Баршчэўская Ніна

Трактоўка Палесься беларускімі эміграцыйнымі дасьледнікамі

1.

Беларускія эміграцыйныя дасьледнікі шмат увагі прысьвячалі розным аспэктам разьвіцьця беларускае мовы, у тым ліку шырока займаліся тэрыторыяй пашырэньня беларускіх гаворак, між іншым, зьвярталі ўвагу на моўнае й этнаграфічнае беларуска-ўкраінскае памежжа.

Маскоўская дыялекталягічная камісія, якая была створаная ў Маскве яшчэ перад Першай Сусьветнай вайною дзеля, між іншым, распрацаваньня дыялекталягічнае карты Расейскае імпэрыі (у 1915 годзе ў Маскве зьявілася карта пад назовам Опыт диалектолоґической карты русскоґо языка в Европе с приложением очерка русской диалектолоґии) і якая правяла сыстэматычную апрацоўку беларуска-расейскага моўнага памежжа, на жаль, не зрабіла падобных досьледаў на беларуска-ўкраінскай мяжы – заўважае М. Агнявіда ў публікацыі Этнаграфічны прастор Беларусі, зьмешчанай у мюнхэнскай газэце „Бацькаўшчына” (№ 23 (409), Мюнхэн, 22 чэрвеня 1958, с. 2-3). Але, тым ня менш, у сьвятле вынікаў працы Камісіі стала ясным, што абодва ранейшыя дасьледнікі – і Рыттых (А. Ф. Риттих, Этнографическая карта европейской России, Санкт-Петербург 1875), і Карскі (Е. Ф. Карский, Этнографическая карта белорусского племени. Труды Комиссии по изучению племенного состава населения России, Петроград 1917 – карта гэтая была перавыдадзеная ў гадох 1918, 1920, 1921) – у этнаграфічныя межы Беларусі ўключалі толькі чыстыя беларускія гаворкі, пакідаючы навонкі ўсе прасторы, мова якіх здраджвала нейкія паважнейшыя элемэнты мовы суседняй. Пры тым яны, рыхтуючы свае карты, зусім ня бралі пад увагу этнаграфічных, гістарычных ды іншых, ня моўных, але важных фактаў. У выніку гэтага Браншчына, Пскоўшчына ды частка Палесься апынуліся па-за этнаграфічнымі межамі Беларусі – піша М. Агнявіда на старонках „Бацькаўшчыны”. Калі рэч ідзе пра Заходняе Палесьсе, дык гэтую памылку заўважылі дзеячы БНР і выправілі яе на Этнаграфічнай карце Беларускай Народай Рэспублікі, выдадзенай у 1919 годзе.

У ацэнцы М. Агнявіды, толькі на заходнім адрэзку паўдзённай мяжы з Украінай мяжа Беларусі супадае прыблізна з этнаграфічнай мяжою.

Іншы беларускі эміграцыйны дасьледнік Рыгор Максімовіч (гэта псэўданім Вітаўта Тумаша, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 18-24) заўважае на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы”, што пры вызначэньні паўдзённай мяжы расьсяленьня беларускага народу, пачынаючы ад картаў Рыттыха ды Карскага, розныя аўтары падаюць па-свойму этнаграфічную мяжу, абапіраючы яе не на этнаграфічныя, а толькі на моўныя зьявы. Мова, несумненна, важны паказьнік, але, як вынікае з працы Маскоўскае дыялекталягічнае камісіі (Н. Н. Дурнаво, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комисии, ч. V, Москва 1915), на беларуска-ўкраінскім ды на беларуска-расейскім памежжы няма рэзкай моўнай мяжы, а толькі выступае шырокая паласа пераходных гаворак. І таму пры вызначэньні мяжы паміж народамі, апрача моўных рысаў, трэба браць пад увагу яшчэ гістарычныя, антрапалягічныя ды этнаграфічныя фактары – адзначае Р. Максімовіч (Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 18).

