Баршчэўская Ніна

Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” ў абароне беларускае мовы 1-4

1.

Беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” выдавалася ў Мюнхэне з 31 кастрычніка 1947 г. да сьнежня 1966 г. З 1955 г. сталася беларускім тыднёвікам палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця. Быў гэта ворган беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі. „Бацькаўшчына” мела свае прадстаўніцтвы й распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргентыне, Бэльгіі, Новай Зэляндыі й Вэнэсуэле.

Газэта друкавала інфармацыю пра міжнароднае жыцьцё, навіны Па куткох эміграцыі, карэспандэнцыі пра палітычнае становішча ў Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры й мастацтве. Зьмяшчала навуковыя дасьледаваньні Антона Адамовіча, Сымона Брагі, Уладзімера Глыбіннага, Станіслава Станкевіча, Яна Станкевіча, літаратурныя творы Натальлі Арсеньневай, Юркі Віцьбіча, Міколы Вярбы, Уладзімера Дудзіцкага, Міхася Кавыля, Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, Масея Сяднёва ды іншых.

Выдавала дадаткі: дзіцячы „Каласкі”, а таксама літаратурны й жаночы.

Пры газэце дзейнічала выдавецтва, якое выпусьціла творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Лукаша Калюгі, Андрэя Мрыя, Юркі Віцьбіча, Рыгора Крушыны, альманах твораў беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў „Ля чужых берагоў”.

У „Бацькаўшчыне” сыстэматычна зьмяшчаліся публікацыі па гісторыі Беларусі – палемічныя ў дачыненьні да савецкай, а часткова й польскай, ПНРаўскай гістарыяграфіі – асабліва ў пытаньнях беларускай дзяржаўнасьці пэрыяду ВКЛ ды інкарпарацыі беларускіх земляў царскай Расеяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Паяўляліся артыкулы пра нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст., пра разьвіцьцё беларускай нацыянальна-адраджэнцкай думкі, пра ўзнаўленьне беларускай дзяржаўнасьці й дзейнасьць БНР, а таксама пра беларуска-расейскія й беларуска-польскія дачыненьні. Шмат увагі адводзілася праблемам нацыянальна-дзяржаўнага й культурнага адраджэньня Беларусі ў 20-х гадох ХХ ст., крытыцы асымілятарскага накірунку нацыянальнай палітыкі ў БССР. Шматлікія матэрыялы прысьвячаліся гісторыі рэлігіі, рэлігійных адносінаў, супярэчлівасьцям у нацыянальна-канфэсійным разьвіцьці Беларусі з пункту погляду Расейскае праваслаўнае царквы й Польскага каталіцкага касьцёла. Аўтары „Бацькаўшчыны” зьвярталі ўвагу на нацыянальна-творчую ролю вуніі. Зразумела, не пазьбягалі таксама пытаньняў ролі нацыянальнае мовы ў разьвіцьці дзяржавы.

Ідэя абароны беларускае мовы праводзілася на старонках „Бацькаўшчыны” двума спосабамі: бепасярэднім і пасярэднім.

Бепасярэдні спосаб палягаў у адкрытых закліках не адракацца ад роднае мовы, у азнаямленьні чытачоў зь яе гісторыяй, у перасьцераганьні перад засьмечваньнем мовы лексыкай з суседніх моваў, а таксама ў зьмяшчаньні характэрных для беларускае мовы груп словаў.

Пасярэдні спосаб абароны беларускае мовы праводзіўся шляхам азнаямленьня чытачоў зь беларусізацыяй розных раёнаў Бацькаўшчыны, зь некаторымі спробамі беларусізацыі царквы, з сытуацыяй прэсы ў Беларусі, а таксама шляхам інфармаваньня пра эміграцыйныя выданьні ды арганізаваныя лектараты беларусаведы.

