![]() |
![]() |
10.
Беларускі кампазытар Мікола Куліковіч (Мікола Шчаглоў) падзяліўся з чытачамі мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” весткай, што Цэнтар студыяў царкоўна-славянскае музыкі ў Лёндане, які займаецца вывучэньнем і выданьнем музычных твораў праваслаўнай ці ўсходняй царквы, зьвярнуўся да яго з прапановай выдаць Царкоўны беларускі зборнік (Да пытаньня беларускага царкоўнага пяяньня, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 21 верасьня 1958, с. 1).
Тое, што з рэлігійнай музыкі было ў эміграцыі – гэта толькі творы Міколы Куліковіча й М. Равенскага, і таму аўтар публікцыі заклікаў кампазытара Карповіча ды ўсіх музыкаў, нават толькі пачынаючых, каб уключыліся ў гэты праект выданьня Царкоўнага беларускага зборніка ды паспрабавалі сваіх сіл у новай для іх галіне.
Гэтую ж тэму працягвае А. Будзіч (псэўданім Янкі Запрудніка) у артыкуле пад назовам Да беларусізацыі ...БАПЦ. (А. Будзіч, Да беларусізацыі ...БАПЦ, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 7 лютага 1960, № 6 (490), с. 1)
Аўтар паведамляе, што: „Шмат гадоў працуючы над дасьледваньнем беларускае народнае песьні, кампазытар М. Куліковіч сабраў вялікі матар’ял беларускіх сьпеваў і, грунтоўна прааналізаваўшы іх, змог выбраць зь іх найхарактэрнейшыя, тыповыя паводля свае народна-нацыянальнае самабытнасьці й хараства народныя песенныя звароты й музычныя фразы. Творча апрацоўваючы беларускія прыпеўкі у праваслаўным царкоўным стылі, паводля старадаўных прыкладаў, кампазытар стварыў такім чынам беларускія царкоўныя расьпевы на розныя Божыя Службы, улажыў узоры (галасы) для штодзённага царкоўнага ўжыцьця, а таксама напісаў асноўныя праваслаўныя службы – Літургію й Усяночную.” ( Тамсама)
А. Будзіч паведамляе, што ёсьць таксама і ў кампазытара М. Равенскага ўся Літургія, напісаная ім вылучна на беларускіх песенных матывах. Літургія гэта пяялася, прыкладам, у праваслаўнай капліцы беларускае студэнцкае гупы ў Лювэне. Некаторыя малітвы (Отчэ наш, Верую, Херувімская, Достойно есть) выдадзены былі на кружэлках. Значыць, кампазытары сваю працу выканалі, але справа ўперлася ў кансэрватызм БАПЦ. Аўтар публікацыі заўважае, што кансэрватызм БАПЦ праявіўся, дарэчы, ня толькі ў галіне царкоўнае музыкі, але й цэлае багаслужбы. І тут А. Будзіч прыгадаў, што існуюць пераклады Бібліі на беларускую мову й што неабавязкова карыстацца перакладам Францішка Скарыны, бо ягоная мова ня сучасная. Але ж у 1948 г. у выдавецтве Брытанскага й замежнага біблійнага таварыства выйшаў Новы Запавет па-беларуску можа не ў дасканалым, але ў добрым перакладзе Антона Луцкевіча. Выданьнем гэтым карыстаўся а. Аўген Смаршчок у Лювэне. Пара ўжо – напісаў А. Будзіч – пасьля адсьвяткаваньня дзесяцігадовага юбілею аднаўленьня беларускае герархіі, падумаць пра беларусізацыю Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы. Трэба перадусім паступаць лягічна й шанаваць высілак Франішка Скарыны, Антона Луцкевіча ды сьветлую памяць тых беларускіх патрыётаў, што прынесьлі гэтулькі ахвяраў, каб пракласьці дарогу роднай мове ў Дом Божы.
