Баршчэўская Ніна

Роля роднае мовы ў кшталтаваньні нацыянальнае тоеснасьці

1.

Каб ня мова,
Даўно-б мы растаялі,
расплыліся-б імглой між чужых,
зьбеглі ў вырай гусінаю стаяю...
Але з мовай –
і мы будзем жыць!

(Натальля Арсеньнева, Жыве Беларусь, Менск 1942)

Шматлікія прадстаўнікі беларускай эміграцыі вялікае значэньне адводзілі роднай мове – паказвалі на ролю беларусізацыйных працэсаў у будаваньні нацыянальнае тоеснасьці. Яны прыводзілі, з аднаго боку, прыклады русыфікацыі беларускае мовы, а з другога – імкненьне беларусаў як у замежжы, гэтак і на Бацькаўшчыне, захаваць чысьціню роднае мовы; характарызавалі сытуацыю беларускае мовы ў школьнай сыстэме Беларусі ў розных абставінах: пад нямецкай акупацыяй, у савецкі пэрыяд ды ў сёньняшні час; разглядалі навуковую й выдавецкую дзейнасьць у Беларусі ды ў замежжы, а таксама паказвалі на зацікаўленьне беларусікай у сьвеце, у тым ліку і ў Польшчы.

Прадстаўнікі беларускай дыяспары – вучоныя, пісьменьнікі й журналісты выступалі (і надалей выступаюць) у абароне клясычных правапісных нормаў беларускае мовы. Яны не пагадзіліся з рэформай беларускага правапісу 1933 году, праведзенай Саветам народных камісараў з мэтай збліжэньня беларускае мовы з расейскай.

Варта таксама зазначыць, што ў замежжы выдавалася вялікая колькасьць газэт і часопісаў. Мне пашанцавала пагартаць у Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане блізу 100 найменьняў. Бальшыня зь іх (у меншай ці большай ступені) закранала моўныя пытаньні, стараючыся выпрацаваць аднолькавыя лексыка-граматычныя й правапісныя прынцыпы. Беларускія эміграцыйныя выданьні спрыялі кансалідацыі беларусаў, расьцярушаных па цэлым сьвеце, дапамагалі ім гуртавацца на глебе нацыянальнае ідэі.

Дыяспара ня толькі клапацілася пра захаваньне роднае мовы ў эміграцыі, але й зьвяртала вялікую ўвагу на яе ролю ў Беларусі, паказвала, што яна дыскрымінуецца, не займае належнага месца ў нацыянальным жыцьці краіны, і таму адчувае за сабою маральнае права на ўдзел у агульнабеларускім станаўленьні нормаў беларускае мовы.

Штоквартальны часопіс „Беларуская Моладзь”, які выдаваўся ў Нью-Ёрку ў гадох 1959-1967 і 1972-1980, дзеля падкрэсьленьня значэньня беларускае мовы, прывёў Прадмову да „Дудкі Беларускай” Францішка Багушэвіча й адзначыў, што сёньня застаецца яна надалей актуальнай гэтак жа, як і ў XІX стагодзьдзі.

На актуальнасьць Багушэвічавага закліку Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! зьвярнуў увагу Янка Запруднік.

У чым-жа своеасаблівасьць і актуальнасьць Багушэвічавай творчай спадчыны? Яна знаходзіцца ў тым, што паэта першы вычуў і зразумеў пагрозу русыфікацыі беларускага народу, небясьпеку ягонае нацыянальнае сьмерці. Ён першы ў нашай навейшай літаратуры паказаў на шлях ратунку ад гэтае пагібелі. Ягоны кліч, кінуты ім у Прадмове да свайго першага выданьня вершаў у 1891 годзе, загучэў запраўдным звонам трывогі перад агульнай пагрозай дэнацыяналізацыі народу”. (Янка Запруднік, Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! (З радыёвай хвалі Вызваленьне), у: „Бацькаўшчына”, №№ 12-13 (294-295), Мюнхэн, 25 сакавіка 1956, с. 2)

Некаторыя кіраўнікі адзнаку культурнае вышэйшасьці прыпісваюць карыстаньню расейскай мовай. А ад афіцыйнага акрэсьленьня „культурнае ніжэйшасьці” недалёка ўжо й да неафіцыйнага акрэсьленьня беларускае мовы, як „простае” й „мужыцкае” адзначаецца на старонках тыднёвіка палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця „Бацькаўшчына”, які выходзіў у Мюнхэне з кастрычніка 1947 году па сьнежань 1966 году.

