![]() |
![]() |
1.
Спробы вызначэньня межаў беларускай нацыянальнай прасторы рабіліся ўжо ад другой паловы XІX стагодзьдзя. У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе найбольш важнай і характэрнай нацыянальнай асаблівасьцю зьяўлялася (і, відаць, надалей зьяўляецца) мова, якая лёгка паддаецца аб’ектыўнаму навуковаму сьцьвярджэньню. І таму, беручы яшчэ палітычна-гістарычныя абставіны, этнаграфічныя карты Беларусі XІX-XX стагодзьдзяў – гэта ў першую чаргу мапы пашырэньня беларускае мовы.
Гэтае пытаньне шырока абмяркоўвалася на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” ў цыкле артыкулаў пад назовам Этнаграфічны прастор Беларусі аўтарства М. Агнявіды.
Аўтар артыкулу свае разважаньні пачаў з цытаты Трэцяй Устаўной Граматы БНР, Акту 25 сакавіка 1918 году, у якім сьцьвярджаецца: „Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве й мае лічбовую перавагу Беларускі народ...”( М. Агнявіда, Этнаграфічны прастор Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, № 23 (409), Мюнхэн, 22 чэрвеня 1958, с. 2-3)
М. Агнявіда разглядае этнаграфічную прастору Беларусі ад 1875 году, ад часу апублікаваньня першай этнаграфічнай карты Беларусі.
Першым, хто зрабіў спробу вызначэньня этнаграфічных межаў расьсяленьня беларскага народу, быў А. Ф. Рыттых. У 60-х гадох XІX стагодзьдзя ён атрымаў ад расейскага генэральнага штабу даручэньне апрацаваць этнаграфічную карту эўрапейскае часткі Расейскае Імпэрыі. У выніку праведзеных Рыттыхам досьледаў і была складзеная ды выдадзеная ў 1875 г. у Пецярбурзе Этнаграфічная карта эўрапейскае Расеі, дзе першы раз былі зарысаваныя этнаграфічныя межы й беларускай нацыянальнай прасторы.
На пачатку XX стагодзьдзя была апрацаваная Яўхімам Карскім ды зьмешчаная ў І томе ягонай працы Беларусы Этнаграфічная карта беларускага племені (перавыдадзеная другі раз з папраўкамі ў 1918 г.). У агульных абрысах этнаграфічныя межы Беларусі Карскага супадалі прыблізна зь межамі на карце Рыттыха.
Калі ў 1917-1920 гадох, у пару Ўсебеларускага кангрэсу ды ствараньня Беларускае Народнае Рэспублікі, беларускія палітыкі й дзяржаўныя дзеячы сталі перад канкрэтным заданьнем вызначэньня дзяржаўных межаў БНР, яны ў сваёй працы й абаперліся на апублікаваныя раней матэрыялы й мапы. Выдадзеная ў 1919 годзе Этнаграфічная Карта Беларускай Народнай Рэспублікі ў асноўных рысах ахоплівала прастору, зазначаную на картах Рыттыха й Карскага. Ёсьць на ёй некалькі паправак. Найбольш істотная датычыць паўдзённага захаду. У межы Беларусі былі ўключаны Берасьцейшчына й Піншчына – абшары, якія, відаць, з увагі на ўкраінскія моўныя ўплывы, пакідаліся па-за беларускай этнаграфічнай прасторай. Паўдзённая мяжа Беларусі на гэтай карце была праведзена больш-менш паводле гістарычнае мяжы Вялікага Княства Літоўскага з 1569 г. Яна прыблізна тая ж, што й сучасная мяжа паміж Беларусяй ды Ўкраінай. Былі на карце БНР і іншыя дробныя зьмены. Прыкладам, у межы Беларусі быў улучаны Бранск, які і Рыттых, і Карскі пакідалі навонкі.
Паводле М. Агнявіды, гэтыя межы на вялікіх адрэзках не адпавядалі запраўднаму стану і з моўнага гледзішча, ня кажучы ўжо пра шматлікія супярэчнасьці зь гістарычнымі ды этнаграфічнымі фактамі. Аўтар заўважае на старонках „Бацькаўшчыны”, што „пляменна-этнічную аснову сучаснаму беларускаму народу на паўночна-ўсходняй часьці тэрыторыі ягонага расьсяленьня дало племя Крывічоў. Паводле археалягічных ды летапісна-гістарычных дадзеных межы расьсяленьня Крывічоў на паўночным усходзе значна выбягалі за межы зарысаваньня на картах Рыттыха, Карскага ды БНР”. (Тамсама, с. 2) А калі гаварыць пра мову, дык даўно было вядома, што й за межамі БНР на ўсходзе ды поўначы выразна чуліся асаблівасьці мовы беларускай, хоць і зь немалою доляй расейскіх моўных элемэнтаў.
