Баршчэўская Ніна

Русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ў ацэнцы Станіслава Станкевіча 6-9

6.

У рэцэнзіі на Беларуска-рускі слоўнік (Ст. Станкевіч, Беларуска-Рускі Слоўнік. Пад рэдакцыяй акадэміка К. Крапівы Акадэмія Навук Беларускай ССР. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Дзяржаўнае Выдавецтва замежных і нацыянальных слоўнікаў. Масква. 1962, каля 90 000 слоў, тыраж 15 000 экз., бач. 1048, у: „Запісы”, кн. 2, Нью-Ёрк 1963, с. 205-207) Станіслаў Станкевіч напісаў: „Выданьне гэтага слоўніка наагул – зьява бясспрэчна пазытыўная. Аднак зрэдагаваньне яго й падбор уведзеных у яго словаў выразна йшлі па лініі агульнае бальшавіцкае моўнае практыкі – нівэляцыі апрычонасьці й самабытнасьці беларускае мовы й мэханічнага набліжэньня яе да мовы расейскае”.( Тамсама, с. 205)

Аўтар рэцэнзіі зьвяртае ўвагу на тое, што да гэтае мэты ўкладальнікі й рэдактар слоўніка йшлі наступнымі шляхамі:

1. Яны паўтарылі ў Беларуска-рускім соўніку ўсе тыя русыцызмы, якія былі ўжо ўведзеныя ў беларускую частку Руска-беларускага слоўніка, напр. зьнешні замест вонкавы; каварны замест падступны, зрадлівы; разараць замест разбураць, спусташаць, руйнаваць; сукупнасьць замест суцэльнасьць і г. д.

2. Адпаведныя русыцызмам беларускія словы найчасьцей падаюцца ў слоўніку таксама, але са звужаным значэньнем, напр. вогнішча пададзенае толькі ў асноўным значэньні, якому адпавядае расейскае слова костёр, а ў пераносным значэньні замененае русыцызмам ачаг; слова лекар выступае з азначэньнем размоўнае, значыць слоўнік не рэкамэндуе яго ўжываць у літаратурнай мове;

3. У Беларуска-рускім слоўніку зьявіліся й такія чыста расейскія словы, якіх яшчэ не было ў беларускай частцы Руска-беларукага слоўніка з 1953 году, напр. аберагаць замест ашчаджаць, ахоўваць; дзяшовы замест танны і г. д.;

4. У Беларуска-рускім слоўніку няма цэлага шэрагу беларускіх словаў, якія шырока ўжываюцца беларускімі пісьменьнікамі, напр. няма слова нямогласьць, як сыноніму словаў нездаровасьць, хворасьць. (Тамсама, с. 205-206)

С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на інфармацыю ў Прадмове да слоўніка, дзе паведамляецца, што падаецца ў ім «навейшая лексыка», якая ўвайшла ў ужываньне «ў гады сацыялістычнага будаўніцтва». Па словах аўтара рэцэнзіі, „гэта ня што іншае, як мэханічны перанос у беларускую мову чыста расейскіх словаў на месца выціснутых зь яе беларускіх словаў, якія сваім каранём, марфалягічнай структурай або сэмантычным значаньнем розьняцца ад адпаведных словаў расейскае мовы. Гэткая бязьлітасна хірургічная практыка над жывой і здаровай беларускай мовай афіцыйна завецца ў Савецкім Саюзе «ўзбагачаньнем і ўдасканаленьнем беларускае мовы».” (Тамсама, с. 206)

С. Станкевіч адзначае, што прыведзеныя прыклады „даволі паказваюць, што гэта ня слоўнік запраўднай беларускай мовы, але слоўнік беларускай савецкай зрусыфікаванай і далей саветызаванай-русыфікаванай беларускай мовы”. (Тамсама, с. 207)

Беларускі эміграцыйны дасьледнік зьвяртае ўвагу й на сьцьвярджэньне ў Прадмове да слоўніка, што павінен ён служыць ня толькі практычным дапаможнікам пры перакладах зь беларускае мовы на расейскую, але й сродкам павышэньня культуры беларускае мовы. З гэтага вынікае, што ўкладальнікі слоўніка й ягоны рэдактар імкнуліся надаць слоўніку нарматыўны характар. Значыць слоўнік павінен стацца абавязваючай нормай для беларускае мовы. „Але такое «павышэньне культуры беларускае мовы», якое дае гэты Слоўнік, гэта ня што іншае, як зьдзек над беларускай мовай, зьдзек над беларускай культурай наагул” (тамсама) – канклюдуе С. Станкевіч.