Паўдзённая этнаграфічная мяжа была распрацаваная вядомым польскім этнографам Казімежам Машыньскім ў Атлясе народнай культуры ў Польшчы (K. Moszyński, Atlas kultury ludowej w Polsce, z.1-3, 1934-1936). Вызначаную сабою этнаграфічную мяжу К. Машыньскі ўважаў за праяву даўнейшай геаграфічнай мяжы. „Гэта, на ягоны погляд, меў быць этнографічнымі зьявамі выяўлены сьлед паўдзённа-заходняга берагу тых вялізарных пушчаў і бароў, якія некалі пакрывалі паўночна-ўсходнюю частку эўрапейскага кантынэнту.” (Р. Максімовіч, Да справы беларускай паўдзённай этнографічнай мяжы, у: ,,Запісы”, № 1 (5), Нью-Ёрк 1954, с. 20)

Усе этнаграфічныя разьмежаваньні на карце К. Машыньскага праходзяць на поўдзень ад Прыпяці. Калі правесьці сярэднюю геамэтрычную лінію, дык акажацца, што мусіла б яна пайсьці прыблізна на паўдзённай мяжы Палесься з Валыняй, якая адначасова зьяўляецца лініяй старой гістарычнай мяжы з часоў Вялікага Княства Літоўскага, як і сучаснай дзяржаўнай мяжы паміж Беларусяй ды Ўкраінай. Пацьвярджэньнем гэтай выразнай этнаграфічнай беларуска-ўкраінскай мяжы зьяўляецца таксама спосаб пабудовы вёсак на Палесьсі ды палескія народныя ўзоры, як і іншыя мясцовыя этнаграфічныя асаблівасьці, адметныя ад украінскіх і аднолькавыя зь беларускімі. (Тамсама, с. 22-23)

Тым часам некаторыя ўкраінскія замежныя згуртаваньні прэтэндуюць да беларукіх паўдзённых земляў – піша на старонках нью-ёрскай „Беларускай Думкі” Інж. І. Касяк (Украінскія прэтэнсыі да Беларусі, у: „Беларуская Думка”, № 34, Нью-Ёрк – Саўт-Рывэр 1989, с. 32-37). І так, у кнізе Ukrainian Resistance, апублікаванай Украінскім кангрэсавым камітэтам Амэрыкі ў Нью-Ёрку ў 1949 годзе, зьмешчаная мапа Ўкраіны з подпісам Р. В. Гальвін, дзе прыблізна палова сучаснай Берасьцейскай вобласьці з гарадамі Берасьце й Пінск, а таксама паўдзённа-ўсходняя й паўдзённа-заходняя часткі сучаснай Гомельскай вобласьці з гарадамі Старадуб і Тураў далучаныя да Ўкраіны (Тамсама, с. 32). Падобная частка тэрыторыі Беларусі была далучаная да Ўкраіны таксама на ранейшай карце за 1930 год, выкананай В. Кубіёвычам і М. Кулыцкім на ангельскай мове, якая была зьмешчаная ў 2 томе энцыкляпэдыі Ukraine A Concise Encyclopedia (prepared by Schevchenko Scientific Society, University of Toronto Press, Volume 2, 1971), выдадзенай у Таронце ў 1971 годзе . У І томе гэтай энцыкляпэдыі з 1963 году зьмешчаная мапа Райхкамісарыяту Ўкраіны з 1942 году, на якой Берасьце й Гомель далучаныя да Райхкамісарыяту Ўкраіны (Інж. І. Касяк, Украінскія прэтэнсыі да Беларусі, у: „Беларуская Думка”, № 34, Нью-Ёрк – Саўт-Рывэр1989, с. 33).

Таксама ў гэтым томе зьмешчаная мапа пасяленьня ўкраінскага насельніцтва, зь якой вынікае, што ў паўдзённай палове Берасьцейскай вобласьці амаль 100% насельніцтва гэта ўкраінцы. Абшары навокал Мазыра азначаныя па 75, 90 і 100% украінскага насельніцтва. Пры гэтым не падаюцца ніякія крыніцы, на аснове якіх паказаныя такія працэнты ўкраінскага насельніцтва – адзначае аўтар публікацыі. (Тамсама, с. 32) І. Касяк, абапіраючыся на розныя перапісы насельніцтва, прыводзіць лічбавыя даныя пра нацыянальнасьць жыхароў Гомельшчыны й Берасьцейшчыны, зь якіх вынікае, што ўкраінцы ня маюць ніякіх этнаграфічных асноваў на вялікія часткі Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцяў.

