![]() |
![]() |
1.
Сёньня зазірнем на старонкі часопіса „Запісы” Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Пачаў ён выдавацца у 1952 годзе ў Нью-Ёрку, у гадох 1962-1970 выходзіў у Мюнхэне, а з 1974 году па сёньняшні дзень ізноў выдаецца ў Нью-Ёрку.
На старонках часопіса ,,Запісы” шмат увагі адводзілася моўнай і мовазнаўчай праблематыцы. Паяўляліся артыкулы, прысьвечаныя старабеларускаму друку, дзейнасьці першадрукароў і асьветнікаў, гісторыі беларускае мовы, характарыстыцы беларускіх дыялектаў, разьвіцьцю сучаснае беларускае мовы, пытаньням рэфармаваньня яе, ролі беларускае мовы ў школьнай сыстэме Беларусі. Апрача гэтага паяўляліся публікацыі пра беларускія ўласныя назовы ды пра разьвіцьцё беларусаведы ў сьвеце, між іншым, у Польшчы, але з асаблівым улікам Заходняй Эўропы й Амэрыкі.
Спосабы русыфікаваньня беларускае мовы найбольш шырока асьвятляў Станіслаў Станкевіч.
На старонках „Запісаў” за 1962 год была зьмешчана грунтоўная публікацыя гэтага дасьледніка пад назовам Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 89-137). Аўтар адзначае, што працэс зьліцьця ўсіх народаў у Савецкім Саюзе праводзіўся вылучна на расейскай нацыянальнай базе, што азначае працэс усебаковае русыфікацыі ўсіх нерасейскіх народаў, у тым ліку й беларускага народу ды ягонае мовы.
„Узьнятая яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў кампанія супраць беларускае мовы ў БССР і палітыка ейнае русыфікацыі знайшлі сваё найшырэйшае сканкрэтызаваньне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вольфсона й пры галоўным ягоным аўтарстве кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першае фазы гэтае кампаніі сталася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР з 28 жнівеня 1933 г. «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая, аднак, датычыла ня толькі правапісу, але й фанэтычных ды марфалягічных асаблівасьцяў беларускае мовы”. (Тамсама, с. 89)
Для абгрунтаваньня моўнае палітыкі выкарыстоўвалася абавязваючая ў СССР да 1950 году лінгвістычная тэорыя акадэміка Н. Я. Марра пра паўстаньне й разьвіцьцё моваў, паводле якой, ,,мова – гэта клясавая зьява, і на працягу ўсяе гісторыі адбываецца рэвалюцыйны працэс скрыжоўваньня моваў, які вядзе да поўнага іхнага зьліцьця ў вадну мову на ўсім сьвеце”.( Тамсама, с. 90)
Напрыканцы 1950 году тэорыя Марра была адкінутая Сталінам, як ненавуковая й вульгарызатарская. Узамен была ўсанкцыянаваная ім новая моўная тэорыя аб будучай інтэрнацыянальнай сусьветнай мове. Ніякіх сумневаў не пакінуў М. Каммары, што гэтай мовай павінна стацца расейская мова. Заўважыў ён, што для часткі малых нацыяў, племяў і народнасьцяў расейская мова ўжо сталася ня толькі сродкам міжнацыянальных лучнасьцяў, але й роднаю моваю. (Тамсама, с. 91)
С. Станкевіч адзначае, што расейская мова знаходзіцца ў вынятковым палажэньні, што практычна дае ёй поўную гегемонію над усімі іншымі мовамі народаў Савецкага Саюзу, а тэарэтычны прынцып узаемнага ўзбагачэньня моваў на практыцы зводзіцца да аднабаковага ўзбагачэньня нерасейскіх моваў з расейскае мовы, а не наадварот. Гэтая прывілеяваная сытуацыя расейскае мовы найчасьцей абгрунтоўваецца ейным багацьцем, велічнасьцю, роляй мовы міжнацыянальных сувязяў і нават другою роднаю моваю.
