Баршчэўская Ніна

Клопат „Бацькаўшчыны” пра чысьціню беларускае мовы 5-9

5.

З галіны марфалёгіі С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на неабходнасьць выкарыстаньня канчатка -аў (-яў) замест нулявога, значыць: рэзалюцыяў, акцыяў, а не рэзалюцый, акцый .

Дасьледнік піша пра немэтазгоднасьць выкарыстаньня ў беларускай мове суфікса -ір- у дзеясловах лацінскага паходжаньня тыпу: ануліраваць, ігнарыраваць. Павінна быць: ануляваць, ігнараваць.

Аўтар публікацыі заўважае, што ў беларускай мове на Бацькаўшчыне пад беспасярэднім уплывам расейскае мовы назоўнікі тыпу лён, мох ува ўсіх залежных склонах і ў назоўным склоне множнага ліку ўжываюцца з прыстаўным і: ільну, імху. Правільнай беларускай формай ёсьць форма без прыстаўнога і: лёну, моху.

Асаблівасьцю расейскае мовы зьяўляецца выкарыстаньне вышэйшае ступені прыметнікаў у значэньні найвышэйшае ступені, напрыклад: Амэрыканска-ангельскія імпэрыялісты зьлейшыя ворагі беларускага народу („Звязда”, 21.12.1951).

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на памылковае выкарыстаньне ў беларускай мове слова мецца, напрыклад: У друкарні маецца шмат работы. Гэта даслоўнае перанясеньне расейскага имеется. Па-беларуску можна сказаць толькі: Як маешся? Маюся добра.

Аўтар артыкулу аднатоўвае выцясьненьне зь беларускае мовы прыслоўя цяпер і замену яго прыслоўем зараз. Тым часам зараз ужываецца, але дзеля азначэньня дзейнасьці ў будучыне, напрыклад: Я цяпер чытаю, а зараз буду пісаць.

С. Станкевіч падкрэсьлівае, што ў сваім артыкуле прывёў невялікую частку найбольш яркіх русыцызмаў. „Гэта паказвае, што працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.”(С. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, 11 лютага 1956, №№ 6-7 (288-289), с. 7)

Абмяркоўваючы ўплыў расейскае мовы на беларускую, С. Станкевіч пры нагодзе зьвярнуў увагу таксама на пранікненьне й частае выкарыстаньне польскай сынтаксічнай канструкцыі з прыназоўнікам праз. Яшчэ Я. Купала ў 1919 г. у ведамым сваім вершы Паўстань з народу нашага... пісаў:

Паўстань з народу нашага, Прарок,

Праяваў бураломных варажбіт,

І мудрым словам ськінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворага спавіт.

Падобныя палянізмы выкарыстоўвала й беларуская эміграцыя. С. Станкевіч цытуе некалькі прыкладаў зь беларускага эміграцыйнага друку: Тэрыторыя занятая празь немцаў замест занятая немцамі ці Беларускі народ паняволены праз бальшавікоў замест паняволены бальшавікамі. (Тамсама)

Мовазнаўчая рубрыка Куток мовы, дзе зьяўлялася найбольш публікацыяў аўтарства Я. Станкевіча, выклікала разнагалосьсі. Неаднойчы паяўляліся вельмі крытычныя артыкулы. Тэмай цікавіліся ня толькі мовазнаўцы, алу пра гэта слухайце праз тыдзень.

6.

У дыскусіі пра беларускую мову на старонках „Бацькаўшчыны” ў 1953 г. прыняў удзел вядомы беларускі эміграцыйны пісьменьнік Масей Сяднёў, зьмяшчаючы ў Літаратурным Дадатку артыкул пад назовам Некалькі заўваг аб нашай мове (у: „Бацькаўшчына”, 7 студзеня 1953, №№ 1-2 (132-133), с. 5-6)

Масей Сяднёў піша, што ён не зьяўляецца мовазнаўцам, тым ня меней адчувае патрэбу й нават абавязак выказаць свае меркаваньні пра мову беларускіх эміграцыйных выданьняў.

