![]() |
![]() |
1.
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат месца прысьвячалі гісторыі разьвіцьця роднай мовы. Асаблівую ўвагу адводзілі тым старонкам беларускай мінуўшчыны, якія запісаліся буйным росквітам роднай мовы й культуры. Адной з праяваў беларускага залатога веку было кнігадрукаваньне.
Заснавальнікам кірылічнага кнігадрукаваньня зьяўляецца Швайпольт Фэоль – паведамляе Вацлаў Пануцэвіч на старонках часопіса „Літва”, што выдаваўся ў Чыкага ў 1960-70 гадох. (Vacłaŭ Panucevič, Pieršaja biełaruskaja drukarnia Š. Fijoła ŭ Krakavie, u: „Litva”, № 1, studzień – čevień 1967, Čykaha, s. 3-49)
Аўтар публікацыі прыгадвае, што ў гэтак званай Скарыніяне, у вывучэньні дзейнасьці Францішка Скарыны, які ўславіўся выданьнем у 1517-1519 гадох Бібліі ў перакладзе на тагачасную беларускую літаратурную мову, прынята ўважаць, што ён зьяўляецца пачынальнікам беларускага кірылічнага друку й беларускім першадрукаром. Вацлаў Пануцэвіч, не адмаўляючы вялікіх заслугаў Скарыну, зьвяртае ўвагу на тое, што пачатак беларускага друкарства крыху ранейшы, што яшчэ перад Скарынам існавала ў Кракаве Літоўская – гэта значыць паводле сёньняшняй тэрміналёгіі – Беларуская кірылічная друкарня Швайпольта Фэоля. Пачаткам кірылічнага друку трэба лічыць 1483 год – уважае Вацлаў Пануцэвіч. (Тамсама, с. 9)
Іншы беларускі эміграцыйны дасьледнік Сымон Брага (псэўданім Вітаўта Тумаша) адзначае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што чатыры літургічныя кнігі былі надрукаваныя Швайпольтам Фэолем у Кракаве каля 1491 году. (С. Брага, Е. Л.Немировский, Начало славянского книгопечатания. Москва, 1971, б.272, у: „Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 117-127)
Згаданыя чатыры кнігі Фэоля, надрукаваныя ў Кракаве, гэта: Осмогласник (зборнік царкоўных песьняў Яна Дамаскіна), Часословъ (зборнік малітваў на кожны дзень), Триодь постная і Триодь цвътная. (Vacłaŭ Panucevič, Pieršaja biełaruskaja drukarnia Š. Fijoła ŭ Krakavie, u: „Litva”, № 1, studzień – čevień 1967, Čykaha, s. 34-35)
У ацэнцы В. Пануцэвіча, Е. Уладзіміраў трапна зьвярнуў увагу на тое, што ў Часаслове Ш. Фэоля маюцца характэрныя для ВКЛ сьвяты: Феадосія Пячэрскага, Барыса і Глеба, Кірылы Тураўскага ды іншыя, а гэта таксама сьведчыць пра тое, што тэксты друкаў адосіліся да ВКЛ. (Тамсама, с. 14)
Вацлаў Пануцэвіч падае шэраг моўных асаблівасьцяў друку Фэоля, якія характэрныя для царкоўных і сьвецкіх тэкстаў канца XVст. у ВКЛ.
Таксама цоканьне ў тэкстах кніг Фіёля, характэрнае беларускай Полаччыне й Смаленшчыне, тлумачыцца ўплывам беларускіх гаворак прастораў ВКЛ.
„Усе моўныя асаблівасьці Фэолявых кнігаў выясьняюцца прыняўшы ў дадзеных гістарычных абставінах лягічна найпрасьцейшую канцэпцыю: рэдактарамі, карэктарамі ды складальнікамі кнігаў былі людзі, што побач мовы царкоўнаславянскае, дасканальна зналі й тагачасную літаратурную мову беларускую, паходзілі зь Беларусі. А іх у сталічным Кракаве, пры каралеўскай канцылярыі заўсёды хапала. Гэта яны, пісары й канцылярныя дзякі, афармлялі ўсё ліставаньне манарха зь землямі Вялікага Княства, улучна з ліставаньнем дыпляматычным з краямі ўсходу Эўропы.” (С. Брага, Е. Л.Немировский, Начало славянского книгопечатания. Москва, 1971, б.272, у: ,,Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 124)
Сымон Брага задумоўваецца, кім былі супрацоўнікі выдавецтва Фэоля, якія падбіралі кнігі да друку ды іх рэдагавалі. Пры разглядзе гэтае праблематыкі ў многіх аўтараў над фактамі дамінуюць патрыятычныя пачуцьці ды нацыянальныя меркаваньні – заяўляе беларускі эміграцыйны дасьледнік і дадае, што:
„Кракаў, калі Фэоль там друкаваў кірылічныя кнігі, быў сядзібаю караля Польшчы, адначаснага тады князя-валадара Вялікага Княства Літоўскага, якое гэтым якраз часам было ў апагеі свае тэрытарыяльнае велічы. Сваймі межамі Вялікае Княства ахоплівала тады вялізныя, заселеныя праваслаўным жыхарствам, прасторы, бо абыймала блізу ўсе этнічна-моўныя землі беларускія ды бальшыню земляў украінскіх.