2.
Яшчэ перад Першай Сусьветнай вайною ў Маскве была створана Маскоўская дыялекталягічная камісія, складзеная зь вядомых тагачасных расейскіх мовазнаўцаў: Н. Н. Дурнаво, Н. Н. Сокалава, Д. Н. Ушакова. Заданьнем гэтае камісіі было, між іншым, распрацаваньне дыялекталягічнае карты Расейскае імпэрыі. Вось гэтая камісія й правяла першы раз вывучэньне беларуска-расейскага моўнага памежжа. У выніку прац гэтай камісіі ў 1915 годзе ў Маскве (значыцца, яшчэ колькі гадоў перад выданьнем Карты БНР) зьявілася карта пад назовам Опыт диалектолоґической карты русскоґо языка в Европе с приложением очерка русской диалектолоґии. „На карце гэтай першы раз шырэй быў выяўлены той вельмі важны факт, што й на ўсходзе, і на поўначы беларускага этнаграфічнага прастору й за межамі абазначанымі на раней публікаваных картах існуюць яшчэ вялікія абшары, мова жыхарства якіх зусім не расейская, як раней агульна дапушчалася. Але «пераходная», і ў запраўднасьці яна ня менш блізкая беларускай, як расейскай. Гэткі стан быў выяўлены на шырокай падоўжанай паласе зь местам Бранскам на ўсходзе, ды на вялікім абшары Пскоўшчыны на поўначы” – піша М. Агнявіда ў публікацыі пад назовам Этнаграфічны прастор Беларусі, зьмешчанай на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”. (№ 23 (409), Мюнхэн, 22 чэрвеня 1958, с. 2-3)
Вынікі працы Маскоўскай дыялекталягічнай камісіі былі асабліва важнымі таму, што камісія ўводзіла суладнасьць этнаграфічных межаў Беларусі зь вядомымі фактамі архэалёгіі, гісторыі, пляменнай геаграфіі, этнаграфіі й мовы. „Гісторыя нам кажа, што Пскоўшчына была зямлёю тых-жа Крывічоў, што й Полаччына ці Смаленшчына, і таму зразумела, што ў сваёй мове яна павінна мець тую-ж беларускую крывіцкую аснову. Расейскія-ж элемэнты гэтае мовы, гэта ўжо пазьнейшыя наносы ў выніку доўгай (ад 1510 году) залежнасьці Пскова й Пскоўшчыны ад Масквы” – адзначае М. Агнявіда. (Тамсама, с. 3)
Беларускі эміграцыйны дасьледнік заўважае, што пытаньне значнага пашырэньня этнаграфічных межаў Беларусі на ўсходзе й на поўначы ў сувязі з выкрытымі вялікімі абшарамі пераходных гаворак было пастаўленае на пачатку XX стагодзьдзя ў працах расейскіх вучоных. Пазьней, далейшымі досьледамі розных аўтараў, гэтыя першыя цікавыя вынікі былі пацьверджаныя, папоўненыя й глыбей абгрунтаваныя.
М. Агнявіда прыводзіць цэлы шэраг аўтараў, якія не адважыліся пераходныя беларуска-расейскія гаворкі Пскоўшчыны залічыць да расейскага моўнага арэалу. Гэта, між іншым, Р.І.Аванесаў (Очерки русской диалектологии, ч. І, Москва 1949), П.С.Кузнецоў (Русская диалектолоґия, Москва 1954), П.Я.Чарных (Историческая ґрамматика русскоґо языка, Москва 1954). В. Курашкевіч (Zarys dialektologii wschodnio-słowiańskiej, Warszawa 1954), Т.Лер-Сплавіньскі, В.Курашкевіч, Ф.Слаўскі (Przegląd i charakterystyka języków słowiańskich, Warszawa 1954).
