1.
„Беларус” – беларускамоўная штомесячная газэта выдаецца зь верасьня 1950 году ў Нью-Ёрку Беларуска-Амэрыканскім задзіночаньнем. Друкуе матэрыялы з жыцьця беларускае эміграцыі, аналітычныя публікацыі пра сытуацыю ў Беларусі, нарысы па беларускай гісторыі, творы беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў, успаміны. З газэтай супрацоўнічалі такія дзеячы эміграцыі, як: Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева, Уладзімер Глыбінны, Яніна Каханоўская, Францішак Кушаль, Аляксандра Саковіч. Шмат увагі газэта адводзіць пытаньням беларускае мовы, суадносінам паміж мовай і нацыянальнай сьвядомасьцю ды ролі нацыянальнае мовы ў Царкве. Да найбольш актыўных аўтараў па гэтых пытаньнях належаць: Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Станіслаў Станкевіч. Газэта распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі.
Газэта „Беларус” шмат увагі адводзіць пытаньню русыфікацыі беларускае мовы. Дзівасіл (псэўданім Станіслава Станкевіча) піша, што ў Беларусі ў савецкі час не было афіцыйнае забароны ўжываньня альбо абмежаваньня беларускае мовы, аднак гэтая свабода карыстацца роднай мовай у грамадзкім і культурным жыцьці „практычна цалкам падмененая строгім партыйным рэглямантаваньнем на карысьць расейскае мовы й ейнага ўпрывілеяваньня за кошт беларускае мовы”. (Дзівасіл, „Савецкая мова” – падарак Масквы на ўгодкі СССР, у: „Беларус”, № 182, Нью-Ёрк, чэрвень 1972, с. 1)
У якасьці прыкладу гэтага рэглямантаваньня Дзівасіл прыводзіць: адсутнасьць дазволу на выхад спэцыяльных і галіновых часопісаў, выдавецкую палітыку, калі з усяе кніжнае прадукцыі ў БССР на беларускую мову прыпадала 20% кніг, а на расейскую – 80%, перавод на расейскую мову амаль усіх тэатраў, перавод навучаньня ў школах і вышэйшых навучальных установах на расейскую мову – на беларускай мове працавалі толькі вясковыя школы ды катэдры беларусістыкі ў ВНУ, выхад бальшыні падручнікаў у расейскай мове, перавод на расейскую мову цэлага справаводзтва. Гэта ўсё стварала й стварае надалей аб’ектыўныя абставіны для пераўтварэньня расейскае мовы ў адзіную дзяржаўную мову на Беларусі. (Тамсама)
Меркаваньнем Станіслава Станкевіча, бальшавікі ўлічылі вынятковую ролю роднае мовы ў захаваньні і ўмацаваньні нацыянальнай патэнцыі беларускага народу й таму павялі сыстэматычную й плянавую працу супраць беларускай нацыянальнай культуры ў пачатку 30-х гадоў XX стагодзьдзя. Уступам да гэгай кампаніі была напісаная на загад Крамля праца С. Вальфсона Мовазнаўства, што была адным з разьдзелаў выдадзенай у 1933 годзе пагромнай кнігі Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі. У гэтай працы пастаўленыя абвінавачаньні беларускім мовазнаўцам і пісьменьнікам, простым вынікам якіх быў выдадзены 26 жніўня 1933 году дэкрэт Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу. „Але гэтая ўрадавая „рэформа” беларускае мовы датычыла ня толькі правапісу, але таксама ў няменшай меры й нарматыўнай граматыкі беларускай мовы – ейнай фанэтыкі й марфалёгіі. Рэформа выкідала зь беларускай мовы каля 30-ёх тыпова беларускіх асаблівасьцяў і мэханічна замяняла іх асаблівасьцямі чыста расейскімі, чужымі й дагэтуль няведамымі беларускай мове.” (30 год русыфікацыі беларускае мовы, у: „Беларус”, № 82, Нью-Ёрк, студзень 1964, с. 6)
