![]() |
![]() |
1.
Эміграцыйныя дасьледнікі гісторыі беларускае мовы шырока абмяркоўвалі на старонках друку ўзаемаўплывы паміж беларускай мовай і мовамі суседніх народаў, у тым ліку й польска-беларускія інтэрфэрэнцыйныя працэсы.
Вацлаў Пануцэвіч зьвяртаў увагу на тое, што мова Вялікага Княства Літоўскага ўжо ад часоў Казіміра Вялікага была, побач лаціны, мовай дыпляматычных зносін Польшчы зь Літвою, Галіцкай Русьсю ды Масковіяй. У сваю чаргу Мікола Волаціч стараўся знайсьці адказ на пытаньне: што сталася, што, пачынаючы зь сярэдзіны XVІ ст., польская мова пачала выціскаць у прыватных лістах і зносінах багатую беларускую мову, якая была ж у той час мовай дзяржаўнай?
Калі ў XV і на пачатку XVІ стагодзьдзяў наступіла зламаньне нямецкіх рыцараў на Балтыйскім узьбярэжжы, разам з гэтым пачаўся выхад Беларусі на Захад у гаспадарчых дачыненьнях. Баярства, а за ім і мяшчане пачалі змагацца за прывілеі, каб забясьпечыць сабе лепшыя ўмовы жыцьця. У іх дзяцей паявілася магчымасьць вучыцца ў нямецкіх, італьянскіх і чэскіх вышэйшых школах. Яны добра ведалі замежныя мовы, але ня ведалі беларускае, тым больш, што паміж літаратурнай мовай і народнай назіраліся вялікія разыходжаньні. І тут пачалася трагедыя беларускае дзяржаўнае мовы. Моладзі, якая ў той час атрымлівала адукацыю ў пачатковых школах у лацінскай мове, а потым працягвала навуку ў замежжы таксама ў гэтай мове, цяжка было чытаць амаль што рукапісныя кірылічная тэксты, - піша Вацлаў Пануцэвіч ў артыкуле Польская мова ŭ XІV-XVІІІ стст. а каталіцкая царква ŭ Вялікім Княстве Літоŭскім (у: „Litva”, Čykaha 1967, № 2, с. 27-29)
Мікола Волаціч у публікацыі Думкі аб літаратурнай мове зьвярнуў увагу на тое, што рэфармацыя ў барацьбе з Каталіцкай царквою й мёртвай лацінай вынесла на паверхню жыцьця жывыя мовы розных народаў. Былі спробы й дзяржаўную беларускую мову ўключыць у гэтую вялікую культурную рэвалюцыю. У гэтым напрамку дзейнічалі Васіль Цяпінскі й Сымон Будны, успамаганыя Радзівіламі. Уключаліся езуіты й царкоўныя брацтвы, але не змаглі яны спыніць жудаснага працэсу адыходу ад свае мовы. Пратэстанцкія школы вялі навучаньне па-польску, каталіцкія – на латыні, а праваслаўныя – у царкоўна-славянскай мове, заўважае Мікола Волаціч (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн 1960, № 1-2 (485-486), с. 3-6).
На перавагу польскае мовы паўплывалі гістарычныя чыньнікі. У пару ўспыху рэфармацыі ў 1563 годзе выбухла зацяжная вайна з Масквою за Лівонію, якая ў 1561 годзе прыняла пратэктарат Літвы й Польшчы, а Латгалія была далучаная да Літвы. Вайна цягнулася да 1582 году. За гэты час тэрыторыя Літвы сталася ваеннай прасторай, на якой сустракалася польская шляхта зь літоўскай. Польская мова станавілася супольнай моваю. Ужо ў гэтым часе падляская шляхта двойчы дамагалася ў Жыгімонта Аўгуста (у 1565 і 1568 гадох), каб лісты з канцылярыі ВКЛ пісаліся да яе па-польску альбо па-лаціне, бо рускага пісьма не разумее. Жыгімонт Аўгуст адкінуў гэтыя патрабаваньні, але загадаў далучаць пераклад у лацінскай мове.