7.

З русыцызмамі ў беларускай мове стараліся змагацца беларускія пісьменьнікі. Мова мастацкіх твораў значна адрозьніваецца ад мовы публіцыстыкі ды навукі – піша на старонках „Запісаў” беларускі эміграцыйны дасьледнік. „Аналізуючы мову мастацкай літаратуры, няцяжка заўважыць, як яна бароніцца перад накіданымі беларускай мове русыцызмамі і ўжывае іх у васноўным у тых выпадках, калі гэтыя русыцызмы сталіся ўжо агульна прынятымі, здабылі поўнае права грамадзянства й зусім выціснулі адпаведныя ім беларускія граматычныя формы й словы”. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 124)

С. Станкевіч прасачыў розныя выданьні тых самых мастацкіх твораў і прыйшоў да высновы, што пісьменьнікі ў перавыданьнях стараюцца апублікаваныя раней (найчасьцей на старонках часопісаў) творы ачысьціць ад русыцызмаў ды замяніць іх беларускімі словамі. Вось некалькі прыкладаў:

М. Лынькоў „Векапомныя дні”

„Полымя”                                                 Кніжнае выданьне

слаба замаскіраваныя (1957, X, 34)          слаба замаскаваныя (ІІІ, 433)

Вялі на сворках дзесятак аўчарак             Вялі  на павадках дзесятак

(1957, X, 39)                                              аўчарак (ІІІ, 443)

страстнае жаданне дапамагчы ёй             гарачае жаданне ... памагчы ёй

(1957, XІ, 11)                                              (ІV, 237)

ажаніўся на семнаццаці гадовай                ажаніўся з семнаццаці гадовай

дзяўчыне (1957, XІІ, 66)                               дзяўчынай (ІV, 384)

У. Карпаў „За годам год”

Але справа абстаяла крыху прасьцей       Але справа стаяла крыху прасьцей

(1956, VІ, 90)                                              (448)

яны на прыватнай кватэры, за якую          яны на прыватнай кватэры, за

плоцяць гаспадарам (1957, VІІ, 68)          якую плацяць гаспадарам (583)

І. Шамякін „Крыніцы”

запасная (шпулька з вудзільна) ў мяне    запасная ў мяне ёсьць, усё

ёсьць, усё іншае таксама маецца             іншае таксама знойдзецца

(1956, ІV, 75)                                              (119)

Школу я кончу, не хвалюйцеся,                 Школу я кончу, не хвалюйцеся,

- ціха і прымірыцельна сказаў ён                - ціха і прымірэнча сказаў ён

(1956, V, 45)                                                 (267) (Тамсама, с. 126-127)

З прычыны агульных русыфікацыйных тэндэнцыяў, накіданых зьверху, канечнасьці высьцераганьня «вузкіх правінцыяналізмаў» «архаізмаў» ды «штучна твораных нэалягізмаў», а з другога боку – з прычыны канечнасьці «ўзбагачваньня» мовы «зь нявычэрпных крыніцаў мовы вялікага рускага народу», беларускія паэты й пісьменьнікі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасьцях нармальнага ўзбагачваньня й разьвіцьця сваёй мовы на базе народнай мовы й дыфэрэнцыяваньня яе рознымі сэмантычнымі адценьнямі. Таму мова сучаснай беларускай савецкай літаратуры – гэта наагул мова бедная й бясхварбная” – піша С. Станкевіч. (Тамсама, с. 127)

Дасьледнік пагаджаецца зь меркаваньнем беларускага літаратурнага крытыка ў вольным сьвеце Алеся Беразьняка, які напісаў: „Лепшыя ды багатыя здабыткамі яшчэ нядаўна традыцыі беларускае літаратуры ў ейнай арыентацыі на ўзоры народнае мовы, на ейныя нацыянальныя асаблівасьці, на культуру й нацыянальную чысьціню літаратурнае мовы сяньня ў БССР мусова занядбаныя. Аснова разьвіцьця нацыянальнае літаратурнае мовы – мова народная ў сваёй першароднай някранутасьці чужароднымі ўплывамі абвяшчаецца аджылым і незразумелым правінцыялізмам. Да ўсяго гэтага прывяла нязьменная праз увесь час антынацыянальная палітыка бальшавікоў нівэляваньня беларускае літаратурнае мовы на расейскі ўзор, што разам з выгнаньнем зь беларускае літаратуры нацыянальнае праблематыкі пасьлядоўна й пэўна скіроўвае яе ў правінцыянальнае адгалінаваньне літаратуры расейскай.” (Алесь Беразьняк, Убітым шляхам сацыялістычнага рэалізму. Беларускі Зборнік Інстытуту Вывучэньня СССР, № 7, Мюнхэн 1957, с. 36, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 127-128)

