасці зневажыцеляў праходзіла 15 жанчын.
Па колькасці зняваг сярод паветаў Гарадзенскай губ. першыя тры месцы займалі Ваўкавыскі (48), Брэсцкі (35) і Кобрынскі паветы (34). На апошнім месцы быў Лідскі павет. За 25 гадоў тут быў заўважаны толькі адзін выпадак знявагі асобы імператара.
Што ж выклікала лаянку каталікоў Гарадзенскай губ. па адрасу расійскага імператара?
Разглядзім справы, у якіх прысутнічала славеснае абгрунтаванне незадаволенасці царскай асобай. І напачатку звернем увагу на сацыяльныя нізы каталіцкай грамадскасці, г.з. на сялян і мяшчан.
У пераважнай большасці выпадкаў незадавальненне выклікала антыкаталіцкая палітыка расійскіх уладаў (60%). Асобу імператара зневажалі ў сувязі з закрыццём касцёлаў ["Каб зямля павыкідала косткі памершага (Аляксандра ІІ-А.С.) за тое, што пакасаваў нашыя касцёлы"*[3] (1881 г., Кобрынскі пав.) і інш.], пагаршэннем матэрыяльнага становішча касцёлаў і каталіцкага духавенства ["Каб яго (Аляксандра ІІ-А.С.) халера задавіла, каб ён стаў такім самым жабраком як касцёл, каб яго самога абабралі, як абабралі ксяндза"[4] (1874 г., Ваўкавыскі пав.) і інш.], парушэннем традыцый касцёльнага набажэнства ["Каб Гасудару дабра не было, бо забараняе спяваць гімны па-польску, а патрабуе па-руску"[5] (1869 г., Гарадзенскі пав.) і інш.], увядзеннем абавязковых святочных набажэнстваў у сувязі з памятнымі датамі ў жыцці правячай фаміліі ["Каб вы ўсе згінулі разам з вашай царквой. У нас цара няма і свята таксама няма"[6] (1867 г., Пружанскі пав.) і інш.].
Значна радзей (20%) знявага суправаджалася незадавальненнем антыпольскай палітыкай урада. Людзі абураліся забаронай размаўляць па-польску ў грамадскіх месцах ["Хутчэй імператара павесяць, чым хто-небудзь забароніць мне размаўляць па-польску"[7] (1867 г., Беласток.)], дэманстравалі сваю гатоўнасць ізноў распачаць узброеную барацьбу. Палясоўшчык з Сакольскага пав. Людвік Макар у спрэчцы з сялянамі на традыцыйнае пытанне "А ты хто такі?" адказаў: "Хто я? Паляк! Раней быў мяцеж, і ведайце, што хутка, вельмі хутка зноў пайду біць маскалёў. Я цвёрда ў гэтым перакананы"[8] (1870 г.). Мешчанін Вікенцій Радзевіч прапагандаваў цэлую праграму сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў: "Гасудара трэба было б забіць, а іншага не прымаць, а выбраць з народа на адзін год. Калі будзе добры, то пакінуць на другі год, і ўсім жылося б добра"[9] (1887 г., Брэсцкі пав.). Ротмістр Шатаў, які вёў следства па гэтай справе ў лісце да начальніка Гарадзенскай жандарскай управы палкоўніка Югана характарызаваў гэты эпізод, як праяву "польскага фанатызма і ўсім вядомай польскай ненавісці і нецярпімасці да ўсяго рускага наогул і да рускага ўраду ў прыватнасці, праяву шляхецкіх мараў пра адраджэнне Польшчы і закабаленне сялянскага саслоўя памешчыкамі". У якасці меры пакарання ротмістр з улікам сталага ўзросту зневажыцеля прапанаваў паліцыйны нагляд. Аднак Аляксандр ІІІ, якому дакладалі гэтую справу, расцаніў яе інакш. В.Радзевіч атрымаў 6 месяцаў турэмнага зняволення.