Напачатку канстатуе, што натугі эміграцыйных мовазнаўцаў прынесьлі, побач з дадатнімі, таксама й адмоўныя вынікі, да якіх М. Сяднёў залічае аморфнасьць мовы, паўсталую ў выніку экспэрымэнталізму, які ўзводзіцца ў ступень закону, абавязковага граматычнага правіла, і такім чынам стварае небясьпеку для літаратурнае мовы, і без таго няўстойлівай у сваіх нормах. Канкрэтная небясьпека хаваецца ў непрызнаньні ці разбурэньні пэўных традыцыяў, якія набыла беларуская мова, а без традыцыі ня можа быць гутаркі аб адзінай нацыянальнай мове. Мова ня любіць частых паправак, яна кансэрватыўная – аднзачае М. Сяднёў.

У аўтара паявілася ўражаньне, што беларускі эміграцыйны друк да пачатку 1953 г. ня выпрацаваў нормаў адзінай, сталай літаратурнай мовы, а ўсё яшчэ сядзіць у этнаграфізьме. „Што ні газэта – то й мова, што ні аўтар – то й выдумка” (тамсама) – піша М. Сяднёў, які ў літаратурнай мове эміграцыйных часопісаў заўважае хутчэй разнастайнасьць беларускіх дыялектаў, чым кніжную мову. Пры гэтым – як адзначае аўтар артыкулу – раскошна пачуваюць сябе барбарызмы, часьцей польскага ці расейскага паходжаньня. М. Сяднёў падкрэсьлівае, што ён не адмаўляе аўтарам у праве на свой уласны стыль. Не такая мэта ягонага артыкулу.

Сярод закідаў, якія пісьменьнік паставіў розным выданьням, апынулася й адсутнасьць пашаны да найлепшых майстроў беларускага слова – да тых пісьменьнікаў, якія паклалі фунадамант літаратурнай мове.

М. Сяднёў, ацэньваючы дбаласьць пра чысьціню мовы беларускіх эміграцыйных выданьняў, станоўча піша менавіта пра „Бацькаўшчыну”. Сярод тых часопісаў, якім трэба было б праявіць большую дбаласьць пра чысьціню мовы, аўтар публікацыі называе такія навуковыя выданьні, як „Веда” й „Запісы”.

М. Сяднёў крытычна ацэньвае тэндэнцыю ствараньня штучнае, чыстае мовы, абстрагаванае ад уплыву заходніх, а ў першай чарговасьці – усходніх суседзяў. Гэтакая тэндэнцыя змушае навукоўцаў да сьвядомага ствараньня нэалягізмаў, пры гэтым не заўсёды ўдалых. Такая мова гучыць як эспэранта – піша М. Сяднёў. Аўтар публікацыі адзначае, што пэўныя падабенствы і ўплывы – рэч зусім натуральная, і таму ня трэба празьмерна баяцца польскага ці расейскага ўплыву. На думку Сяднёва, лепш праяўляць большую экспансію на мовы вялікіх суседзяў Беларусі, чым загадзя здаваць пазыцыі. Варта пры гэтым памятаць, што найбольш псуюць беларускую мову чужыя сынтаксічныя канструкцыі. Яны ліквідуюць спэцыфіку мову, яе псыхалёгію, як піша М. Сяднёў.

Рэдакцыя газэты „Бацькаўшчына” падкрэсьлівае, што не ва ўсім згаджаецца зь меркаваньнямі аўтара публікацыі, аднак з прыемнасьцю выдрукавала гэты артыкул, лічачы, што трэба больш месца прызначаць мовазнаўчым пытаньням, і спадзеючыся, што гэты артыкул выкліча шырэйшую дыскусію, якая прынасе несумненную карысьць. (Тамсама, с. 6)

7.

Роздумы Масея Сяднёва пра беларускую мову зьявіліся ў 49 нумары „Бацькаўшчыны” з 1953 году. Былі яны выкліканыя палемічным артыкулам Яна Станкевіча, надрукаваным у 44 нумары гэтага мюнхэнскага выданьня, у якім мовазнаўца назваў заўвагі М. Сяднёва надта агульнымі. Дык у адказ пісьменьнік вырашыў удакладніць свае разважаньні пра неабходнасьць стварэньня адзінае беларускае літаратурнае мовы ў эміграцыі.