С. Станкевіч працытаваў меркаваньне М. І. Крукоўскага, паводле якога, расейская мова ,,па свайму багацьцю, па грандыёзнаму значэньню тых каштоўнасьцяў, што створаны на гэтай мове, займае адно зь першых месц сярод вядучых моваў сьвету і ня можа не аказаць уплыву на другія мовы нашага Саюзу". (М. І. Крукоўскі, Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову, Мінск 1958, с. 5, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 91) ,,Руская мова займае асобнае месца сярод іншых моў. Зьяўляючыся мовай вялікага рускага народу, які аказвае нябачаны ў гісторыі прагрэсыўны ўплыў сваёй культурай на культуру іншых народаў, які вывеў гэтыя народы нашай краіны на шлях сацыялізму, згуртаваўшы іх у вадзіную, моцную, многанацыянальную сям’ю, руская мова ў вышэйшай ступені ўзьдзейнічае на нацыянальныя мовы". (М. І. Крукоўскі ў калектыўнай кнізе Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі, Мінск 1958, с. 122, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 91)
Як адзначае С. Станкевіч, афіцыйнае прызнаньне расейскае мовы ў якасьці другой роднай мовы прывяло да несумненнай перавагі расейскае мовы над беларускаю ў грамадзкім жыцьці.
2.
Русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ў ацэнцы Станіслава Станкевіча – гэта тэма перадачы з цыклу Беларуская мова й нацыянальная тоеснасьць. Станкевіч востра асуджаў беларуска-расейскае афіцыйнае двухмоўе й паказваў на мэтанакіраваныя працэсы павольнага пераходу беларусаў на расейскую мову.
У праграме КПСС было запісана, што «працэс дабравольнага вывучэньня, побач з роднай мовай, рускай мовы мае пазытыўнае значэньне, дзеля таго што гэта дапамагае ўзаемнай абмене дазнаньнем і далучэньню каждай нацыі й народнасьці да культурных дасягненьняў усіх іншых народаў СССР і да сусьветнай культуры. Руская мова фактычна сталася агульнай мовай міжнацыянальных лучнасьцяў і супрацоўніцтва ўсіх народаў СССР». („Правда”, 2.11.1961, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 92)
Паводле М. І. Крукоўскага, «...расейская мова сталася ўзапраўды другой роднай мовай народаў, што насяляюць тэрыторыю Савецкага Саюзу, і як такая, жывіць і ўзбагачае сабой мовы гэтых народаў». (М. І. Крукоўскі, Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі, Мінск 1958, с. 122, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 92)
М. Каммары пісаў, што «...для часьці малых нацыяў, плямён і народнасьцяў расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сродкам міжнацыянальных зносінаў, але й роднай мовай... Паводля дадзеных перапісу насельніцтва 1959 году, звыш 10 мільёнаў насельніцтва нерасейскага паходжаньня назвалі расейскую мову сваёй роднай мовай». (М. Каммари, Строительство коммунизма и развитие национальных языков. „Политическое самообразование”, № 4, 1960, с. 75, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя..., с. 92)
С. Станевіч піша, што рэалізацыя бальшавіцкае моўнае палітыкі ў БССР, падобным чынам як і ў іншых нацыянальных рэспубліках, праводзілася адначасова ў двух кірунках, мэтай якіх была поўная нівэляцыя беларускае мовы: 1. у кірунку звужэньня сфэры ўжываньня беларускае мовы ў публічным жыцьці ды замены яе расейскаю, як другою роднаю моваю беларускага народу; 2. У кірунку ўсебаковае русыфікацыі яшчэ дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускае літаратурнае мовы. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 92)
Афіцыйнае прызнаньне расейскае мовы ў якасьці другой роднай мовы прывяло да несумненнай перавагі расейскае мовы над беларускаю ў грамадзкім жыцьці БССР. Перш за ўсё гэтая гегемонія расейскае мовы праявілася ў школьнай практыцы. Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі ў гадох 1955-1956 95% школаў вяло навучаньне ў беларускай мове, а толькі 5% – у расейскай. Аказалася аднак, што гэтыя дадзеныя нерэальныя, паколькі былі апублікаваныя на падставе афіцыйнага назову школаў. Тым часам – піша С. Станкевіч – беларускія з назову школы ў велізарнай бальшыні навучаньне вялі па-расейску, з выключэньнем толькі заняткаў па беларускай мове й літаратуры. (Тамсама, с. 93)
Супраць ігнараваньня беларускае мовы ў 1957 годзе пачалася на старонках „Літаратуры і Мастацтва” акцыя супраціву, паднятая студэнтам Барысам Сачанкам. Далучыліся да яго іншыя студэнты (В. Чамярыцкі, В. Голуб) ды настаўнікі (К. Санько, У. Васілец). У сувязі з пачатай кампаніяй у абароне беларускае мовы, зарэагавала й Міністэрства асьветы, якое заявіла, што імкнецца да таго, каб выправіць некаторыя ненармальныя зьявы ў школьнай сыстэме.