Зьмененыя прынцыпы правапісу прычыняюцца да скажэньня беларускага вымаўленьня – адзначае Рыгор Крушына (псэўданім Рыгора Казака) у публікацыі Зьнявечаная мова. „Колькі разоў пісалася ў беларускім цэнтральным друку пра тое, што ў дзяржаўных тэатрах і на радыё акторы й дыктары вымаўляюць словы няправільна, не пабеларуску, зусім цьвёрда. Напрыклад: свет, снег, змена, з’ява, з’езд. Чым-жа тлумачыцца гэткае вымаўленьне? Прычына хаваецца ў тым, што новы правапіс адхіліўся ад прынцыпу беларускай фанэтыкі і пабудаваны на ўзор расейскага. А ўжо калі гэтак пішаца бязь мяккага знаку пасьля зычнай перад мяккай галоснай, дык і вымаўляецца інакш, не пабеларуску.” ( Рыгор Крушына (псэўданім Рыгора Казака), Зьнявечаная мова, у: „Беларус”, № 197, Нью-Ёрк, верасень 1973, с. 1)
Станіслаў Станкевіч адзначае, што ўрадавы дэкрэт 1933 году ажыцьцяўляўся пад ціскам жорсткага палітычнага змаганьня. „Гістарычнае значаньне гэтага дэкрэту ў тым, што ён паклаў пачатак далейшай моўнай дэбеларусізацыі, якая ў наступных пэрыядах набывала самыя розныя формы, але ўсьцяж прагрэсавала й была ськіраваная да адзінае мэты, – поўнае русыфікацыі беларускае мовы.” (Ст. Станкевіч, На 40-я ўгодкоі дэбеларусізацыі, у: „Беларус”, № 196, Нью-Ёрк, жнівень 1973, с. 1)
2.
Раман Шарупіч піша на старонках газэты „Беларус”, што асноўныя прычыны далучэньня беларусаў да расейскае мовы – палітычныя. Двухмоўе небясьпечнае для беларускага народу, таму што ад яго вельмі просты шлях да адзінамоўя, але ўжо расейскага, як аднаго з фактараў фармаваньня новай людзкой супольнасьці – савецкага народу. „Зусім заканамерна, што ступень замены беларускай мовы расейскай мовай у публічным, школьным і культурным жыцьці Беларусі цягне за сабой і ступень пераходу беларускага жыхарства на расейскую мову, як родную, а таксама й ступень свабоднага паслугоўваньня расейскай мовай, як другой пасьля сваёй роднай. І гэта ня ў выніку нармальнага й свабоднага этналінгвістычнага працэсу, а ў моц партыйнае палітыкі.” (Раман Шарупіч, Моўная русыфікацыя прагрэсуе, у: „Беларус”, № 213, Нью-Ёрк, студзень 1975, с. 1)
Аднак русыфікатарская палітыка выклікае супраціў сярод беларускае інтэлігенцыі. Штораз мацнейшая любоў да роднае мовы ды абарона ўсякімі даступнымі сродкамі ейных прыродных правоў на жыцьцё – гэта найлепшая зарука несьмяротнасьці беларускае мовы – адзначае аўтар публікацыі Дзівасіл („Савецкая мова” – падарак Масквы на ўгодкі СССР, у: „Беларус”, № 182, Нью-Ёрк, чэрвень 1972, с. 1). Змаганьне за роднае слова вядуць беларускія пісьменьнікі розных пакаленьняў. Гэта сьведчыць, што – як казаў калісьці Максім Багдановіч – „жывая яшчэ душа ў народзе гэтым”. („...каб ня ўмерлі”, у: „Беларус”, № 152, Нью-Ёрк, сьнежань 1969, с. 2)
Станіслаў Крушыніч у артыкуле У змаганьні за беларускую кнігу (у: „Беларус”, № 115, Нью-Ёрк, лістапад 1966, с. 2-3) паказвае, якое ўпорыстае й цяжкае змаганьне за доступ беларускае кнігі да беларускага чытача вядзе беларуская нацыянальная інтэлігенцыя. І, хаця сілы ў гэтым змаганьні няроўныя, тым ня менш, хоць бы дзеля вока, урад у некаторых выпадках змушаны ісьці на частковыя саступкі. (Тамсама, с. 3)