У публікацыі Белорусская Советская Социалистическая Республика, выдадзенай у Менску ў 1927 г., пададзена, што ў Гомельскім павеце ў 1897 г. жыло 74,1% беларусаў, 14,4% габрэяў, 10,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1% палякаў. У 1917 г. сярод вясковага насельніцтва было 94,6% беларусаў, 1% габрэяў, 1,2% вялікарусаў і ўкраінцаў ды 1,8% палякаў. У 1923 г. сярод гарадзкога насельніцтва прапорцыі былі наступныя: 44,6% складалі беларусы, 42,1% габрэі, 10,3% вялікарусы й украінцы ды 1,8% палякі.

Берасьцейшчына ў гэтым часе была ў межах Польскае дзяржавы. Як падае Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej у публікацыі Drugi powszechny spis ludności z dn. 9.XІІ.1931 r., województwo poleskie (Warszawa 1938), абапіраючыся на бацькоўскую мову, польскай мовай карысталася 164 106 жыхароў, украінскай – 54 047, беларускай – 75 338, расейскай – 16 198, тутэйшай – 707 088, ідыш – 96 514 і гэбрайскай – 16 452 жыхары. Аўтар артыкула, зьмешчанага на старонках „Беларускай Думкі”, уважае, што тутэйшыя – гэта беларусы, і таму беларусаў трэба лічыць разам 782 426 асобаў. З гэтых дадзеных вынікае, што колькасьць украінскага насельніцтва да беларускага складала: у Гомельскай вобласьці – 8%, а ў Берасьцейскай – 6,9%.

І. Касяк спасылаецца таксама на пазьнейшыя перапісы насельніцтва. І так, у публікацыі Итоги всесоюзной переписи населения 1959 года. Белорусская СССР (Масква 1963) паведамляецца, што ў Гомельскай вобласьці жыла 1 361 841 асоба: беларусаў было 1 181 096, расейцаў – 89 720, габрэяў – 45 007, украінцаў – 33 317 і палякаў – 7 172 асобы. У Берасьцейскай вобласьці жыло 1 190 729 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 024 618, расейцаў – 87 920, палякаў – 42 085, украінцаў – 25 649, габрэяў – 6 012 і татараў – 707 асоб. Паводле гэтага перапісу колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў адносінах да беларускага складаюць: у Берасьцейскай вобласьці – 2,5%, а ў Гомельскай – 2,82%.

Падобныя лічбы паяўляюцца і ў публікацыі Итоги переписи населения 1970 года (том ІV, Москва 1973). Колькасьць людзей Гомельшчыны – 1 533 304 асобы, у тым ліку: 1 294 046 беларусаў, 137 410 расейцаў, 46 483 украінцы, 43 312 габрэі і 4 841 паляк. Колькасьць жыхароў Берасьцейшчыны – 1 294 550 асоб, у тым ліку: беларусаў – 1 114 706, расейцаў – 106 047, палякаў – 32 491, украінцаў – 31 626, габрэяў – 5015 і татараў – 847 асоб. Паводле гэтага перапісу насельніцтва, колькасьці ўкраінскага насельніцтва ў стасунку да беларускага складалі: на Берасьцейшчыне – 2,84%, а на Гомельшчыне – 3,59%.

2.

Этнаграфічныя межы Беларусі, у тым ліку й паўдзённую мяжу вызначыў Ян Станкевіч у публікацыі пад назовам Этнографічныя й гістарычныя тэрыторыі й граніцы Беларусі (у : „Веда”, №№ 9-10 (14-15), верасень-кастрычнік 1952, с. 257-279). Беларуска-ўкраінская этнаграфічная мяжа йдзе ад Падляскага Міжырэчча ў паўдзённа-ўсходнім напрамку касой лініяй на Любяж 10-15 кілямэтраў ад гарадоў Бяла-Падляска й Берасьце; ад Любяжа да Дубравіцы, а далей на поўнач ад Алеўска, пазьней у паўдзённа-ўсходнім напрамку да Патапавічаў Аўруцкага павету й да ўтоку Цецерава ў Дняпро – піша Ян Станкевіч, спасылаючыся, між іншым, на працу Лешэка Асоўскага Zagadnienie językowe Polesia (Warszawa 1936). Ад утоку Цецерава ў Дняпро мяжа йдзе да горада Осьцер ля ракі Дзясны, далей да ўтоку ў яе Сейма, адкуль проста на ўсход крыху на поўдзень ад Глухава. Згэтуль мяжа йдзе на поўдзень і займае да беларускае этнаграфічнае прасторы паўночна-ўсходнюю частку Пуцівельскага павету былое Курскае губэрні разам з Пуціўлем. Тут на захадзе беларуска-ўкраінская мяжа праходзіць па мяжы былога Глухаўскага павету з Пуцівельскім, на поўдні мяжою з украінскай мовай зьяўляецца рака Сейм, а на ўсходзе мяжою з расейскай мовай – усходняя мяжа Пуцівельскага павету.