З гэтым меркаваньнем пагаджаецца Станіслаў Крушыніч – гэта псэўданім Станіслава Станкевіча:

„Ад самага пачатку беларускага нацыянальнага адраджэньня й аж да сяньняшніх дзён найважнейшымі фактарамі нацыянальнага існаваньня народу й разьвіцьця ягонае нацыянальнае культуры сталіся родная мова й мастацкая літаратура, гэтаю моваю напісаная”. (Ст. Крушыніч, „Беларусь – мая мова і песьня”, у: „Беларус”, № 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 3)

Таксама цэнтральны ворган Беларускага вызвольнага фронту „Барацьба”, які выдаваўся ў Штутгарце з 1955 году па 1979 год заўважыў, што пакуль будзе беларуская мова, так доўга будзе жыць і беларускі народ. Мова ёсьць вопраткай душы. Прыгожая й багатая мова – гэта доказ высокай духовай культуры данага народу. (Жало, Што за мова?, у: „Барацьба”, № 4 (43), Штутгарт 1961, с. 18-19)

Беларуская гісторыя паказвае, што з усіх элемэнтаў азначэньня нацыянальнасьці – тэрыторыі, эканомікі, культуры, псыхікі й г.д. – мова была асноватворным фактарам. Яна мела прыярытэт над тэрыторыяй, бо паводле мовы вызначалася й тэрыторыя, а не наадварот – адзначае Янка Запруднік на старонках воргану Беларускага інстытуту навукі й мастацтва „Запісы”, які выдаецца з 1952 году ў Нью-Ёрку.

2.

Янка Запруднік у нью-ёрскім часопісе „Запісы” адклікаецца да акадэміка Яўхіма Карскага, які, апрацоўваючы Этнаграфічную карту беларускага племя, для вызначэньня межаў браў пад увагу выключна жывую народную мову, як пісаў – неадлучную адзнаку беларускае народнасьці на працягу ейнага шматвяковага жыцьця. Калі людзі трацяць матчыну мову, яны пакідаюць усьведамляць сваю прыналежнасьць. З чужой мовай яны прыймаюць чужыя звычаі й для свайго племя стаюцца згубленымі. Гэта мова сталася важным фактарам калі не юрыдычнага, дык фактычнага прызнаньня беларусаў як народу царскім урадам у 1897 годзе, у час перапісу насельніцтва Расейскае імпэрыі. Язэп Лёсік у 1920-х гадох паўтараў сваім студэнтам, што ў Беларусі мова вызначае палітыку, эканоміку й грамадзкі лад жыцьця. (Янка Запруднік, Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, у: „Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 17-18)

Адмаўленьне ад роднае мовы спрыяе хутчэйшай асыміляцыі – заўважае П. Залужны ў артыкуле Як зьнікаюць Беларусы й іншыя народы СССР (у: „Бацькаўшчына”, № 8 (492), Мюнхэн, 21 лютага 1960, с. 2). Па словах аўтара, адрачэньне ад роднае мовы найчасьцей прычыняецца да палянізацыі беларусаў – каталікоў і русыфікаці праваслаўных беларусаў.

Пытаньню суадносінаў паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю шмат увагі прысьвячаюць сёньня як беларускія, гэтак і польскія навукоўцы.

Двухмоўе – як здольнасьць карыстацца прынамсі дзьвюма мовамі – у сёньняшнім цывілізаваным сьвеце амаль паўсюднае. Аднак беларускі білінгвізм спэцыфічны – уважае Эльжбета Смулкова. (Elżbieta Smułkowa, Dwujęzyczność po białorusku: bilingwizm, dyglosja, czy coś innego?, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 90-100)

Эльжбета Смулкова задумоўваецца, як гэтае двухмоўе маецца да пытаньня нацыянальнае тоеснасьці беларусаў?