У перыяд вайны паміж Расіяй і Турцыяй (1877-1878) многія знявагі былі непасрэдна звязаныя з вайной (15%): "Ён (Аляксандр ІІ-А.С.) забірае нашых сыноў, крывапійца... Калі яго задавяць, нам будзе лягчэй, нашыя вернуцца да хаты"[10] і інш. У адказ на рэпліку "Не дай Бог, каб туркі перамаглі" сялянка з Пружанскага пав. Караліна Астрамецкая, чый муж за ўдзел у паўстанні быў сасланы ў Томскую губ., адказала: "Мне ўсё роўна. Горш, чым зараз, пад панаваннем турка не будзе"[11] (1877 г.). Многія выказвалі спачуванне Турцыі ў гэтай вайне: "Наш цар несправядліва абвясціў вайну Турцыі. Нашага цара будуць судзіць замежныя дзяржавы ў Канстантынопалі. Турак справядліва выразаў хрыстыян, бо яны ж схізматыкі"[12] (1877 г., Кобрынскі пав.) і інш.
Зрэдку сустракаюцца згадкі пра сацыяльныя і гаспадарчыя праблемы жыцця "нізоў" каталіцкага насельніцтва. Відаць, віноўнікамі цяжкага эканамічнага становішча беларускай вёскі сяляне, як і раней, лічылі памешчыкаў. У адной следчай справе перамену свайго становішча селянін звязваў з адраджэннем Польшчы: "Хутка ізноў вернецца Польшча. Сяляне будуць хадзіць у золаце, і не будзе акцыза"[13] (1877 г., Ваўкавыскі пав.).
У знявагах сацыяльных нізоў беларускага праваслаўнага насельніцтва абгрунтаванне ўласнай незадаволенасці асобай імператара звычайна адсутнічала. Следчыя, якія спрабавалі самастойна вызначыць матывы знявагі, часцей запісвалі: "крайняя неразвитость", "уморасстройство", "говорлівость па старости". Нярэдка адзначалася, што знявага была выказана ў нецвярозым стане. Выключэннем з'яўляюцца толькі справы, у якіх фігуруюць адстаўныя салдаты, што вярнуліся дахаты ў канцы 60-х - 70-я гады. За час іх вайсковай службы ўся зямля была ўжо падзелена, і яны не маглі прэтэндаваць нават на невялікі яе кавалак: "Калі б трапіў мне цяпер Гасудар Аляксандр, то ей-Богу забіў бы яго за тое, што праслужыў 25 гадоў і не магу атрымаць ні лапіка зямлі"[14] (1868 г., Кобрынскі пав.) і інш. Аналагічных справаў каля 10%. Амаль усе яны звязаны з адстаўнымі салдатамі праваслаўнага веравызнання.
Незадавальненне каталіцкай шляхты (12% усіх зняваг) насіла больш выражаны палітычны характар. Імператар выступаў у якасці кіраўніка тых уладаў, якія праводзяць у адносінах да палякаў, каталікоў і ўсяго краю варожую палітыку. Адсюль ішло свядомае непрыяцце асобы імператара. Іван Казлоўскі ў прысутнасці прыстава, які прыехаў для продажы маёнтку памешчыка Цаплінскага (Пружанскі пав.) за невыплату грашовай запазычанасці, пацікавіўся: "Ці хутка Гасудар Імператар адмовіцца ад улады і перадасць яе сыну? Магчыма, пры сыне будзе лепш, а то да часу душу выцягнуць"[15]. (1871 г.). Леонці Пшыбытак у размове з сялянамі заявіў: "Гасудар нікому дабра не зрабіў і не зробіць. Як абдзіраў, так і будзе вас абдзіраць да апошняй кашулі... Калі б Турцыя захапіла Расію, то я хаця б перад смерцю ўбачыў бы святло"[16] (1877 г., Слонімскі пав.).