Этнаграфічныя межы выразна суадносяцца з расьсяленьнем плямёнаў. Вызначэньнем іх межаў заняўся Ян Станкевіч у публікацыі пад назовам Беларускія плямёны(у: „Веда”, № 6 (11), Нью-Ёрк, чэрвень 1952, с. 161-176).

Я.Станкевіч адзначае, што зь беларускіх плямёнаў першыя пэўныя й шырэйшыя весткі ёсьць пра дрыгавічоў (у Я.Станкевіча – дрыгвічы). Гэтае племя межавала на захадзе з балцкімі яцьвягамі, на паўночным захадзе з балцкай Аўкштотаю, на поўначы й паўночным усходзе з крывічамі, на ўсходзе з радзімічамі, а на паўдзённым усходзе з драўлянамі (У Я.Станкевіча – дзярвяне). Дакладную прастору іх пасяленьня Я.Станкевіч вызначае наступным чынам: паўдзённа-заходняе Палесьсе да ракі Стыр на ўсходзе, басэйн паўночных прытокаў Прыпяці, Падляшша й паўночная Холмшчына, басэйн Нёмана, Вяльлі, Бярэзіны. На ўсходзе дрыгавічы даходзілі да Дняпра, а на поўначы да Дзьвіны. З дыялекталягічнага гледзішча, прастора дрыгавічоў характарызуецца недысыміляцыйным аканьнем. З часам украінскія валыняне, націсканыя турка-татарскімі плямёнамі, часткова выціснулі дрыгавічоў на поўнач, а часткова зьмяшаліся зь імі на поўдні. На заходнім Палесьсі й на Падляшшы назіраецца даволі вялікі ўкраінскі ўплыў на беларускую мову. У дрыгавічоў – піша Ян Станкевіч – былі такія гарады, як: Берасьце, Горадзен, Ваўкавыск, Слонім, Ноўгарадак, Клецак, Вільня, Менск, Барысаў, Слуцак (Тамсама, с. 165).

У сваю чаргу іншае племя – драўляне займалі тэрыторыю: на ўсходзе – да Дняпра, на левым беразе якога былі ўжо севяране; на поўначы – да Прыпяці; на захадзе – прыблізна да ракі Стыр. Суседзямі драўлянаў на поўначы й захадзе былі дрыгавічы. На поўдні іх мяжу станавіла рака Ірпень, паўднёвы бераг якой займалі ўкраінскія паляне. На тэрыторыі драўлянаў былі такія гарады, як: Іскарасьцень, Аўруч, Мозыр, Тураў, Пінск.

Я. Станкевіч уважае, што такія моўныя рысы, як: дыфтангічнае вымаўленьне галосных о, э у закрытых складох (куол, але колок, узьнікненьне дыфтонгу іе на месцы былога яць (ліес) зьяўляецца тыповай рысай паўдзённага беларускага дыялекту. Таксама зацьвярдзелае р, форма назоўнага склону прыметнікаў мужчынскага роду з канчаткам -ы, а не -ый ды канчатак -у для давальнага склону назоўнікаў мужчынскага роду (каму? суседу, кавалю) аб’ядноўваюць гэтую тэрыторыю зь беларускімі гаворкамі (Тамсама, с. 166).