Мова – гэта адзін з элемэнтаў нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Яна кансалідуе нацыю й дапамагае распазнаць ейных прадстаўнікоў звонку. Праўда, ёсьць народы, існаваньня якіх ніхто не аспрэчвае, а якія ў штодзённым жыцьці карыстаюцца мовамі іншых нацыяў. У сытуацыі Беларусі й беларусаў, відаць, спатрэбілася б аднак пашырэньне функцыяў беларускай літаратурнай мовы, асабліва празь дзеяньні на карысьць павышэньня яе грамадзкага прэстыжу.

Людміла Навуменка правяла апытаньне студэнтаў з мэтай паказаць уяўленьне беларусаў пра значэньне ўласнай этнічнай належнасьці й месца роднае мовы сярод іх. (Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх, тамсама, с. 60-70)

Адным з пастаўленых пытаньняў было наступнае: Што для Вас значыць быць па нацыянальнасьці беларусам? Зьмест атрыманых адказаў – ад уяўленьняў рэспандэнтаў аб фармальным фіксаваньні нацыянальнасьці ў пашпарце, праз адчуваньне сябе беларусам да пачуцьця ўласнага дачыненьня да Беларусі ды імкненьня дзейнічаць на яе карысьць – сьведчыць пра індывідуальнае разуменьне значэньня этнічнае належнасьці.

Выказваньні пра мову сустракаюцца толькі сярод тых рэспандэнтаў, якія значэньне сваёй этнічнай тоеснасьці зьвязваюць зь імкненьнем садзейнічаць захаваньню й разьвіцьцю мовы, культуры, традыцыяў як нацыянальнае спадчыны. Падсумаваньне вынікаў паказвае, што беларуская мова важная толькі для 17,1% апытаных студэнтаў. Пры гэтым варта зьвярнуць увагу на тое, што для значна большае колькасьці студэнтаў важна, каб ведаць ці вывучаць беларускую мову, чым размаўляць на ёй. З гэтага Людміла Навуменка робіць выснову, што ў пераважнай большасьці выпадкаў родная мова выконвае толькі намінальную ролю этнічнага сымбалю й не зьяўляецца дамінуючым элемэнтам этнічнай ідэнтычнасьці апытаных беларусаў. (Тамсама)

На мову як чыньнік, які акрэсьлівае тоеснасьць жыхароў эўрапейскага кантынэнту, паказвае Рышард Радзік. (Ryszar Radzik, Język jako wyznacznik tożsamości Białorusinów, w: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, s. 71-82; Мовы Беларусі ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях, у: „Край”, №№ 1-2 (4-5), Мінск 2002, с. 136- 158; Kim są Białorusini, Toruń 2002, 243 s.)

Мова ў Беларусі выконвае часткова іншыя функцыі, чым у многіх другіх грамадзтвах Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Найчасьцей не вызначае нацыі, ані не аддзяляе яе ад іншых. Гаворка, якою карыстаецца беларуская вёска, выконвае функцыю падобную да тае, якую мела мова ў традыцыйнай этнічнай групе. Яна не зьяўляецца ідэалягізаванай каштоўнасьцю, носьбітам звышлякальных вартасьцяў. Пераход з аднае мовы на другую не трактуецца як здрада нацыянальным каштоўнасьцям. Гэтыя мовы зьяўляюцца носьбітамі культурнае тоеснасьці, рэгіянальнае, клясавае, але не нацыянальнае. У іх розны статус, але гэта статус розных сацыяльных пазыцыяў, а не нацыянальных. (Ryszar Radzik, Język jako wyznacznik tożsamości Białorusinów, тамсама, с. 73-74)

Нацыянальныя эліты разумеюць, што беларуса ад расейца адрозьнівае ў асноўным факт існаваньня беларускае мовы, таму літаратурная беларушчына сёньня часта ўспрымаецца як мова апазыцыйная, мова змаганьня за беларускія нацыянальныя каштоўнасьці, нацыянальную годнасьць і незалежнасьць ад Расеі.

Літаратурная беларушчына як штодзённая мова часткі беларускіх элітаў мае найчасьцей выразнае нацыянальнае вымярэньне, нясе з сабою таксама каштоўнасьці, тыповыя для іншых эўрапейскіх народаў: імкненьне да выразнага самавызначэньня на аснове культуры, шматвяковай гістарычнай мінуўшчыны, ды прызнаньне зьверхнасьці беларускага нацыянальнага інтарэсу, будаваньне нацыянальнае супольнасьці на аснове этнічна-моўных крытэрыяў. (Тамсама, с. 80)

3.

