5.
У працэсе абароны роднае мовы перад русыфікацыяй вялізарную ролю адыгрывае правапіс.
„Правапіс, як ведама, зьяўляецца ў гэтым сэнсе бадай што без значэньня ў мовах, якім не пагражае асыміляцыя (...) Затое ўсе тыя мовы, якія бароняцца перад чужой асыміляцыяй, імкнуцца да правапісу фанатычнага, да перадаваньня на пісьме ўсіх адценьняў вымовы дадзенага слова.” (Ст. Ст. – крыптонім Станіслава Станкевіча, Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 лютага 1956, №№ 6-17 (288-289), с. 7)
Сярод беларускіх адметнасьцяў С. Станкевіч раіць зьвяртаць увагу на наступныя: 1. мяккае вымаўленьне прыназоўнікаў з ці без перад словамі, якія пачынаюцца мяккімі гукамі, напр. зь ім, безь мяне; 2. паяўленьне прыстаўнога в перад пачатковым а, калі папярэджвае яго прыназоўнік у, напр. агонь – але – у вагні, акно – але – у вакне.
„У вабароне роднае мовы перад прымусовай русыфікацыяй мы павінны ня толькі адкідаць увесь той вонкавы пакост, якім засьмечваецца нашая мова ў БССР, але ня ў меншай меры й рупліва культываваць, разьвіваць і пашыраць усе тыя ейныя тыповыя асаблівасьці, якія, з мэтаю гэтае русыфікацыі, зь беларускай мовы бязьлітасна выкідаюцца. Іншымі словамі, мы павінны рупіцца аб апрычонасьць нашай мовы й сьвядома паглыбляць розьніцы між ёй і мовай расейскай.” (Тамсама)
Пачынаючы з 113 нумару, мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына” пачала зьмяшчаць мовазнаўчыя артыкулы Яна Станкевіча, напісаныя пры ўдзеле Антона Адамовіча, пад назовам Некаторыя групы словаў беларускае мовы. (Др Ян Станкевіч пры ўчасьці Антона Адамовіча, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 24 жніўня 1952, №№ 34 (113), с. 3-4; 31 жніўня 1952, № 35 (114), с. 3-4; 7-14 верасьня 1952, №№ 36-37 (115-116), с. 7-8; 21 верасьня 1952, № 38 (117), с. 3-4; 28 верасьня 1952, № 39 (118), с. 3-4)
Аўтары публікацыяў, прыводзячы прыклады тыповых для беларускае мовы словаў, адначасова падаюць кантэксты іх выкарыстаньня, спасылаючыся на прысутнасьць іх у народнай мове ды ў гістарычных дакумэнтах, м. ін. у Аль Кітабе, а таксама параўноўваюць з эквівалентамі ў польскай і маскоўскай мовах.
Дзеля прыкладу, прывяду словы з коранем ган-: Тое, што можна ці трэба ганіць (маск. порицать), гэта загана (пол. wada). Да заганаў можна залічыць гэтакія чалавечыя прыкметы, як: ленасьць, неакуратнасьць, баязьлівасьць. Заганаю гаворкі можа быць шапятлявасьць, загіклівасьць. Дзеясловы заганіць, заганеваць азначаюць закіданьне камусьці ці чамусьці заганы, знаходжаньне заганы. Прыметнік заганны – гэта такі, які мае загану, напр. заганны тавар. Антонімам слова заганны зьяўляецца беззаганны (маск. безупречный, пол. nienaganny). Заганлівы мае два значэньні: 1. схільны знаходзіць у іншых загану – ня будзь заганліў; і 2. маючы заганы – заганлівы тавар. У другім значэньні слова заганлівы супадае са значэньнем слова заганны. Строгае зганеньне за што-колечы (пол. nagana) у беларускай мове акрэсьліваецца пры дапамозе лексэмы ганка, напр. Добрую дастаў ганку ад пана. Бяз ганкі ня будзець за тое, што забавіўся. Гэты ж корань ган- утрымліваецца і ў слове ганьба. Ганьбаю ёсьць нягодны (вельмі благі) з маральнага гледзішча ўчынак, напр. вялікаю ганьбаю зьяўляецца здрада свайму народу. Прыметнік ад ганьбы – ганебны. Ад маральнай ганьбы трэба адрозьніваць ганьбу фізычную, якая – як