Час, нарэшце, нашаму мовазнаўству ўзьняцца ад эмпірызму да навуковага абагульненьня – дэструкцыйны этнаграфізм не заўсёды ў дружбе зь літаратурнай мовай. Зразумела, мовазнаўства, як такое, ня можа ўзяць на сябе абавязку стварэньня літаратурнай мовы – роля пісьменьніка тут куды больш значная і найбольш актыўная. Затое мовазнаўства павінна падказаць тэндэнцыю разьвіцьця мовы, згодную зь яе духам. (...)

Да найбольш прыкметнай тэндэнцыі нашага мовазнаўства я залічаю – напісаў М. Сяднёў – тэндэнцыю скрайнага сэпаратызму. (...) Практычна гэта тэндэнцыя выявілася ў няправільных дачыненьнях да некаторых ужо старых, традыцыйных (а без традыцыі ... ня можа быць літаратурнай мовы) нормаў і замене іх новымі. Замена гэтая адбываецца за кошт правінцыяналізмаў і нэалягізмаў. На першы пагляд – нічога надзвычайнага: такія шляхі вядомыя для кажнай літаратурнай мовы. Сапраўды ў гэтым нічога дрэннага не было-б, калі-б гэта не было самамэтай. Тут вельмі важным зьяўлаецца пытаньне – наколькі ўспрыймальнай будзе такая нашая літаратурная мова, як эстэтычнае цэлае, ці будзе яна тым, што называюць стыхіяй, ці будзе яна нарэшце з народу – і ў народ? Мне ўсё-ж думаецца – піша Сяднёў – што мовазнаўчая дзейнасьць па-за гэтым – ня мае сэнсу.” (Масей Сяднёў, Яшчэ аб нашай мове, у: „Бацькаўшчына”, 13 сьнежня 1953, № 49 (180), с. 3)

Працягваючы палеміку зь Янам Станкевічам, Масей Сяднёў удакладніў таксама, што меў на ўвазе, пішучы ў папярэдніх разважаньнях пра мэтазгоднасьць большае экспансіі беларускае мовы на мовы вялікіх суседзяў Беларусі. Беларускі пісьменьнік заклікае не адракацца ад некаторых беларускіх словаў толькі таму, што яны выступаюць у суседніх мовах, бо вялікая частка зь іх агульнаславянскага паходжаньня. Дык ці ж варта напр. такое слова як хлеб замяняць емінай толькі таму, што хлеб выступае ва ўсіх славянскіх мовах? – пытае М. Сяднёў і адказвае, што, натуральна, няма такой патрэбы, ды заклікае прытрымлівацца таго, што сталася ўжо нормай і традыцыяй у беларускай мове. (Тамсама)

У палеміку паміж Я. Станкевічам і М. Сяднёвам ўключылася таксама рэдакцыя газэты „Бацькаўшчына”, прыгадваючы Сяднёву, што слова еміна Я. Станкевіч ніколі не ўжываў і не ўжывае ў значэньні хлеб, але выключна ў значэньні ежа.

Таксама й Ян Станкевіч у публікацыі Адказ на адказ сп. М. Сяднёва адзначае, што: „... слова еміна і прыметнік еміны запісаныя ў Пархвенаве Вялейскага пав., адылі ў Барысаўшчыне, Лепельшчыне й Полаччыне, у пав. Сеньскім, у Пскоўшчыне і ў беларускай часьці Цьвершчыны, а пэўне што й гэтымі мясцовасьцямі пашырэньне яго ня абмежуецца.” (Тамсама)

8.

