Баршчэўская Ніна

Клопат „Бацькаўшчыны” пра чысьціню беларускае мовы 1-4

1.

Беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” выходзіла ў Мюнхэне на працягу 20 гадоў (1947-1966). Ужо зь першых нумароў газэта праяўляла яна вялікі клопат пра чысьціню беларускае мовы, прысьвячаючы гэтаму пытаньню сталую рубрыку Куток мовы. У рамках Кутка мовы друкаваліся пэрыядычныя артыкулы мовазнаўцы Яна Станкевіча: Некаторыя групы словаў беларускае мовы (у: „Бацькаўшчына”, 24 жніўня – 28 верасьня 1952, №№ 113-118) і Аб некаторых словах і хормах нашае мовы (у: „Бацькаўшчына”, 15 траўня – 30 кастрычніка 1955, №№ 20 (250) – 44 (274).

Асноўнай мэтай Кутка мовы было падтрыманьне й захаваньне моўнае чысьціні беларусамі, якія апынуліся ў эміграцыі. Рэдактары газэты, імкнучыся да моўнае пасьлядоўнасьці, зьмяшчалі публікацыі, у якіх засяроджвалі ўвагу на тым, якія словы ці словазлучэньні найбольш характэрныя для беларускае мовы, а якіх трэба пазьбягаць. Шмат месца „Бацькаўшчына” адводзіла пад характарыстыку русыцызмаў і палянізмаў у беларускай мове, пісала пра выкарыстаньне дыялектызмаў ды іхную ролю ў мове, а таксама засяроджвала ўвагу на сэмантычных адрозьненьнях сынонімаў.

Дзеля прыкладу, у 9 нумары „Бацькаўшчыны” з 25 сакавіка 1948 году ананімны аўтар зьвярнуў увагу на памылковае выкарыстаньне слова злучаць. Яго меркаваньнем, злучаць, злучыць, рабіць злучэньне нечага можна толькі мэханічна, фізычна ці хэмічна, злучаючы, напрыклад, пакоі, гурты жывёлы ці элемэнты чаго-небудзь. Калі ж рэч датычыць зьвязваньня духоўнага, ідэалягічнага, псыхалягічнага ці палітычнага, дык можна толькі задзіночваць, і таму павінна быць: Задзіночаныя Нацыі, Задзіночаньне беларускіх вэтэранаў, Задзіночаныя Штаты Амэрыкі. Аўтар публікацыі адзначае, што гэтае слова не зьяўляецца палянізмам у беларускай мове, таму што выступае ўжо ў летапісах, напрыклад: Альгерд і Кейстут задзіночыліся проці Яўнута, а таксама ў жывой народнай мове (Куток Мовы, у: „Бацькаўшчына”, 25 сакавіка 1948, № 9, с. 6).

Падобным чынам Ян Станкевіч асьвятляў значэньне лексэмаў замыкаць, засоўваць, запіраць, зашчапляць і зачыняць.

Замыкаем толькі на замок і замкнёнае адмыкаем ключом, а засоўваем толькі на засаўку. Агульным тэрмінам для замыканьня й засоўваньня можа быць запіраньне. Можна яшчэ зашчапляць на кручок, альбо завальваць завалам. Ва ўсіх іншых выпадках зачыняем, адчыняем, прычыняем і рашчыняем.

Зразумела, зачыняць і г. д. можна ня толькі вароты, дзьверы, вокны, але таксама й вочы, вусны, рот, кнігу, сшытак. Вядома, што па-беларуску можна таксама й закрыць вочы, кнігу, але толькі, напрыклад, рукой, насаткай ці нечым іншым.

Вочы, апрача таго, можна заплюшчыць ці прыплюшчыць.

Слова зачыняць выкарыстоўваецца вельмі шырока. Адчыняюцца й зачыняюцца крамы, г. зн., што пачынаюць і перастаюць у іх гандляваць у вызначаныя гадзіны дня. Таксама кажам аб пачатку й канцы працы розных установаў. Адчыняюцца й зачыняюцца розныя паседжаньні. Тут, дарэчы, можна казаць, што паседжаньні пачынаюцца й канчаюцца.