Станіслаў Станкевіч піша пра існаваньне ў Беларусі двух варыянтаў беларускае мовы. Мова мастацкай літаратуры значна адрозьніваецца ад мовы навуковай, тэхнічнай, палітычнай, а перадусім мовы пэрыядычнага друку. Яна, хаця таксама не пазбаўленая русыцызмаў, аднак значна чысьцейшая. У пісьменьніцкім асяродзьдзі нават зьявіўся асобны тэрмін дзеля акрэсьленьня мовы немастацкае літаратуры – газэтная мова. „Гэтая газэтная мова, апрача вялікага мноства ў ёй слоўных запазычаньняў з расейскае мовы, свой сынтаксычны, стылёвы й фразэалягічны склад сьлепа калькуе з расейскае мовы. Гэтае калькаваньне асабліва выразнае ў тых газэтных артыкулах і матарыялах, што ў рэдакцыях перакладаюцца з расейскае мовы на беларускую.” (С. Станкевіч, Два варыанты беларускае мовы, у: „Беларус”, № 87, Нью-Ёрк, чэрвень 1964, с. 6 )
С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на падзел у пісьменьніцкім асяродзьдзі. Міхась Стральцоў, дзеля прыкладу, прапанаваў адысьці ад „дарэвалюцыйнае” беларускае мовы, якой пісалі пра вёску, і пачаць апісваць гарадзкое жыцьцё той моваю, якою гаворыць горад, значыць расейска-беларускім жаргонам – заўважае С. Станкевіч. Аднак абаронцаў чысьціні беларускае мовы сярод пісьменьнікаў значна больш. Аляксей Кулакоўскі, у адказ М. Стральцову, напісаў: „Не, не падымацца нам трэба над беларускаю народнаю моваю, а наадварот – усё глыбей і глыбей апускацца ў яе нетры, усё сьмялей і стараньней вывучаць і выкарустоўваць яе нявычарпальныя багацьці. Вядома, было-б няправільна, каб мы не заўважылі тых новых словаў, якія прыходзяць у беларускую літаратурную мову ў сувязі зь вялікім грамадзкім і тэхнічным прагрэсам. Яны ўзбагачаюць цяпер і што далей, то ўсё больш будуць узбагачаць нашу лексыку. Але ўзбагачэньне гэтае павінна адбывацца на народным грунце, на глебе таго нацыянальнага моўнага скарбу, які створаны чалавецтвам на працягу стагодзьдзяў. Шанаваць і бараніць чысьціню й самабытнасьць нашай беларускай мовы неабходна яшчэ й таму, што цяпер ужо й так наглядаецца некаторы адрыў літаратурнай мовы ад народнай. Асабліва гэтым вызначаецца мова нашых беларускіх газэт і радыя.” (Тамсама)
„Беларус” паклікаецца на выказваньне Рыгора Барадуліна пра страту гнуткасьці беларускай мовай. (Мова: страта гнуткасьці, у: „Беларус”, № 338, Нью-Ёрк, жнівень 1987, с. 3 ) Рыгор Барадулі напісаў: „Мова, якая сталася літаратурнай, паступова й незаўважна нівэлюецца, калі яна ня жывіцца народнай лексыкай, народнымі крыніцамі словатварэньня. Расейская мова пад уплывам газэтнікаў, радыё- й тэлежурналізму, канцылярскага ліставаньня, загадаў, цыркуляраў за апошні час моцна засушылася, зьбяднела. Выручаюць хіба што абласныя выразы, дыялекты. Беларускую мову ў сваю чаргу моцна закалькавалі, страціўшы народную гнуткасьць і рухомасьць слова. Даслоўна перакладаюцца цэлыя ідыёматычныя расейскія фразы, нават пагаворкі, прымаўкі.” (Тамсама, за: Рыгор Барадулін, „Нёман”, 1987, № 2, с. 159)
3.
„Беларус” піша пра дыскусію, якая вялася на тэму роднае мовы ў 1980-х гадох на старонках „Літаратуры і Мастацвта”. (Алесь Васілеўскі, Абарона беларускае мовы ў БССР. Не пра ўсё гаворыцца, у: „Беларус”, № 333, Нью-Ёрк, студзень – сакавік 1987, с. 1)
Пісьменьнікі, настаўнікі, журналісты, студэнты й рабочыя з розных куткоў Беларусі прыводзілі жудасныя факты, якія сьведчаць пра тое, што беларуская мова апынулася ў жалю годным стане.