У межах Вялікага Княства ў часы Фэоля знаходзіліся гэткія беларускія, з старымі традыцыямі праваслаўнае культуры ды кніжнага пісьменства асяродкі, як Полацак, Смаленск, Віцебск, Магілеў, Менск, Слуцак, Турава, Пінск, Берасьце, Горадня, Наваградак, ды шмат іншых. І сталіца Вялікага Княства Вільня пры канцы XV стагодзьдзя на ўсіх 22 хрысьціянскіх сьвятыняў мела 14 праваслаўных цэркваў ды колькі манастыроў. Ад стагодзьдзяў беларуская мова была мовай урадавай на прасторах усяе дзяржавы. Мова гэтая панавала ў штодзённым рэлігійным ды гаспадарча-гандлёвым ужытку, яна была моваю сьвецкага пісьменства. Кірыліцу знаў добра кажны граматны жыхар Вялікага Княства.
Усьведамляючы вось гэтыя «рэаліі» гістарычнае пары ўжо пастулят самое лёгікі падказвае, што шукаючы адказу на пытаньне, для каго гэта Фэоль у першую чаргу друкаваў у Кракаве праваслаўныя літургічныя кнігі, зьвяртаць найперш увагу трэба на зьвязаныя дынастычнай вуніяй з Польшчай землі Вялікага Княства.” (Тамсама, с. 117-118)
2.
Найбольшым беларускім друкаром быў Францішак Скарына. Вялікую публікацыю пра доктара Скарыну – гуманіста, перакладчыка Бібліі на родную мову й друкара – зьмясьціў на старонках каўнаскага часопіса „Крывіч” Вацлаў Ластоўскі (Доктар Франціш Скарына, у: „Крывіч”, № 8, Коўна 1924, с. 3-12). Артыкул пра пачатак друкарства на Беларусі апублікаваў таксама часопіс „Барацьба” (К-т, Пачатак друкарства на Беарусі і Францішак Скарына, у: „Барацьба”, № 40, Штутгарт 1961, с. 8-9.
Скарына родам быў з Полацка, з калыбкі крыўска-беларускай культуры, дзе яшчэ ў XІІ ст. пісаліся й перапісваліся кнігі.
Нарадзіўся Скарына каля 1485 году. Скончыўшы школы ў сваім родным Полацку, выехаў у Кракаўскі унівэрсытэт, дзе паступіў на філязофскі факультэт. У 1506 годзе атрымаў вучоную ступень бакалаўра. Апрача філязофіі, цікавіўся таксама багаслоўем і мэдыцынай. Шукаў ведаў з галіны гэтых навукаў у другіх унівэрсытэтах Заходняй Эўропы, між іншым, у Празе, бываў у нямецкіх гарадох, а ў лістападзе 1512 году прыбыў у Італію, у горад Падую, які славіўся на ўвесь сьвет мэдычным факультэтам. Атрымаў там з рук прафэсара Бартламея Барызоні ступень доктара мэдыцыны.
Затым Скарына вярнуўся на бацькаўшчыну й вырашыў прысьвяціць сябе прасьветнай працы, а ў асноўным – перакладу біблейскіх кніг на тагачасную беларускую літаратурную мову й надрукаваць іх. З гэтай мэтай паехаў у Прагу, дзе панавала рэлігійная свабода. Там сарганізаваў друкарню і ў 1516-1517 гадох прыступіў да друкаваньня кніг пад агульным назовам Біблія руска выложена докторомъ Франціскомъ Скорыною из славнаго града Полоцька Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению. Прыступіўшы да працы, Скарына выпускаў кнігу за кнігай: у 1517 годзе – Псалтыр, Іова, Притчи, Сираха; у 1518 годзе – Экклезиастъ, Песнь-Песней, Премудрость Соломона, кнігі Царствъ, Ісуса Навіна; у 1519 годзе – Юдит, Судей, Пятокнижие Моисея, Плачь Іеремии, Даниила. (В. Ластоўскі, Доктар Франціш Скарына, у: „Крывіч”, № 8, Коўна 1924, с. 8)
Зь невядомых для нас прычын – піша В. Ластоўскі – Скарына спыніў друк сваіх кніг у Празе й перавёз друкарню ў Вільню, дзе каля 1525 году выдаў Апостол і Малую подорожную книжицу. У 1530 годзе вялікі пажар зьнішчыў дзьве трэція часткі Вільні, і ў гэтым пажары была зьнішчаная Скарынаўская друкарня. Год сьмерці Скарыны невядомы. Але яшчэ ў 1535 годзе ён жыў. (Тамсама, с. 9)
Выданьні Скарыны мелі вялікае значэньне для таго часу. Яны разыходзіліся ня толькі па ўсіх крыўскіх землях, але таксама па Ўкраіне, Масковіі, землях Вялікага Ноўгараду, паўднёва-славянскіх і нават заходзілі далёка на Захад Эўропы. Выданьні Скарынаўскія паслужылі прыкладам для іншых друкарняў: Цюбінгенскай, Нясьвіскай, Цяпінскага. Біблія ж Скарыны была другой друкаванай Бібліяй (пасьля чэскай) у славянскіх мовах і на дзясяткі гадоў папярэдзіла пераклад Бібліі на нямецкую й францускую мовы.