Выразна відаць, што Я. Станкевіч пазьбягае словаў адкрываць і закрываць, як нехарактэрных для беларускае мовы ў гэтакіх менавіта кантэкстах. Адначасова аднак падкрэсьлівае, што гаварыць можам пра ўсё адкрыта, шчыра, але ні ў якім выпадку не адчынена (Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 7-14 верасьня 1952, №№ 115-116, с. 3).

2.

Шмат месца Я. Станкевіч прызначыў дзеля абмеркаваньня лексэм з корнем кон-, а менавіта: кон, канаваць, наканаваць, наканаваны; конадзень, наконадні.

У беларускай мове слова кон мае некалькі значэньняў. Асноўнае значэньне раскрываецца ў канцы жыцьця, канцы рознай дзейнасьці, імкненьняў, заданьняў. Сынонімам да яго зьяўляецца лексэма доля, а эквівалентамі ў польскай мове будуць словы los, przeznaczenie. Маскоўскія адпаведнікі – рок, предопределение. Ад слова кон узьніклі дзеясловы канаваць, наканаваць, а ад гэтага апошняга – прыметнік наканаваны. Шмат прыкладаў слова кон і вытворных ад яго сустракаецца ў творчасьці Максіма Гарэцкага й Міхася Зарэцкага: Такое яму канаваньне ад Бога. Каму Бог якую сьмерць кануець, накануець, так і ўміраець кажны. Яму такое канаванае жыцьцё. Таксама Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку падае прыклады, як хаця б: Мне наканавана такая доля.

Другое значэньне слова кон адпаведнае маскоўскаму очередь і польскаму kolej, напр. Ня твой кон пачынаць.

Корань кон уваходзіць у слова конадзень, якое складаецца з дзьвюх частак, менавіта – кон і дзень. Яму адпавядае польскае przeddzień; наконадні – w przededniu. (Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 7-14 верасьня 1952, №№ 115-116, с. 3)

Выразна відаь, што, пішучы пра беларускую лексыку, Я. Станкевіч стараецца заўсёды параўнаць яе з адпаведнымі прыкладамі ў суседніх мовах ды падмацаваць свае меркаваньні цытатамі зь гісторыі беларускае мовы, як у выпадку групы словаў са значэньнем крыўды.

Крыўда (пол. krzywda, маск. обида) і вытворныя ад яго – крыўдзіць, пакрыўдзіць, ускрыўдзіць, пакрыўджаны, ускрыўджаны, крыўдны, крыўдна, крыўднік, які мае свае эквіваленты ў польскай мове (krzywdziciel) і ў расейскай (обидчик) ды жаночага роду крыўдніца. Слова крыўднік знаходзіцца м. ін. у Аль Кітабе, транскрыбаваным Вольскім: Муж быў крыўднік людзкі, ілгаў і крадаў. Слова крыўдаваць значыць чуцца пакрыўджаным: Грэх, чалавеча, на жыцьцё крыўдаваць.( Тамсама)

Як справа прадстаўляецца з выкарыстаньнем у беларускай мове займеньнікаў гэты, гэны й той, якія азначаюць тры ступені аддаленьня? На гэтае пытаньне адказу можна шукаць у 114 нумары „Бацькаўшчыны”.

У артыкуле разглядаецца цэлы шэраг словаў, такіх як: гэты, гэны, той; гэт’кі, такі; гэтак, гэнак, так; гэтта, гэнам, тут, там; гэтулькі, гэнулькі; адгэтуль, адгэнуль, адтуль або стуль; дагэтуль, дагэнуль, датуль.

„З прыведзеных словаў тыя, што маюць у васнове гэт- (гэты, гэт’кі, дагэтуль і інш.), ужываюцца ў дачыненьні да таго, што блізка ў прасторы або ў часе. Тыя, што маюць у васнове частку гэн- (гэны, гэн’кі, гэнакі і г.д.) – у дачыненьні да таго, што ў прасторы або ў часе далёка або прынамсі далей супроць першых. А ўсе іншыя (той, такі, так і інш.пад.) – калі выразна не паказваецца, але кажацца агульна.

Прыклады: Мы сядзім ля гэтага стала, а яны ля гэнага. Хто мяняе, у таго хамут гуляе. (...) Адгэтуль (прыкладам, дзе мы стаім) пачынаецца нашая сенажаць і цягнецца ажно вун дагэнуль.