Беручы пад увагу ўсе лінгвагеаграфічныя апрацоўкі, Андрэй Багровіч адзначае ў публікацыі Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году, зьмешчанай на старонках часопіса „Запісы” , што: „На этнаграфічных і моўных картах расейскіх навукоўцаў, пачынаючы ад „Этнаграфічнае карты эўрапэйскае Расеі” Рыттыха 1875 году, Смаленск і Смаленшчына, заходняя Браншчына, Невельшчына й паўдзённыя часткі Пскоўшчыны адзначаюцца як тэрыторыі бясспрэчна беларускія. Гэтак ёсьць на картах Карскага з 1903, 1917 ды іншых гадоў, на карце Маскоўскае Дыялекталягічнае Камісіі 1915 году, на паваенных цяперашніх картах расейскіх моваведаў: Аванесава з 1949, Черных і Кузняцова з 1954 і пазьнейшых гадоў. Тэрыторыі гэтыя былі таксама адзначаныя як беларускія пастановаю І-га зьезду Камуністычнае Партыі (бальшавікоў) Беларусі з 30 сьнежня 1918 году аб межах Беларускае савецкае рэспублікі. У параграфе 4-м гэтае пастановы гаворыцца, што ў склад Беларускае рэспублікі мае ўходзіць Смаленскі «раён» разам з падраёнамі Смаленскім, Бельскім, Духаўшчынскім, Парэцкім, (Дзямідаўскім), Дарагабускім, Ельнінскім, Красінскім і Рослаўскім; «раён» Гомельскі з падраёнамі Сураскім, Мглінскім, Старадубскім; «раён» Віцебскі з падраёнамі Вяліскім, Невельскім і Себежскім. Вось усе гэтыя «падраёны» свае-ж «саюзнае» Беларускае рэспублікі Масква пазьней забрала й далучыла да Расейскае РФСР”. („Запісы”, кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 75-76)
А. Багровіч заўважае, што, „нягледзячы на шматлікія гістарычныя, этнаграфічныя й лінгвістычныя пацьверджаньні расейскіх навукоўцаў у беларускасьці гэтых прастораў, асабліва паводля мовы, і наўсуперак факту, што тэрытарыяльная маса жыхарства гэтых прастораў і сяньня гавора пабеларуску, у часе ўсіх расейскіх перапісаў – 1897, 1926, 1939 і 1959 гадоў – жыхары гэтых тэрыторыяў і расейскімі царскімі, і расейскімі савецкімі перапішчыкамі былі заўсёды й пагалоўна запісваныя ў Расейцы ня толькі паводля нацыянальнасьці, але й паводля мовы”. (Тамсама, с. 76)
3.
Маскоўская дыялекталягічная камісія, якая правяла сыстэматычную апрацоўку беларуска-расейскага моўнага памежжа, на жаль, не зрабіла падобных досьледаў на беларуска-ўкраінскай мяжы. Але, тым ня менш, у сьвятле вынікаў працы Камісіі стала ясным, што абодва ранейшыя дасьледнікі – і Рыттых, і Карскі – у этнаграфічныя межы Беларусі ўключалі толькі чыстыя беларускія гаворкі, пакідаючы навонкі ўсе прасторы, мова якіх здраджвала нейкія паважнейшыя элемэнты мовы суседняй. Пры тым яны, рыхтуючы свае карты, зусім ня бралі пад увагу этнаграфічных, гістарычных ды іншых, ня моўных, але важных фактаў. У выніку гэтага Браншчына, Пскоўшчына ды частка Палесься апынуліся па-за этнаграфічнымі межамі Беларусі – піша М. Агнявіда на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына”. Калі рэч ідзе пра Заходняе Палесьсе, дык гэтую памылку заўважылі дзеячы БНР і выправілі яе на Этнаграфічнай Карце Беларускай Народай Рэспублікі, выдадзенай у 1919 годзе.
У ацэнцы М. Агнявіды, толькі на заходнім адрэзку паўдзённай мяжы з Украінай, мяжа Беларусі супадае прыблізна з этнаграфічнай мяжою.
Іншы беларсукі эміграцыйны дасьледнік Рыгор Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с.18-24) заўважае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што пры вызначэньні паўдзённай мяжы расьсяленьня беларускага народу, пачынаючы ад картаў Рыттыха з 1875 году ды Карскага з 1904 і 1918 гадоў, розныя аўтары падаюць па-рознаму этнаграфічную мяжу, абапіраючы яе не на этнаграфічныя, а толькі на моўныя зьявы. Мова, несумненна, важны паказьнік, але, як вынікае з працы Маскоўскае дыялекталягічнае камісіі (Н. Н. Дурнаво, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комисии, ч. V, Москва 1915), на беларуска-ўкраінскім ды на беларуска-расейскім памежжах няма рэзкай моўнай мяжы, а толькі выступае шырокая паласа пераходных гаворак. І таму пры вызначэньні мяжы паміж народамі, апрача моўных рысаў, трэба браць пад увагу яшчэ гістарычныя, антрапалягічныя ды этнаграфічныя фактары – адзначае Р. Максімовіч (Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 18).