Штомесячная газэта „Беларус”, якая выдаецца ў Нью-Ёрку з 1950 году, у 1989 годзе з задавальненьнем аднатавала працу ў Беларусі над Законам аб мовах, у якім гаварылася, што працаўнікі дзяржаўных установаў, каб займаць свае пасады, павінны ў дастатковай ступені авалодаць беларускай і расейскай мовамі, што акты вышэйшых ворганаў дзяржаўнае ўлады павінны прымацца на беларускай мове, а друкавацца таксама і ў расейскай мове, што беларуская мова павінна стацца мовай справаводзтва, культуры, сродкаў масавай інфармацыі. „Беларус” адзначаў таксама, што ў Законе аб мовах гарантавалася разьвіцьцё мовы нацыянальных меншасьцяў у Беларусі. (Мова: на шляху да дзяржаўнасьці, у: „Беларус”, № 365, Нью-Ёрк, сьнежань 1989, с. 7)

Ва ўсе часы і ва ўсіх краінах адным зь вядучых кампанэнтаў дзяржаўнае палітыкі зьяўлялася мова. Сусьветная практыка назапасіла шмат пазытыўнага ў гэтай галіне, і ў большасьці краін моўная праблема належыць ужо гісторыі – адзначае беларускі вучоны Ўладзімер Навіцкі (Сучасная моўная палітыка на Беларусі, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 56-59).

Мова адыгрывае істотную ролю ў разьвіцьці тытульнага этнасу дзяржавы й асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў, і таму сталася складовым кампанэнтам дзяржаўнае палітыкі. У Беларусі прыняты Закон аб мовах цалкам адпавядаў эўрапейскім стандартам.

Праціўнікі нацыянальна-культурнага адраджэньня рабілі ўсё, каб сарваць працэс беларусізацыі. Удалося ім стварыць і распаўсюдзіць міт пра нібыта прымусовае ўкараненьне беларускае мовы. Не супрацьстаялі гэтай тэндэнцыі дзяржаўныя ворганы, а часам нават патуралі антыадраджэнскім учынкам. Па словах Уладзімера Навіцкага, ішла апрацоўка народу дзеля атрыманьня падтрымкі для расейскае мовы на моўным рэфэрэндуме ў траўні 1995 году. Годам пазьней прывілеяванае становішча расейскае мовы было замацаванае ў новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у падпісаным кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам 13 ліпеня 1998 году Законе аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.

Апошнімі гадамі дзяржаўная палітыка адкрыта ігнаруе, дыскрымінуе й выцясьняе беларускую мову з асноўных сфэраў грамадзкага жыцьця. Практычна, уся дакумэнтацыя пераведзеная на расейскую мову. Колькасьць дзяцей, якія вывучаюць родную мову, скарацілася з 75% да 4%.

Аўтар публікацыі сьцьвярджае, што сучасная дзяржаўная моўная палітыка ў Беларусі пярэчыць нацыянальным інтарэсам яе карэннага насельніцтва й можа прычыніцца да таго, што беларуская мова хутка стане мёртвай мовай.

Больш аптымістычна на будучыню беларускае мовы глядзіць дырэктар Інстытуту мовазнаўства й літаратуразнаўства НАН РБ Аляксандар Лукашанец. Гэта праўда, што для значнае часткі грамадзянаў Беларусі беларуская мова сёньня зьяўляецца ня столькі рэальным сродкам зносінаў, колькі сымбалем нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, але факт, што падчас перапісу насельніцтва ў 1999 годзе беларускую мову ў якасьці роднае назвалі 85,6% беларусаў, 9,1% расейцаў, 67,1% палякаў ды 14,3% украінцаў аўтар публікацыі ацэньвае як аптымістычны прагноз адносна пэрспэктываў выкарыстаньня беларускае мовы. (Аляксандр Лукашанец, Перспектывы развіцця і карыстання беларускай мовай, у: Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі, Мінск 2003, с. 223-228)

Гэта мова злучае людзей у адзін народ – пісаў Вацлаў Ластоўскі. Як дарагая родная мова, кожны адчувае наймацней тады, калі апынецца на чужыне. Ягонае выказваньне ў 1960 годзе перадрукавала „Незалежная Беларусь” (Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, у: „Незалежная Беларусь”, № 3, Манчэстэр 1960, с. 2)

Адказваючы на пытаньне, чаму некаторыя беларусы цураюцца свае мовы, В. Ластоўскі заўважыў, што адны зь іх адракліся ад роднае мовы дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі ў найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго загубіць, а другія не гавораць па-беларуску празь цемнату сваю, бо паверылі ворагам беларушчыны, што беларуская мова брыдкая й простая.