Ад дагэтуль і дагэнуль утварыліся прыметнікі дагэтулешні й дагэнулешні із значэньнем, адпаведным прыслоўям, ад якіх яны паўсталі.” (Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 31 жніўня 1952, № 114, с. 3)

3.

На старонках 39 (118) нумару эміграцыйнае газэты „Бацькаўшчына” ад 28 верасьня 1952 году ў рубрыцы Некаторыя групы словаў беларускае мовы разглядаецца выкарыстаньне ў беларускай мове лексэм колькі – толькі. На пачатак аўтары артыкулу, г. зн. Ян Станкевіч і Антон Адамовіч прыводзяць прыклады зь гістарычных крыніцаў:

- з мовы старабеларускай, зь Літоўскага Статута 1529 г. – Абраці і пастанавіці віжоў толькі, колькі патрэбна будзець; Жаднае зьвірхнасьці над намі зажываці ня можаць, адно толькі, колькі яму права дапушчаець.

- з сучаснай мовы, з твораў Аркадзя Куляшова – Маці за руку госьця ўзяла. Колькі слоў сказала напасьледак. Колькі зім ня верыла ў сьмерць ніяк. Колькі ты даў яму? Колькі не гавары яму, ён усё сваё.

З прыведзеных прыкладаў відаць, што: толькі ўжываецца ў значэньні маскоўскага столько, а колькі – у двух значэньнях: столько й несколько.

Аўтары публікацыі зьвярнулі ўвагу на тое, што ў беларускай мове гэтак колькі, як і толькі ўжываюцца без пачатковага с. (Др Ян Станкевіч пры ўчасьці Антона Адамовіча, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 28 верасьня 1952, № 39 (118), с. 3)

У 1955 г. на старонках „Бацькаўшчыны” зьявілася новая пэрыядычная публікацыя Я. Станкевіча пад назовам Аб некаторых словах і хормах нашае мовы.

У 1 адрэзку гэтага артыкулу ў 20 (250) нумары „Бацькаўшчыны” з 15 траўня 1955 году Я. Станкевіч заўважае, што пісаць пра беларускую мову, маючы на ўвазе практычна-ідэйныя заданьні, надзвычай цяжка, таму што, па ягоных словах: „Мы належым да народаў, мякка кажучы, падупалых, каторых мовы падпалі пад большы чужы ўплыў, чымся гэта бывае, уплыў на толькі вялікі, што ён пагражае быцьцю самае мовы.” (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 15 траўня 1955, № 20 (250).

Я. Станкевіч паведамляе, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку. (Тамсама)

У 26 (256) нумары „Бацькаўшчыны” з 26 чэрвеня 1955 г. Я. Станкевіч задумоўваецца, наколькі мэтазгодна насычаць мову дыялектнай лексыкай. „Ведама, калі-б кажны пачаў уносіць у літаратурную мову ўсе асаблівасьці свае мясцовае гаворкі, дык ізь літаратурнай моваю сталася-б так, як із моваю народнай – паўстала-б шмат літаратурных гаворак, а гэта тое самае, што ня было-б літаратурнае мовы, бо літаратурная мова – адна ўсім людзём данага народу. Каб-жа была літаратурная мова, то трэба перш-наперш браць да яе словы й хормы з таго дыялекту народнае мовы, што стаўся яе асноваю, значыцца, у нас із дыялекту сярэдняга; чаго чыста беларускага няма ў ім, тое браць ізь беспасярэдне мяжуючых ізь ім дыялектаў; чаго ў гэтых няма, браць із дальшых і г.д., ажно да пагранічных із чужымі мовамі ўлучна. Чаго няма ў народнай мове, таго трэба глядзець у багатым жарале старое нашае мовы літаратурнае й народнае (ёсьць памяткі абедзьвіх) і адно, чаго й там нямашака, тое мусім тварыць подле нормаў і духа народнае мовы, а ня подле таго, што каму падабаецца. Цяжкасьць споўніць гэта ёсьць у тым, што трэба знаць гаворкі нашае народнае мовы і нашу старую мову, а на гэта ў нас адныя мала, а другія ані не зварачаюць увагі.” (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 26 чэрвеня 1955, № 26(256), с. 3)

4.