Ня цалкам пагаджаліся з такім меркаваньнем сьвятары. Айцец А. К. напісаў: „Існуючы пераклад Скарыны даступны толькі ў нямногіх музэях аглядаць, а каб навет і меўшы яго, пачаць ужываць у Царкве, то напэўна тагачасная беларуская мова была-б для вернікаў ня больш зразумелаю, як царкоўна-славянская. Луцкевіч рабіў насьпех пераклад у Вільні для Мэтадыстаў. Першы наклад яго быў выдадзены ў Гэльсінках, а пазьней толькі перавыдадзены Брытанскім Замежным Біблійным Т-вам. Аб недакладнасьцях яго ня будзем сяньня ўсіпамінаць, бо пакуль няма першага перакладу, сьвятары БАПЦ змушаны ім карыстацца. Калі-ж з тых або іншых меркаваньняў або згодна статуту ў некаторых цэрквах чытаецца сьв. Эвангельле пацаркоўна-славянску, то гэта зусім не супярэчыць беларускасьці Царквы, дзе пропаведзі й навучаньне вядзецца пабеларуску, чым і працярэбліваецца дарога ў роднай мове як у Божы Дом, гэтак і ў Родны Дом, якім ёсьць незалежная Бацькаўшчына.” (А. К., Да пытаньня беларусізацыі БАПЦарквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сакавіка 1960, № 10 (494), с. 3)
„Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці – заўважае А. Бутрымовіч. – Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў.” (У справе беларусізацыі нашых цэркваў, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 траўня 1960, № 19 (503), с. 3)
11.
Аўтары „Бацькаўшчыны” шырока паведамлялі пра беларускі выдавецкі рух у эміграцыі. У артыкуле Івана Спадзявайлы „На чыстым аркушы” або рэдкі фэномэн „рукапіснага друку” (у: ,,Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 лістапада 1947, № 2, с. 2) паведамляецца пра прывезенае з ангельскае зоны цэлае „бярэмя рукапісных беларускіх выданьняў”. Сярод іх былі рукапісныя газэты, якія выходзілі рэгулярна, зьмяняючы толькі часам свой фармат, у залежнасьці ад паперы, і назовы – у залежнасьці ад абставінаў: „Адгалоскі” (3 нумары), „Алярм” (8 нумароў), „Беларус на чужыне” (5 нумароў), „Далі” (2 нумары), „Пералом” (4 нумары), „Раздарожжа” (2 нумары), „Уцякач” (6 нумароў) – усе газэты 1945 г., іхны працяг – „Выгнанец” (16 нумароў за 1945 г. і 23 нумары за 1946 г.); ягоны працяг – „Аглядчык” (44 нумары за 1946 г. і 18 нумароў за 1947 г.). Апрача газэтаў, былі таксама рукапісныя часoпісы-журналы: „Кагарка” – месячнік крывіцкай думкі, „Нарач і Мэта” – часoпіс літаратуры – навукі – грамадзкасьці (7 нумароў за 1946 і 5 за 1947 г.) ды ў маленечкіх кантычках ад рукі – „Бібліятэчка сучаснасьці”. У гэтых часoпісах знаходзілася шырокая ды сыстэматычная інфармацыя зь міжнароднае палітыкі й зь Беларусі, літаратуразнаўчыя артыкулы й навукова-тэхнічыя, а таксама мастацкія творы.