Абавязак кожнага сьведамага беларуса з першымі – ворагамі – змагацца, а другіх – цёмных – усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючы гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова”. (Тамсама)

Вацлаў Ластоўскі перасьцерагаў, што калі беларусы забудуць сваю родную мову й прымуць чужую, тады па іх і сьлед загіне на зямлі.

У адрачэньні ад роднае мовы Янка Запруднік бачыць комплекс ніжэйшасьці беларусаў.

Пагляд на беларускую мову як на мову другарадную, менш прыгодную для ўжытку ў розных сфэрах жыцьця, – гэта вынік і эканамічнае рэальнасьці, і культурнае палітыкі, і імпэрскага характару савецкае фэдэрацыі” (Янка Запруднік, Мова і ўлада, у: „Беларус”, № 334, Нью-Ёрк, красавік 1987, с. 17)

Я. Запруднік параўнаў моўную сытуацыю ў Савецкім Саюзе да моўнай сытуацыі ў царскай Расеі, калі прыстасаваньне да пануючай культуры лічылася сродкам выяўленьня ляяльнасьці, а ляяльнасьць палітычная вымагае ляяльнасьці моўнай. Двухмоўе, калі не рэгулюецца заканадаўствам, мае тэндэнцыю рэдукавацца да аднамоўя, і таму беларуска-расейскі білінгвізм выраджаецца ў расейскі моналінгвізм.

Усякі імпэрыялізм тым мацнейшы чым меншлінгвістычны. Нерасейскія мовы перашкаджаюць расейскай культуры і палітычнай экспаньсіі”. (Тамсама)

Атаесамліваньне мовы з уладай прыводзіць да таго, што беларусы пакідаюць беларускую мову як непатрэбную, як перашкоду ў кар’еры, у шуканьні лягчэйшага жыцьця.

4.

Станіслаў Станкевіч прыгадаў гісторыю пэрыяду беларусізацыі Беларусі (На 50-я ўгодкі ўрадавай беларусізацыі ў БССР, у: „Беларус”, № 193, Нью-Ёрк, травень 1973, с. 1).

Новы курс нацыянальнае палітыкі быў абвешчаны ў сакавіку 1923 году на Ўсебеларускай партыйнай канфэрэнцыі. Беларусізацыя была адным з вынікаў пастановаў X Зьезду РКП(б) у сакавіку 1921 году, дзякуючы якім пачалася новая эканамічная палітыка (НЭП).

Моўная беларусізацыя ўспрымалася як перадумова беларусізацыі ў культурнай галіне ды палітычнай. Праграма правядзеньня беларусізацыі была прынятая Пленумам ЦК кампартыі Беларусі ў ліпені 1924 году. У прынятай рэзалюцыі беларуская мова абвяшчалася ня толькі роўнай у правох з расейскай мовай, але й выбіралася як мова пераважная для зносінаў між дзяржаўнымі, прафэсійнымі й грамадзкімі арганізацыямі ды ўстановамі. Пераход на беларускую мову плянаваўся на працягу 1-3 гадоў.

Плённыя вынікі беларусізацыі паявіліся вельмі хутка. Неўзабаве на беларускай мове загаварыла ня толькі вёска, але й горад.

Гэтакі статус і стан моўнае й культурнае незалежнасьці як раптоўна пачаўся, так раптоўна й быў спынены. XІІІ Зьезд кампартыі Беларусі ў 1929 годзе прыняў тэзу аб тым, што беларускі нацыянал-дэмакратызм – галоўная небясьпека на дадзеным этапе. Неўзабаве пасьля гэтага пачалася дэбеларусізацыя, якая прагрэсуе па сёньняшні дзень.