У канцы 1958 году сэсія Вярхоўнага Савету СССР прыняла закон Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і далейшым разьвіцьці народнай асьветы ў СССР. Сьледам за гэтым былі прынятыя адпаведныя законы і ў саюзных рэспубліках. Гэты закон у БССР быў прыняты ўжо на пачатку 1959 году. У 11 артыкуле ІІ разьдзелу гаварылася, што навучаньне ва ўсіх школах БССР ажыцьцяўляецца ў роднай мове вучняў. Бацькі мелі пастанаўляць, у школу зь якою моваю навучаньня аддаваць сваіх дзяцей. Навучаньне расейскае мовы ў школах зь беларускаю моваю навучаньня, а таксама навучаньне беларускае мовы ў школах з расейскаю альбо іншаю моваю навучаньня праводзілася згодна з жаданьнем вучняў і іхных бацькоў.
На думку С. Станкевіча, у сытуацыі, калі бацькі вучняў знаходзіліся ў поўнай залежнасьці ад партыйных ворганаў і прафсаюзных арганізацыяў, пакіданьне за імі выбару мовы навучаньня фактычна зводзілася да перадачы вырашэньня партыйным і прафсаюзным ворганам, якія, як правіла, давалі пяршынства расейскай мове. Сапраўднае палажэньне беларускае мовы знаходзілася ў поўнай супярэчнасьці з прапагандовымі заявамі афіцыйных савецкіх дакумэнтаў аб свабодным разьвіцьці й раўнапраўнасьці ўсіх моваў народаў Савецкага Саюзу. З другога боку, супраціў інтэлігенцыі – гэта бясспрэчны доказ, што дэградацыя беларускае мовы на карысьць расейскае праводзілася насуперак жаданьням і волі беларускага жыхарства. (Тамсама, с. 96-97)
3.
Гегемонія расейскае мовы гэтак жа выразна, як у школьнай сыстэме, праяўлялася таксама ў выдавецкай справе. С. Станкевіч прыводзіць статыстыку выданьняў у БССР у беларускай і расейскай мовах за гады 1954-1960. Вынікае зь яе, што паводле назваў кніг у расейскай мове больш іх, чым у беларускай, але паводле агульнага накладу – значная перавага была па баку беларускае мовы. Інакш сытуацыя прадстаўлялася ў выпадку газэтаў: іхная колькасьць у беларускай мове амаль у чатыры разы большая, чым у расейскай мове, затое агульны наклад выдаваных газэтаў у расейскай мове мала ўступаў агульнаму накладу ў беларускай мове, а за некаторыя гады яны былі амаль роўныя ў абедзьвюх мовах. За гады 1959 і 1960 агульны гадавы наклад газэтаў у расейскай мове быў ужо большы, чым у беларускай мове. Адваротная зьява назіралася сярод часопісаў: у беларускай мове за пэрыяд ад 1954 да 1960 году іх выдавалася спачатку ўдвая, а пасьлей амаль утрая меней, чым у расейскай мове, затое іхны тыраж за ўсе гады быў больш як удвая вышэйшы за тыраж у расейскай мове. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 97-98) Пры гэтым нельга забываць пра расейскую літаратуру й прэсу, якая выдавалася ў Расеі й залівала беларускі рынак.