Алесь Васілеўскі адзначае, што ў спрэчках аб беларускай мове не было аналізу тых прычынаў, што прывялі да крызысу, асабліва ў галіне адукацыі. Толькі Пётра Садоўскі выйшаў па-за межы канстатацыі фактаў і паказаў на адну з прычынаў крызысу нацыянальнага школьніцтва ў Беларусі – Міністэрства асьветы. Іншыя вінавацілі сябе ў нацыянальным нігілізьме, у абыякавасьці да свае мовы. Аднак аўтар публікацыі заўважае, што гэта не звычайныя грамадзяне ўстанаўліваюць праграмы ў школах ды не друкуюць падручнікаў для беларускамоўных, але працаўнікі Міністэрства асьветы Беларусі. Паяўляецца аднак пытаньне, хто прывучыў міністра асьветы й падобных яму чыноўнікаў азірацца на Маскву? Хто баіцца, каб Масква не паглядзела крыва на адраджэньне беларускамоўных школаў у Беларусі?
А. Васілеўскі піша, што вінаватых у трагічным стане беларускай мовы ў Беларусі поўна: гэта і настаўнікі, што гавораць да дзяцей беларускамоўных школаў па-расейску, і бацькі, што «вызваляюць» сваіх дзетак ад лекцыяў «непатрэбнае» мовы, і тое ж Міністэрства асьветы. Аўтар задумоўваецца, адкуль узялася гэтая абыякавасьць, ці вінаваты ў гэтым нацыянальны характар, ці можа нешта іншае? Параўноўвае сытуацыю роднае мовы ў прыбалтыйскіх рэспубліках, дзе выкладаецца яна ад дзіцячага садка, ды ў прымусовым парадку, і нават не паяўляецца пытаньне, каб не навучаць нацыянальнай мове. Аўтар публікацыі вінаваціць у боязі беларусаў змагацца за сваё нацыянальнае, у тым ліку й за родную мову, сталінскі тэрор 1930-х гадоў. Людзі баяцца абвінавачаньня ў беларускім нацыяналізьме, што, дарэчы, здаралася й цяпер, калі на пэдсаветах тым настаўнікам і вучням, якія адважыліся размаўляць па-беларуску, прыклейвалі кляймо нацыяналістых.
Апрача гэтага, ня зьнік яшчэ зь Беларусі й расейскі вялікадзяржаўніцкі шавінізм, які адчуваюць на сабе беларусы ды прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў.
Каб павярнуць беларускую культуру ў лона нацыянальнага, патрэбнае адпаведнае заканадаўства, у якім чорным па белым мусіць быць напісана, што беларуская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай, што інтарэсы мовы бароніць закон, і калі нехта гэты закон парушыць, згодна зь ім будзе й прыцягнуты да адказнасьці.
У адрачэньні ад роднае мовы Янка Запруднік бачыць комплекс ніжэйшасьці беларусаў. (Янка Запруднік, Мова і ўлада, у: „Беларус”, № 334, Нью-Ёрк, красавік 1987, с. 17) „Пагляд на беларускую мову як на мову другарадную, менш прыгодную для ўжытку ў розных сфэрах жыцьця, – гэта вынік і эканамічнае рэальнасьці, і культурнае палітыкі, і імпэрскага характару савецкае фэдэрацыі”. (Тамсама)
Аўтар параўнаў моўную сытуацыю ў Савецкім Саюзе да моўнай сытуацыі ў царскай Расеі, калі прыстасаваньне да пануючай культуры лічылася сродкам выяўленьня ляяльнасьці, а ляяльнасьць палітычная вымагае ляяльнасьці моўнай. Дзьвюхмоўе, калі не рэгулюецца заканадаўствам, мае тэндэнцыю рэдукавацца да аднамоўя, і таму беларуска-расейскі білінгвізм выраджаецца ў расейскі моналінгвізм. Гэта спрыяе расейскаму імпэрыялізму, таму што „ўсякі імпэрыялізм тым мацнейшы чым меншлінгвістычны. Нерасейскія мовы перашкаджаюць расейскай культуры і палітычнай экспаньсіі.” (Тамсама)
Атаесамліваньне мовы з уладай прыводзіць да таго, што беларусы пакідаюць беларускую мову як непатрэбную, як перашкоду ў кар’еры, шуканьні лягчэйшага жыцьця. Янка Запруднік зьвярнуў увагу на патрэбу вывучэньня псыхалягічнага, культурнага й сацыяльнага аспэктаў гэтае зьявы. У курсе такога досьледу „вырабляўся-б імунітэт супраць хваробы веку – страты народам свайго набытага вякамі скарбу, нацыянальнае мовы”. (Тамсама)
4.