Вацлаў Пануцэвіч прывёў важнейшыя гістарычныя даты, якія адлюстроўваюць працэс нарастаньня польскае мовы ў ВКЛ:
- 1551 г. – Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў „wilkierz wileński” – першы дакумэнт па-польску;
- 1563 г. – коштам Радзівіла выйшаў у Берасьці пераклад Бібліі на польскую мову;
- 1572 г. – Сымон Будны выдаў у Нясьвіжы польскую Біблію й пахваліў чысьціню польскае мовы;
- 1619 г. – Мамоніч выдаў польскі пераклад Статуту Літоўскага 1588 году;
- 1633 г. – ў Вільні выйшаў польскі лямантар Dla dziatek;
- 1696 г. – Генэральная канфэдэрацыя пасьля безвыніковага выбарчага Сойму пастанавіла, каб пісар земскага ваяводзкага суду, дзе будуць адбывацца Галоўныя трыбунальскія суды, запісваў пастановы па-польску, а не па-руску; годам пазьней вальны Сойм зацьвердзіў у агульным гэты праект, не закранаючы бліжэй пытаньня мовы ў ВКЛ, а толькі ў г.зв. „pactach conventa” паміж усімі станамі Каралеўства й Літвы з аднаго боку, а каралём Фрыдрыхам Аўгустам з другога сказана: „У справах і пасольствах ад Рэчыпаспалітай мы, згодна даўных законаў, ня будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнэтам, і абяцаем выдаваць усе лісты, справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а ня іншай.” (Volumina legum V, 417-418)
З гэтых дакумэнтаў зусім не вынікала забарона беларускае мовы ў ВКЛ у лякальным карыстаньні ці ў царкве, але польская мова, побач лацінскай, ставалася мовай цэнтральных ворганаў дзяржаўнае ўлады. У ацэнцы Вацлава Пануцэвіча, у той час не назіралася палянізацыі ВКЛ, таму што не назіралася адыходу ад самастойнасьці й незалежнасьці сваёй краіны ды прызнаваньня Польшчы й польскасьці за свае этнічныя каштоўнасьці. Гэта паявілася толькі на грунце пазытывістычных ідэяў пасьля паўстаньня 1863 году (Польская мова ŭ XІV-XVІІІ стст. а каталіцкая царква ŭ Вялікім Княстве Літоŭскім, у: „Litva”, Čykaha 1967, № 2, с. 30-31).
2.
Па словах М. Волаціча, задоўга да таго, як у канцы XVІІ ст. беларуская мова ўступіла сваё афіцыйнае месца польскай мове, ужо ад другой паловы XVІ ст. пачалася прыватная перапіска паміж магнатамі, шляхтай і мяшчанамі па-польску. У XVІІ ст. працэс гэты расшырыўся на публічныя акты, адначасова паглыбіўся заняпад беларускае мовы, якая засьмечвалася палянізмамі й русыцызмамі.
Аднак і дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага аказвала ўплыў на мовы суседніх народаў. Як заўважыў Р. Максімовіч (псэўданім Вітаўта Тумаша), паколькі Вялікае Княства Маскоўскае й Польшча бралі за ўзор Статуты Вялікага Княства Літоўскага, дык гэты ўплыў у асноўным назіраўся ў юрыдычнай лексыцы.
Яскравы прыклад гэтага падаў польскі мовазнаўца Станіслаў Кохман у артыкуле Wschodniosłowiańsko-polskie stosunki leksykalne od XVI do XIX w. Дасьледнік зьвярнуў увагу на тое, што слова bezprawie зьявілася ў польскай мове толькі ў другой палове XVІ ст. ды што пранікла яно ў яе зь беларускае ўрадавае мовы Вялікага Княства Літоўскага, у якой безправье вядомае раней. У расейскай мове – па словах С.Кохмана – слова бесправие знаходзім толькі ад пачатку XІX ст. Погляд С. Кохмана пацьвярджаецца й тым, што слова бесправие не рэгіструе вялікі слоўнік І. І. Сразьнеўскага. У старой беларускай урадавай мове слова безправье С. Кохман знайшоў у Помніках дыпляматычных адносінаў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай. Ён прывёў прыклады выкарыстаньня яго ў тэкстах з 1559 году: „как бы люди укрывжоные у безправьи не гинули” (с. 590), „то на безправье лихие люди не брали прикладу” (с. 595), „каковая шкода за безправьем становитса” (с. 596). З. Кэмп у 1963 годзе пісаў, што польскі назоўнік bezprawie, праўдападобна, праславянскага паходжаньня. Пярэчыць аднак гэтаму – меркаваньнем С. Кохмана – храналёгія. Аказваецца, што найнавейшыя этымалягічныя слоўнікі праславянскае мовы ня ведаюць гэтага слова. Узяўшы пад увагу гэтыя факты, С. Кохман прыйшоў да высновы, што ў польскай мове лексэма bezprawie запазычанае зь беларускае мовы.