Абапіраючыся на Летапіс друку БССР, С. Станкевіч піша, што аб прысьпешаных русыфікацыйных тэмпах найлепей можа сьведчыць факт, што яшчэ ў гадох 1930-1935, калі пачаўся працэс русыфікацыі беларускае мовы, у БССР выдавалася ў сярэднім 85% кніг у беларускай мове, а ў расейскай толькі 5%. (Тамсама, с. 99)
Беларускі эміграцыйны дасьледнік робіць выснову, што расейская мова, якая афіцыйна ўспрымалася як мова міжнацыянальных лучнасьцяў ды другая родная мова ўсіх народаў, „фактычна сталася першай мовай у грамадзкім, палітычным, адміністрацыйным і навет культурным жыцьці БССР. Беларуская-ж мова, выціснутая на задні плян і дапушчаная фактычна да выконваньня адно падсобных ці пабочных і часткова паказальна-прапагандовых функцыяў”. (Тамсама, с. 99-100)
У антыбеларускай кампаніі ў галіне мовы ў пачатку 1930-х гадоў беларуская інтэлігенцыя абвінавачвалася ў асноўным у тым, што яна рупілася пра чысьціню роднае мовы й абараняла яе перад русыфікацыяй. Сьведчаньнем гэтага можа быць выказваньне акадэміка Вальфсона, які ў 1931 годзе пісаў: „Адным з паважнейшых заданьняў, якое паставілі перад сабой нацдэмаўскія пурыстыя, было вытруціць зь беларускае мовы ўсякія элемэнты расейскае мовы. Яны выганялі сотні агульна прынятых, арганічна ўрослых у беларускую мову расейскіх словаў. Яны карчавалі ўсё тое, што іх выабражэньню здавалася, як «русыцызм».” («Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі пад рэдакцыяй С. Я. Вольфсона, т. І, Мінск 1931, с. 125, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 102)
Таксама ва ўступе ўрадавага дэкрэту Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу з 1933 году гаварылася, што «нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі й спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыў штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэднявяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі». (Беларуская Граматыка Т. Ломцева, Менск 1935, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 102).
Уся далейшая моўная палітыка разьвівалася ў кірунку зьнішчэньня гэтага моўнага бар’еру. Рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову каля 30 фанэтычных і марфалягічных расейскіх асаблівасьцяў.
4.
Рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову каля 30 фанэтычных і марфалягічных расейскіх асаблівасьцяў.
Расейская лексыка ўводзілася паступова пасьля рэформы не дэкрэтаваным шляхам, але ў парадку дабравольных запазычаньняў і ўзбагачаньня беларускае мовы, а разам зь ёю далейшыя марфалягічныя й сынтаксічныя зьмены, а нават фразэалягічныя расейскаія асаблівасьці. Ужо ў Прадмове да Расейска-беларускага слоўніка з 1953 году гаварылася, што „толькі пасьля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі (...) беларуская мова, як і ўся культура беларускага народу, за гады савецкай улады дасягнула высокага разьвіцьця (...) выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексычны запас за лік слоў роднай ёй расейскай мовы.” (Русско-белорусский словарь, 1953, с. 6, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу (у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 97-98, с. 102)
Каб прасачыць, як гэтае ўзбагачэньне беларускае мовы праходзіла, С. Станкевіч прагледзеў вялікую колькасьць: 1. палітычнае, навуковае й публіцыстычнае літаратуры, мова якой уважаецца за правільную й агульна абавязваючую; 2. празаічнае мастацкае літаратуры, якая выяўляла найбольшы супраціў русыфікацыі й заставалася значна чысьцейшаю за першую зь гледзішча беларускасьці.