Усхваляваныя доляй беларускае мовы, 28 дзеячоў культуры БССР 15 сьнежня 1986 году напісалі Ліст Генэральнаму сакратару Цэнтральнага камітэту КПСС Міхаілу Гарбачову. Гэты ліст пераклала з расейскае мовы на беларускую й апублікавала нью-ёрская газэта „Беларус”. (Ліст да Гарбачова, у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 1, 8)
„Мова – душа народу, найвышэйшае выяўленьне ягонае культурнае самабытнасьці, аснова паўнавартаснага духовага існаваньня. Пакуль жыве родная мова, жыве, мае гістарычную пэрспэктыву і народ. З заняпадам мовы чэзьне, дэградуе культура, народ перастае існаваць як нацыянальны гістарычны арганізм, як бясцэнная складовая частка цывілізацыі.
Мова нашага народу прайшла доўгі й складаны шлях разьвіцьця. Былі ў яе пэрыяды і заняпаду і красаваньня. Яна мела статус дзяржаўнае мовы ў вялікай сярэднявечнай дзяржаве, горда прагучэла із старонак першае ўсходнеславянскае кнігі, дала сьвету цудоўныя ўзоры беларускае літаратуры.
А цяжкімі часінамі забаранялася ды ўсяляк прыніжалася прыгнятальнікамі – палянізатарамі й русыфікатарамі.” (Тамсама, с. 1)
Аўтары ліста прыводзяць розныя пэрыяды ў разьвіцьці беларускае мовы ў XX стагодзьдзі: беларусізацыю 20-х гадоў, рэпрэсіі ў дачыненьні да нацыянальнае інтэлігенцыі ў 30-х гадох ды разбуральны працэс, нанесены апошняй вайною. Аднак, не зважаючы на ўсё гэта, да сярэдзіны 50-х гадоў існавала шырокая сетка школаў на роднай мове. Зь сярэдзіны 50-х гадоў пачалося інтэнсіўнае ліквідаваньне беларускіх школаў у гарадох ды перавод шэрагу пэрыядычных выданьняў на расейскую мову. Беларуская мова была выціснутая амаль з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця.
Аўтары ліста заўважаюць, што за апошнія дзесяцігодзьдзі гэты працэс паглыбіўся. Пішуць пра трагічную сытуацыю беларускага школьніцтва й кнігадрукаваньня. Практычна, няма ў Беларусі таксама кінэматаграфіі ў роднай мове. З паўтара дзясяткоў тэатраў ўсяго тры беларускія. „Беларуская мова як рабочая мова і мова справаводзтва блізу ня ўжываецца ні ў партыйных, (...) ні ў дзяржаўных органах і ўстановах рэспублікі. (...) Асобаў, якія карыстаюцца роднай мовай, цірэдчас аўтаматычна залічаюць у «нацыяналісты». Дзеля гэтага навет проста пасьлядоўнае карыстаньне беларускай мовай вымагае пэўнае грамадзянскае мужнасьці.” (Тамсама, с. 8)
Дзеля ратаваньня беларускага народу ад духовага выміраньня аўтары Ліста да Гарбачова ўважаюць за неабходнае ўвесьці беларускую мову ва ўсе сфэры жыцьця, з асаблівай увагай на адукацыйную сыстэму.