У 2 нумары „Бацькаўшчыны” з 17 лістапада 1947 году аўтар, падпісаны ініцыяламі М. Л., заклікаў сваіх суайчыньнікаў, якія апынуліся ў лягеры Віндышбэргердорф, не адракацца ад роднае мовы. Гэты лягер узьнік у траўні 1947 году зь дзьвюх групаў – Ашафэсбурскай і Вільдфлекенскай, якія вылучыліся зь лягераў польскіх, украінскіх і іншых. Перад лягернай адміністрацыяй паўстала заданьне ўзнавіць беларускае нацыянальнае й культурнае жыцьцё, адчыніць беларускую школу. І пачатковая школа пачала працаваць з 15 жніўня. Бяз большых цяжкасьцяў удалося перавесьці тых дзяцей, якія пачалі навучаньне на польскай мове, на мову родную – беларускую. Нельга прытрымлівацца фальшывых тэндэнцыяў, – адзначае аўтар публікацыі – што беларуская мова мужыцкая, а мова польская – панская. Той, хто саромеецца свае роднае мовы, нагадвае чалавека, які саромеўся б свае роднае маткі. (М. Л., Да роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 лістапада 1947, № 2, с. 4)

2.

У 6 нумары штотыднёвай газэты „Бацькаўшчына” з 8 лютага 1948 году ў Кутку Мовы падкрэсьліваецца значэньне перасьцярогі Францішка Багушэвіча – Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Гэтыя словы ніколі не забываліся нацыянальна сьведамымі беларусамі, але ў эміграцыі іх значэньне сталася куды важнейшым для ўсіх тых, хто ня толькі хацеў захаваць сваю нацыянальнасьць, не распусьціцца ў чужым моры, не адарвацца ад свайго роднага, але яшчэ горда й годна рэпрэзэнтаваць Беларусь перад чужымі народамі. (Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 лютага 1948, № 3 (6), с. 4)

Дзеля гэтага неабходна ведаць гісторыю роднае мовы. „Бацькаўшчына” дасканала разумела гэта й пасьлядоўна публікавала на сваіх старонках артыкулы пра рэфармаваньне беларускага правапісу, пра русыфікацыю беларускае мовы з аднаго боку, а з другога – прыгадвала час ейнага росквіту.

Рэфармаваньню беларускага правапісу быў прысьвечаны цыкл артыкулаў розных аўтараў. Станіслаў Станкевіч пісаў: Калі ў 1933 годзе адбыўся першы афіцыйна ўзаконены акт русыфікацыі беларускае мовы – прыняцьце пастановы Саўнаркому БССР аб г.зв. «рэформе беларускага правапісу», дык былі пададзены тады тры наступныя матывы, што гэтую «рэформу» рабілі неабходнай: 1. зьнішчэньне «штучнай» бар’еры, якой беларускія нацыяналістыя адгараджвалі беларускую мову ад расейскай, 2. ачышчэньне беларускае мовы ад мясцовых правінцыяналізмаў і штучных, супярэчных быццам з духам нашае мовы, наватвораў і 3. ачышчэньне беларускае мовы ад незразумелых архаізмаў, насаджаных у мове беларускімі «нацдэмамі».” (Др Ст. Ст., У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, №№ 25-26 (104-105), с. 6)

