Мяне здаўна прыцягвае асоба Рамана Скірмунта (1868-1939). Ён нарадзіўся ў Парэччы на Піншчыне ў красавіку 1868 г. Намаганьнямі дзеда (А.С.Скірмунт) і бацькі (А.А.Скірмунт) гэты куточак Палесься ў другой палове ХІХ ст. стаўся адным з эканамічных цэнтраў паўднёвай Беларусі. У беларускім палітычным жыцьці Раман Аляксандравіч Скірмунт зьявіўся на пачатку ХХ ст. як краёвец. Краёўцы сцвярджалі існаваньне адзінай нацыі літвінаў, галоўным крытэрыям прыналежнасьці да якой было ўспрыяцце Беларуска-літоўскага краю як сваёй Радзімы. Этнічныя, культурныя й рэлігійныя асаблівасьці, на іх думку, адыгрывалі другарадную ролю. У краёвым руху адлюстравалася агульнаеўрапейская тэндэнцыя ўтварэння сучасных нацый як палітычных феноменаў. Адначасна яго можна ацэньваць як спробу адраджэння традыцый талеранцыі Вялікага Княства Літоўскага. Але пад уплывам развіцьця беларускага нацыянальнага руху краёвец Р.Скірмунт паступова ператварыўся ў беларускага палітыка.
Напрыканцы 1916 г. ён узначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, які ў той час адыгрываў ролю сапраўднага цэнтра беларускага руху на ўсход ад лініі фронту. Аддзел прыняў самы актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні сакавіцкага (1917 г.) з’езду беларускіх арганізацый. На з’ездзе быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзначаліў Раман Скірмунт. Гэтае абранне не магло быць выпадковасцю. У сакавіку 1917 г. Р.Скірмунт на чале дэлегацыі БНК спрабаваў весці перамовы ў Петраградзе аб аўтаноміі Беларусі. Ён быў адным з першых беларускіх дзеячоў, якія зразумелі гістарычную неабходнасьць барацьбы за дзяржаўны суверэнітэт. На чале ўраду БНР летам 1918 г. Р.Скірмунт актыўна працаваў дзеля міжнароднага прызнаньня Рэспублікі. Пры ўмове далейшага ўмацавання беларускай дзяржаўнасьці Р.Скірмунт мог бы стаць верагодным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта БНР. Аднак гісторыя распарадзілася па-іншаму.
Рыжскі мір зруйнаваў надзеі беларусаў на дзяржаўны сувярэнітэт. Намаганні Р.Скірмунта і ягоных паплечнікаў, былых краёўцаў не дапусціць ратыфікацыю вынікаў савецка-польскіх перамоваў зкончыліся безвынікова. Р.Скірмунт адыходзіць ад палітычнага жыцця. Займаецца аднаўленнем зруйнаванага падчас святовай вайны маёнтку, піша кнігу, прысвечаную творчасці Юліуша Славацкага і г.д. Вяртанне да ўлады Юзафа Пілсудскага аднавіла надзеі на перамены палітыкі ІІ Рэчы Паспалітай у дачыненні да нацыянальных меньшасцяў. І Раман Скірмунт, абраны сенатарам, у 1930 г. працуе ў складзе канстытуцыйнай камісіі Сената. Разчараванне спрыяе яго канчатковаму адыходу ад палітычнага жыцця. Ён жыве і працуе ў Парэчскім маёнтку. Падтрымлівае даволі прыязныя адносіны з мясцовымі сялянамі. Плануе нават перадаць ім ўсе свае землі. Па меншай меры пра гэта распавядалі жыхары Парэчча падчас экспедыцыі, якая адбывалася ў жніўні 2000 г. Але прыйшоў 1939 г.
У кастрычніку 1939 г. Р.Сірмунта забілі. Зрабілі гэта мясцовыя людзі, якія падобна што выконвалі загад нейкага камісара Холадава. Кажуць, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: “Я ад людзей адварочвацца не буду”. І, быццам бы, дадаў: “Я б вам не саветаваў гэта рабіць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады”. У аднаго з забойцаў, нават ружжо з рук выпала. Але камісарскі загад быў выкананы.
Забілі Рамана Скірмунта, забілі чалавека, які мог быць першым беларускім прэзыдэнтам. Думаю, што ён цалкам адпавядаў бы гэтай ролі, бо быў разумным і добра адукаваным, меў вялікі палітычны і жыцьцёвы вопыт, не быў абцяжараны нейкімі ідэалагічнымі догмамі, любіў Беларусь і не стаў бы гандляваць роднаю зямлёю дзеля ўмацаваньня ўласнай улады, ведаў і высока цаніў мову і культуру беларускага народу, у палітычнай дзейнасьці шукаў не ворагаў, а сяброў і бачыў далей за многіх іншых. Ягоныя дзеяньні на пасадзе прэзыдэнта ніколі б не прымусілі беларусаў чырванець ад сораму.
Спробы зразумець палітыка Скірмунта не маглі не нарадзіць разважанняў пра ягоны жыццёвы лёс, пра яго як чалавека, як мужчыну. І захацелася даведацца пра тую жанчыну, якую ён называў каханай. Не можа чалавек пражыць жыццё без кахання. На мой погляд, без гэтага ўсе спробы нейкіх біяграфічных нарысаў не будуць паўнавартаснымі. Пачаў шукаць, і нічога не знайшоў. Р.Скірмунт не пакінуў ні ўспамінаў, ні дзённіка (па меньшай меры, яны невядомыя гісторыкам). Сябры і палітычныя паплечнікі пра жанчын Р.Скірмунта нічога не згадвалі. Да таго ж хутка высвятлілася, што толькі адзін з трох братоў Рамана ажаніўся, і толькі тры сястры з пяці выйшлі замуж, прычым ніводная не мела дзяцей. Нарадзілася думка пра пэўную генетычную хваробу або праблемы з сэксуальнай арыентацыяй. Тым больш, што стрыечны брат Канстанцін Скірмунт, уладальнік маёнтку Маладова Гарадзенскай губ., сябра Дзяржаўнай Рады Расіі, міністр замежных справаў ІІ Рэчы Паспалітай належаў да пэўнай сэксуальнай меньшасці.