Паўдзённая этнаграфічная мяжа была распрацаваная вядомым польскім этнографам Казімежам Машыньскім (Atlas kultury ludowej w Polsce). Вызначаную сабою этнаграфічную мяжу К. Машыньскі ўважаў за праяву даўнейшай геаграфічнай мяжы. „Гэта, на ягоны погляд, меў быць этнографічнымі зьявамі выяўлены сьлед паўдзённа-заходняга берагу тых вялізарных пушчаў і бароў, якія некалі пакрывалі паўночна-ўсходнюю частку эўрапейскага кантынэнту”. Р. Максімовіч, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 20) Усе этнаграфічныя разьмежаваньні на карце К. Машыньскага праходзяць на поўдзень ад Прыпяці. Калі правесьці сярэднюю геамэтрычную лінію, дык акажацца, што мусіла б яна пайсьці прыблізна на паўдзённай мяжы Палесься з Валыняй, якая адначасова зьяўляецца лініяй старой гістарычнай мяжы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, як і сучаснай дзяржаўнай мяжы паміж Беларусяй ды Ўкраінай. (Тамсама, с. 22) Пацьвярджэньнем гэтай выразнай этнаграфічнай беларуска-ўкраінскай мяжы зьяўляецца таксама спосаб пабудовы вёсак на Палесьсі ды палескія народныя ўзоры, як і іншыя мясцовыя этнаграфічныя асаблівасьці, адменныя ад украінксіх і аднолькавыя зь беларускімі. (Тамсама, с. 23)
4.
Некаторыя ўкраінскія замежныя згуртаваньні прэтэндуюць да беларускіх паўдзённых земляў – піша на старонках газэты „Беларуская Думка” інж. І. Касяк (Украінскія прэтэнсыі да Беларусі, у: „Беларуская Думка”, № 34, Нью-Ёрк – Саўт-Рывэр1989, с. 32-37). І так, у кнізе Ukrainian Resistance, апублікаванай Украінскім Кангрэсавым камітэтам Амэрыкі ў Нью-Ёрку ў 1949 годзе, зьмешчаная мапа Ўкраіны з подпісам Р. В. Гальвін, дзе прыблізна палова сучаснай Берасьцейскай вобласьці з гарадамі Берасьце й Пінск, а таксама паўдзённа-ўсходняя й паўдзённа-заходняя часткі сучаснай Гомельскай вобласьці з гарадамі Старадуб і Тураў далучаныя да Ўкраіны (Тамсама, с. 32). Падобная частка тэрыторыі Беларусі была далучаная да Ўкраіны таксама на ранейшай мапе за 1930 год, выкананай В. Кубіёвычам і М. Кулыцкім на ангельскай мове, якая была зьмешчаная ў 2 томе энцыкляпэдыі Ukraine – A Concise Encyclopedia, выдадзенай у Таронце ў 1971 годзе. У І томе гэтай энцыкляпэдыі з 1963 году зьмешчаная мапа Райхкамісарыяту Ўкраіны з 1942 году, на якой Берасьце й Гомель далучаныя да Райхкамісарыяту Ўкраіны (тамсама, с. 33).
Таксама ў гэтым томе зьмешчаная мапа пасяленьня ўкраінскага насельніцтва, зь якой вынікае, што ў паўдзённай палове Берасьцейскай вобласьці амаль 100% насельніцтва гэта ўкраінцы. Абшары навокал Мазыра азначаныя па 75, 90 і 100% украінскага насельніцтва. Пры гэтым не падаюцца ніякія крыніцы, на аснове якіх паказаныя такія працэнты ўкраінскага насельніцтва (тамсама, с. 32) – адзначае аўтар публікацыі. Інж. І. Касяк, абапіраючыся на розныя перапісы насельніцтва, прыводзіць лічбовыя даныя пра нацыянальнасьць жыхароў Гомельшчыны й Берасьцейшчыны, зь якіх вынікае, што ўкраінцы ня маюць ніякіх этнаграфічных асноваў у сучаснасьці дамагацца далучэння да Ўкраіны вялікіх частак Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей.