Даволі раўнамерна выходзілі ў эміграцыі студэнцкія выданьні. 26 лістапада 1945 г. выйшаў 1 нумар „Студэнцкіх Вестак”, выдадзены Беларускім студэнцкім згуртаваньнем у Мюнхэне. Гэта было першае студэнцкае ды першае беларускае выданьне наогул у эміграцыі пасьля Другой Сусьветнай вайны. Выйшлі яго 2 нумары – 2-гі ў сьнежні гэтага ж году. Часопіс заклікаў сваіх сяброў да навукі й працы ды інфармаваў аб наяўных у той час магчымасьцях студыяў. Годам пазьней гэтае ж Беларускае студэнцкае згуртаваньне перайменавала свой часопіс у „Крывіцкі Сьветач”, які ня толькі павялічыў наклад (з 300 паасобнікаў да 500) і памер (з 8 старонак да 32), але й паглыбіў свой зьмест. Пачалі зьяўляцца сур’ёзныя артыкулы на тэмы гісторыі, літаратуры ды публікацыі на грамадзка-палітычныя тэмы. Назоў часопіса адлюстроўваў імкненьне беларускай эміграцыйнай моладзі да вяртаньня гістарычнага назову Крывіч. Выйшла 8 нумароў „Крывіцкага Сьветача” – 7 у 1946 г. і 1 – у 1947. У гэтым жа 1947 г. Беларускае студэнцкае згуртаваньне пачало выдаваць „Студэнцкі Кліч”. Выйшлі 3 нумары часопіса – за жнівень-кастрычнік 1947 г. (В.Е., Беларускія студэнцкія выданьні,, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, № 44 (528), с. 3)
Станіслаў Станкевіч заўважае ўзмоцненую актыўнасьць беларусаў у эміграцыі й адзначае, што толькі ў адным месяцы чэрвені 1952 г. зьявіліся тры новыя беларускія часопісы: „Запісы” Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, „Шарсьцень” – незалежны месячнік гумару й сатыры ды „Каласкі” – месячны часопіс для дзяцей. У 1959 г. пачаў выходзіць квартальны часопіс „Беларуская Моладзь”, які выдаваўся ў ЗША – у Нью- Ёрку. Ягоным выдаўцом было Згуртаваньне беларускае моладзі ў Амэрыцы. У квартальніку зьмяшчаліся вельмі розныя па тэматыцы публікацыі, у тым ліку шмат пісалася пра гістарычныя падзеі ў Беларусі, пра лёс беларускіх пісьменьнікаў. (Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), Новыя беларускія часапісы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 13 ліпеня 1952, № 28 (107), с. 4)
Пачынаючы з 1952 году пры газэце зарганізавалася Беларускае выдавецтва „Бацькаўшчына”, якое, нягледзячы на цяжкія матарыяльныя абставіны, кожны год выпускала па некалькі добра аформленых найбольш патрэбных і цэнных беларускіх кніжак, зь якіх злажылася цэлая бібліятэчка (На 500 нумар ,,Бацькаўшчыны”, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 красавіка 1960, № 16 (500), с. 3). Належалі да іх: Выбраныя творы Янкі Купалы пад назовам Спадчына („Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 31 студзеня 1954, №№ 4-5 (186-187), с. 1), Запіскі Самсона Самасуя Андрэя Мрыя і Нядоля Заблоцкіх Лукаша Калюгі („Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 траўня 1954, №№ 20-21 (202-203), с. 1), творы Власта (Вацлава Ластоўскага) і паэма Якуба Коласа Сымон Музыка (Тамсама), Зь гісторыі Беларусі праф. Я. Станкевіча („Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 лістапада 1958, №№ 45-461 (431-432), с. 8).