3.
Залаты век для Беларусі – гэта, зразумела, XVІ ст., калі назіраецца росквіт беларускае дзяржаўнасьці, культуры, літаратуры й асьветы. Гэта быў век адраджэньня беларускага народу, адраджэньня вялікіх традыцыяў Полаччыны – калыскі беларушчыны ў дзяржаўна-палітычных і культурных яе праявах, – піша Ўладзімер Глыбінны на старонках зальцбургскага літаратурна-гістарычнага часопіса „Пагоня” (Залаты век, у: „Пагоня”, № 4, лістапад 1946, с. 48-52).
Друкарская справа пашыралася на беларускіх землях на працягу цэлых XVІ і XVІІ стагодзьдзяў. Яна знаходзіла шмат прыхільнікаў і памагатых у асобах асьвечаных і багатых людзей таго часу, такіх як: Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, у дварох якіх адчыняліся друкарні.
У XVI ст. у ВКЛ друкарні былі ў Несьвіжы, Клецку, Лоску, не гаворачы ўжо пра Вільню, Берасьце, Горадню, Слуцк ці Магілёў (Biełaruskija drukarni XVI st., u: „Litva”, № 3, Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 263-271). У гэтых друкарнях выходзілі розныя друкі ў беларускай, царкоўна-славянскай, лацінскай і польскай мовах. Друкарскі рух быў выкліканы рэфармацыяй. Быў ён на 20-30 гадоў пазьнейшы ў параўнаньні з Заходняй Эўропай. (Тамсама, с. 263-264)
Вітаўт Тумаш, улічваючы час зьяўленьня першае друкаванае кнігі ў паасобных друкарнях на землях Вялікага Княства Літоўскага, укладае іх у наступную храналягічную чарговасьць: Віленская Скарыны (1522), Нясьвіская (1561), Заблудаўская Хадкевіча (1568), Віленская Мсьціслаўца (1575), Цяпінская Цяпінскага (каля 1576), Віленская Гарбурды (каля 1580), Віленская Мамонічаў (1583), Віленская Брацкая (1595). (Вітаўт Тумаш, Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 27)
Бадай найстарэйшай друкарняй рэфармацыйнага руху была Радзівілаўская друкарня ў Берасьці, заснаваная ў 1540-х гадох. Першым выданьнем друкарні быў Катэхізіс ананімнага аўтара па-польску. Найбольшым розгаласам карысталася Біблія Радзівілаўская, выдадзеная ў 1563 годзе ў польскім перакладзе. (Biełaruskija drukarni XVI st., u: „Litva”, № 3, Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 265)
Кнігі на польскай мове друкаваліся ў Нясьвіжы – у друкарні, заснаванай намесьнікам князя Мікалая Радзівіла Чорнага Мацеем Кавячынскім. Апрача князя Радзівіла, друкарняй апекаваліся й магнаты Валовіч ды Глябовіч. На асаблівую ўвагу заслугоўвае Катэхізіс у беларускай мове Сымона Буднага 1560 году, друкаваны ў Несьвіскай Радзівілаўскай друкарні. Ёсьць сьляды, што ў той жа друкарні Будны выдаў такія кнігі ў беларускай мове, як: Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам ды Аб хросьце і тайнай вячэры. (Biełaruskija drukarni XVI st., u: „Litva”, № 3, Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 266; Вітаўт Тумаш, Гэтман Рыгор Хадкевіч і ягонае выдавецтва, у: ,,Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 15)
У Прадмове да Катэхізісу Сымон Будны зьвяртаецца да князёў Радзівілаў з заклікам, каб прыпаднесьці простаму народу слова Божае ў ягонай нацыянальнай мове, што было галоўным клічам рэфармацыі, а чаму супраціўляліся артадаксальныя цэрквы: каталіцкая й праваслаўная. У пазьнейшых гадох Будны перайшоў у сваіх выданьнях на польскую мову, якая карысталася ў тым часе ўсё большым пашырэньнем на тэрыторыі ВКЛ. (Biełaruskija drukarni XVI st., u: „Litva”, № 3, Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 267)
Крыху пазьней сацыяне, да якіх належаў С. Будны, стварылі свой асяродак у Лоску ў Ашмянскім павеце, дзе адкрылі вялікую друкарню. Там буў выдадзены Новы Тэстамэнт Буднага, працы Кішкі: De institucionibus fidei christianie i De gladii imperio, якія мелі шырокі водгук на Захадзе: у Нямеччыне, Англіі, Швайцарыі, Галяндыі. У Лоску ў 1577 годзе была выдадзеня праца вядомага польскага публіцыста Анджэя Маджэўскага O naprawie Rzeczy Pospolitej. (Тамсама, с. 268)
4.