цьвердзіць Я. Станкевіч, спасылаючыся на прыклады – мае зусім іншае значэньне. Фізычнаю ганьбаю ёсьць тое ці іншае калецтва (маск. порок, увечье, пол. wada fizyczna, ułomność, feler). Прыклад: Дзяцюк ня мае ніякае ганьбы, чаму-ж бы яго ня ўзялі ў маскалі? Тое самае, што ганьба ў фізычным значэньні мае слова ган – Ніякага гану няма гэтаму каню. Ганьбіць, зганьбіць кагосьці, г. зн. прычыняць, прычыніць камусь ганьбу. Работа нікога ня ганьбіць. Ты зусім зганьбіў маю славу. Зваротны дзеяслоў ганьбіцца азначае ганьбіць сябе. Калі гаворым пра многіх людзей, можам выкарыстаць слова з прэфіксам па- паганьбіць. Я. Станкевіч прыводзіць прыклад з Аль Кітабу: Кафіраў усіх паганьбіш, дзе слова кафір узята з арабскай мовы ды азначае няверніка. Ганьбаваць, зганьбаваць – гэта знаходзіць, знайсьці ў кім ганьбу ў значэньні фізычным, альбо загану, хоць бы аб’ектыўна ніякае ганьбы не было, і з гэтае прычыны паставіцца адмоўна, адкінуць: Яму сваталі, сваталі дзяўчыну, а ён зганьбаваў. І на заканчэньне яшчэ прыказка: Як Бог ёсьць Богам, не ганьбуй убогім. (Тамсама, № 38 (117), с. 3.)
6.
У 1955 годзе на старонках мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” паявілася публікацыя Яна Станкевіча Аб некаторых словах і хормах нашае мовы. (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня –18 верасьня 1955, №№ 20-38 (250-26)).
Аўтар заўважае, што пісаць пра беларускую мову, маючы на ўвазе практычна-ідэйныя заданьні, надзвычай цяжка, таму што, па ягоных словах: „Мы належым да народаў, мякка кажучы, падупалых, каторых мовы падпалі пад большы чужы ўплыў, чымся гэта бывае, уплыў на толькі вялікі, што ён пагражае быцьцю самае мовы. З другога боку, з прычыны таго-ж нацыянальнага падупаду, лік нашых беларускіх моваведаў абмежуецца пару адзінкамі, каторыя прытым-жа разлучаныя зялезнай завесай, ня могуць сумесна працаваць, а моваведная роўня неспэцыялістых надта-ж нізкая”. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня 1955, № 20 (250), с. 2)
Я. Станкевіч паведамляе, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку.
Адным з найбольш істотных спосабаў выкараненьня беларускае мовы зьяўляецца ейны статус у сыстэме адукацыі. У публікацыя Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы паведамляецца, што выкладаньне беларускай мовы ў школах БССР выклікала трывогу ў выкладчыкаў. Рэч датычыць ня толькі якасьці выкладаньня беларускае мовы, але перадусім адсутнасьці добрых, навукова апрацаваных падручнікаў беларускай мовы. Аўтар публікацыі цытуе ліст загадчыка Катэдры беларускай мовы Магілёўскага пэдінстытута спадара Юргілевіча ў „Звязду”, у якім Юргілевіч заклікаў беларускіх мовазнаўцаў стварыць паўнацэнныя падручнікі па навучаньні роднае мовы. Ён зьвярнуў увагу на адсутнасьць дапаможнікаў гістарычнай граматыкі беларускай мовы, сучаснай беларускай мовы й дыялекталёгіі. Прычыну гэтакага дрэннага стану Юргілевіч убачыў у Міністэрстве асьветы БССР, якое не хацела выдаваць ні падручнікаў, ні дапаможнікаў беларускае мовы. Аўтар „Бацькаўшчыны” адзначае, што Юргілевіч ня мог напісаць аб сапраўдных прычынах адсутнасьці беларускіх падручнікаў. „Вінаватыя тут не «фармалізм і начытніцтва», а бальшавіцкая палітыка ў дачыненьні да мовы беларускага народу” (С. М., Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 лютага 1958, № 8 (394), с. 2).