У галіне марфалёгіі найбольш яркімі русыцызмамі, уведзенымі рэформаю 1933 году, былі:
канчатак -а замест -у (завода, сацыялізма замест заводу, сацыялізму),
націскныя канчаткі ў давальным і месных склонах назоўнікаў множнага ліку -ам, -ах замест -ом, -ох (братам, аб гарадах замест братом, аб гарадох),
пашырэньне канчатка -эй у родным склоне назоўнікаў жаночага роду множнага ліку замест -яў (абласьцей, магчымасьцей замест вобласьцяў, магчымасьцяў),
зьяўленьне расейскага суфікса -цель (выхавацель, натхніцель),
узаконеньне дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу залежнага стану, якія беларускай мове зусім няведамыя (любімы, перажываемы) замест дзеяпрыметнікаў залежнага стану прошлага часу (улюблены, перажываны),
паяўленьне зусім чужых беларускай мове зваротных формаў дзеяпрыметнікаў (адбыўшыеся канфэрэнцыі, набліжаўшайся вайны),
пашырэньне кароткай формы дзеяпрыметнікаў залежнага стану прошлага часу замест поўнай (здымак зроблен, рамонт закончан замест здымак зроблены, рамонт закончаны). (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 103-106)
Ня быў вольны ад русыцызмаў таксама сынтаксіс, напрыклад:
выступаньне вінавальнага склону назоўнікаў пры спалучэньні зь дзеясловамі з адмоўем не (Шукаць далёка прыклады ня трэба) замест роднага склону (Шукаць далёка прыкладаў ня трэба),
спалучэньне дзеяслова вучыць з давальным склонам замест роднага (Леначку шмат чаму трэба вучыць замет Леначку шмат чаго трэба вучыць),
зьяўленьне роднага склону замест давальнага пры дзеяслове дзякаваць (дзякавалі Савецкую Армію замест дзякавалі Савецкай Арміі),
празьмерна частае ўжываньне прыназоўніка па (па мясцоваму часу замест паводле мясцовага часу, па запрашэньню замест на запросіны). (Тамсама, с. 106-108)
Русыфікацыя закранула таксама беларускую фразэалёгію. Часта сустракаюцца такія ўстойлівыя словазлучэньні, як:
заслугоўвае ўвагі замест заслугоўвае на ўвагу,
уступіць у строй замест увайсьці ў дзеяньне,
што б там ні стала замест за ўсякую цану,
аказваць актыўны ўплыў замест актыўна ўплываць. (Тамсама, с. 109-110)
„Насаджваньне ў беларускую мову спэцыфічных для расейскае мовы фразаў і ідыёматычных выразаў для беларускае мовы больш небясьпечнае, чымся русыцызмы, прыкладам, у галіне слоўніцтва, бо яно разбурае апрычоны характар мовы, ейную нутраную структуру” – адзначае Станіслаў Станкевіч. (Тамсама, с. 110)
5.
Працэс русыфікацыі беларускае мовы найшырэй закрануў ейны лексычны матэрыял, што зусім зразумелае, калі ўзяць пад увагу, што й нармальныя ўплывы аднае мовы на другую найшырэй праяўляюцца менавіта ў галіне лексыкі. Слоўныя запазычаньні з расейскае мовы С. Станкевіч падзяліў на тры агульныя катэгорыі:
1. Словы, хаця з славянскімі, але чужымі беларускай мове каранямі альбо з каранямі ў беларускай мове непрадуктыўнымі, якія ня твораць у ёй марфалягічнага гнязда, але выступаюць толькі ў паасобных словах, далёкіх паводле значэньня й словаўтваральнай будовы ад адпаведных ім расейскіх словаў, значыць словы з рознымі ў абедзьвюх мовах каранямі, напр. апасацца – опасаться замест баяцца, асьцерагацца; беззаветна – беззаветно замест самааддана, самаахвярна; вопыт – опыт замест дазнаньне, практыка; дзяшовы – дешевый замест танны; іспыты – испытания замест экзамен, выпыты; мяцеж – мятеж замест бунт; недаўменьне – недоумение замест зьдзіўленьне, зьбянтэжанасьць; непазьбежны – неизбежный замест нямінучы, няўхільны; папрок – попрек замест дакор; прамы – прамой замест просты, беспасярэдні; рэўнасьць – ревность замест зайздрасьць; састаў – состав замест склад; урач – врач замест лекар, хадайніцтва – ходатайство замест стараньне, і г. д.