8.

Станіслаў Станкевіч адначаў, што роля беларускіх пісьменьнікаў у захаваньні беларускае мовы й ейнай абароне перад русыфікацыяй асабліва вялікая. Яны сыстэматычна стараюцца, па меры магчымасьцяў, пісаць чыстаю беларускаю моваю ды выходзяць зь ініцыятывай беспасярэдняга абмеркаваньня пытаньня чысьціні мовы, ейнае культуры й ейнага вяртаньня да народных моўных крыніцаў. Выходзячы з фармулёўкі Ф. Янкоўскага, што «абыякавасьць да мовы – абыякавасьць да народу й яго культуры» (Ф. Янкоўскі, Абыякавасць да роднага слова, „Літаратура і Мастацтва”, № 38, 11.5.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 128), пытаньне мовы расшыраецца на ўсе дзялянкі беларускае культуры. ( Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 130-131)

С. Станкевіч прыводзіць цэлы шэраг выказваньняў у абарону беларускае мовы розных пісьменьнікаў ды мовазнаўцаў.

Янка Скрыган – „Ведаць мову – знача ведаць законы яе будаваньня, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводля законаў гэтай мовы, пабудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна да гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цьвёрдыя, мяккія, уласьцівыя гучаньню гэтае мовы. Ведаць мову – гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ”. (Я. Скрыган, Думкі аб мове, „Літаратура і Мастацтва”, № 38, 11.5.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 131).

Алесь Адамовіч – „Літаратурная беларуская мова за апошнія дзесяцігодзьдзі стала больш нармалізаванай, узбагацілася лексычна. І тое, што літаратурная «кніжная» мова стала больш адрозьнівацца ад гутарковай – зусім заканамерна. Але гэта не азначае, што нармалізаваная літаратурная мова павінна быць пазбаўленая бытавых, народных і навет мясцовых хварбаў, што яна можа нагадваць «перакладную» мову. Дысталяваная вада хоць і чыстая, але мала прыемная на смак”. (А. Адамовіч, Багацце творчых індывідуальнасцяў, „Літаратура і Мастацтва”, № 21, 13.3.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 132).

Максім Лужанін – „Далейшае разьвіцьцё нашай культуры самым цесным чынам зьвязана з разьвіцьцём і пашырэньнем беларускай мовы. Нажаль, некаторыя нашы таварышы па творчай рабоце, мастакі, артысты, кампазытары, людзі, чыё ўсё жыцьцё зьвязана зь беларускай культурай, вельмі часта ня ўжываюць мовы народу. А ці можна стварыць нацыянальную культуру, не валодаючы ў дасканаласьці мовай народу?” („Літаратура і Мастацтва”, № 88, 2.11.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 132).

Уладзімер Юрэвіч – „Беларуская мова існуе не адно стагодзьдзе. І ў сучаснай літаратурнай мове мы сустрэнем шмат элемэнтаў, якія былі ўласьцівы мове XІX, XVІІІ і ранейшых стагодзьдзяў. Пісьменьнік ня мае права не зважаць на тыя традыцыі, якія складаліся стагодзьдзямі. Ігнараваць традыцыі – знача адрывацца ад народу. Калі, напрыклад, паслухацца некаторых «рэфарматараў» і адмовіцца ад фанэтычнага прынцыпу, на якім будуецца правапіс сучаснай беларускай мовы, – гэта будзе азначаць адыход ад традыцыі, што ляжыць у васнове агульнанароднай мовы і складае яе адметную асаблівасьць”. („Літаратура і Мастацтва”, № 34, 27.4.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 133)