Працягваючы тэму, С. Станкевіч усе гэтыя матывы, якія абумоўлівалі рэформу, расшыфраваў і перавёў на простую мову, зразумелую для беларусаў. У выніку атрымаліся наступныя фармулёўкі: „1. Ачышчэньне беларускае мовы ад тых натуральных, паўсталых у працэсе гістарычнага разьвіцьця мовы, элемэнтаў, якія яе, як самастойную й апрычоную, розьняць ад мовы расейскай. 2. Ачышчэньне беларускае мовы ад мясцовых правінцыяналізмаў, якія розьняць беларускую мову ад расейскай. Пад правінцыяналізмамі тут разумеліся такія моўныя зьявішчы, якія для мовы беларускай ня былі правінцыяналізмамі, будучы ў ёй агульна пашыранымі на ўсёй моўнай тэрыторыі Беларусі зьявамі, але былі «правінцыяналізмамі» для мовы расейскай, калі разглядаць апошнюю, як агульную мову для ўсіх нацыянальнасьцяў Савецкага Саюзу. Ачышчэньне ж беларускае мовы ад «штучных нэалягізмаў» адбывалася згодна агульнаабавязваючага прынцыпу, што кажная нерасейская мова ў Савецкім Саюзе ня мае права тварыць новых словаў для абазначэньня новых прадметаў і паняцьцяў на собскай моўнай аснове, але словы гэтыя мусяць браць ужо гатовымі непасрэдна з мовы расейскай. 3. Ачышчэньне беларускае мовы ад «незразумелых архаізмаў» мела фактычна на мэце «ачышчэньне» яе ад тых незразумелых толькі для расейцаў «архаізмаў», г. зн. ад словаў, што паўсталі ў нашай мове ў працэсе ейнага гістарычнага разьвіцьця незалежна ад падобных працэсаў у мове расейскай. У суме – уся гэтая «рэформа» мела на мэце штучнае збліжэньне нашае мовы да мовы расейскай шляхам узаконенага гвалту й ламаньня моўных асаблівасьцяў, іншымі словамі – русыфікацыю беларускае мовы.” (Тамсама)

Станіслаў Станкевіч у публікацыі пад назовам Жахлівы білянс русыфікацыі, падпісанай псэўданімам Станіслаў Крушыніч, заўважае, што русыфікацыя ў галіне мовы праводзілася плянава й сыстэматычна ў двух асноўных кірунках: па-першае, у напрамку безупыннай русыфікацыі самой беларускай літаратурнай мовы і, па-другое, у напрамку сыстэматычнага выцісканьня з ужываньня гэтай зрусыфікаванай мовы й замены яе расейскай мовай, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

3.

Станіслаў Станкевіч у публікацыі пад назовам Жахлівы білянс русыфікацыі, падпісанай псэўданімам Станіслаў Крушыніч, заўважае, што русыфікацыя ў галіне мовы праводзілася плянава й сыстэматычна ў двух асноўных кірунках: па-першае, у напрамку безупыннай русыфікацыі самой беларускай літаратурнай мовы і, па-другое, у напрамку сыстэматычнага выцісканьня з ужываньня гэтай зрусыфікаванай мовы й замены яе расейскай мовай. Пачатак першай плыні – гэта рэформа беларускай граматыкі й правапісу, праведзеная ў жніўні 1933 году, згодна зь якою, урадавым дэкрэтам было выкінута зь беларускай мовы больш за 20 тыпова беларускіх фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, а на іх месца былі ўведзены чыста расейскія рысы, чужыя беларускай мове. Асноўная мэта гэтага працэсу – зьліцьцё беларускай і расейскай моваў у адным рэчышчы.

Гэтае набліжэньне да расейшчыны афіцыйна ўспрымаецца як прагрэс у разьвіцьці беларускае мовы. Дзеля прыкладу, у Прадмове да Руска-беларускага слоўніка, выдадзенага Акадэміяй навук БССР у 1953 годзе, гаворыцца, што беларуская мова „выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексічны запас за кошт слоў роднай ёй рускай мовы”.