На беларускім грунце ўзьнікла слова дабраславіць замест царкоўнаславянскага благаславіць. Царкоўнаславянскае благий значыць ‘добры’, але ў мове беларускай яно прыняло адваротнае значэньне ‘нядобры, ліхі’. Таму слова дабраславіць як мага найлепш адпавядае патрэбам беларускае мовы – адзначае Я. Станкевіч, спасылаючыся на памяткі беларускае мовы, напрыклад: Дабраслаў, душэ мая, Госпада. Тое, што зрабілі нашы прашчуры, узнавіў а. П. Чарняўскі ў „Божым Слове”. Крыжняцца адылі ня ёсьць бяздушнай цырамоніяй, але добраслаўленьням самога сябе. Дабраславенства Сьвятога Крыжа. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 3 ліпеня 1955, № 27 (257), с. 4)

Я. Станкевіч стараўся пазьбягаць русыцызмаў, м. ін. назоўнікаў з суфіксамі -шчык, -чык. У ягонай ацэнцы такія назоўнікі, якія азначаюць асобу – „асаблівасьць вылучна расійская”. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 7 жніўня 1955, № 32 (262), с. 3

Русыцызмам, на думку Я. Станкевіча, зьяўляецца таксама слова недахоп, якое этымалягічна пераробленае з расейскага недостаток. Калі чагось не стае, дык нястача, што трэба ганіць, то ёсьць загана.

Пазьбягаць запазычаньняў з расейскае мовы раілі таксама іншыя аўтары „Бацькаўшчыны”, між іншым і Станіслаў Станкевіч. Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў – піша С. Станкевіч у Кутку мовы на старонках 6-7 (288-289) нумароў „Бацькаўшчыны” ад 11.02.1956 г.

„У выніку русыфікатарскай палітыкі ў БССР насаджваецца, як ведама, у беларускую літаратурную мову цэлае мноства чужых нашай мове тыпова расейскіх асаблівасьцяў ува ўсіх галінах моўнага працэсу: у сінтаксе, марфалёгіі, словатворстве, фанэтыцы й слоўніцтве. Бальшыня з гэтых русыцызмаў, хоць і ня прадугледжаных славутай «рэформай» беларускага правапісу й нарматыўнае граматыкі з 1933 году, а ўведзеная пазьней і нядэкратаваная ніякімі ўрадавымі пастановамі, зьяўляецца сяньня ўсанкцыянаваная, як адзіна дапушчаныя формы й словы, як «чыста беларускія», а іхнія ўзапраўды беларускія адпаведнікі старанна выціскаюцца, як шкодныя «правінцыяналізмы», «архаізмы» або «штучныя нэалягізмы».” (С. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, 11 лютага 1956, №№ 6-7 (288-289), с. 7)

Станіслаў Станкевіч зьвяртае напачатак увагу на пранікненьне русыцызмаў у сынтаксіс беларускае мовы, што найглыбей парушае яе моўную структуру. Аўтар прыгадвае пра выкарыстаньне ў беларускай мове вінавальнага склону ў сьцьвярджальных канструкцыях – я люблю вясну – і роднага склону ў сказах з пярэчаньнем нея не люблю вясны. Тым часам пад уплывам расейскае мовы ўсё часьцей паяўляюцца ў мове беларускай у сказах з адмоўнай часьціцай не канструкцыі зь вінавальным склонам.

Іншым прыкрым русыцызмам ёсьць ужываньне дзеяслова дзякаваць з назоўнікам у вінавальным склоне. Гэта сустракаецца і ў трылёгіі Якуба Коласа На ростанях: Настаўнікі...падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі дамоў. Па-беларуску можна дзякаваць толькі каму?, ні ў якім выпадку каго?

Дзеяслоў жаніць, жаніцца вымагае ў беларускай мове творнага склону з прыназоўнікам з, тады калі ў расейскай мове ён ужываецца з назоўнікам у месным склоне з прыназоўнікам на. Часам аднак у беларускую мову пранікае расейская форма. Прыклад з твора У добры час Івана Шамякіна: Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы, замест жаніць з дачкой.

Ніна Баршчэўская