У публікацыі Белорусская Советская Социалистическая Республика, выдадзенай у Менску ў 1927 г., пададзена, што ў Гомельскім павеце ў 1897 г. жыло 74,1% беларусаў, 14,4% жыдоў, 10,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1% палякаў. У 1917 годзе сярод вясковага насельніцтва было 94,6% беларусаў, 1% жыдоў, 1,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1,8% палякаў. У 1923 г. сярод гарадзкога насельніцтва прапорцыі былі наступныя: 44,6% складалі беларусы, 42,1% жыды, 10,3% вялікарусы й украінцы ды 1,8% палякі.
Берасьцейшчына ў гэтым часе была ў межах Польскае дзяржавы. Як падае Галоўная статыстычная ўстанова РП ў публікацыі Drugi powszechny spis ludności z dn. 9.XІІ.1931 r., województwo poleskie (Варшава 1938), абапіраючыся на бацькоўскую мову, польскай мовай карысталася 164 106 жыхароў, украінскай – 54 047, беларускай – 75 338, расейскай – 16 198, тутэйшай – 707 088, жыдоўскай – 96 514 і гэбрайскай – 16 452 жыхары. Аўтар артыкулу, зьмешчанага на старонках „Беларускай Думкі”, уважае, што тутэйшыя – гэта беларусы, і таму беларусаў трэба лічыць разам 782 426 асобаў. З гэтых дадзеных вынікае, што колькасьць украінскага насельніцтва да беларускага складала: у Гомельскай вобласьці – 8%, а ў Берасьцейскай – 6,9%.
Інж. І. Касяк спасылаецца таксама на пазьнейшыя перапісы насельніцтва. І так, у публікацыі Итоги всесоюзной переписи населения 1959 года. Белорусская СССР (Москва 1963) паведамляецца, што ў Гомельскай вобласьці жыло 1 361 841 чалавек: беларусаў было 1 181 096, расейцаў – 89 720, жыдоў – 45 007, украінцаў – 33 317 і палякаў – 7 172 асобы. У Берасьцейскай акрузе жыло 1 190 729 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 024 618, расейцаў – 87 920, палякаў – 42 085, украінцаў – 25 649, жыдоў – 6 012 і татараў – 707 асоб. Паводле гэтага перапісу, колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў адносінах да беларускага складаюць: у Берасьцейскай акрузе – 2,5%, а ў Гомельскай – 2,82%.
Падобныя лічбы паяўляюцца і ў публікацыі Итоги переписи населения 1970 года (том ІV, Москва 1973). Колькасьць людзей Гомельшчыны – 1 533 304 асобы, у тым ліку: 1 294 046 беларусаў, 137 410 расейцаў, 46 483 украінцаў, 43 312 жыдоў і 4 841 палякаў. Колькасьць жыхароў Берасьцейшчыны – 1 294 550 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 114 706, расейцаў – 106 047, палякаў – 32 491, украінцаў – 31 626, жыдоў – 5015 і татараў – 847 асоб. Згодга з гэтым перапісам, колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў стасунку да беларускага складалі: на Берасьцейшчыне – 2,84%, а на Гомельшчыне – 3,59%.
5.