П. Залужны заўважае, што ў сярэдніх палітэхнічных школах і ў вышэйшых навучальных установах мовай навучаньн зьяўляецца не беларуская мова, але расейская. Гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай мовай навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскае мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога ж боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а фунцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская. (П. Залужны, Да русыфікатарскай палітыкі Масквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 траўня 1959, № 18 (454), с. 2)
С. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча) паклікаецца на артыкул Алеся Праўдзіна пад назовам З дакладнасьцю лічыльнай машыны, які „Бацькаўшчына” поўнасьцю перадрукавала зь „ЛіМу”. Праўдзін напісаў пра невялікі адсотак часу, прызначаны ў школах на азнаямленьне зь беларускай літаратурай. – Гэта 10, 7, а нават 5 ці 4 працэнты. Асноўнае месца займае літаратура расейская. У некаторых старэйшых клясах беларускіх школаў вучні не ўзялі да чытаньня з школьных бібліятэк ні аднаго твора беларускіх пісьменьнікаў на роднай мове. Несумненна, дзеецца гэтак у выніку ўплыву на вучняў, з аднаго боку, зрусыфікаваных настаўнікаў, а з другога – тых спэцыфічных умоваў, якія штучна ствараюцца ў Беларусі дзеля паглыбленьня й пашырэньня русыфікацыйнага працэсу – сьцьвярджае С. Крушыніч. У раней друкаваных у „Бацькаўшчыне” матэрыялах вельмі часта прыводзіліся выказваньні настаўнікаў, што ў школьных бібліятэках часта адсутнічаюць у арыгінале нават тыя творы беларускай літаратуры, якія, згодна з праграмай, належаць да абавязковай лектуры, і вучні змушаныя чытаць гэтыя творы ў перакладзе на расейскую мову. (Ст. Крушыніч - псэўданім Станіслава Станкевіча, Русыфікацыя ўсьцяж шалее, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 верасьня 1959, № 36 (472), с. 1)
П. Залужны зьвярнуў увагу на яшчэ адзін прыклад цынізму савецкае моўнае палітыкі. Піша: ,,У 1956 годзе склікаецца ўсесаюзная навуковая нарада, што займаецца пытаньнем лепшай мэтодыкі выкладаньня расейскай мовы ўва ўсіх школах Савецкага Саюзу ды пытаньнем лепшага авалоданьня расейскай мовай – гэтым сяродкам зносінаў усімі народамі Савецкага Саюзу. Нарэшце прыймаецца закон, што родныя мовы не абавязкова павінны быць нацыянальным складнікам, азнакай нацыянальнай апрычонасьці”. (П. Залужны, Цынізм савецкае моўнае палітыкі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 20 верасьня 1959, № 35 (471), с. 2)
У 1956 г. на канфэрэнцыі ў Ташкенце было сьцьверджана, што расейскай мове павінна ўдзяляцца больш увагі ў нацыянальных школах як мове міжнароднай. Дзеля гэтага было пастаноўлена адкрыць у сыстэме Акадэміі навук СССР Інстытут расейскае мовы ды ўзмоцніць больш практычнае навучаньне расейскае мовы ў школах нацыянальных рэспублік. Неўзабаве зьявіўся закон аб рэформе навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах, у якім зазначалася, што паміж расейскай і нацыянальнай мовамі навучаньня грамадзянам даецца вольны выбар. Гэты закон адмаўляў нацыянальным мовам у пяршынстве, адкідаў іх на другі плян і прычыняўся да пашырэньня сфэры ўжываньня расейскае мовы. (П. Залужны, Наступ на нацыянальныя мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1959, № 45 (481), с. 1-2; М. Кручкоўскі, Школьная рэформа й беларуская мова, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 10 траўня 1959, № 19 (455), с. 3)
7.