Рыгор Максімовіч зьвярнуў увагу на тое, што слова безправье сустракаецца ня толькі ў старой беларускай урадавай мове, але і ў мове літаратурнай. Ужываў яго, напрыклад, Францішак Скарына ў рэлігійнай мове. У надрукаванай у Празе Скарынам у 1517 годзе біблійнай кнізе Притчи или присловие премудраго Соломона ёсьць сказ: „Воевода требуюций мудрости, многих утіснеть безправием” (Рыгор Максімовіч, Пра юрыдычную лексыку старой беларускай мовы, у: ,,Запісы”, № 19. Нью-Ёрк 1989, с. 126). Беларускі эміграцыйны дасьледнік адзначыў, што слова безправье ў беларускай мове выступала ўжо ў XV ст., і прывёў прыклад з актавага запісу 1491 году: „я в них того имени безправне не брал”.
„У польскую мову беларуская юрыдычная лексыка магла лёгка пранікаць ужо ад канца XІV ст., пасьля Крэўскай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, шляхам той шырокай сутычнасьці беларускай шляхты з шляхтай польскай у часе розных зьездаў, супольных соймаў, супольных ваенных паходаў. (...) У XVІ ст. на справу праніканьня ў мову польскую беларускай юрыдычнай лексыкі мелі напэўна ўплыў і статуты Вялікага Княства Літоўскага, два першыя зь якіх былі ў практычным карыстаньні ў рукапісных водпісах, трэці-ж 1588 году, кнігамі сваіх трох друкаваных выданьняў – гадоў 1588, 1592, 1595. (...) Усе тры статуты былі тады-ж перакладзеныя ў польскую мову. Статут 1529 г. ужо ў 1532 г. (...) Можна быць пэўнымі, што з старой беларускай мовы ў польскую ды расейскую пранікла ці мала іншых словаў юрыдычнага ўжытку. Прыведзены С. Кохманам адзін яскравы прыклад паказвае на патрэбу шырэйшага дасьледваньня гэтага цікавага пытаньня зь гісторыі творчых сувязяў старой беларускай мовы з мовамі суседнімі і ў галіне юрыдычнай лексыкі.” (Тамсама, с. 126-127)
3.
p> Сымон Брага (псэўданім Вітаўта Тумаша) у артыкуле Уплывы нашае мовы на польскую (у: //„На варце”, № 3, Сыднэй – Мэльбурн 1955, с. 47-49) адклікаўся да публікацыяў польскіх дасьледнікаў, прысьвечаных згаданай праблематыцы.Ужо ў 1847 годзе пісьменьнік Юзэф Ігнацы Крашэўскі ў працы Nowe Studja Literackie пісаў, што час злучэньня Польшчы з ВКЛ важны для польскае мовы, таму што тады спыніліся ўплывы нямецкае мовы й пачаўся ўплыў беларускі. На думку Крашэўскага, бліжэйшыя дачыненьні зь беларускімі землямі ўтрымалі польскую мову ў формах больш славянскіх. На беларускія землі часта прыяжджалі польскія паны ды каралеўскі двор, якому, дарэчы, беларуская мова не была чужой.