На старонках часопіса Інстытуту навукі й мастацтва „Запісы”Андрэй Багровіч піша пра беларуска-польскае памежжа. У публікацыі пад назовам Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году Андрэй Багровіч адзначае, што ў межах Польшчы знаходзіцца Беласток зь Беласточчынай і беларускае Падляшша, дзе існуе шмат пачатковых школаў зь беларускаю моваю, як прадметам, сярэднія школы, а таксама гурткі беларускае культурна-асьветнае арганізацыі ды каля ста праваслаўных прыходаў. (у:„Запісы”, кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 76)
У свю чаргу Віктар Сянькевіч заняўся пытаньнем польскае нацыянальнае мяншыні ў Беларусі (Да пытаньня польскае мяншыні на Беларусі, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 76-84). Абапіраецца ён у сваёй публікацыі на дасьледаваньні, праведзеныя ў Савецкім Саюзе. У гадох 1952-1953 Інстытут этнаграфіі АН СССР правёў антрапалягічныя дасьледаваньні ў Прыбалтыцы. Досьледы пачаліся ў вёсках беларуска-летувіскага памежжа. Вынікала зь іх, што насельніцтва валодае трыма мовамі: беларускай, расейскай і польскай. Бальшыня апытаных залічыла сябае да палякаў, хаця дома размаўляюць „папросту”, гэта значыць на беларускай гаворцы. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што падставай гэтага сталася атаесамліваньне нацыянальнасьці зь веравызнаньнем. Бальшыня насельніцтва абсьледаванай тэрыторі – гэта каталікі. (Тамсама, с. 77, за: М. В. Витов, К. Ю. Марк, Н. Н. Чебоксаров, Этническая антропология Восточной Прибалтики. Труды Прибалтийксой Об’единеной комплекной экспедиции, кн. 2, Москва 1959, с. 10) „Калі Беларусь уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай, рэлігія ў беларусаў адыйгрывала вызначальную этнадыфэрэнцыюючую ролю. А рэлігійнае самавызначэньне атаесамлівалася з этнічным: каталікі называлі сябе палякамі, праваслаўныя – беларусамі ці рускімі. Сьляды гэтага захаваліся й па сёньняшні дзень. (...) Паказальна, што толькі 16,7% палякоў назвалі роднай мовай польскую”. (Тамсама, с. 78, за: Э. Р. Сабаленка, Сучасная этнічная сітуацыя ў Беларусі, у: Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук, № 3, Мінск 1976, с. 107)
На старонках беларускага эміграцыйнага друку вялікае значэньне ўдзялялася пытаньням беларуска-летувіскае мяжы.
Увагі заслугоўвае публікацыя Андрэя Багровіча Факты й праўда (у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 252-256). Беларускі эміграцыйны дасьледнік зьмясьціў крытычныя заўвагі пра кнігу Бронюса Квікліса Musu Lietuva (Нашая Летува) (Musu Lietuva. Krašto vietoviu istoriniai, geografiniaі, etnografiniai bruožai. I tomas. Paruoše Broniu Kviklys. Lietuviu Enciklopedios Leidykla. Boston 1964, 752 s), у якой аўтар – па словах Багровіча – падае «гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя нарысы» важнейшых мясцовасьцяў тэрыторыі не міжваеннае Летувы, ані сёньняшняе, але Летувы ў куды шырэйшых, ім самым зарысаваных, межах. (А. Багровіч, Факты й праўда, у: ,,Запісы”, кн. 4, Мюнхэн 1966, с. 252) Паводле Квікліса, мяжа будучае Летувы, адбудаваная ў этнаграфічных межах, магла б дасягнуць 105 тысяч квадратных кілямэтраў (міжваенная Летува мела прастору напалову меншую – 56 670 квадратных кілямэтраў). Ад беларускага боку – ва ўяўленьні Квікліса – мяжа павінна йсьці прыблізна праз Друю, Браслаў, Паставы, Маладэчна, Валожын, Мікалаеўшчыну, Індуру, Аўгустова. Далей аўтар зазначае, што да гэтай тэрыторыі не залічае ён цэлага шэрагу іншых летувіскіх земляў, да якіх Летува, маўляў, мае гістарычныя правы: абеларушчаныя Дзісенскі й Вялейскі паветы, ды землі Слонімшчыны й Наваградчыны. (Тамсама, с. 253)
З кнігі Б. Квікліса вынікае, што да прасторы Летувы залічае ён беларускія землі паветаў: Віленскага, Троцкага, Вялейскага, Маладэчанскага, Ашмянскага, Валожынскага, Лідзкага, Шчучынскага, Гарадзенскага, Браслаўскага й Сьвяньцянскага. Квікліс зыходзіць з свайго погляду, што беларусы каталікі – гэта летувісы, якія толькі гавораць па-беларуску, бо абеларушчыліся.
Насельніцтва беларуска-летувіскага памежжа полілінгвальнае – заўважае Г. Грынавецкене, пішучы пра некаторыя зьявы кантактаваньня летувіскіх і славянскіх гаворак. „Прыкладам жыхары паўдзённа-заходніх ваколіцаў лятувіскае сталіцы (паўдзённа-ўсходняя частка Віленскага раёну, усходняя частка Троцкага, Эйшышскі раён) у васноўным гавораць пабеларуску (або, як яны самі выказваюцца, „папросту”) і папольску; ведаюць расейскую мову; зрэдку старыя, у веку ад 70 да 80 і больш гадоў, гавораць палятувіску; слаба гавораць таксама палятувіску дзеці школьнага веку. (...) На дасьледаванай тэрыторыі ў бальшыні выпадкаў у хатнім ужытку й таварысьцьве людзі гавораць пабеларуску („папросту”), асабліва сярэдняе пакаленьне й моладзь, хоць уважаюць сябе за палякоў”. (Віктар Сянькевіч, Да пытаньня польскае мяншыні на Беларусі, у: „Запісы”, № 14, Нью-Ёрк 1976, с. 79)
6.