„Бацькаўшчына” заўважае, што адмоўнае стаўленьне ўладаў да беларускае мовы ня ўсім падабалася ня тодькі на эміграцыі, але і ў Беларусі. Многія заўважалі прыніжэньне гэтак мовы, як і цэлага беларускага народу, што выклікала супраціў. „Бацькаўшчына” сачыла за ўсімі праявамі супраціву на старонках беларускага друку ды старалася зьвяратаць на гэта ўвагу беларусаў у эміграцыі. І таму працытавала публікацыю Б. Сачанкі ў „ЛІМе”, на старонках якога апісаў ён сваю паездку ў адзін з рэгіёнаў Магілёўшчыны, дзе сустрэўся з такой сытуацыяй, што вучні вучацца па беларускіх падручніках, а настаўнікі тлумачаць ім і апытваюць іх на мове расейскай, таму што дрэнна ведаюць сваю родную мову, якую, як аказалася ў размовах з настаўнікамі, развучылі ў вышэйшых навучальных установах. (Зьдзекі зь беларускай мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 студзеня 1958, № 3 (389), с. 2)
Водгукам на гэтую абнаглелую русыфікацыю быў артыкул Уладзімера Юрэвіча Магутнае слова, ты роднае слова, („Полымя” 1960, № 3). С. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча) ацаніў гэты артыкул як рэдкую, але тым ня меней здаровую й пацяшальную зьяву, што ў асяродзьдзі пісьменьнікаў Беларусі не занікла імкненьне да абароны роднае мовы ад розных русыфікатарскіх экспэрымэнтаў. (Ст. Крушыніч, У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 26 чэрвеня 1960, №№ 24-25 (508-509), с. 3)
С. Крушыніч адзначыў, што як першы за абарону беларускае мовы на старонках БССРаўскага друку выступіў рэгабілітаваны пісьменьнік Янка Скрыган. У артыкуле Думкі аб мове (у: „Літаратура і Мастацтва”, 20 лютага 1957) паставіў ён пытаньне аб патрэбе ачышчэньня беларускай мовы з накінутых ёй русыцызмаў, хаця, зразумела, не назваў асноўных прычынаў такога стану рэчаў, а толькі пісаў, што, „гэтак народ не гаворыць”, або што „мы адрываемся ад народнага творчага асяродзьдзя” і пад.
Паралельна з гэтым іншы беларускі пісьменьнік, таксама рэгабілітаваны, Максім Лужанін пачаў кампанію супраць замены беларускае мовы ў розных галінах жыцьця мовай расейскай. Выступаючы на сходзе актыву працаўнікоў у галіне літаратуры й мастацтва БССР у Менску 2 лістапада 1957 году, Максім Лужанін сказаў: „Хочацца, каб беларуская мова чулася ня толькі ў творчых арганізацыях, але і ў установах, школах сярэдняй і вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на трактары, і на станку.” (Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Жахлівы білянс русыфікацыі ў Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1956, № 7 (393), с. 1-2)
Таксама Кузьма Чорны адзіны ратунак бачыў у мове народнай, у ейнай жыцьцядайнай, творчай адпорнасьці й вытрываласьці. Пра яе ён пісаў: „Вялікая беларуская моўная стыхія ня толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага паняволеньня Беларусі, ня толькі не была праглынута моўнымі культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чысьціню, скрышталявалася ў надзвычайнае багацьце арыгінальных формаў, служачы навет багатым матар’ялам для суседніх моўных культур. Літаратурная мова павінна быць чыстаю, беларускаю. Карэньне яе – у мове народнай.” (Алесь Беразьняк, Небеларуская мова ў беларускай літаратуры, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 14 жніўня 1960, №№ 31-32 (515-516), с. 2)
Усьлед за пісьменьнікамі пра сытуацыю беларускае мовы загаманілі й іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Публіцыст „Бацькаўшчыны” зьвярнуў увагу на выказваньне аднаго студэнта, які напісаў на старонках „ЛіМу” наступнае: „Толькі тады, калі мы пачуем жывую беларускую мову з вуснаў выкладчыка і прадаўца, сакратаркі і інжынера, дырэктара заводу і міністра, калі мы знойдзем яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў, на старонках навуковых працаў – толькі тады беларуская мова зойме належнае месца ў жыцьці.” (Ст. Крушыніч, Жахлівы білянс русыфікацыі ў Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1956, № 7 (393), с. 2)
С. Крушыніч зьвярнуў увагу на тое, што ў абарону беларускае мовы не ўключыліся пісьменьнікі старэйшага пакаленьня, якія, у прынцыпе, павінны яе ачоліць.