Сцвярджалася нелігітымнасць царскай улады ў Беларусі: "Цар ніякага права на яе (беларускую зямлю-А.С.) не мае."[17] (1877 г., Кобрынскі пав.) і інш. Выказвалася надзея на хуткае вяртанне польскай улады. Міхал Грахоўскі ў спрэчцы з сялянамі катэгарычна заявіў: "Праз 15 дзён тут будзе Польшча"[18] (1870 г., Брэсцкі пав.). Казалі пра магчымае забойства імператара. Дваранін Пішчатоўскі, запрошаны на вячэру да праваслаўнага святара, калі зайшла размова пра візіт Аляксандра ІІ у Парыж, неасцярожна выказаў сумненне, ці імператар наогул даедзе да Парыжа[19] (1867 г., Брэст.). Пасля пакушэння на жыццё расійскага цара ў Парыжы святар Кульчыцкі ўспомніў пра словы свайго госця і паведаміў "адпаведным органам". Пішчатоўскі быў арыштаваны па падазрэнню ва ўдзеле ў пакушэнні і адпраўлены ў Брэсцкую турму. Дарэчы, і Грахоўскі і Пішчатоўскі на момант знявагі былі праваслаўнымі. Але відавочна, што прыняцце праваслаўнай веры было абумоўлена толькі прагматызмам гэтых людзей.
Больш рашучая заява трапіла ў поле зроку жандараў толькі аднойчы. Ужо спамянуты Л.Пшыбытак у размове з сялянамі паведаміў пра падрыхтоўку паўстання: "Каля вёскі Мілавіды ўжо шмат сабралася нашых, г.з. палякаў, а ў наваколлях Плаўскіх ужо гатовы 50 чалавек"[20] (1877 г., Слонімскі пав.). Па выніках гэтай справы за насельніцтвам спамянутых вёсак быў устаноўлены паліцыйны нагляд.
Каталіцкая шляхта абуралася абмежаваннем дзейнасці каталіцкага касцёла. Праваслаўная царква падвяргалася моцнай крытыцы. У прыватнасці, часта адзначалася, што царква працуе на ўмацаванне расійскай дзяржаўнасці: "Гэтыя сукіны дзеці, барадатыя кацапы. Уся іх літургія заключаецца ў згадванні нейкіх Аляксандра, Марыі, Мікалая і яшчэ, чорт ведае, якіх цароў. У той жа час ксяндзы, па меньшай меры, усё пра Бога ды пра Бога"[21] (1868 г., Кобрынскі пав.).
У рэдкіх выпадках у віну імператару ставілі адмену прыгоннага ладу, якая, на думку некаторых памешчыкаў і ўпраўляючых маёнткамі, спрыяла пашырэнню гультайства сярод сялян. Упраўляючы маёнткам Фелікс Шмурло, які назіраў за ходам палявых прац, заявіў сялянам: "Каб цяпер была паншчына, то я б паказаў вам, як трэба жаць. А ў таго, хто вызваліў вас ад памешчыкаў, дай Бог, каб адняліся рукі і, каб яго не прыняла зямля"[22] (1870 г., Кобрынскі пав.) і інш. Цікава, што ў следчых справах значна часцей незадавальненне адменай прыгоннага ладу выказвалі сяляне.
Толькі ў адным выпадку імператара пазбавілі асабістай адказнасці за тое, што адбывалася ў Беларусі. Памешчык Воўк (Пружанскі пав.) пры атрыманні паведамлення аб неабходнасці сваечасовай уплаты працэнтнага (кантрыбуцыйнага) збору з маёнтку заўважыў: "Гасудар пра тое не ведае. Гэта ўрад рабуе народ. Рабаўнікі, воры, бандыты знішчаюць край"[23] (1878 г.). Начальнік жандарскай управы Гарадзенскай губ. у гэтым выказванні не ўбачыў злачынства і загадаў справу закрыць.
Для параўнання трэба адзначыць, што праваслаўнае дваранства толькі аднойчы трапіла ў поле зроку жандараў. Дазнанне паказала, што дваранін Леанід Смелкоў знаходзіўся ў стане моцнай нецвярозасці.