Важным этапам у разьвіцьці кірылічнага кнігадруку была друкарня ў Заблудаве, якая працавала ў 1568-1570 гадох – адзначае Вітаўт Тумаш на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы” (Гэтман Рыгор Хадкевіч і ягонае выдавецтва, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 3-39). Гетман Рыгор Хадкевіч стараўся наладзіць друкарню яшчэ некалькі гадоў перад уцёкам з Масквы ў Вялікае Княства Літоўскае друкароў Пётры Мсьціслаўца й Івана Федаровіча Масквіціна. У 1561 годзе стараўся раздабыць копію царкоўнаславянскага тэксту ўсяе Бібліі, каб яе надрукаваць. Магчыма, яна была знойдзена ў Супрасьлі, дзе яшчэ раней, у 1498 годзе бацька Рагора Хадкевіча, Аляксандар Хадкевіч, заснаваў у Супрасьлі каля Беластоку манастыр, які з часам стаў выдатным рэлігійна-культурным асяродкам з багатым зборам старых памятак пісьменства. У манастырскай бібліятэцы перахоўваліся беларускія летапісы ды вельмі старыя рукапісныя славянскія кнігі, у тым ліку й вядомыя Супрасьльскія летапісы. Паводле сьпісу, зробленага ў 1557 годзе архімандрытам Сяргеем Кімбарам, у бібліятэцы ў той час было 209 кніг.
Пра тое, што стварэньне друкарні ў Заблудаве было ініцыятывай Рыгора Хадкевіча, напісаў сам гетман у прадмове да Евангелія – першага заблудаўскага выданьня, дзе ён кажа: „к тому же изобретох собе в том деле друкарьском людей наоученых, Івана Феодоровича Москвитина да Петра Тимофеевіча Мстиславца, повелел есми им, оучинивши варстат друкарьский, и выдруковати сію книгу”. (Тамсама, с. 16)
У Заблудаўскай друкарні Р. Хадкевіч выдаў: 17 сакавіка 1569 году Евангеліе оучительное, якога да нашых дзён захавалася 30 экзэмпляраў, а 23 сакавіка 1570 году Псалтыр з Часаслоўцам, якога захаваліся толькі 3 некамплетныя асобнікі.
Пасьля выданьня гэтых дзьвюх кніг Заблудаўская друкарня спыніла працу з-за „старога веку й нядугаў выдаўца”, а не з прычыны „ягоных палітычных паглядаў ды важнае падзеі гэнага часу – Люблінскай 1569 году вуніі” –адзначае беларускі эміграцыйны дасьледнік Вітаўт Тумаш. (Тамсама, с. 28-29)
Хадкевічы прычыніліся таксама да выхаду першай друкаванай кнігі на ўкраінскай зямлі Апостала, які паявіўся друкам у 1574 годзе, дзякуючы фінансавай падтрымцы сыноў Рыгора Хадкевіча – Андрэя й Аляксандра, якія аднак былі толькі мэцэнатамі, а не выдаўцамі, пра што паведамляе Іван Федаровіч у паслоўі да Апостала.
Скарынінскія друкарска-выдавецкія традыцыі працягваў Васіль Цяпінскі. Ягоныя шрыфты створаныя на ўзор літараў Скарынавых выданьняў. Гэтак жа, як Скарына, Цяпінскі заяўляе, што за пераклад і друк Новага Запавету ўзяўся ён „з зычливости ку моей отчызне” (Вітаўт Тумаш, Друкарня Цяпінскага. Да 400-годзьдзя дзейнасьці, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 70).
Вітаўт Тумаш заўважае, што адзіным вядомым сёньня друкам Васіля Амельяновіча-Цяпінскага зьяўляецца ягонае Евангеліе.