Аб праявах супраціву ў 1959 годзе напісаў С. Станкевіч. „Кампанія ў абароне роднае мовы праводзілася ў двух кірунках: у кірунку абароны беларускае літаратурнае мовы перад ейнай прымусовай русыфікацыяй ды ў кірунку аднаўленьня правоў гэтае навет зрусыфікаванае мовы й спыненьня замены яе расейскай мовай у культурным і грамадзкім жыцьці Беларускай ССР.” (Ст. Станкевіч, Апошнія праявы нацыянальнага супраціву ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 28 чэрвеня 1959, №№ 25-26 (461-462), с. 4)
Патрабаваньні павышэньня культуры беларускае літаратурнае мовы й ачышчэньня яе ад раней накінутых русыцызмаў былі высунуты таксама на 4 Зьезьдзе пісьменьнікаў Беларусі, які адбыўся ў Менску 12-14 лютага 1959 г. Аднак і гэтая зрусыфікаваная мова была адсунута на задні плян. Паводле афіцыйных дададзеных, у Беларусі ў гадох 1955-1956 у 95% школаў вялося навучаньне на беларускай мове. Але гэта прапагандовыя дадзеныя.
Параўнальна найбольшыя дасягненьні мелі патрабаваньні ў галіне рэгабілітацыі. Ад паловы 1956 г. да паловы 1959 было рэгабілітавана больш за 30 беларускіх пісьменьнікаў ды дзеячоў навукі й мастацтва, а тыя зь іх, што засталіся яшчэ жывымі, вярнуліся з ссылкі ў Беларусь.
8.
Беларуская мова ўгрунтоўвалася ў сьведамасьці людзей дзякуючы падкрэсьліваньню ейнага гістарычнага значэньня й значэньня беларускай дзяржаўнасьці. Важнай падзеяй у культурным жыцьці Беларусі першай паловы ХVІ ст. была кадыфікацыя права, завершаная выданьнем у 1529 годзе І Статуту ВКЛ. У Статуце былі пададзены асноўныя нормы дзяржаўнага, працэсуальнага, крымінальнага, грамадзянскага й сямейнага права. Вывучэньне зьместу Статуту ды іншых помнікаў права ВКЛ пераконвае, што асноўнымі крыніцамі права пры складаньні Статуту было звычаёвае права Беларусі й Літвы ды нормы пісанага права, якія дзейнічалі й былі выдадзеныя ў той час. (І. Юхо, Хто складаў Літоўскі Статут?, у: „Беларусь” 1958, № 3. Гэтую публікацыю заўважыла „Бацькаўшчына” й перадрукавала ў 18(404) нумары з 4 траўня 1958 г.)
Аналіз зьместу Статуту дазваляе сьцьвярджаць, што ў ім умела спалучаюцца старыя звычаі Беларусі й Літвы з навейшымі дасягненьнямі юрыдычнай навукі таго часу, а ў паасобных выпадках у Статуце былі выказаны ідэі, якія значна пазьней атрымалі далейшае разьвіцьцё ў краінах Заходняй Эўропы. Гэта сьведчыць, што Статут складалі самыя адукаваныя людзі таго часу. З асобаў, якія адпавядалі б вылічаным прыкметам і жылі ў той час у Вільні, можна назваць толькі аднаго чалавека – Францішка Скарыну – адзначаецца ў публікацыі.
Мала які народ здолее пражыць без свае мовы, а бяз мовы ды мінуўшчыны – гістарычнае традыцыі – няздольны да гэтага ніводзін народ. І таму мова й гістарычная традыцыя – найбольш патрэбныя ды найдаражэйшыя скарбы народу. (Я. Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, № 48 (179), с. 3-4).
Разумеў гэта Вацлаў Ластоўскі й таму моцна рупіўся пра долю гэтых скарбаў. Ён вывучыў ды напісаў і выдрукаваў Кароткую гісторыю Беларусі. Значэньне Кароткай гісторыі Беларусі, між іншым, праяўлялася ў тым, што была яна напісана па-беларуску, што ўжываўся ў ёй назоў Беларусь, гаварылася пра беларускія землі, а не пра „западнорусские”.
В. Ластоўскі займаўся таксама беларускай моваю. Ён падрыхтаваў і выдаў Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Ян Станкевіч вельмі крытычна ацаніў гэтую працу, пішучы, што Ластоўскі ня здолеў аддзяліць зерне ад мякіны і толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі. Але, нягледзячы на гэта, на думку Станкевіча, вялікай пашаны заслугоўвае руплівасьць Ластоўскага пра родную мову. Калі б хаця частка гэтай руплівасьці характарызавала іншых, дык беларускай мове не пагражала б вялікая небясьпека.