Узбагачэньне слоўнага запасу адбываецца такім чынам, – адзначае аўтар мюнхэнскай газэты „Бацькаўшчына” – што беларускія словы, якіх няма ў расейскай мове, выкідваюцца таксама зь беларускае мовы, таму што гэта, маўляў, дыялектызмы, архаізмы або штучныя нэалягізмы, а на іх месца ўводзяцца словы чыста расейскія, раней няведамыя беларускай мове. Дарэчы, гэты самы працэс назіраецца і ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі ды сынтаксісу. Усё гэта прычыняецца да ўзьнікненьня свайго роду беларуска-раейскага жаргону. (Ст. Крушыніч, Жахлівы білянс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1958, № 7 (393), с. 1-2)

Выкіданьне беларускіх словаў вядзе да ненатуральнага звужэньня лексычнага моўнага матэрыялу й штучнага заціраньня апрычонасьці й нацыянальнай самабытнасьці беларускае мовы, а гэта сьпіхае беларускую мову да ролі правінцыянальнага адгаліненьня расейскае мовы ды ў сваім далейшым выніку да адміраньня беларускае літаратурнае мовы, як мовы паўнавартаснай і самастойнай. Гэтая абавязваючая ў БССР тэндэнцыя не была выпадковай, але глыбока прадуманай і пасьлядоўнай зьявай, каб рукамі саміх жа беларусаў ліквідаваць іхную родную мову. (Ст. Крушыніч, У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 26 чэрвеня 1960, №№ 24-25 (508-509), с. 3)

Другі шлях русыфікацыі – замена беларускай мовы мовай расейскай. Дзеля гэтага былі створаны такія спэцыфічныя ўмовы, якія робяць неабходным пераход у грамадзкім жыцьці на расейскую мову. Перш за ўсё, выкладаньне ў вышэйшых навучальных установах цалкам пераведзена на расейскую мову, з выключэньнем беларусістык. 90 працэнтаў вучэбных дапаможнікаў, якімі павінны карыстацца студэнты на працягу 5 гадоў, таксама ў расейскай мове. Зразумела, што выпускнікі такіх школ, самі стаўшы настаўнікамі, пераходзілі на навучаньне па-расейску і ў пачатковых школах, бо яны цалкам развучылі беларускую мову. (Ст. Крушыніч, Жахлівы білянс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1958, № 7 (393), с. 1-2)

Русыфікацыя палягала на тым, што расейцы й зрусыфікаваныя беларусы, асабліва тыя, што мелі дачыненьне зь беларускім друкам, поўнымі прыгаршчамі жыўцом уносілі ў беларускую мову словы, фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці з мовы расейскай, а таксама й асаблівасьці расейскага сынтаксісу, якія потым сталі абавязваючымі ў беларускай мове ў сілу «няпісанага, але практычна агульна прынятага закону». (Др Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, №№ 25-26 (104-105), с. 6)

С. Станкевіч таксама адрозьнівае два шлахі плянавай і сыстэматычнай русыфікацыя беларускае мовы: 1. шлях штучнага ўводжаньня ў беларускую мову чыста расейскіх, чужых ёй элемэнтаў і 2. шлях забароны ўжываньня тых словаў і некаторых граматычных формаў, якія для беларускай мовы зьяўляюцца найбольш тыповымі й характэрнымі, але якія адрозьніваюць яе ад мовы расейскай. (Тамсама)

4.

„Бацькаўшчына” прысьвяціла шмат увагі гісторыі русыфікацыі беларускае мовы. Не абмежавалася толькі ХХ ст., але зазірнула глыбей у беларускую мінуўшчыну, зьмяшчаючы цыкл публікацыяў Яна Станкевіча пад назовам Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня 1960 – 14 лютага 1960, №№ 3-7 (487-491).

Аўтар абапёрся на дзьвюх працах: А. Пушкарэвіча (Эпизод из истории руссификации Белоруии) і А. Цьвікевіча (Западно-руссизм). На пачатку аўтар сьцьвярджае, што формула Пушкіна „Славянскія ручаі выльюцца ў расейскім моры” сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расейскага грамадзтва ў славянскім пытаньні. Аўтар прыводзіць характарыстыку расейскага бюракратычнага апарату й паліцыі ў Беларусі. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было зьмяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асьветы, увядзеньне расейскае мовы, цывільнае й крымінальнае расейскае судовае працэдуры, скасаваньне царкоўнае вуніі, прыцягненьне шляхам ільготаў і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расейскіх губэрняў ды, наканец, калянізацыя беларускіх губэрняў расейцамі. (Ян Станкевіч, Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня 1960, № 3 (487), с. 2-3)