Газэта „Беларус” бачыць недарэчнасьць у тым, што трэба прасіць кіраўнікоў свае краіны стварыць магчымасьці разьвіцьця роднае мовы. Ніякі цывілізаваны народ: ні немцы, ні французы, ні датчане, ні швэды, ні расейцы таксама ня мусяць прасіць сваіх уладаў дапамагчы патлумачыць грамадзтву ролю роднае мовы ў разьвіцьці нацыянальнае культуры. „А Беларусам даводзіцца дамагацца ад уладаў «свае» рэспублікі дазволу на «выхаваньне павагі да беларускай мовы нароўні з рускай», пленум дзеля гэтага трэба склікаць, пастановы прыймаць. (...) Ад партыйных уладаў, ад самазадаволеных у сваім культуртрэгерскім дагматызьме бюракратаў-русыфікатараў выпрошваецца дазвол на культываваньне найсьвяцейшага, што народ можа мець – мовы свае, свае культурнае спадчыны.” (Беларушчына й «перабудова», у: „Беларус”, № 341, Нью-Ёрк, лістапад 1987, с. 1)
Тым часам – як заўважае газэта „Беларус” (Партыя адмаўляе праблему мовы, у: „Беларус”, № 335, Нью-Ёрк, травень 1987, с. 7) – выступаючы на пленуме ЦК кампартыі Беларусі ў канцы сакавіка 1986 году новы першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў заявіў, што ў Беларусі не існуе праблемы роднае мовы, таму што беларускай мовы ніхто не забараняе, а расейская мова шырока распаўсюджаная як мова міжнацыянальных зносін. Праўда, Сакалоў заўважае, што „ў выніку свабоднага волевыяўленьня працоўных рэспублікі намецілася некаторае звужэньне прымяненьня беларускае мовы”, аднак падставаў для боязі няма, таму што партыя прызнае свабоду выбару мовы зносін, а ў Беларусі „практычна ўсё насельніцтва разумее як беларускую, так і рускую мовы”. Сакалоў паклікаецца на Ўсесаюзны перапіс насельніцтва 1979 году, згодна зь якім „амаль 80 працэнтаў жыхароў рэспублікі назвалі рускую мову сваёй роднай або другой роднай мовай”. Газэта „Беларус” адзначае, што Я. Сакалоў праблему бачыць ня ў заціску беларускай мовы, а толькі ў нараканьнях на заціск некаторых творчых і навуковых працаўнікоў.
25 студзеня 1990 году ў Менску напярэдадні сэсіі Вярхоўнага Савету БССР, на якой разглядаўся праект аб дзяржаўным статусе беларускае мовы, адбыўся масавы мітынг, арганізаваны гарадзкой Радай Таварыства Беларускае Мовы. Было прапанавана прыняць у рэзалюцыі, што „мэтанакіраванае пазбаўленьне беларускага народу ягонае мовы было парушэньнем ленінскіх прынцыпаў нацыянальнае палітыкі, злачынствам супраць чалавецтва ды што камуністычная партыя павінна ня толькі ўзяць на сябе маральную адказнасьць за гэтае злачынства, але й прынародна асудзіць такую ганебную практыку асыміляцыі й генацыду ды што ўрады СССР і БССР павінны знайсьці сродкі для адраджэньня беларускай мовы і паляпшэньня моўнай сытуацыі ў рэспубліцы, каб тым самым кампэнсаваць тыя страты, якія панёс наш народ па іхнай віне”[33].
Яшчэ годам раней газэта „Беларус” апублікавала Матар’ялы да праекту Праграмы Беларускага народнага фронту „Адраджэньне”, у якіх, дзеля прадухіленьня пераўтварэньня беларускае мовы ў мёртвую мову, БНФ прапанаваў надаць беларускай мове статус адзінай роднай мовы ды прапанаваў шляхі рэалізацыі гэтага права беларусаў на самазахаваньне. (Матар’ялы да праекту Праграмы Беларускага народнага фронту „Адраджэньне”. Мова, у: „Беларус”, № 362, Нью-Ёрк, 1989, с. 7) „Лёс мовы – гэта і лёс народу. Беларусь стала першай рэспублікай, у якой узьнікла небясьпека ператварэньня мовы жывога народу ў мёртвую мову. Паколькі мова – гэта аснова культуры народу, яго кансалідацыі, гарантыя яго існаваньня, значыць, перад пагрозай апынулася і беларуская нацыя. Гэта заканамерны і канчатковы вынік абавязковага масавага двухмоўя, вядучая роля ў якім належыць ня роднай мове. (...) Родная мова, ня маючы нармальных умоваў для разьвіцьця, паступова зьнікае, а набытая замест яе іншая мова становіцца зьбедненай і штампаванай. Вынікам моўнай палітыкі бюракратыі ў Рэспубліцы сталася паўмоўе – стан, пры якім чалавек не валодае належным чынам ніводнай з моваў і асуджаны на інтэлектуальную, культурную абмежаванасьць і грамадзянскую пасыўнасьць. Таму абарона беларускай мовы сілай дзяржаўных законаў павінна быць адной з функцыяў беларускай нацыянальнай дзяржавы."( Тамсама)
Зразумела, на старонках „Беларуса” публікаваліся прапанаваныя БНФ спосабы правядзеньня неабходнай беларусізацыі ў краіне, якія застаюцца актуальнымі па сёньняшні дзень, але гэтае пытаньне выходзіць па-за рамкі тэмы рэфэрату.
Ніна Баршчэўская