Праблематыцы беларусізацыі Гомельшчыны прысьвечаны артыкул В. Верасьня. “Калі ў 1924 г. БССР, якая дагэтуль скадалася зь няпоўных шасьцёх паветаў былое Менскае губ., была павялічаная прылучэньнем Полаччыны, Віцебшчыны, Аршаншчыны, Магілеўшчыны, Клімаўшчыны й Рагачэўшчыны, жыхары былое Гомельскае губэрні, у складзе якое засталіся Гомельскі, Рэчыцкі, Клінцоўскі, Новазыбкаўскі й Старадубскі паветы, былі вельмі зьдзіўленыя, чаму яны й надалей мусяць заставацца ў складзе г. зв. «расейскае федэрацыі» – РСФСР.” (В. Верасень, Беларуская Гомельшчына, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 23 траўня 1948, № 17 (20), с.3)
Аднак беларусы Гомельшчыны, гістарычная доля якіх на працягу апошніх часоў кідала то туды, то сюды, не зьнеахвоціліся ды энэргічна ўзяліся за разгортваньне нацыянальнае дзейнасьці. На цэлай прасторы Гомельшчыны – ад вытокаў Іпуці аж да Прыпяці і ад Пагару аж да Какуевічаў – пачалі стыхійна паўставаць беларускія нацыянальныя гурткі й школы.
Тэму беларусізацыі Гомельшчыны працягвае Васіль Будзімер. „Гомельшчына была далучана да Беларусі ў другой палове 1926 г., але толькі к канцу 1927 г. былі зроблены захады да правядзеньня беларусізацыі ў новай акрузе. Трэба было, каб нацыянальныя колы ў Менску падрыхтаваліся да гэтага. У той час беларуская нацыянальная работа была ў поўным росквіце. Усе школы працавалі ў роднай мове, выдаваліся газэты, часапісы, выходзіла з друку многа падручнікаў, паказы ў тэатры адбываліся таксама на роднай мове. (...) Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) вёў падрыхтоўку да ператварэньня сабе ў Беларускую Акадэмію Навук, што і адбылося ўрачыста ў 1928 г.” (Васіль Будзімер, Беларусізацыя Гомельшчыны, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 7 студзеня 1952, №№ 1-2 (80-81), с. 4)
Нягледзячы на такую сытуацыю, у Менску разумелі добра, што правядзеньне беларусізацыі ў Гомелі – гэта пытаньне сур’ёзнае й складанае. Нягледзячы на выезд у Маскву шматлікіх праціўнікаў далучэньня Гомельшчыны да Беларусі, у Гомелі засталася моцна арганізаваная пачка непрымірэнцаў далучэньня й ярых праціўнікаў беларусізацыі.
Значна лягчэй праходзіла беларусізацыя ў рэгіёнах. Вельмі хутка й бязь цяжкасьцяў пераходзілі на беларускую мову школы. Гэта тлумачыцца прыхільнасьцю насельніцтва да факту далучэньня акругі да Беларусі. Значную ролю адыгралі настаўнікі, асабліва пачатковых школаў. Удалося пры гэтым захаваць у якасьці дзяржаўных моваў усе 4 мовы: беларускую, расейскую, польскую й габрэйскую. Насельніцтва было забясьпечанае школаю з выкладаньнем у роднай мове, пры абавязковым выкладаньні беларускай мовы як асобнай дысцыпліны. „Вытычныя пункты беларусізацыі на Гомельшчыне былі выкананыя. Аднак ужо ў першай палове 1930 году небасхіл нацыянальнай працы на Беларусі спачатку далёка й няясна пачаў асьвятляцца нядобрымі зарніцамі. Усё часьцей афіцыйна й неафіцыйна сталі ўжывацца тэрміны «нацдэмаўшчына, нацдэм».” (Тамсама, с. 6)
9.