Узаконеньне расейскае мовы ў якасьці службовай ва ўсіх галоўных галінах эканамічнага, палітычнага й дзяржаўнага жыцьця СССР, узносіць расейскую мову ў выразна прывілеяванае становішча й робіць яе фактычна дзяржаўнай мовай усяго Савецкага Саюзу, а гэта вядзе да адміраньня іншых нацыянальных моваў. Выходзячы з гэтага, змаганьне нерасейскіх народаў за чысьціню сваіх нацыянальных моваў практычнага значаньня ня мае. – піша В. М. Міняйло. – Пры такім разьвязаньні пытаньня, лёс іх трагічны. Зусім натуральна, што ў такіх умовах сярод нерасейскіх народаў што раз больш людзей вывучае расейскую мову. (В. М. Міняйло, Праблема мовы ў Савецкім Саюзе, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 25 кастрычніка 1959, № 40 (476), с. 3)

Працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.” (Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 лютага 1956, №№ 6-17 (288-289), с. 7) – адзначае С. Станкевіч.

Гэты аўтар „Бацькаўшчыны” абмяркоўвае мэтады супрацьдзеяньня вынікам русыфікацыі. „У вагульным працэсе змаганьня з паходам расейскага бальшавізму на зьнішчэньне беларускае мовы адкідаць прывіваныя і ўжо прывітыя нашай мове русыцызмы – яшчэ мала. Гэтае змаганьне будзе мець свой належны эфэкт тады, калі мы, адкідаючы ўсе расейскія напластаваньні, прымусова нашай мове накінутыя, будзем адначасна рупліва культываваць і разьвіваць усе тыя асаблівасьці, якія, будучы тыпова беларускімі, адначасна адрозьніваюць нашую мову ад мовы расейскай. Баяцца бальшавікі ў сваім русыфікатарскім шале «штучнай» (чытай – «натуральнай») бар’еры між беларускай і расейскай мовамі, значыцца, мы павінны «бар’еру» гэтую разбудоўваць і паглыбляць. Баяцца яны «мясцовых правінцыяналізмаў», «штучных наватвораў» і «незразумелух архаізмаў», мы павінны якраз і ўзбагачаць імі нашую мову.” (Тамсама)

Вядома, што ў кожнай мове выступаюць словы, якія маюць адназначнае ці блізказначнае значэньне. Сярод групы такіх сынонімаў Станислаў Станкевіч раіць выбіраць тыя словы, якія найбольш падкрэсьліваюць самабытны характар беларускае мовы й аддаляюць яе ад «вялікай мовы братняга рускага народу». І таму перавагу трэба аддаваць такім прыкладна словам, як: сёлета, летась, пазалетась, налета, якія зьяўляюццца тыпова беларускімі й невядомыя другім славянскім народам.

У галіне марфалёгіі й словаўтварэньня побач з займеньнікамі яго, яе, іх шырока распаўсюджаныя таксама займеньнікі з суфіксам -н-: ягоны, ейны, іхны. У сувязі з тым, што формы з суфіксам -н- ня выступаюць у мовах суседзяў – ні ў польскай, ні ў расейскай – варта даваць ім перавагу ў беларускай мове.

Можна ўзяць яшчэ прыклад і з сынтаксісу. Па-беларуску можна сказаць: брат большы ад сястры і брат большы за сястру. Спосаб параўнаньня пры дапамозе злучніка за ў беларускай народнай мове больш пашыраны, а паколькі адсутнічае ён у мове расейскай, дык быў выкінуты зь беларускай літаратурнай мовы ў БССР. І таму варта выкарыстоўваць менавіта канструкцыі з злучнікам за – уважае аўтар публікацыі.

Ніна Баршчэўская