2. Структуральныя калькі з расейскае мовы – словы з каранямі, ведамымі й прадуктыўнымі ў беларускай мове, якія, аднак, у тым значэньні, якое яны маюць у расейскай мове, у беларускай мове не ўжываюцца, альбо маюць зусім іншую вонкавую структуру, чым у расейскай мове, значыць словы з супольнымі каранямі, але з расейскаю структураю, напр. абавязацельства – обязательство замест забавязаньне; бедства – бедствие замест бяда, няшчасьце; воін – воин замест ваяк, жаўнер; грабёж – грабеж замест рабунак; неймаверны – неимоверный замест неверагодны; пастаянны – постоянный замест сталы, заўсёдны; унізіцельны – унизительный замест зьняважлівы, зьневажальны; цэласнасьць – целостность замест цэласьць, суцэльнасьць; шэсьце – шэствие замест паход.
3. Сэмантычныя калькі з расейскае мовы – словы, якія ў той самай форме існуюць і ў беларускай мове, але маюць у ёй зусім іншае значэньне, чым у расейскай мове, значыць беларускія словы з расейскім значэньнем, напр. адмяніць – отменить у значэньні скасаваць; дзяленьне – деление ў значэньні падзел; некалькі – нескольки ў значэньні крыху, трохі; узрост – возраст у значэньні век. (Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу, у: „Запісы”, кн. І, Мюнхэн 1962, с. 111-121)
С. Станкевіч піша, што для беларускае мовы найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца структуральныя й сэмантычныя калькі. У сувязі з тым, што іх карані супольныя расейскай і беларускай мовам і пры гэтым у абедзьвюх мовах прадуктыўныя, дык неспэцыялісту ў галіне мовы нялёгка заўважыць іхнае расейскае паходжаньне. Затое русыцызмы першае катэгорыі, карані якіх альбо зусім не існуюць у беларускай мове, альбо зьяўляюцца непрадуктыўнымі, лёгка ўспрымаюцца, як чужыя для беларускае мовы. (Тамсама, с. 122)
С. Станкевіч прыгадвае, што агульныя прынцыпы падабенстваў і адпаведнасьцяў у мовах народаў СССР вызначыў М. Каммары. Выражаюцца яны ў запазычаньні спэцыфічных расейскіх і асабліва новых савецка-расейскіх выразаў ды ў калькаваньні іх, а таксама ў засваеньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі пры пасярэдніцтве расейскае мовы. (Строительство коммунизма и развитие национальных языков. „Политическое самообразование”, № 4, 1960, с. 72, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 122.)
Іншыя савецкія мовазнаўцы І. Беладзед і А. Мельнічук вызначылі расейскай мове ролю «крыніцы ўдасканаленьня нацыянальных моваў». (І.К. Белодед, А. С. Мельничюк, Вопросы развития национальных языков в период перехода от социализма к комунизму, Вопросы языкознания, № 5, Москва 1959, с. 11, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 122)
Меркаваньнем М. Крукоўскага, беларуская мова запазычвае з расейскае неабходныя словы, якія па тых альбо іншых прычынах ня могуць быць утвораныя на базе ўласных моўных сродкаў. (М. І. Крукоўскі, У кнізе Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі, Мінск 1958, с. 122, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 122-123)
У ацэнцы Ф. Янкоўскага, «запазычаньне зьяўляецца неабходнасьцю толькі тады, калі ў мове няма адпаведнага слова». („Літаратура і Мастацтва”, № 38, 11.5.1957, за: Станіслаў Станкевіч, Русыфікацыя... с. 123)
Тым часам практыка паказвае, што беларускія словы мэханічна выкідваюцца зь лексычнага запасу беларускае мовы, а на іх месца ўводзяцца чужыя ёй расейскія словы – адзначае С. Станкевіч (Русыфікацыя... с. 123).
Ніна Баршчэўская