„Бацькаўшчына” нямала ўвагі ўдзяляла беларусізацыі Царквы. У артыкуле аўтарства Д. Ясько пад загалоўкам „Новы Запавет” у беларускай мове прыгадваецца гісторыя перакладаў Божага слова. „У той самы час, калі доктар Марцін Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову (1522-34 г.г.), Біблія на беларускай мове ўжо друкавалася (1518-23), насамперш у Празе Чэскай, а пазьней – у Вільні. (..) Таксама сьведамы беларус і рэлігійны дзеяч, Васіль Цяпінскі, каля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў Эвангельле ад Мацьвея і Марка, якія былі пераложаны на беларускую народную мову.” (Д. Ясько, „Новы Запавет” у беларускай мове, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 студзеня 1949, № 4 (48), с. 3
Пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных выданьняў зьвярнуў сваю ўвагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Малей, які працаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён перакладаць Эвангельле на беларускую мову. Не давяраючы собскім сілам, зьвярнуўсся па фаховыя парады й папраўкі да ведамага беларускага дзеяча й крытыка, Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяўся дапамагчы ў гэтай карыснай для народу працы. У 1927 г. баптысцкае выдавецтва Компас надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана) і некалькі брашураў на беларускай мове. Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пераклад аддаў ён Брытанскаму й замежнаму Біблійнаму таварыству, якое й выдала ў 1931 г. (у Гелсінхфорсе ў Фінляндыі) Новы Запавет з Псальмамі на беларускай мове.
Другая Сусьветная вайна зьнішчыла ўсе Новыя Запаветы, якія былі на складзе Біблійнага таварыства ў Фінляндыі, а попыт на іх быў вялікі. „Доктар В. Тумаш у 1946 г. першы зьвярнуўся да Брытанскага й Замежнага Біблійнага Таварыства з просьбаю аб выданьні, калі ня цэлай Бібліі, дык хоць-бы Новага Запавету на беларускай мове. Да ягонай просьбы далучыліся просьбы некаторых пратэстанцкіх сьвятароў, якія апрача гэтага зьвярталіся й да амэрыканскіх капэлянаў, і да Сусьветнай Рады Цэркваў, і да Швэдзкага Біблійнага Таварыства. Брытанскае й Замежнае Біблійнае Таварыства адгукнулася адмысловым лістом да перадавых сьвятароў праваслаўнага, каталіцкага й эвангельскага веравызнаньняў, у якім пыталіся, ці пераклад выданьня Новага Запавету з 1931 г. добры, ці беларусы патрабуюць Сьв. Пісаньня ў роднай мове, і колькі больш-менш беларусаў знаходзіцца на эміграцыі.” (Тамсама)
У сувязі з тым, што беларускія дадзеныя былі вельмі розныя – ад 5 тысяч да 50, ангельцы страцілі давер да беларусаў і зьвярнуліся да Я. Дыка – сакратара Нямецкай місіі для распаўсюджваньня Эвангельля ў Штутгарце даць аўтарытэтныя дадзеныя пра колькасьць беларусаў у эміграцыі. Я. Дык запатрабаваў выданьня 3 тысяч паасобнікаў Новага Запавету на беларускай мове. Выданьне 1931 г. захавалася ў расейца, баптысцкага сьвятара Г. Болтнева, зь якога ў 1948 г. быў зроблены перадрук патрэбнай колькасьці экзэмпляраў Новага Запавету.
У публікацыі Станіслава Станкевіча Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 чэрвеня 1955, с. 3) разглядаецца пераклад гэтае рэлігійнае кнігі на беларускую мову, зроблены ксяндзом Пятром Татарыновічам і выдадзены ў Рыме ў 1954 г. Аўтар публікацыі зьвяртае ўвагу на саліднасьць і працавітасьць перакладчыка. Пераклад быў зроблены не зь якога-небудзь аднаго, больш перакладчыку даступнага першаўзору, але ксёндз др Пётр Татарыновіч, прыняўшы за аснову лацінска-грэцкі тэкст Новага Запавету, навукова апрацаваны й выданы прафэсарам Папскага Біблійнага інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 г., выкарыстаў пры перакладзе змарнаваны акупантам выданы напярэрадні апошняй вайны ў Вільні ў 1939 г. пераклад ксяндза мг. В. Гадлеўскага, а таксама адзін тэкст у італьянскай мове, і адзін у мове францускай.
С. Станкевіч заўважае, што ксёндз др. П. Татарыновіч уводзіць нямала інавацыяў у беларускую літаратурную мову з мэтаю ачышчэньня яе ад барбарызмаў і нэалягізмаў. Аўтар публікацыі высока ацэньвае гэтае імкненьне ды намеры, хаця не з усімі рэформамі перакладчыка згаджаецца. Правільным і карысным лічыць ужываньне ксяндзом Татарыновічам пашыранага ў беларускіх гаворках слова эванэлія замест, як цьвердзіць, перанятага з расейскай мовы евангельля.
Ніна Баршчэўская