Станіслаў Станкевіч адзначыў, што гэтыя шэсьць гадоў беларусізацыі былі вельмі кароткім адрэзкам часу, аднак Беларусь здабыла поўную незалежнасьць у галіне мовы й сваёй нацыянальнай культуры.

„І хоць ад нацыянальных дасягненьняў гэнага часу вельмі мала чаго засталося, аднак беларусізацыя ўзмоцніла нацыянальную патэнцыю беларускага народу, зрабіўшы яго больш адпорным на палітыку дэнацыяналізацыі й русыфікацыі ўсіх наступных гадоў. У гэтым вялікае гістарычнае значаньне беларусізацыі”. (Тамсама)

Нанава пытаньне беларусізацыі краіны пачало разглядацца на розных пасяджэньнях напрыканцы 1980-х гадоў.

У 1989 газэта „Беларус” апублікавала Матар’ялы да праекту Праграмы Беларускага Народнага Фронту „Адраджэньне”, у якіх вялікая ўвага адводзілася ролі роднае мовы (у: „Беларус”, № 362, Нью-Ёрк, верасень 1989, с. 7).

Дзеля прадухіленьня пераўтварэньня беларускае мовы ў мёртвую мову, БНФ прапанаваў надаць беларускай мове статус адзінай роднай мовы ды вызначаў шляхі рэалізацыі гэтага права беларусаў на самазахаваньне:

„Лёс мовы – гэта і лёс народу. Беларусь стала першай рэспублікай, у якой узьнікла небясьпека ператварэньня мовы жывога народу ў мёртвую мову. Паколькі мова – гэта аснова культуры народу, яго кансалідацыі, гарантыя яго існаваньня, значыць, перад пагрозай апынулася і беларуская нацыя. Гэта заканамерны і канчатковы вынік абавязковага масавага двухмоўя, вядучая роля ў якім належыць ня роднай мове. (...) Родная мова, ня маючы нармальных умоваў для разьвіцьця, паступова зьнікае, а набытая замест яе іншая мова становіцца зьбедненай і штампаванай. Вынікам моўнай палітыкі бюракратыі ў Рэспубліцы сталася паўмоўе – стан, пры якім чалавек не валодае належным чынам ніводнай з моваў і асуджаны на інтэлектуальную, культурную абмежаванасьць і грамадзянскую пасыўнасьць. Таму абарона беларускай мовы сілай дзяржаўных законаў павінна быць адной з функцыяў беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Справа сумленьня і патрыятычнага абавязку кожнага Беларуса – валодаць роднаю мовай, пазнаваць і вывучаць яе, карыстацца ёю ў штодзённым жыцьці.” (Тамсама)

З пачаткам 90-х гадоў XX стагодзьдзя, пасьля абвяшчэньня дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі, пачаўся новы пэрыяд беларусізацыі, які аднак працягнуўся вельмі коратка – да моўнага рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году. Паводле Закону аб мовах, тэрмін пераходу на беларускую мову для кіраўнікоў афіцыйных установаў прадугледжваўся на працягу трох гадоў, а для жыхарства рэспублікі – максымальны тэрмін – 10 гадоў. (Мова: на шляху да дзяржаўнасьці, у: „Беларус”, № 365, Нью-Ёрк, сьнежань 1989, с. 7)

5.

Важнае значэньне ў будаваньні нацыянальнае тоеснасьці мае Царква. Дзеля выкананьня гэтай ролі мусіць яна аднак быць нацыянальнай і карыстацца роднай мовай.

Значэньне роднае мовы для беларускага нацыянальнага руху заўсёды было вялікім – адзначае Эдуард Мазько (Мова рэлігіі як вызначальнік нацыянальнай свядомасці (у кантэксце дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі), у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 41-50).