На старонках 37 (267) нумару „Бацькаўшчыны” з 11 верасьня 1955 г. паявілася публікацыя Станіслава Станкевіча Мае заўвагі да Кутка мовы. Аўтар, пішучы пра складаныя ўмовы разьвіцьця беларускае мовы, стараецца паказаць станоўчыя вынікі мовазнаўчае дыскусіі на старонках газэты, але адначасова ставіцца крытычна да некаторых спробаў зьмяняць у мове тое, што ўжо ў ёй прыжылося:

Сучасная беларуская літаратурная мова, якая, у сілу гістарычных абставінаў, разьвілася не із старой нашай літаратурнай мовы, але пачала фармавацца ў палавіне ХІХ стагодзьдзя на базе народных дыялектаў, ёсьць яшчэ маладая. З гэтае прычыны, а таксама ў сувязі зь неспрыяльным палітычным палажэньнем беларускага народу, у ёй яшчэ шмат формаў і словаў канчальна не ўстаноўленых, шмат лішніх барбарызмаў, як і непатрэбных новатвораў, на месца якіх маглі-б быць уведзены словы й формы беларускія, якія існуюць у мове народнай або ёсьць у старой беларускай літаратурнай мове, але ў сучасную літаратурную мову з розных прычынаў раней ня ўведзеныя.

Таму праца над культурай і чысьцінёй нашай сучаснай літаратурнай мовы вельмі патрэбная й карысная. Пры гэтым праца такая, як і кажная іншая культурна-нацыянальная праца, магчымая сяньня толькі на эміграцыі, бо на бацькаўшчыне, дзе праца ў галіне нацыянальнай культуры ўважаецца злачынствам, а ў галіне мовы праводзіцца прымусовае абрусеньне, нічога ў гэтым кірунку рабіць нельга.

Дык трэба толькі вітаць ініцыятыву „Бацькаўшчыны”, якая дзеля працы над культурай беларускае мовы ўвяла на сваіх бачынах адмысловы аддзел Куток мовы. Таксама трэба вітаць і дзякаваць беларускаму моваведу др. Я. Станкевічу, які сыстэматычна выпаўняе гэты Куток мовы сваімі артыкуламі, паказваючы, якія словы й формы павінны ў нашай мове ўжывацца, а якія, як непатрэбныя барбарызмы й штучныя нэалягізмы, ужывацца не павінны.” (Ст. Станкевіч, Мае заўвагі да Кутка мовы, у: „Бацькаўшчына”, 11 верасьня 1955, № 37 (367), с. 3)

С. Станкевіч выказаў свае меркаваньні наконт уводжаньня ў літаратурную мову правінцыяналізмаў і словаў іншага паходжаньня.

Пад правінцыяналізмамі мы разумеем тыя словы й формы, якія ўжываюцца ў народнай мове, але ня ўжываюцца ў мове літаратурнай, або ўжываюцца ў ёй вельмі рэдка й ня ўсімі. Пры гэтым, правінцыяналізмы можна падзяліць на дзьве групы: а) якія ў народнай мове ўжываюцца шырака й ведамыя ў бальшыні народных гаворак, б) якія ўжываюцца толькі спарадычна і адно ў некаторых мясцовасьцях.

На нашую думку, правінцыяналізмы першае групы мы павінны ўжываць бязь ніякіх засьцярогаў, навет і тады, калі ёсьць у нашай мове іншае слова, агульна ў ёй ужыванае. Гэткім чынам мы павялічым толькі колькасьць сынанімаў, ад якіх нашай мове ніякай шкоды ня будзе. Затое-ж правінцыяналізмы другое групы мы павінны ўводзіць у літаратурную мову толькі ў тых выпадках, калі на месцы іх ужываецца або барбарызм або няўдалы наватвор. Гэта зусім не датычыць мовы паэтычнай, у якой для падчыркненьня моўнага калярыту, пажаданыя й правінцыяналізмы найбольш рэдкія, але для дадзенае мясцовасьці характарыстычныя.” (Тамсама)

На думку С. Станкевіча, ніякіх засьцярогаў не павінны выклікаць такія словы, як: цальнёг, сёлета, летась, ачуняць.

Затое няма найменшай патрэбы ўжываць вузкіх правінцыяналізмаў, ведамых толькі ў абмежаваных мясцовасьцях, а тым больш даваць ім перавагу й пяршынство, калі ёсьць з гэтым значэньнем іншыя чыста беларускія словы, шырока ведамыя і ў народнай мове і якія ў літаратурнай мове заваявалі поўнае права грамадзянства.” (Тамсама) 

Да такіх лексэмаў С. Станкевіч залічае другадзень замест агульнапрынятага слова аўторак, ці булак, болка замест воблака.

9.