Шматлікія праблемы выкліканыя неразрозьніваньнем паняцьцяў ліцьвіны й летувісы – заўважае Чулы Назіральнік. „Калі згадзіцца зь летувіскім прадстаўленьнем гісторыі, г. зн. з тым, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам летувіскім – піша Чулы Назіральнік – дык ня было-ж такога часу, каб да яго належалі беларускія землі толькі ў граніцах, з большага кажучы, ад Еўя да Маладэчна. Нат у найгоршую пару гістарычнай Літвы, у пару ўпадку гэтага гаспадарства, бо у граніцах 1772 г., у склад ягоны ўходзілі ў поўных сваіх межах Віленшчына, Горадзеншчына й Меншчына (абедзьве з Палесьсем, ведама), Полаччына зь Віцебшчынай і Магілеўшчына. А ў пару нармальную для Вялікага Княства Літоўскага ў яго ўходзілі яшчэ Смаленшчына, Севершчына й некаторыя іншыя землі”. (Пра летувіскія водгукі, у: „Бацькаўшчыны”, 23 лютага 1949, с. 2)
Над прычынай летувіскіх прэтэнзіяў на беларускія землі працягвае задумоўвацца Licwin-Hudas-Krews, які прыходзіць да высновы, што, як і ў іншых ліхіх выпадках, памог ім у гэтым „старшы брат” – маскаль. „Паняволіўшы Беларусь, маскалём вельмі нявыгадна было, каб беларусы зваліся ліцьвінамі, гэтым другім, пасьля крывічоў, сваім нацыянальным назовам, бо гэта значыла-б заўсёды прыпамінаць нашаму народу, што ягоныя продкі вялі блізу бязупынныя войны з Масквою. Дзеля таго маскалі накідаюць нашаму народу назоў «беларусы», а назоў «Літва», «ліцьвіны» тарнуюць да летувісаў; адначасна ў сваёй агітацыйна-палітычнай літаратуры пашыраюць пагляд, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам летувіскім, чужым нашым прадзедам, што быццам былі адарваны ад Масквы. Па якімсь часе летувіскі адраджэнскі рух ухапіўся за гэтую канцэпцыю, а ўперад гэты рух зваўся «жамойцкім»”. (Мы і нашыя суседзі, у: „Бацькаўшчына”, № 50, с. 3)
Licwin-Hudas-Krews паклікаецца на працы ранейшых вучоных і прыводзіць выказваньне польскага прафэсара Брукнэра, які, разглядаючы польскі пераклад беларускага рукапісу, зробленага ў Замосьці, у канцы зазначае: „Кажу ўсё «літоўскі», але гэта знача «беларускі», бо у XVI ст. нікому пра Літву ў цяперашнім значэньні гэтага слова ані сьнілася.” Маскоўскі просты народ, гэтак жа як і ўкраінскі, беларусаў звычайна называлі ліцьвінамі. Характэрныя на гэта ёсьць прыклады ў слоўніку Даля: „Как не закайвайся літвін, а дзекнет. Только мёртвый літвін не дзекнет.”
Таксама й дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была мова беларуская. Кодэкс правоў ВКЛ, Літоўскі Статут, быў ня толькі беларускім па сваёй мове, але й па паходжаньні зьмешчаных у ім правоў, як, дапусьцім, звычаёвае права копных судоў. З правоў, пісаных яшчэ раней, увайшлі ў Статут некаторыя правы з канстытуцыяў асобных беларускіх земляў – Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, як напр. пункты пра асабістую незачэпнасьць. Раней папалі яны ў Прывілей Вялікага князя Казімера 1457 году, а адтуль – у Статут Літоўскі.