Пытаньне ўплыву беларускае мовы на польскую закрануў у сваіх працах яшчэ перад Першай Сусьветнай вайною польскі філёляг Казімеж Нітш. Сьледам за ім узялі гэта пад увагу таксама іншыя польскія філёлягі. Тэза Нітша аб месцы народзінаў польскае літаратурнае мовы выклікала вялікія філялягічныя спрэчкі. Галоўным яго праціўнікам стаўся Аляксандар Брукнэр, які адкідаў уплыў старабеларускае мовы на польскую. Гэтая філялягічня спрэчка цягнулася каля 20 гадоў. За гэты час Нітш ды ягоныя прыхільнікі намнажалі ўсё больш і больш пераканаўчых аргумэнтаў, якія сьведчылі аб правільнасьці раней пастаўленай гіпотэзы. С. Брага прывёў вынікі досьледаў Нітша ды ягонае філялягічнае школы, абапіраючыся пры гэтым на рэфэрат іншага польскага філёляга Тадэуша Лера-Сплавіньскага, друкаванага ў зборніку ягоных працаў, што выйшаў перад апошняю вайною ў Львове.
Бальшыні польскіх гаворак няведамыя гукі ч, ж, ш. Ня толькі на тэрыторыі Мазовіі, але таксама часткі Малапольшчы ды Сілезіі не адрозьніваюцца гукі ч-ц, ж-з, ш-с (зьява мазурэньня), напр. capka, syja, zaba. На тэрыторыі Вялікапольшчы, паўдзённай часткі Сілезіі ды Памор'я мазурэньне не выступае. Нехарактэрнае яно таксама й польскай літаратурнай мове, незалежна ад таго, што ў пару яе фармаваньня культурны й гаспадарчы цэнтар тагачаснае Польшчы – Кракаў – знаходзіўся на землях, дзе скрозь мазураць. „А ведамы ж гісторыі шмат якіх народаў факт, што гаворка пануючага палітычнага прастору, асабліва ягонага цэнтру, бывае звычайна й асноваю літаратурнае мовы дадзенага народу, якая паўстае ў гэным мамэнце. У Палякоў, дзеля незразумелых раней прычынаў, сталася неяк зусім наадварот: у мазурачым традыцыйна Кракаве ў XV-XVІ стагодзьдзях паўстае й разьвіваецца тады-ж немазурачая літаратурная мова асьвечаных і палітычна-кіраўнічых пластоў грамадзянства. Згодна з прафэсарам Нітшам, гэта паўстала акурат у вялікай меры дзякуючы моцнаму ў сваім часе ўплыву на польскую мову нашае старое мовы. Дзеілі адначасна ў гэтым кірунку і некаторыя іншыя фактары (мова чэская, мова нямецкая).” (С. Брага Брага, Уплывы нашае мовы на польскую, у:„На варце”, № 3, Сыднэй – Мэльбурн 1955, с. 48)
Не адбылося гэта аднак вельмі проста. Яшчэ на пачатку XVІ ст. у польскай літаратурнай мове назіралася змаганьне дзьвёх розных вымоваў. Зусім выразнае мазурэньне сустракаецца ў творах такіх знакамітых польскіх пісьменьнікаў, як Каханоўскі, Гурніцкі... І толькі пазьней цалкам запанавала адрозьніваньне ч-ц, ж-з, ш-с – адзначыў С. Брага, прыводзячы шмат прыкладаў, як хаця б напісаньне прозьвішчаў на -іч: Piotrowicz, Аntonowicz замест ранейшых на -іц: Piotrowic, Аntonowic, гэтаксама як і ў агульных назоўніках тыпу dziedzic, szlachcic.