У 1958 г. выйшла ў ангельскай мове кніга Антона Адамовіча Беларуская літаратура ў супраціве саветызацыі (Anthony Adamovich, Opposition to sovietization in belorussian literature, 1917-1957, Munich 1958, 204 pp). Была яна выдадзена Інстытутам па справах дасьледаваньня СССР у Мюнхэне. Таксама ў гэтым годзе выйшла друкам у нямецкай мове Малая Славянская Біяграфія (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 лютага 1959, № 6 (442) с. 3). Гэты энцыкляпэдычны зборнік апрацаваны супрацоўнікамі Славянскага сэмінару Мюнхэнскага ўнівэрсытэту. У ім, на 807 бачынах, у альфабэтным парадку пададзеныя прозьвішчы духовых прадстаўнікоў (культурных і навуковых дзеячоў) славянскіх народаў: баўгараў, беларусаў, чэхаў, македонцаў, палякаў, расейцаў, сэрбаў, украінцаў і харватаў. Сьпіс беларускіх прозьвішчаў зь біяграфічнымі дадзенымі да гэтага выданьня падрыхтавалі сябры Мюнхэнскай сэкцыі Беларускага інстытуту навукі й мастацтва пад кіраўніцтвам старшыні д-ра С. Станкевіча. У выданьне ўвайшло больш за 60 беларускіх прозьвішчаў, пачынаючы Афрасіньняй Полацкай і Аўрамам Смаленскім ды канчаючы Петрусём Броўкам, Аркадзем Куляшовам ды іншымі прадстаўнікамі культурнага жыцьця ў БССР паловы мінулага стагодзьдзя. У Малой Славянскай Біяграфіі найбольш густа прадстаўлены пэрыяд беларускага адраджэньня. Гэта з тае прычыны, што якраз гэты пэрыяд адноснае свабоды даў магчымасьць вырасьці шырокім кадрам беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
12.
У 1954 г. беларусы ўключыліся да працы ў мюнхэнскім Інстытуце вывучэньня БССР. За 5 гадоў працы ў Інстытуце было таксама выдадзена 12 кніг „Беларускага Зборніка” ў беларускай мове і 8 кніг „Беларускага Зборніка” („Belorussian Review”) у ангельскай мове. Па-ангельску перадрукоўваліся найлепшыя артыкулы зь беларускай вэрсіі „Зборніка”. І так, у згаданых 12 кнігах „Беларускага Зборніка” да 1960 г. паявіліся 84 артыкулы 26 аўтараў, зь якіх 18 – гэта былі беларусы, а 8 – іншых нацыянальнасьцяў, якія таксама распрацоўвалі беларускія тэмы. У зборніках перадусім друкаваліся артыкулы на актуальныя тэмы з жыцьця БССР, як і артыкулы, у якіх высьвятляліся праблемы бальшавіцкай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў. Апрача пэрыядычных выданьняў, Інстытут за гэты пэрыяд апрацаваў манаграфіі на беларускія тэмы ў беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай мовах – адзначае С. Станкевіч на старонках мюнхэнскага выданьня „Бацькаўшчына”. (Ст. Станкевіч, Інстытут вывучэньня СССР і Беларусы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), с. 3-4)
З мэтай пашырэньня інфармацыі пра магчымасьць адукацыі на чужыне моладзі ў беларускай мове, „Бацькаўшчына” зьмяшчала рубрыку пра лектарат беларусаведы.
У Таронта ўрачыстае адкрыцьцё лектарату адбылося 15 кастрычніка 1951 г. ,,Прафэсар Шор, вітаючы слухачоў, зазначыў, што ўнівэрсытэт у Торонто зьяўляецца першай навуковай канадыйскай інстытуцыяй, якая дае магчымасьць беларусам, пад ейным дахам, пашыраць веду аб беларускай мове, гісторыі, літаратуры й культуры. Загадчык славянскага аддзелу пажадаў беларусам найбольшых посьпехаў у далейшым пашыраньні й разбудаваньні лектарату й з боку унівэрсытэту абяцаў усялякае магчымае падтрыманьне.” (Лектарат беларусаведы ў Торонто, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 4 лістапада 1951, № 74, с. 7)
Асаблівыя заслугі ў адкрыцьці першага лектарату беларусаведы ў эміграцыі належалі праф. Вінцэнту Жук-Грышкевічу – першаму лектару беларусаведы ў Канадзе. У сувязі з высокім узроўнем слухачоў, у праграме асноўная ўвага зьвярталася на найбольш складаныя ды найменш асьветленыя пытаньні зь беларускае мовы, гісторыі, літаратуры й культуры.