„Для моваведаў цікавае й важнае яно гэтым, што Цяпінскі паралельна надрукаваў два тэксты евангельля: царкоўнаславянскі, ды, свайго перакладу, беларускі. Мова перакладу Цяпінскага бліжэйшая да тагачаснае гутарковае мовы за мову перакладаў Скарыны, у якой пакінута шмат царкоўнаславянскага. Ёсьць у ёй затое паважны лік палянізмаў, якія ў Скарыны здараюцца рэдка”. (Тамсама )
Мова В. Цяпінскага яшчэ бліжэй стаіць да жывой народнай мовы, чым мова Ф. Скарыны – адзначаецца на старонках часопіса „Барацьба” (К-т, Пачатак друкарства на Беарусі і Францішак Скарына, у: „Барацьба”, № 40, Штутгарт 1961, с. 9)
5.
Беларускія эміграцыйныя газэты шмат месца прысьвячалі гісторыі разьвіцьця роднай мовы. Асаблівую ўвагу адводзілі тым старонкам беларускай мінуўшчыны, якія запісаліся буйным росквітам роднай мовы й культуры. Адной з праяваў беларускага залатога веку было кнігадрукаваньне.
30 сакавіка 1575 году выйшла друкам літургічнае „напрастольнае” Эвангельле, выдадзенае ў новазаснаванай у Вільні друкарні Пятра Мсьціслаўца – паведамляе на старонках нью-ёрскага часопіса “Запісы” Вітаўт Тумаш (Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля, у: „Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 3-29; Пётра Мсціславец ды Іван Масквіцін, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 59-66). Кніга мела „густоўнага рысунку” шрыфт, які праектаваў, выразаў ды адліў для свае друкарні сам Мсьціславец. Мова кнігі, як выданьня прызначанага для богаслужэбнага ўжытку ў праваслаўных цэрквах, была царкоўнаславянская (Друкарня Пётры Мсьціслаўца. Да 400-годзьдзя віленскага Евангельля, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 3).
У 1576 годзе з тае самае друкарні Пятра Мсьціслаўца выйшлі яшчэ дзьве кнігі, важныя і для царкоўна-рэлігійнага, і для практычна- навучальнага сьвецкага ўжытку – Псалтыр ды Часоўнік.
Паколькі выданьні друкарні Пятра Мсьціслаўца разыходзіліся ня толькі на землях Вялікага Княства Літоўскага, але на прасторы ўсіх праваслаўнае веры славянаў, дык мелі яны вялікі ўплыў на далейшае разьвіцьцё кірылічнага друку. Выдатны беларускі майстра друку беспадстаўна застаецца ў цяні іншых друкароў-выдацоў: Швайпольта Фіёля, Францішка Скарыны, Мамонічаў ды свайго сябры па друкарскай працы Івана Федаровіча Масквіціна – уважае В. Тумаш (Тамсама, с. 3-4).
Пётр Мсьціславец раней працаваў у Маскве й Заблудаве. Ягонае прозьвішча названаае разам з прозьвішчам Івана Фёдарава як складальнікаў і друкароў Апостала, які выйшаў друкам у Маскве 1 сакавіка 1564 году. Годам пазьней 29 верасьня 1565 году выйшаў у Маскве Часоўнік, які празь месяц выйшаў другім, папраўленым выданьнем. Неўзабаве пасьля гэтага друкаром прыйшлоса ўцякаць з Масквы ў Вялікае Княства Літоўскае.
У Вялікім Княстве Літоўскім сустрэлі іх прыязна. Гетман Рыгор Хадкевіч пасяліў іх у сваім родавым Заблудаве, што блізка Беластоку, з даручэньнем наладзіць друкарню для друку праваслаўных рэлігійных кніг. 17 сакавіка 1569 году выйшла друкам у Заблудаве Евангеліе оучительное, а 23 сакавіка 1570 году – Псалтыр з Часаслоўцам, пры якім пазначаецца толькі прозьвішча І. Федаровіча (пасьля ўцёкаў на землі Беларусі сваё імя па бацьку Іван Фёдараў стаў ужываць на тагачасны беларускі лад з суфіксам –овіч – Федаровіч), відаць, у гэтым часе Пётр Мсьціславец ужо пераехаў у сталічную Вільню.