Сымон Брага адзначыў, што беларуская мова істотным чынам паўплывала й на слоўнік польскае мовы. Hodować, hreczka, puchacz, żubr і шмат іншых словаў – гэта беларусізмы ў польскай мове. Эміграцыйны дасьледнік прыгадаў, што ў Савецкай Беларусі ў 1920-1930 гадох у часопісе „Маладняк” друкавалася цікавая й грунтоўная праца прафэсара Цьвяткова менавіта аб беларускіх уплывах на польскую лексыку. „Беларускі ўплыў, які спачатку пашыраўся праз каралеўскі двор і нашае баярства, пасьля, калі сам двор пачаў ужо гаварыць папольску, ішоў далей праз нашу спалячэлую шляхту (XVІІ ст. і пазьней), якая хаця й гаварыла тады ўжо часта папольску, але заўсёды із сваімі беларускімі асаблівасьцямі ў вымове й слоўніку. Шляхта-ж нашая, хаця сама паступова палячылася, але ўліваючыся ў культурна-палітычнае жыцьцё Польшчы, разам зьменьвала сабою ў некаторай меры й Польшчу ды польскую культуру, уносячы ў яе моцныя беларускія элемэнты.” (Тамсама)
Уплыў беларускае мовы вельмі выразна адлюстроўваецца ў творчасьці польскіх пісьменьнікаў, а асабліва Адама Міцкевіча (Н. Баршчэўская, Беларуская эміграцыя – абаронца роднае мовы, Варшава 2004, с. 138-143). Пісалі пра гэта Сымон Брага (Міцкевіч – вялікі сын зямлі беларускай, у: „Конадні”, № 4, Нью-Ёрк 1955, с. 53-74; Міцькевіч і беларуская плынь польскае літаратуры, Нью-Ёрк 1957, 32 с.) і Станіслаў Станкевіч (Адам Міцкевіч. На 175-я ўгодкі ад нараджэньня, у: „Беларус”, № 201, Нью-Ёрк 1974, с. 2).
4.
Уплыў польскае мовы на беларускую па сёньняшні дзень вельмі выразна адлюстроўваецца ў тапаніміцы. На Беларусі выступае вялікая колькасьць перайначаных назоваў населеных пунктаў, напрыклад: Будслаў, Зельва, Маладзечна, Міёры, Навагрудак, Слуцк замест Будслаўе (як і Заслаўе), Зэльва, Маладэчна, Мёры, Наваградак, Слуцак. Гэтыя зьмены назоваў выкліканыя доўгім ужываньнем чужых моваў у Беларусі. У сувязі з гэтым назовы ў небеларукім гучаньні замацаваліся ў розных дакумэнтах, у літаратуры ды на картах. Станаўленьню й нармалізацыі беларускіх назоваў памог бы тапанімічны слоўнік Беларусі, пра які неаднойчы гаварылася ў пэрыядычным друку ды ў навуковых працах. В. Сянькевіч зьвярнуў увагу на выхад Слоўніка населеных пунктаў Віцебскай вобласьці і Слоўніка населеных пунктаў Брэсцкай вобласьці Аўгена Рапановіча. У ацэнцы В. Сянькевіча, аўтар зрабіў велізарны ўклад у вывучэньне й нармалізацыю тапаніміі Беларусі, Шкада толькі, што А. Рапановіч ня ўзяў пад увагу пры складаньні слоўнікаў такой вартаснай крыніцы, як Перапіс жыхарства, праведзены польскімі ўладамі 30 верасьня 1921 году, у якім фігуруюць літаральна ўсе населеныя пункты Заходняй Беларусі, ці працы Н. Роўбы Даведнік Літвы і Беларусі, выдадзенай у Вільні ў 1910 годзе. „Цяпер галоўнае тое, каб слоўнікі былі выкарыстаныя для стварэньня гэтак канечна патрэбнага агульнага тапанімічнага слоўніка Беларусі, у якім замацаваліся-б правільнае напісаньне і вымаўленьне ўсіх населеных пунктаў Рэспублікі ды нарэшце былі-б зробленыя канцы блытаніне і няпісьменнасьці ў геаграфічных назовах Беларусі.” (В. Сянькевіч, Да пытаньня геаграфічных назоваў Беларусі, у: „Беларус”, № 288, Нью-Ёрк 1981, с. 3)
Дакладны агляд усіх тапанімічных слоўнікаў, сьпісаў населеных пунктаў ды публікацыяў, прысьвечаных тапаніміі, знаходзіцца ў агромністай бібліяграфічнай працы Вітаўта Кіпеля й Зьмітра Саўкі Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі, выдадзенай Беларускім інстытутам навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку ў 2001 годзе.