Амаль усе справы, у якіх фігуравалі каталікі-шляхта, пачыналіся з даноса. Аўтарамі даносаў (за адным выключэннем) былі сяляне пераважна праваслаўнага веравызнання. Прыблізна палова справаў супраць каталіцкай шляхты была спынена з-за адсутнасці неабвержных доказаў віны. Следчыя досыць крытычна ставіліся да сялянскіх даносаў. Прычынамі даносаў зачастую была не факт знявагі імператара, а асабістыя парахункі, якія ўзнікалі на глебе сацыяльных канфліктаў у беларускай вёсцы. Праўда, некаторыя следчыя бачылі ў гэтых канфліктах праблему нацыянальных (этнічных) адносін. Напрыклад, вядомых у Беларусі памешчыкаў і прадпрымальнікаў Пуслоўскіх жандарскі афіцэр ахарактарызаваў наступным чынам: "Уся сям'я Пуслоўскіх адрозніваецца польска-нацыянальнай нецярпімасцю да ўсяго рускага, а асабліва да сялян"[24] (1886 г., Брэсцкі пав.). Услед за сцвярджэннем, што дваранін Аляксандр Багушэвіч (Слонімскі пав.) з'яўляецца "фанатычным палякам", следчы адзначыў, што памешчык жыве ў стане пастаяннай варожасці з сялянамі наваколля"[25] (1888 г., Слонімскі пав.).
У 165 справах атрымалася ўстанавіць аўтараў даносаў або службовых рапартаў, з якіх і распачалася справа. Матывацыю аўтараў можна лічыць устаноўленай (з пэўнай ступенню дапушчэння) у 141 выпадку. У 73 выпадках (52%) данос з'яўляўся сродкам звесці асабістыя парахункі, вырашыць пэўны канфлікт з дапамогай жандараў (Гл. дадатак 1), адпомсціць за крыўду. Канфесійная прыналежнасць даносчыкаў была вызначана ў 34 выпадках. Сярод "мсціўцаў" і тых, хто кіраваўся асобаснымі матывамі, праваслаўныя складалі 41%, іўдзеі - 30%, каталікі - 27%. Пакараннямі скончылася 50% справаў.
Кожны чацвёрты даносчык (25%) кіраваўся т.з. "грамадзянскім абавязкам". Так умоўна можна акрэсліць сітуацыю, пры якой даносчыка і зневажыцеля ніякія асабістыя або службовыя адносіны не звязвалі (Гл. дадатак 2). Канфесійная прыналежнасць была ўстаноўлена ў 26 выпадках. Тут дамінавалі праваслаўныя (97%), іўдзеі складалі 2%, а каталікі - 1%. Пакараннямі скончылася 60% справаў.
Зрэдку ў разгледжаных справах сустракаліся праявы шчырай лаяльнасці (згодніцтва) з боку каталікоў. Напрыклад, мяшчанка А.Панятоўская (г.Заблудаў) на папрок-пытанне Якуба Глушкевіча, чаму яна, полька, размаўляе па-руску, адказала: "Тут край рускі, і ўсе павінны размаўляць па-руску. Тым больш, што па-польску размаўляць забаронена"[26] (1867 г., Беластоцкі пав.). На далейшае абурэнне Я.Глушкевіча яна "адказала" даносам станавому прыставу. А вось селяніна Балтазара Талвінскага, магчыма, прымусіла напісаць данос толькі жаданне спадабацца ўладам. Аднавясковец Мацей Пажэзінскі (дарэчы, удзельнік паўстання 1863 г.) неяк выказаў шкадаванне, што для выплаты падаткаў быў вымушаны прадаць сваіх кароў: "Падаткі выплачаны, а Гасудара Імператара і чорт не бярэ"[27] (1877 г., Бельскі пав.).
Як пэўны кур'ёз успрымаецца справа, якая распачалася па даносу настаўніка закона Божага Крыніцкай народнай школы Гарадзенскага пав. святара Пранеўскага. Усё пачалося з таго, што святар заўважыў падручнік з разарваным партрэтам Аляксандра ІІ. Магчыма, ён палічыў сваім "службовым абавязкам" паведаміць пра гэта паліцыйным уладам. Распачалася справа, якая цягнулася адзін год і тры месяцы (?!). Нарэшце, высвятлілася, што дзеці разарвалі партрэт выпадкова падчас гульні. "Злачынцы" былі апраўданыя. Затое адразу распачалося следства супраць тых, хто зацягнуў справу[28] (1866-1867 г.).
У некаторых выпадках даносчыкі кіраваліся выключна меркантыльнымі інтарэсамі. Следчы, які вёў справу па даносу адстаўнога унцер-афіцэра Антона Троца, прыйшоў да высновы, што даносчык з'яўляецца паклёпнікам і "разлічвае ў якасці ўзнагароды за даносы атрымаць казённую зямлю"[29] (1869 г., Пружанскі пав.).