Сёньня гэтая тэрыторыя зукраінізаваная. Маем дачыненьне зь пераходнымі беларуска-ўкраінскімі гаворкамі, аснова якіх, на думку Яна Станкевіча, беларуская, а наслаеньні – украінскія, што, дарэчы, выклікана гістарычнымі фактарамі. У X ст. драўляне былі пераможаныя ўкраінскімі палянамі, а ў пазьнейшы пэрыяд, пасьля Люблінскай вуніі 1569 году, паўдзённа-заходнае Палесьсе было далучана ў палітычным пляне да Польшчы, але ў адміністрацыйным – да Ўкраіны, у межах якой застаецца па сёньняшні дзень – адзначае Я. Станкевіч.

3.

Нью-ёрскі літаратурна-мастацкі часопіс „Веда” зьмясьціў артыкул пра палешукоў, палевікоў і севяранаў (Паляшукі й Плявікі. Севяране, у: „Веда”, № 7 (12), Нью-Ёрк, ліпень 1952, с. 214-219). Палевікамі палешукі завуць тых беларусаў, што жывуць навонкі Палесься – выясьняе Я. Станкевіч, які прыводзіць казку з кнігі Аляксандра Сержпутоўскага Казкі й апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету, выданай у 1926 годзе. У гэтай палескай казцы адбілася гісторыя беларускага народу (Тамсама, с. 214-215).

Казка пачынаецца так: „Было ў бацькі дванаццацёх сыноў ды ўсе яны вельмі ўдалыя дзецюкі. Жылі яны ў цёмным лесе, дзе вялося шмат усялякага зьвяр’я, пасьцілі свой статак ды лавілі зьвярыну. Суседзі жылі далёка і рэдка рабілі ім шкоду, бо баяліся ўдалых дзяцюкоў, каб не нагрэлі ім па патыліцы. Жылі яны разам і слухалі старога бацькі.” Але калі памёр стары бацька, жонкі пачалі сварыцца й намовілі сваіх мужоў дзяліцца. „Вядома, калі бабы чаго захочуць, то й сам чорт іх не пераставіць.”– кажацца ў казцы. Як пачалі браты дзяліцца, дык і пабіліся. Толькі два малодшыя жылі паміж сабою вельмі згодна. Не хацелі яны біцца з братамі й таму кінулі сваю зямлю ды пайшлі ў сьвет і „забраліся ў такі лес, што й канца яму нямашака”. Ня могучы прабіцца праз гэты лес, старэйшы брат застаўся ў ім. І назвалі яго ды ягоных дзяцей палешукамі. Малодшаму ж брату ўдалося працерабіць дарогу й выбрацца зь лесу. Пачаў ён абрабляць поле і адтуль пайшоў назоў – палевікі.

Северская ж зямля распаложаная на ўсход ад драўлянаў і ўкраінскіх палянаў, на левым баку Дняпра. „Селі на Дясьне і па Семі і па Суле і назваліся Севера” – кажа пра іх пачатны летапіс (Тамсама, с. 217). Племя гэтае займала басэйн Дзясны, апрача яе вярхоўя, што належала да Смаленскае зямлі й было здаўна занята крывічамі. Вададзел Сожа й Дзясны аддзяляў яго ад радзімічаў, вададзел Акі – ад вяцічаў, а Дняпро быў заходняй мяжою ад палянаў і драўлянаў. У лепшыя часы северскай калянізацыі яны з канцавых сваіх селішчаў ля Сейма й Сулы пашырыліся на Данец і нават Дон. Арабскія пісьменьнікі кажуць пра шматлікае славянскае насельніцтва ў Хазарыі. А з усіх славянаў гэта маглі быць толькі севяране, бо й Данец зваўся ж Северскім – адзначае Я. Станкевіч. Толькі ціск печанегаў аслабіў іх калянізацыю. Найдалейшай калёніяй севяран на паўдзённым усходзе было места Тмутаракань ля Азоўскага мора. Пра северскасьць гэтае калёніі сьведчыць сталая сувязь Тмутараканя з Чарнігавам.

Я. Станкевіч адзначае, што на левым баку Дняпра былі толькі севяране. Украінскія плямёны не займалі левага берага Дняпра. Паляне й улічы даходзілі на ўсходзе толькі да Дняпра (Тамсама, с. 218). У севяран былі такія гарады, як: Ноўгарад Северскі, Чарнігаў, Любеч, Старадуб, Трубчэўск, Бранск, Карачэў, Болдыж, Дамагашч, Пераяслаў, Пуціўль, Рыльск, Курск (Тамсама, с. 219).