С. Станкевіч піша, што ў многіх аўтараў гэтых выказваньняў падаюцца й канкрэтныя прыклады русыфікацыі беларускае мовы, але ў ніводным выпадку гэтыя чужыя беларускай мове элемэнты не называюцца русыцызмамі. Нават у выпадку найбольш сырых русыцызмаў гаворыцца, што гэта «не народнае слова», гэта «канцыляршчына», «кніжная мова», «перакладная мова» й пад. Хаця ў мове існуюць тэрміны «палянізмы», «германізмы», то толькі «русыцызмы» разглядаюцца не як чужыя ў дадзенай мове элемэнты, але як зьява зусім натуральная й пажаданая, што спрыяе разьвіцьцю і ўзбагачэньню мовы. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 134)

9.

Русыфікацыя беларускае мовы – гэта адна з асноўных мовазнаўчых тэмаў, якія закраналіся на старонках часопіса „Запісы”, выдаванага Беларуcкім інстытутам навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтарам шматлікіх артыкулаў быў менавіта Станіслаў Станкевіч. Аўтар апісаў найважнейшыя пастановы, этапы й спосабы русыфікацыі беларускае мовы, якая праходзіла ў двух напрамках: 1. у напрамку звужэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы ў грамадзкім жыцьці й замены яе расейскай мовай; 2. у напрамку ўсебаковай русыфікацыі беларускай літаратурнай мовы.

Адроджаная на пачатку XІX ст. сучасная беларуская мова разьвівалася на базе заходніх гаворак сярэдняга дыялекту, падобным чынам, як і старабеларуская мова, якая ўжо ў XV ст. сталася моваю літаратурнай і якая разьвівалася на базе паўночна-заходніх гаворак сярэдняга дыялекту, адзначае Ян Станкевіч у публікацыі Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) ў розныя пэрыяды гісторыі Беларусі. (у: „Веда”, № 1 (28), Нью-Ёрк 1954, с. 5)

Сучасная беларуская мова магла чэрпаць патрэбныя ёй словы й выразы з народнай мовы да пачатку 30-х гадоў XX ст., да пачатку русыфікацыйнага курсу ў СССР. Пачынаючы ад гэтага часу асноўнаю крыніцаю разьвіцьця беларускае мовы сталася выключна мова расейская. Пры гэтым зь беларускае мовы выкідваліся тыя словы й формы, якія былі чужыя расейскай мове. Значыць русыфікацыйны працэс ахапіў таксама той пэрыяд, калі беларуская мова магла разьвівацца згодна з сваёю народнаю плыньню. Русыфікацыя закранула таксама інтэрнацыянальную лексыку, якая была пазычаная беларускаю моваю з моваў заходніх і ў якой захоўваліся фанэтычныя й марфалягічныя рысы гэтых моваў. У 30-х гадох пачаў абавязваць прынцып, што іншамоўныя словы могуць запазычвацца толькі праз расейскую мову з захаваньнем усіх фанэтычных і марфалягічных прынцыпаў расейскае мовы. „Такім парадкам савецкая моўная палітыка скіраваная на спыненьне адначасна двух раўналежных працэсаў нармальнага й прыроднага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы: ейнага базаваньня на беларускай народнай мове й ейнай арыентацыі на Захад у галіне прысвойваньня патрэбных інтэрнацыянальных словаў, прымусіўшы ў першым і другім выпадку арыентавацца вылучна на расейскую мову” – адзначае С. Станкевіч (Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, 136-137)

Моўная палітыка, пачынаючы з 1930-ых гадоў, вяла да зьнішчэньня бар’еру паміж беларускай і расейскай мовамі. У выніку рэформы 1933 году ў беларускую мову было ўведзена каля 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў расейскае мовы. У сваю чаргу расейская лексыка залівала беларускую мову шляхам – як гэта гаварылася – „дабравольнага запазычваньня з мэтай узбагачэньня беларускае мовы”. Найбольшую небясьпеку ўтвараюць расейскія сынтасічныя канструкцыі ды фразэалягічныя словазлучэньні, якія разбураюць структуру беларускае мовы.

Апісаны С. Станкевічам на старонках ,,Запісаў” русыфікацыйны працэс у БССР, на жаль, працягваецца й сёньня ў фармальна незалежнай і сувэрэннай Рэспубліцы Беларусь, дзе надалей у розных сфэрах грамадзкага жыцьця дамінуе расейская мова.

Ніна Баршчэўская