22% усіх справаў распачаліся па рапартах паліцыйных і вайсковых чыноў. 98% гэтых справаў скончыліся пакараннямі. Усе аўтары былі праваслаўнага веравызнання. Цікава, што зачастую ў якасці сродка выкрыцця чарговага зневажыцеля паліцыя выкарыстоўвала падслухоўванне пад вокнамі шынка. Доўгі час гэта давала "багатыя зборы". Адной з прычын было тое, што да 1876 г. у шынках абавязкова знаходзіліся партрэты імператара. Якраз гэтая асабістая "прысутнасць" імператара сярод нецвярозых наведвальнікаў спрыяла з'яўленню чарговай "нецвярозай" знявагі. Аднак, як ужо адзначалася, п'янства разглядалася ўладамі ў якасці змякчаючай віну акалічнасці.
Аналіз архіўнага матэрыялу дазволіў убачыць асноўныя "кропкі напружання" ва ўзаемаадносінах паміж каталіцкім насельніцтвам Беларусі і царскай уладай. Самай пашыранай прычынай незадавальнення была антыкаталіцкая палітыка расійскіх уладаў. Яна хвалявала і выклікала абурэнне як у сялян, так і ў каталіцкай шляхты. Антыпольская палітыка ў гаспадарчай галіне таксама закранала інтарэсы усяго каталіцкага (а ў дачыненні да сялян і праваслаўнага) насельніцтва. Аднак толькі шляхта разумела і адэкватна ацэньвала яе сутнасць. Сялянская маса традыцыйна вінаваціла ў сваіх праблемах памешчыкаў. У той жа час аналіз даносаў паказаў, што ў беларускай вёсцы ў другой палове ХІХ ст. не было нацыянальнага (этнічнага) канфлікта паміж беларускім сялянствам і памешчыкамі-палякамі мясцовага паходжання. Практычна няма ніякай розніцы паміж даносамі сялян праваслаўнага і сялян каталіцкага веравызнання на памешчыкаў. Пэўныя культурныя або рэлігійныя адрозненні нейтралізаваліся пачуццём агульнай прыналежнасці да беларускай зямлі. Сяляне, якія звычайна ідэнтыфіцыравалі сябе ў якасці "тутэйшых", успрымалі і гэтых "польскіх" памешчыкаў як мясцовы ("тутэйшы", "краёвы") элемент. Хаця вастрыня сацыяльнага канфлікта відавочна.
Разгледжаныя справы не даюць падстаў сцвярджаць услед за шэрагам польскіх даследчыкаў, што або ўсе каталікі Беларусі (А.Лэнтоўскі[30]) або іх значная частка[31] ідэнтыфіцыравала сябе як палякаў. Хаця, такая тэндэнцыя мела месца. Антыпольская палітыка расійскіх уладаў у Беларусі, якая распаўсюджвалася на ўсё каталіцкае насельніцтва, спрыяла фарміраванню ў беларускіх каталікоў пачуцця прыналежнасці да польскай нацыі. Улады ўспрымалі каталікоў як палякаў, і самі беларускія каталікі прызвачайваліся менавіта так ідэнтыфіцыраваць сябе. У першую чаргу, гэта датычыла каталіцкай шляхты, якая ўжо здаўна лічыла сябе (па культурнай прыналежнасці) палякамі. Але антыпольская палітыка ў культурнай галіне выклікала незадавальненне не толькі "вярхоў", але і часткі "нізоў" каталіцкага насельніцтва, г.з. сялян і мяшчан. Магчыма, канешне, што апошніх хвалявала не столькі пакушэнне ўладаў на іх "польскасць", колькі парушэнне "маскалямі" пэўных мясцовых (краёвых) традыцый. Тым не менш вартым увагі падаецца з'яўленне сярод беларускіх сялян-каталікоў надзей, што перамены да лепшага адбудуцца толькі з адбудовай "Польшчы". Безумоўна, гэта было вынікам незадавальнення расійскімі ўладамі.
Дадатак 1**
Данос селяніна Леонція Тура. 24 красавіка 1874 г. Брэсцкі пав.[32]
Донесение становому приставу 5-го стана.