Янка Запруднік пацікавіўся публікацыяй першага кіраўніка Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Антаніны Абрэмбскай-Яблоньскай Як Менск стаўся „Мінскам”, у якім польская дасьледніца аспрэчыла ранейшую тэзу пра ўкраінскі ўплыў і даказала, што гэта польскае ўзьдзеяньне (Я. Запруднік, Як Менск стаўся „Мінскам”, у: „Беларус”, № 199, Нью-Ёрк 1973, с. 1).
Яўхім Карскі думаў, што і замест е ў назове Менск стала ўжывацца недзе ад XVІІ ст. пад уплывам украінскае мовы, паколькі яць разьвілося ў і менавіта ў мове паўдзённага суседа (Е.Ф. Карский, Труды по белорусскому и другим славянским языкам, Москва 1962, с. 483).
Сумнеў у тым, каб украінскія назовы маглі замацавацца не ў памежнай тэрыторыі, выказала Антаніна Абрэмбска-Яблоньская (A. Obrębska-Jabłońska, Czy ukraiński wpływ na toponimię białoruską?, у: „Slavia Orientalis”, № 2, Warszawa 1973, с. 261-265), якая прывяла некалькі дзясяткаў прыкладаў з старых беларускіх летапісаў, граматаў і актаў на тое, што ў беларускай пісьмовай мове ад найдаўнейшых часоў ужываўся назоў зь е: Менск альбо Менеск. Назоў Менск праіснаваў і ў беларускай народнай мове. У працы Słownik geograficzny królestwa polskiego адзначана, што назоў гэтага горада ў народнай гаворцы Менск (Słownik geograficzny królestwa polskiego, Warszawa 1885, т. VI, с. 453).
У лацінскіх граматах ды дакумэнтах назоў Менск пісаўся Minscum. У летапісах і актах XVІ ст. у польскай мове пераважала напісаньне Мінск, хаця сустракалася яшчэ й Менск. Гэтая форма цалкам зьнікла з польскамоўных дакумэнтаў у XVІІ ст. Была канкрэтная прычына замены формы Менск на Мінск у польскай мове, паколькі і ў Польшчы, недалёка ад Варшавы ёсьць мястэчка, якое ад рэчкі Мень, Мянка пачаткова таксама называлася Меньск, але зьмена гэтай формы на Міньск адбылася ўжо ў XV ст. Гэта цяперашні Мińsk Mazowiecki. Няма ніякіх падставаў дапушчаць, каб гэтая зьмена ў Польшчы магла зайсьці пад уплывам украінскае мовы. Зьмена адбылася ў выніку пераходу ў польскай мове -ен у -ін, што можна назіраць у некаторых польскіх прозьвішчах, напр. Каміньскі < камень, Ясіньскі < ясень. Калі, па аналёгіі з польскім Міньскам, і беларускі Менск пачалі ў мове польскай называць таксама Міньскам, каб не было блытаніны, давялося ўжываць назовы падвойныя – Мińsk Mazowiecki ды Мińsk Litewsk. (Р. Максімовіч, Як беларускі Менск стаўся Мінскам, у: „Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 69-72).
5.
Уплыў польскае мовы на беларускую па сёньняшні дзень вельмі выразна адлюстроўваецца ў тапаніміцы.
Тыдзень таму мы задумоўваліся, чаму беларускі Менск стаўся Мінскам. Аказваецца, што гэта польскі ўплыў, паколькі ў польскай мове ўжо ў XV ст. адбыўся пераход -ен у -ін, што можна назіраць у некаторых польскіх прозьвішчах, напр. Каміньскі < камень, Ясіньскі < ясень. На беларускім грунце такая замена немагчымая, таму што раней у слове Менск пісалася яць, якое ў беларускай мове разьвілося ў е, а ў і – ва ўкраінскай мове. Аднак украінскі ікавізм не даходзіць да Менску, а толькі ахоплівае г. зв. брэсцка-пінскія гаворкі, значыць тэрыторыю, абмежаваную населенымі пунктамі Брэст – Кобрын – Пінск – Лунінец.