С. Станкевіч зьмясьціў публікацыю пра беларускае вымаўленьне іншамоўнай лексыкі. „Словы іншамоўнага паходжаньня, трапляючы ў беларускую мову, прыймаюць з часам беларускія фанэтычныя й марфалягічныя формы, інакш кажучы – асымілююцца. Некаторыя формы асымілююцца хутка, іншыя значна пазьней, калі слова з гэтай формай ужо адчуваецца як чыста беларускае, а ня чужое. І вось тут сваёй моўнай практыкай і сваімі пасуленьнямі др. Я. Ст. працэс асыміляцыі словаў у некаторых выпадках намагаецца „хірургічным спосабам” прысьпешыць, а ў іншых выпадках, дзе гэты працэс натуральным шляхам ужо даканаўся, ён яго адварачвае назад да чужой вымовы.” (Ст. Станкевіч, Мае заўвагі да Кутка мовы, у: „Бацькаўшчына”, 11 верасьня 1955, № 37 (367), с. 3)

С. Станкевіч паказвае гэта на прыкладах. Беларуская літаратурная мова вызначаецца поўным аканьнем. Беларусу натуральна вымаўляць з аканьнем і запазычаную лексыку, напрыклад: канфэрэнцыя, канструкцыя, тым часам Я. Станкевіч пасьлядоўна захоўвае о, значыць – конфэрэнцыя, конструкцыя. Станіслаў Станкевіч сумняецца, ці Ян Станкевіч гэтак жа й вымаўляе, окаючы.

Тое самае датычыць таксама замены запазычанага гука ф пры дапамозе гукаў п, х ці спалучэньня хв. Але ў чужых лексэмах гэты працэс адбываецца вельмі марудна й датычыць толькі тых словаў, якія ўспрымаюцца як свае: хвартух, але фірма. У Я. Станкевіча назіраецца тэндэнцыя й тут прысьпешыць гэты працэс асыміляцыі, як у выпадку слова хорма. А чаму ня хворма? – пытае С. Станкевіч. Калі хорма, дык павінна быць таксама хармальны, ахорміць, схармаваны, рэхорма, але гэтага беларуская літаратурная мова на сучасным этапе разьвіцьця ня прыйме – цьвердзіць С. Станкевіч, які адначасова падкрэсьлівае вялікую карысьць з руплівасьці Я. Станкевіча дзеля чысьціні беларускае літаратурнае мовы. (Тамсама)

Прадстаўленыя коратка мовазнаўчыя публікацыі ў мюнхэнскай „Бацькаўшчыне” ды палеміка, якая вялася на старонках гэтае газэты, зьяўляюцца яркім доказам вялікага клопату беларусаў, згуртаваных вакол газэты, пра лёс і будучыню беларускае мовы. Яны цэлы час дасьледавалі беларускія публікацыі ня толькі ў эміграцыі, але таксама ў Беларусі, крытыкуючы тое, што сьведчыла пра сьвядомае перайманьне рысаў іншае мовы, ці, звычайна, пра моўную нядбайлівасьць, ды ўсхваляючы тое, што зьяўлялася сьведчаньнем карпатлівае працы над мовай дзеля захаваньня ейнае тоеснасьці. Здаралася неаднойчы, што, стараючыся празьмерна пазьбягаць лексыкі супольнае з суседнімі мовамі: расейскай і польскай, шукалі адмысловых лексэмаў у мінуўшчыне беларускае мовы, альбо, апіраючыся на словаўтваральныя ўзоры ў беларускай мове, будавалі новыя словы, якія не заўсёды ўспрымаліся носьбітамі беларускае мовы. Несумненна, свайго роду перашкодай быў моўны пурызм Яна Станкевіча й ягонае жаданьне затрымаць альбо прысьпешыць некаторыя працэсы ў разьвіцьці беларускае мовы. Тым ня меней, нельга перацаніць ягонай руплівасьці, як і цэлай газэты „Бацькаўшчына”, дзеля захаваньня моўнае аднароднасьці выданьня, нельга перацаніць іх вялікага ўнёску ў захаваньне й разьвіцьцё беларускае мовы ў эміграцыі.

Ніна Баршчэўская