Важнае месца мовы як вызначальніцы нацыянальнае самасьвядомасьці этнасу ўвёў у першай палове XX стагодзьдзя ксёндз Адам Станкевіч – ідэоляг Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У кнізе Родная мова ў сьвятынях ён абгрунтаваў тэалягічны бок справы й прыйшоў да адназначнай высновы, што найбольш важным і патрэбным зьяўляецца карыстаньне роднай мовай у сьвятынях, у дамах малітвы, дзе адбываецца „гутарка душы чалавека з Богам”. Адам Станкевіч родную мову называў „злучывам і правадніком супольнасьці нацыянальнай кожнага народу”. Ужываньне роднае мовы ў рэлігійным жыцьці зьяўляецца неад’емнай уласьцівасьцю хрысьціянства й натуральным правам кожнага народу. Гвалт над гэтым правам зьяўляецца злом, зь якім трэба змагацца. (Тамсама, с. 41)

Увядзеньне хрысьціянскімі дэмакратамі беларускае мовы ў касьцёлы нароўні з польскай зьмяняла яе статус: з мовы „простай, сялянскай, грубай” яна пераўтваралася ў мову „высокую, панскую”, на якой можна гутарыць ня толькі між сабою, але таксама зьвяртацца й да Бога. Пашырэньне аўтарытэту беларускае мовы вяло да паглыбленьня нацыянальнае сьвядомасьці вернікаў. (Тамсама)

Родная мова ў рэлігійным жыцьці – гэта неадлучны элемэнт нацыянальнага жыцьця.

А. Бутрымовіч, закранаючы пытаньне беларусізацыі Царквы, адзначае, што справа вельмі актуальная для цэлага беларускага нацыянальнага жыцьця. У артыкуле У справе беларусізацыі нашых цэркваў („Бацькаўшчына”, № 19 (503), Мюнхэн, 8 траўня 1960, с. 3-4) піша:

„Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў”. (Тамсама, с. 3)

Духовую незалежнасьць народу – паводле А. Бутрымовіча – выхоўваюць: рэлігійныя сьвятасьці, нацыянальная мова – усе казаньні сьвятары павінны гаварыць па-беларуску, нацыянальныя звычаі, абрады, традыцыі, нацыянальны стыль і нацыянальнае царкоўнае мастацтва, выхаваўчыя арганізацыі, школьніцтва, прапаганда і гэтак далей.

На ўзаемасувязі паміж малітвай, розумам і роднай мовай зьвярнуў увагу Янка Запруднік у рэфэраце, прачытаным 5 чэрвеня 1988 году ў Нью-Джэрзі на ўрачыстасьці сьвяткаваньня тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі. У якасьці асноўнай праблемы назваў адсутнасьць роднае мовы ў рэлігійным жыцьці беларусаў на Бацькаўшчыне.

„У рэлігійным жыцьці Беларусаў на Бацькаўшчыне, праваслаўных і каталікоў, няма месца роднай мове. Што горш, у шмат каго няма разуменьня ненармальнасьці такога стану рэчаў, няма разуменьня патрэбы роднае мовы для лучнасьці з Богам, няма ўсьведамленьня, што русыфікацыя й палянізацыя рэлігійнага жыцьця Беларусаў – зьява ў існасьці антыхрысьціянская. Яна вымагае аналізу”. (Янка Запруднік, Малітва, розум і родная мова , у: „Беларус”, № 348, Нью-Ёрк, чэрвень 1988, с. 4)

Аўтар прыводзіць выказваньне Апостала Паўла:

„Бо калі я малюся ў незнаёмай мне мове, дык дух мой моліцца, але розум мой застаецца бясплодным”. (Тамсама)

Значыць, дзеля спалучэньня духа з розумам трэба маліцца ў роднай мове. Згодна з навукаю Апостала Паўла паступалі сьвятыя Кірыл і Мятод, перакладаючы ў другой палове ІX стагодзьдзя царкоўныя кнігі на жывую мову. Пра патрэбу разуменьня малітвы й багаслужбы нагадаў Францішак Скарына, калі ў 1517 годзе пачаў друкаваць пераклад Бібліі ў мове свайго „люду паспалітага”. Паводле Скарыны, у якой мове чалавек нарадзіўся, у гэткай і Богу павінен маліцца, таму што розум найпаўней функцыянуе ў роднай мове. Таксама Францішак Багушэвіч пісаў:

Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам”. Таксама ў Евангельлі сказана: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». (...) „Лёгацыд павінен быць абвешчаны сьмяротным грэхам”. (Тамсама)

Той, хто пазбаўляе беларусаў роднае мовы, выступае супраць хрысьціянскае традыцыі.