Галоўнымі ініцыятарамі й мэцэнатамі стварэньня Віленскае друкарні – як вынікае з паслоўяў да выдадзеных кніг – Пётр Мсьціславец уважаў братоў Івана й Зянова Зарэцкіх, якія былі багатымі і ўплывовымі прадстаўнікамі тагачаснага купецкага стану ў Вільні ды займалі адказныя адміністрацыйна-дзяржаўныя пасады. У сваю чаргу месца пад друкарню далі браты Мамонічы, таксама прадстаўнікі „верхавіны купецкага стану Вільні” (Тамсама, с. 9). Даволі хутка паміж Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт, які быў палюбоўна вырашаны судом. Суд прысудзіў друкарскае абсталяваньне Мсьціслаўцу, а кнігі, выдадзеныя ў друкарні – Мамонічу, але толькі пасьля сплаты Мсьціслаўцу 30 копаў грошаў „личбы литовское”. Пётр Мсьціславец і Кузьма Мамоніч абавязаліся выканаць судовую пастанову да 25 сакавіка 1577году. Гэта сьведчыць пра тое, што Мсьціслвец быў самастойным гаспадаром свае друкарні ды адзіным яе ўласьнікам, і нельга ягоную друкарню называць друкарняй Мамонічаў. Аказалася аднак, што К. Мамоніч не сьпяшаўся выканаць прысуд, што вынікае з атрыманьня ім 2 траўня 1577 году позву ставіцца ў суд на працяг гэтай жа справы. Чым яна закончылася? – невядома, „бо акты далейшага ходу справы ці не захаваліся, ці яшчэ ня знойдзеныя” (Тамсама, с. 11-12).
Наступная кніга Служебник была выдадзеная ўжо ў друкарні Мамонічаў толькі 24 чэрвеня 1583 году й не была надрукаваная шрыфтамі друкарні Мсьціслаўца, што можа сьведчыць пра спагнаньне судом належнага Мсьціслаўцу друкарскага абсталяваньня. У 1582 годзе ў Вільню прыяжджаў з Львова заблудавец Грынь Івановіч, памочнік Івана Федаровіча Масквіціна, які нарэзаў і адліў Мамонічам два камплекты шрыфтаў – адзін буйнейшы, другі меншы, курсыўны. На працягу далейшых 40 гадоў з друкарні Мамонічаў выйшла каля 100 рэлігійных і сьвецкіх выданьняў у беларускай, царкоўнаславянскай і польскай мовах.
Праз 20 гадоў ад віленскае судовае справы шрыфты Мсьціслаўца зьявіліся на Валыні, у друкарні Астроскай, зь якой у 1594 годзе выйшла Книга о постничестве, у 1598 – Грамматика, а ў 1602 – Часословец (Тамсама, с. 15).
6.
Канцлер ВКЛ Леў Сапега ў 1588 годзе выдаў друкам трэцюю рэдакцыю слаўнага кодэксу законаў Вялікага Княства Літоўскі Статут. У прадмове да Статуту Сапега пісаў: „есьлі катораму народу ўстыд правоў сваіх няўмеці, пагатоўю нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем” (Р. Максімовіч – псэўданім Вітаўта Тумаша, Порецкий Я. И. Симон Будный – передовой белорусский мыслитель XVI века. Издательство Белгосуниверситета им. В.И.Ленина. Минск, 1961, 67 б., у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 261). Гэта выразнае сьведчанне таго, што фэўдалы ВКЛ пачуваліся да адзінста з тым народам, беларуская мова для якога была моваю „сваею ўласнай”. Гэта Сапега ў сваю рэдакцыю Статуту ўвёў і адмысловыя пункты, якія не дазвалялі чыжынцам займаць у ВКЛ адказныя дзяржаўныя пасады, а таксама валодаць зямельнай маёмасьцю.
Надрукаваныя Мамонічамі кнігі Статуту 1588 году слаба вывучаліся. Вынікала гэта зь некалькіх прычынаў – заўважае Рыгор Максімовіч (Тры выданьні трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага, у: ,,Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 107-118).