В местечке Высоколитовском Григорий Тур он же Турский выражался следующими словами:
1-е что он Руского Духу терпеть не может и потому он женат на полячке не выкрещенной на православную веру
2-е ругал Императора за то что не кормит его и жену его хлебом
3-е ругал Императора с женою своею и говорил что им Императора не нужно. Лучше чтоб был убит или чтобы была Польша или чтобы француз был забрал Сьвятую Руссь.
Не по злобе доношу, а по сущей справедливости Святой. Присягаю к любви к Императору Святой Русси
Веры Православной Леонтий Тур
Дадатак 2
Данос мешчаніна Штэйнбегнета. 17 траўня 1879 г.[33]
Его Высокоблагородию Господину Виленскому Полицмейстеру
Доношение
1879 г. апреля 18 числа я прибыл в м.Друскеники Гродненского уезда. Остался я там ночевать. Как я еврейского исповедания, так я пошёл в Богомольню молиться, как у нас в евреев читаем в заповедях. По окончанию читания там Каптёр делают молитву для нашего Государя, так как Законы Божие и Законы нашего Государя приказание делает молитва. Как Каптёр читает молитва, так всем нужно вставать. Вижу, что один еврей не встаёт. После молитвы он выходит на двор и я за ним нарочно вышел. Сделал допрос в него вы верно сердиты на Каптёра, что он делает молитва для нашего Государя. Так он сейчас отвечал не лучше бы было, чтобы Государева имя не было. Я стал разспрашивать что вам верно Государь обидил. Как же вот дело моему сыну нужно было стать в нижечиннем заиму до призыву, но мне стоила 500 руб. и сын остался в дому. Стал я отвечать Государь же не взял эти деньги. Он отвечал мне в скорости жалко что не застрелили на месте Государя и ругал с невыразимые словами - на Государя. За тем честь имею вам донести, как я сейчас на завтру писал Гродненскому Жандармскому, а как я возвратился назад 2 мая и как нету никакого слуха из этого что я написал жандармскому, так как я принужден обратиться к Вашему Высокоблагородию и покорнейше прошу представить это доношение к Его Высокопревосходительству Генерал Губернатору. Имя этого противника не верного Русского подана Ефроим Лейбович Френкель жительства в м.Друскеники, который осмелился говорить на нашего Государя Милосердного Отца Русского Царя.
Штейнбегнет.
[1] НГА ў Гародні. Ф.1,в.18, ад.з.1106.
[2] Уложение о наказаниях уголовных и исправительных. Спб.,1845, с.66-67.
* вытрымкі з дакументаў друкуюцца ў перакладзе на беларускую мову.
[3] НГА ў Гародні. Ф.1, в.8, ад.з.562.
[4] НГА ў Гародні.Ф.1, в.7, ад.з.748.
[5] НГА ў Гародні.Ф.1, в.6, ад.з.1658.
[6] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.922.
[7] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.928.
[8] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.2109.
[9] НГА ў Гародні. Ф.1, в.8, ад.з.1758
[10] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2262.
[11] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2261.
[12] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2251.
[13] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2262.
[14] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.1342.
[15] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.329.
[16] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2267.
[17] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2258.
[18] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.2106.
[19] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.919.
[20] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2267.
[21] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.1344.
[22] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.2110.
[23] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2601.
[24] НГА ў Гародні.Ф.1, в.8, ад.з.1505.
[25] НГА ў Гародні. Ф.1, в.8, ад.з.2163.
[26] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.926.
[27] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.2266.
[28] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.917.
[29] НГА ў Гародні. Ф.1, в.6, ад.з.1627.
[30] Przegląd narodowy.Warszawa,1911.
[31] Maliszewski E. Polacy i polskość na Litwie i Rusi. Warszawa,1914; Wakar W. Rozwoj terytoryalny narodowości polskiej. cz.III. Kielce,1917; Эберхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі. 1897-1989. Менск,1997
** дадаткі друкуюцца з захаваннем моўных і арфаграфічных асаблівасцяў арыгіналу.
[32] НГА ў Гародні. Ф.1, в.7, ад.з.78, а.4.
[33] НГА ў Гародні. Ф.1, в.8, ад.з.76,а.5-5адв.