6.

На старонках „Запісаў” была зьмешчаная грунтоўная публікацыя Станіслава Станкевіча пад назовам Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 89-137)

Аўтар заўважае, што працэс зьліцьця ўсіх народаў у Савецкім Саюзе праводзіўся вылучна на расейскай нацыянальнай базе, што азначала працэс усебаковае русыфікацыі ўсіх нерасейскіх народаў, у тым ліку й беларускага народу ды ягонае мовы.

Рэалізацыя бальшавіцкай моўнай палітыкі ў БССР, падобным чынам як і ў іншых нацыянальных рэспубліках, праводзілася адначасова ў двух кірунках, мэтай якіх была поўная нівэляцыя беларускае мовы:

- у кірунку звужэньня сфэры ўжываньня беларускае мовы ў публічным жыцьці ды замены яе расейскай;

- у кірунку ўсебаковае русыфікацыі яшчэ дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай літаратурнай мовы.

Афіцыйнае прызнаньне расейскае мовы ў якасьці другой дзяржаўнай мовы прывяло да несумненнай перавагі расейскае мовы над беларускаю ў публічным жыцьці БССР. Перш за ўсё гэтая гегемонія расейскае мовы праявілася ў школьнай практыцы. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі ў гадох 1955/1956 95% школаў вяло навучаньне ў беларускай мове, а толькі 5% – у расейскай. Аказалася аднак, што гэтыя дадзеныя нерэальныя, паколькі былі апублікаваныя на падставе афіцыйнага назову школаў. Тым часам беларускія з назову школы ў велізарнай бальшыні вялі навучаньне па-расейску, з выключэньнем толькі заняткаў па беларускай мове й літаратуры. (Тамсама, с. 93)

У канцы 1958 году сэсія Вярхоўнага Савету СССР прыняла закон Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і далейшым разьвіцьці народнай асьветы ў СССР. Бацькі павінны пастанаўляць, у школу зь якой мовай навучаньня аддаваць сваіх дзяцей. На думку С. Станкевіча, у сытуацыі, калі бацькі вучняў знаходзіліся ў поўнай залежнасьці ад партыйных ворганаў і прафсаюзных арганізацыяў, пакіданьне за імі выбару мовы навучаньня фактычна зводзілася да перадачы вырашэньня партыйным і прафсаюзным ворганам, якія, як правіла, давалі пяршынства расейскай мове.

Вымоўна паказаная трагічная сытуацыя беларускага школьніцтва ў 1980-х гадох у Лісьце да Гарбачова (у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1, 8).

„Палажэньне зь беларускімі школамі ў селавой мясцовасьці выразна пагоршала. Цяпер яны часта беларускія адно намінальна, паколькі бальшыня дысцыплінаў, асабліва ў старэйшых клясах, выкладаецца парасейску. Сотні селавых школаў ужо афіцыйна пераведзеныя ў расейскую мову наўчаньня. Катастрафічна зьмяншаецца лік вучняў, што наўчаюцца ў беларускіх школах. (...) Да таго-ж у наўчаньні беларускай моваю ў сыстэме народнае асьветы няма ніякае пераемнасьці. У зусім запушчаным, мізэрным стане знаходзіцца дашкольнае ўзгадаваньне ў роднай мове. Няма беларускамоўных ВНУ, тэхнікумаў, вучылішчаў. Вось ужо колькі дзесяткаў гадоў як пэдагагічныя інстытуты рэспублікі не займаюцца рыхтаваньнем настаўніцкіх кадраў для школаў зь беларускай мовай наўчаньня”. (Тамсама)

Меркаваньнем Станіслава Станкевіча, бальшавікі ўлічылі вынятковую ролю роднае мовы ў захаваньні і ўмацаваньні нацыянальнае патэнцыі беларускага народу, і таму павялі сыстэматычную й плянавую працу супраць беларускай нацыянальнай культуры ў пачатку 1930-х гадоў.

Зьмененыя прынцыпы правапісу прычыняюцца да скажэньня беларускага вымаўленьня.

Сёньня з сумам можам канстатаваць, што ня толькі не назіраем зьменаў у лепшым напрамку, але, наадварот, русыфікацыйны працэс яшчэ паглыбіўся.

Ніна Баршчэўская