„Адна зь іх была тая, што з нарастаючай у XVІІ-XVІІІ ст. палянізацыяй Вялікага Княства Літоўскага, кнігі статуту напісанага моваю «рускаю» – як тады тагачасную беларускую мову называлі – паступова выціскалася зь юрыдычнага ўжытку, заменівалася кнігамі польскага перакладу гэтага статуту. Дайшло да таго, што пры канцы XVІІІ – на пачатку XІX ст. быў забыты й сам факт, што беларускія моваю статуты калісьці існавалі. Агульна ўжо думалі, што Статут 1588 году ад самага пачатку быў напісаны й друкаваўся папольску. Толькі на пачатку XІX ст. гісторыкі й юрыстыя зь вілікім дзівам адкрылі, што першапачатковы тэкст Трэцяга Статуту быў напісаны ды друкаваўся пабеларуску, а не папольску. Даведаліся тады пра гэта навукоўцы з выдадзенае ў 1813 г. кнігі В. Сопікава „Опыт российской библиографии”, у якой Статут 1588 году першы раз быў бібліяграфічна зарэгістраваны ды коратка апісаны”. (Тамсама, с. 107)
Ужо ў 1823 годзе гісторыкі Ё. Лелевэль ды І. Даніловіч прызналі за пэўны факт, што беларускі тэкст Статуту друкаваўся ня раз, але два разы. У 1834 годзе І. Даніловіч заўважыў, што былі некалькі (тры?) новыя выданьні з захаваньнем таго самага 1588 году. У 1883 годзе І. Каратаеў у сваім вопісе кнігаў друкаваных кірыліцай адзначыў, што кнігі Статуту былі друкаваныя з трох розных набораў. Пацьвердзіў гэта А. І. Мілавідаў у 1908 годзе. Што Статут 1588 году друкаваўся некалькі разоў, пісаў і Вацлаў Ластоўскоі ў Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі. Было толькі невядома, у якой чарговасьці друкаваліся паасобныя выданьні. Два гады пазьней І. І. Лапа, які асабліва грунтоўна вывучаў Трэці Статут, напісаў, што друкаваўся ён у друкарні Мамонічаў некалькімі паралельнымі наборамі ці з аднаго рукапіснага экзэмпляра пад дыктоўку, ці з адпаведнага ліку рукапісных арыгіналаў. Аднак Лапава гіпотэза была сустрэтая вельмі крытычна. Друкары ў часы Мамонічаў ужо ведалі, як хутка набраць тэкст вялікае кнігі. Рабілася гэта хутчэй за ўсё, раздаўшы некалькім наборшчыкам розныя часткі рукапісу адразу. Хоць канцэпцыі І. Даніловіча й І. І. Лапы не прыняліся, то аднак фактам заставаліся тры розныя наборы кніг Статуту 1588 году. Адказ на гэтае пытаньне знайшла маскоўсккая дасьледніца А. С. Зярнова, супастаўляючы тры розныя выданьні Статуту зь іншымі кнігамі, што ў той час друкаваліся ў друкарні Мамонічаў. Зьвярнула яна ўвагу на факт, што кнігі Статуту аднаго толькі варыянту маюць дададзеныя дзьве старонкі з папраўкаю памылак. У кнігах іншых набораў гэтыя памылкі пераважна папраўленыя. З гэтага А. С. Зярнова зрабіла выснову, што выданьне з памылкамі зьяўляеца першым выданьнем. Другое выданьне дасьледніца вызначыла на 1592/1593 год, а трэцяе – каля 1594/1595 году. Аказалася, што Статут 1588 году друкаваўся не зь некалькіх паралельных набораў, але былі тры выданні кнігі трох розных гадоў.
Застаецца яшчэ пытаньне году: чаму на трох выданьнях, якія выходзілі ў розныя гады, стаіць 1588 год? Адказ знаходзіцца ў загалоўку: Статут Великого Князтва Литовского от наяснейшего господара короля Его Милости Жикгимонта третего на коронацыи в Кракове выданый року 1588. Пададзены 1588 год – гэта год, калі Статут кароль выдаў „на каранацыі”, значыць, калі ён яго пацьвердзіў. Пра друк Статуту напісана толькі, у якой друкарні кніга друкавалася, але на ніводным выданьні няма году выхаду кнігі з друку.
Статут праіснаваў бязь зьменаў аж да 1840 году, калі ягоную юрыдычную сілу скасаваў царскі ўрад.
7.
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году перакладаўся на польскую мову. Першы пераклад выйшаў у друкарні Мамонічаў у 1614 годзе.
„У прадмове «Да ласкавага чытача» выдаўцы польскага выданьня засьцерагаліся, што ў перакладзе магчыма ня ўсё будзе «да смаку», бо шмат дзе «Polszczyzna nie gładka», і калі-б пераклад не спадабаўся ці цяжка было-б нешта ў ім зразумець, хай чытач зьвяртаецца тады «do Ruszczyzny starey» – значыцца да беларускага тэксту статуту”. (Тры выданьні трэцяга Статуту Вялікага Княства Літоўскага, у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 107)
Пры жыцьці Льва Сапегі Статут у польскім перакладзе выдаваўся яшчэ ў гадох: 1619, 1648, 1693, 1744, 1786. З гэтага вынікае, што да падзелу Рэчыпаспалітай было 9 выданьняў Статуту: 3 беларускія й 6 польскіх.
У XVІІ ст. Статут 1588 году быў перакладзены на нямецкую й расейскую мовы. Аказаў ён уплыў на разьвіцьцё права ў суседніх дзяржавах.
У першай чвэрці XVІІ ст. беларуская мова мела моцны юрыдычны грунт для свае пазыцыі дзяржаўнае мовы ВКЛ ды афіцыйнае мовы судаводзтва на тэрыторыі цэлай дзяржавы. Яшчэ абавязваў артыкул Статуту, у якім пісалася: „А писар земский маеть поруску, литерами и словы рускими вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым езыком и словы”, хаця не заўсёды й ня ўсімі ён выконваўся.