Гэтыя думкі развеяла сустрэча з Тэрэзай Скірмунт. Яна таксама нічога не ведала пра жанчыну Рамана Аляксандравіча, але згадала, што некалі трымала ў руках напісаны ім лірычны верш на беларускай мове. На жаль, яна не здолела яго адшукаць.
Згадка пра гэты верш успомнілася падчас экспедыцыі ў Парэчча.
Магчыма, мы знайшлі жанчыну, якой быў прысвечаны гэты верш. Па меньшай меры, вынікі экспедыцыі дазваляюць казаць, што даволі значнае месца на працягу доўгага часу ў жыцці вядомага палітыка і грамадскага дзеяча займала Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка?): “Баба красівая была. Самы гады такі пад яго… То засакрэчана любоў” (Марыя Кучыньская, 1919 г. нар.). Муж Кацярыны памёр на самым пачатку ХХ ст. А ў 20-ыя гады яна ўжо пастаянна жыла ў маёнтку. Людзі распавядалі пра чатырох сыноў Кацярыны – Аляксандра (Олеся), Рамана, Уладыслава і Пятра (Петруся). У вёсцы казалі, што гэта сыны Рамана Скірмунта. Яны нарадзіліся на пачатку стагоддзя. Малодшы прыблізна ў 1912 г. Усе атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку. Цалкам верагодна, што гэта былі сыны Рамана Скірмунта.
Олесь, старэйшы з братоў, ажаніўся на дзяўчыне з Парэчча, якую называлі “камуністкай”, бо аднойчы ў нейкай справе яна выступіла супраць Скірмунта. Пасля вяселля Олесь прыйшоў да Рамана Аляксандравіча прасіць лес на будоўлю хаты. Але нічога не атрымаў. Раман Скірмунт быў моцна незадаволены шлюбам: “Я ж табе казаў: Не бяры Гэлю” (Рыгор Цярэшка, 1932 г.нар.). Маладыя перабраліся ў суседнюю вёску Тышкавічы, знайшлі сабе жыллё. Олесь наладзіў кузню, жонка аказалася неблагой краўчыхай. А Раман Скірмунт, калі даведаўся, што жывуць яны добра, сам прапанаваў Олесю ўзяць лес на пабудову ўласнай хаты. Гэты эпізод сведчыць пра нетыповы характар адносінаў паміж Раман Скірмунтам і Олесем (Аляксандрам) Цярэшкам. Лёс сыноў Кацярыны Цярэшкі склаўся па-рознаму. Олесь памёр яшчэ ў 30-ыя г. Раман быў арыштаваны НКВД і загінуў у Сібіры. Петрусь з’ехаў у Польшчу…
Магчыма, што гэтая жанчына ў пэўным сэнсе натхняла Рамана Скірмунта на беларускія справы.
У 1906 г. газэта польскіх нацыянальных дэмакратаў “Дзеннік Кіёўскі” са здзеклівасцю пераказала размову Рамана Скірмунта з сялянскім дэпутатам з Наваградскага пав. С.Гатоўчыцам. У той размове Р.Скірмунт назваў сябе беларусам. Варта заўважыць, што беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэньне толькі распачыналася, што беларускасьць усё яшчэ атаясамлівалася з цёмнай і забітай вёскай. Польская эндэцыя расцаніла беларускасьць Рамана Аляксандравіча як двудушнасьць. У друку яна высмейвала “тутэйшасьць” Р.Скірмунта й ягоных аднадумцаў. На самой справе за гэтай “тутэйшасьцю” хаваўся беларускі патрыятызм.
На пачатку стагодзьдзя Раман разам са стрыечнай сястрою Канстанцыяй Скірмунт складаў беларускі лемантар. Пазней уладальнік Парэчча фінансава падтрымліваў “Нашу Ніву” і працаваў над слоўнікам беларускай мовы.
12 сакавіка 1917 г. Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны наладзіў у Менску сапраўднае сьвята – Дзень беларускага значка. Паўсюль прадаваліся значкі з нацыянальнымі колерамі Беларусі – белым і чырвоным. На вуліцах, у кавярнях і крамах гучала беларуская мова. У адным з кінатэатраў адбыўся шматлюдны мітынг, на якім зь вялікай прамовай па-беларуску выступіў кіраўнік Аддзела Раман Скірмунт. Прысутныя прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала аўтаноміі для Беларусі.
Р.Скірмунт ганарыўся сваёй беларускасьцю. Ён не вырокся беларускай мовы нават у 30-я гады, калі беларускасьць адкрыта перасьледавалася ўладамі ІІ Рэчы Паспалітай.Часта публічна заяўляў, што зьяўляеца беларусам або “беларусам польскай культуры”. Гэтае пачуцьцё дапамагала яму адстойваць інтарэсы беларускай зямлі ў перамовах з расейцамі, немцамі ды палякамі. І цалкам магчыма, што менавіта Кацярына Цярэшка ўмацоўвала ягоны гонар быць беларусам.