У афіцыйны ўжытак назоў Менск быў вернуты толькі ў XX ст., ад менскага Ўсебеларускага кангрэсу 1917 году ды стварэньня Беларускае Народнае Рэспублікі. З гэтага часу беларуская форма была абавязковай у беларускім друку да 1933 году, калі партыя ўзяла курс на русыфікацыю беларускае мовы, што й было зьдзейсьнена адмысловым дэкрэтам. Гэтая зьмена выклікала абурэньне ды пратэсты выдатных дзеячаў беларускае навукі й культуры начале зь Янкам Купалам ды Якубам Коласам. Вядомы пісьменьнік маладзейшага пакаленьня Кузьма Чорны напісаў: „Менск перайшоў у склад Рускай імперыі з прычыны падзелу Польшчы. Менск, такім парадкам, перайшоў да Расеі з польскім вымаўленнем Мінск. (...) Людзі, якія не ведаюць ні законаў мовы, ні гісторыі Беларусі, ні самой мовы, ні беларускай, ні польскай і ні рускай (жаргон, якім яны гавораць і пішуць, нельга назваць мовай) (...) верылі, што яны змагаюцца гэтым мерапрыемствам з уплывамі польскай мовы на беларускую.” (К.Чорны, Запісная кніжка, у: „Полымя”, № 4, Мінск 1965, с. 155)
У ацэнцы Рыгора Максімовіча: „Заява пісьменьніка довад і таго, што надоўга перад публікацыяй гістарычна-моваведных довадаў А. Абрэмбскай-Яблоньскай, Кузьма Чорны ўсьведамляў: форма назову Мінск – расейскі, чужы беларускай мове, палянізм.” (Р. Максімовіч, Як беларускі Менск стаўся Мінскам, у: „Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 70)
Падобнага тыпу зьмены пад польскім уплывам адбыліся і ў іншых назовах беларускае тапанімікі. Прыкладам могуць служыць хоць бы назовы Вяльля, Вялейка. „Вяльлёй раку беларускі народ называе спрадвеку. У старых беларускіх летапісах знаходзім гэты назоў у напісаньнях Велья, по Велию реку, на реку Велю. Назоў лятувіскі ракі Нярыс. Палацінксу назоў ракі здаўна пісаўся Vilia. Лацінская форма назову, зь і пасьля першае літары, была пазьней перанятая й у мову польскую – Wilia. Падобным спосабам зьяйвілася й польская Wilejka для беларускае Вялейкі.” (Тамсама)
Палянізмы Вілія, Вілейка, як і Мінск, ды многія іншыя спалянізаваныя назовы былі перанятыя пазьней царскай адміністрацыяй.
Гэтакім чынам таксама старавечны беларускі Наваградак стаў Навагрудкам, хаця выводзіцца ад граду, а не ад груды. Справа ў тым, што пры адаптацыі ў польскую мову беларускі назоў быў перакладзены, і гэтак з градку атрымаўся грудэк.
Польскім зьяўляецца й афіцыйны назоў Гродна, зь беларускім аканьнем у апошнім адкрытым складзе. У летапісах, у якіх згадваецца ён ад 1128 году, назоў заўсёды выступаў з поўнагалосьсем: Городень, Городна, Городня.
Беларускія эміграцыйныя дасьледнікі, пішучы пра ўзаемаўплывы паміж польскай і беларускай мовамі, зьвярталі ўвагу на гістарычныя абумоўленасьці гэтых працэсаў. Не пагаджаліся яны з поглядам, што ў XVІІІ-XІX стагодзьдзях, калі польская мова пераняла функцыю мовы дзяржаўнай, беларуская мова перастала разьвівацца, напр. Вацлаў Пануцэвіч уважаў, што „калі ў народзе паралельна разьвівалася некалькі літаратурных моваў, то ў некаторых пэрыядах яго гісторыі наступала ператасоўка вядучых літаратурных моваў. (...) Але гэта не значыць, што крывіцкая й іншыя мовы літаратурнага працэсу былі забаронены, ці замерлі. Яны плылі меншымі цёкамі.” (V. Panucevič, Da pytańnia pra miesca Prancisia Bahuševiča ŭ historyi biełaruskaj litaratury, u: „Litva”, № 1, Čykaha 1967, s. 250)
Ніна Баршчэўская