Зацікаўленьне Статутамі ўвесь час узрастае – сьцьвярджае Рыгор Максімовіч (Р. Максімовіч – псэўданім Вітаўта Тумаша, The Lithuanian Statute of 1529. Tranlated and edited with an introduction and commentary by Karl von Loewe. Studies in East European History. Vol. XX. Leiden, E. J. Brill, 1976; XIV, 206 pp., у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 139-142). Пасьля Другой Сусьветнай вайны паявіліся навуковыя працы пра іх у ЗША. Першаю была надрукаваная ў 1953 годзе бібліяграфічнага характару праца беларускага гісторыка Льва Акіншэвіча Права Вялікага Княства Літоўскага (The Law of the Grand Duchy of Lithuania: Background and Bibliography by Leo Okinshevich. Research Program of the U.S.S.R., New York, 1953). Доказам паважнага навуковага зацікаўленьня Статутамі ў ЗША ёсьць і апублікаваны ангельскі пераклад тэксту Статуту 1529 году, падрыхтаваны пры Ратгерскім унівэрсытэце К. фон Лёвэ.
,,Перакладаючы, К. фон Лёвэ ўзяў на ўвагу тэксты ўсіх чатырох захаваных копіяў Статуту 1529 году – рукапісаў Дзялынскага, Фірлееўскага, Слуцкага й Замойскага”. (Р. Максімовіч, The Lithuanian Statute of 1529. Tranlated and edited with an introduction and commentary by Karl von Loewe. Studies in East European History. Vol. XX. Leiden, E .J. Brill, 1976; XIV, 206 pp., у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 140)
Дасьледнік зрабіў аднак шмат памылак. Па-першае, у камэнтарах да жыхароў Вялікага Княства Літоўскага сярод усходніх славянаў залічыў ня толькі беларусаў і ўкраінцаў, але таксама вялікарусаў. Па-другое, для напісаньня лацінкай выкарыстаў правілы Кангрэсавай бібліятэкі трансьлітэрацыі расейскіх тэкстаў, а не беларускіх. З гэтага вынікае, што й мову Статуту 1529 году ён палічыў за вялікарускую. Літару г ён перадае ў лацінічным варыянце пры дапамозе g, а не h. У старой беларускай мове дзеля перадачы g выкарыстоўваўся дыграф кг: Жикгимонт, кгвалт. Тым ня менш, праца важная й карысная, паколькі знаёміць англямоўныя грамадзтвы зь беларускай спадчынай пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага – адзначае Р. Максімовіч на старонках нью-ёрскага часопіса “Запісы”.
Пад канец XVI ст. на землях ВКЛ налічвалася ўжо каля 30 друкарняў. Да большых трэба залічыць друкарню ў Любчы Кшыштафа Радзівіла, дзе друкаваліся працы Сестранцэвіча, Матушэвіча, Бэняша, Буднага, Самуэля Даўгірда, Паўлы Дземітровіча, Даніла Набароўскага. У Любчы быў выдадзены шэраг падручнікаў на розныя тэмы, як: Праваднік у хіміі з апісаньнем лекаў і іх дзейнасьцьі, Хараграфія Анзэльма Паляка, Аб пародах коней, іх вучэнні ды хваробах, Хатні лекар П. Кміты. На пачатку XVII ст. былі ведамыя друкарні ў Іўі, Кейданах, Кнышыне, Слуцку, Менску, Ноўгарадзе Северскім, Ашмяне, Магілёве, Полацку, Сэйнах ды ў Супрасьлі. У Вільні было некалькі друкарняў: Сьвятадухаўская, езуіцкая, Мамонічаў ды кальвінская. (Biełaruskija drukarni XVI st., u: „Litva”, № 3, Čykaha, studzień-lipień 1969, s. 268-269)
Да памяткаў беларускай палемічнай літаратуры канца XVІ ст. адносяцца таксама творы братоў Сьцяпана й Лаўрэнція Зызаніяў родам з Троцкага павету. Да найбольш вядомых твораў належаць: Лексікон - Практычны слоўнік царкоўнаславянска-беларускае мовы і Граматыка славянская сапраўднага мастацтва васьмі частак гутаркі і іншых патрэб (1618, 1619, 1627), аўтарства Лаўрэнція Зызанія. Граматыка зьяўляецца „выдатным творам для моваведы” (К-т, Пачатак друкарства на Беарусі і Францішак Скарына, у: „Барацьба”, № 40, Штутгарт 1961, с. 9).
Ніна Баршчэўская