У публікацыі пра радзімічаў і вяцічаў (Радзімічы й Вяцічы, у: „Веда”, №№ 9-10 (14-15) Нью-Ёрк, верасень-кастрычнік 1952, с. 309-313) Ян Станкевіча спасылаецца на Повесть временных лет, у якой паведамляецца, што два браты Радзім і Вятка прыйшлі й пасяліліся: Радзім над Сожам, а Вятка – па Ацэ. Ад іхных імёнаў і пайшлі назовы плямёнаў – радзімічы й вяцічы.

Зямля радзімічаў была ля Сожа, левае прытокі Дняпра. Радзімічы займалі паветы Гомельскі, Рагачэўскі, частку Старабыхаўскага й Чэрыкаўскага былой Магілеўскай губэрні ды частку Сураскага й Мглінскага былой Чарнігаўскай губэрні. На поўначы мяжа радзімічаў з крывічамі супадала, відаць, зь мяжой паўдзённа-беларускага недысыміляцыйнага аканьня й крывіцкага дысыміляцыйнага аканьня. Суседзямі радзімічаў на поўдні былі севяране, а на захадзе дрыгавічы. У радзімічаў былі такія гарады, як: Гомель, Прапойск і Чачэрск (Тамсама, с. 309).

Я. Станкевіч піша, што на вялікай частцы старавечных севяран – больш-менш на поўнач ад Дзясны – захавалася беларуская мова. На іншай частцы, што падпала пад вялікі ўкраінскі ўплыў, у мове жыхарства захаваліся беларускія рысы, якія сьведчаць пра генэтычную прыналежнасьць да беларускае мовы.

Мяжа паміж чыстай беларускай мовай і яе пераходнай беларуска-ўкраінскай гаворкай – як піша аўтар публікацыі на старонках часопіса „Веда” (Я.Станкевіч, Севяране, у: „Веда”, № 8 (13), Нью-Ёрк, жнівень 1952, с. 237-250) – ідзе, пачынаючы на ўсходзе, крыху на поўдзень ад Глухава, далей проста на захад да ўтоку Сейма ў Дзясну, па Дзясьне да Остра, адгэтуль проста да Дняпра ля ўтоку яго ў Цецерава.

У мясцовасьцях паміж гэтай мяжой і тэрыторыяй зь беларускай мовай выступаюць такія рысы, якія спалучаюць яе з паўднёва-заходнім беларускі дыялектам. Гэта, паводле Я.Станкевіча: аканьне, адрозьніваньне галосных і, ы ды зьмякчэньне зычных перад галоснымі пярэдняга раду, асабліва перад і (госьті, гаманіть), у некаторых мясцовасьцях гэтае прасторы выступае дзеканьне, на цэлай тэрыторыі ёсьць зацьвярдзелае ц, яць перад складам зь і не перайшоў – так як ва ўкраінскай мове – у і, але ў – е (седіть), перад галоснымі о і у выступае прыстаўны зычны в (вутка, вуокны, вуочы), у займеньніках 3 асобы адсутнічае пачатковае н (у яго, із йім), назіраецца прадуктыўнасьць дэмінутыўнага суфікса -усеньк- у прыметніках, займеньніках і прыслоўях (нічагусенька, памалюсеньку, чысьтюсенькі), канчатак ў назоўным склоне назоўнікаў ніякага роду (вароты, вератёны), а таксама лексічныя асаблівасьці, характэрныя для беларускае мовы: аўторак (укр. вівторок), верабей (укр. горобэць), луста хлеба (укр. скіба хлеба), маланка (укр. блискавка), летась (укр. у мінулому році) і г.д. (Тамсама, с. 238-240).

Такім чынам, спалучаючы веды пра расьсяленьне плямёнаў зь інфармацыяй пра пашырэньне рысаў, характэрных для беларускай і ўкраінскай моваў, беларускія эміграцыйныя дасьледнікі стараліся вызначыць этнаграфічную мяжу, якая аддзяляе беларускі і ўкраінскі народы, што зрабіць вельмі складана з увагі на шырокую паласу пераходных гаворак.

Ніна Баршчэўская