У сувязі з панаваньнем у ВКЛ беларускай мовы назіраўся факт пашырэньня яе таксама на жамойцка-аўкштоцкую шляхту, якая собскую мову ўважала за простую, мужыцкую і, пішучы свае хронікі, карысталася беларускай мовай, уважаючы яе за мову вышэйшую, як гэта бывае ў нацыянальна-асыміляваных людзей.
Licwin-Hudas-Krews заўважае, што нельга гаварыць аб праве летувісаў да Менску ці да Берасьця толькі таму, што яны называліся Менскам Літоўскім і Берасьцем Літоўскім. Прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі назоваў балцкага паходжаньня таксама ня сьведчыць аб яе летувіскім характары. Таму што гэтакія назовы нармальныя ў балцка-славянскага народу, якім зьяўляюцца беларусы.
7.
Закранаючы пытаньне навейшае гісторыі, Чулы Назіральнік адзначае ў публікацыі пад назовам Пра летувіскія водгукі, зьмешчанай на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” за 1949 год, што ў 1920-х гадох увогуле не было ніякае мяжы паміж беларускім і летувіскім народамі.
„Была толькі у 1920 г. умова летувісаў із расейскімі камуністымі пра граніцу. Гэная ўмова ніколі ня была ажыцьцёўлена, а ў восень 1939 г. яна была зьліквідавана прылучэньнем Вільні да савецкай Беларусі, а крышку пазьней у тую-ж восень новай савецка-летувіскай умоваю, паводле якой да Летувы адыходзіла прастора да Меднікаў, значыцца роўна на 100 км. меней. Але гэта ўступала Масква ня дзеля якіх аб’ектыўных даных, але, наадварот, уступаючы гэтую беларускую зямлю, Молатаў заявіў, што Вільня ня летувіская, але аддаюць яе дзеля летувіскіх „чаяній”. Молатаў толькі не дадаў, што Масква йдзе насустрач летувіскім „чаяніям” на не летувіскую й не расейскую Вільню, каб гладзей здаволіць свае „чаянія” на Летуву, што й сталася 15 чэрвеня 1940 г.” (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 23 лютага 1949, с. 2)
Мюнхэнскі тыднёвік „Бацькаўшчына”, палемізуючы зь летувіскай газэтай „Tevikas Xiburiai” (№ 117, 30.03.1952), што выдавалася ў Канадзе, заўважае, што беларусы ніколі не прызнаюць летувіска-беларускай мяжы з 1920 году паводле дагавору, падпісанага ў Маскве савецкімі рэспублікамі. Летувісам павінна быць ясна, што беларускі народ не прызнае ніякіх умоваў, падпісаных савецкім урадам і ягонымі партнэрамі, маючых на мэце зьліквідаваньне волі беларускага народу, выказанай 25 сакавіка 1918 году да незалежнага жыцьця ў сваіх этнаграфічных межах. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваёй Устаўной грамаце прызнала неабавязваючымі ўсе ўмовы, падпісаныя царскай Расеяй, як і тыя, якія падпісаныя чырвонай Масквой бяз згоды беларускага народу.
Падсумоўваючы разважаньні пра этнаграфічныя межы Беларусі, Рыгор Максімовіч заканчвае іх словамі Пятра Бяссонава з 1871 году: „Гэтак Белая Русь абняла, злучыла й аб’яднала, азначыла й абасобіла сваю зямлю, цэлы й абшырны Край, ад Дзьвіны да Нёману й у паміжлежным пабярэжжы, ад граніцаў польскіх у Каралеўстве й пад Каронай да Пскоўскіх, Наўгародзкіх, Смаленскіх, дзе ўрэзалася ў Вялікую Русь пад самы Мажайск, на поўдзень-жа яшчэ далей па цёку рэк, асабліва Дняпра, праз Валынь і Чарнігаўшчыну, зьліваючыся паступовымі пералівамі з Малою Русяй”. (Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 24)
Іншы беларускі эміграцыйны дасьледнік М. Агнявіда ў публікацыі пад назовам Этнаграфічны прастор Беларусі прыводзіць прыблізныя лікі, датычныя паверхні сёньняшняй Беларусі, Беларускай Народнай Рэспублікі ды Беларусі этнаграфічнай. І так:
БССР (сёньня РБ) - 208 000 кв.км
БНР - 320 000 кв.км
Беларусь этнаграфічная - 480 000 кв.км.
(М. Агнявіда, Этнаграфічны прастор Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, № 26 (412), Мюнхэн, 13 ліпеня 1958 с. 3)
Ніна Баршчэўская