Беларускія грамадзкія дзеячы, як і Ўправа Беларускіх студэнцкіх арганізацыяў клапаціліся пра тое, каб пабольшыць шэрагі беларускіх студэнтаў на чужыне. „У шуканьні разьвязкі Цэнтраля Беларускіх Акадэміцкіх Арганізацыяў пайшла на дарогу доўгую, але найбольш пэўную: згуртаваньня беларускае моладзі ў інтэрнат і даньня ёй магчымасьці здабыцьця сярэдняе асьветы ўсялякага тыпу ў чужынецкіх школах, зарганізаваўшы раўначасна беларусаведу й нацыянальнае ўзгадаваньне.” (А. С., Растуць рады нашай інтэлігенцыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 сакавіка 1952, № 13 (92), с. 3.
Нягледзячы на адміністрацыйна-юрыдычныя цяжкасьці, а таксама й матэрыяльныя, удалося гэта, дзякуючы нявычэрпнай энэргіі айца Робэрта ван Кавэлерта, а таксама ахвярнасьці беларускае студэнцкае групы ў Лювэне.
На пачатку лістапада 1951 г., дзякуючы сьмеламу рашэньню айца Чарняўскага, група 5 беларускіх дзяцей з Францыі зьявілася ў Лювэне. І хаця моладзь ад 8 гадзіны да 17 заставалася ў школе, то ахвотна знаходзіла час на беларусаведу. Пра сыстэматычнасьць навукі беларускае мовы, літаратуры, гісторыі, геаграфіі й народнага мастацтва клапаціўся айцец Аўген.
Інстытут беларусаведы існаваў таксама ў Мадрыдзе. (Інстытут Беларусаведы ў Мадрыдзе, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 красавіка 1952, № 17 (96), с. 12.) Інстытут імя Льва Сапегі быў сарганізаваны пры Цэнтры абмену эўрапейскай культуры ў Мадрыдзе. Спэцыяльнымі прадметамі досьледаў Інстутуту былі такія галіны, як: філязафічная, юрыдычная, эканамічная, гістарычна-сацыяльная, этнічная, філялягічная, літаратурная, фальклярыстычная й артыстычная. Апрача гэтага – дасьледаваньне праблемаў і асьпірацыяў беларускага народу ды азнаямленьне зь імі краінаў Заходняе Эўропы, у першай чарговасьці Гішпаніі ды краінаў зь гішпанскай мовай, а таксама народаў ісламу. Інстытут паставіў сабе за мэту вывучэньне міжнародных узаемадачыненьняў, якія мелі месца ў гісторыі паміж Беларусяй ды дзяржавамі Заходняй Эўропы, як і рэлігійных асаблівасьцяў беларускага народу.
З прыведзеных прыкладаў, зьмешчаных на старонках „Бацькаўшчыны”, выразна відаць, што гэтая эміграцыйная газэта вельмі сур’ёзна ставілася да праблемы захаваньня беларуская нацыянальнае тоеснасьці. Ейныя рэдактары разумелі, што нельга будаваць дзяржаўную незалежнасьць без адпаведнага стаўленьня да роднае мовы. Разумелі, што толькі дзяржаўны статус і шырокае выкарыстаньне мовы ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця можа загарантаваць мове адпаведны прэстыж. Таму публікацыям пра беларускую мову адводзілі істотнае месца на старонках тыднёвіка.
Клапаціліся, з аднаго боку, пра становішча роднае мовы ў Беларусі, а з другога боку, стараліся разьвіваць яе і ўзбагачаць у эміграцыі. Баяліся, што беларуская мова на Бацькаўшчыне будзе зрусыфікаваная, альбо нават – у горшым выпадку – цалкам будзе выціснута з жыцьця расейшчынай, і таму стараліся ў як найчысьцейшай форме захаваць беларушчыну ў эміграцыі. З гэтай мэтай узьнікалі такія рубрыкі, як: Куток мовы, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы... Чысьціня беларускае мовы, гэтак як і незалежнасьць беларускае дзяржавы, былі асноўнымі каштоўнасьцямі й мэтамі, якімі кіраваліся публіцысты гэтае беларускае эміграцыйнае газэты.
Ніна Баршчэўская