Баршчэўская Ніна

Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі 1-4

1.

Назоў Беларусі на працягу гісторыі няраз зьмяняўся. Таксама іншыя народы па-рознаму называлі Беларусь і яе жыхароў. Гэтай праблематыцы вялікую ўвагу прысьвячала беларуская эміграцыя. Які ўплыў мелі суседнія народы на зьмену дяржаўнага назову Беларусі? – слухайце ў перадачы НБ.

Няма ніводнага народу, які б засяляў свой край спершапачатку, як і няма ніводнага народу, які б на працягу ўсяе свае гісторыі заўсёды насіў адно й тое самае імя – піша Вацлаў Ластоўскі (Ю. Верашчака – п сэўданім Вацлава Ластоўскага, Аб найменьнях “Гуды” - “Крывічы” - “Русь”, у: „Крывіч”, № 1, Каўнас 1923, с. 17-25; Ю. Сулімірскі – псэўданім Вацлава Ластоўскага, Аб назовах “Крывія” і “Беларусь”, у: „Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 36-46).

Найменьні народаў і дзяржаваў мяняліся пад уплывам перасяленьняў, унутраных асацыяцыяў, чужаземных заваёваў, зьмены пануючай дынастыі альбо веры, заснаваньня новага нацыянальнага цэнтра і г.п.

Усе гэтыя перамены перажывала й Беларусь, і гэтакім працэсам вытвараўся беларускі народ. Сьляды гэтага захаваліся ў назовах, якія ў дачыненьні да беларусаў выкарыстоўваюць суседзі: ліцьвіны называюць беларусаў Gudai, а латышы – Kreevu. Найменьне гуды не распрацаванае па той прычыне, што яно не захавалася ў пісаных гістарычных помніках – уважае В. Ластоўскі. Тым часам Гістарычны слоўнік беларускай мовы аднатоўвае слова гудай ‘назва старажытнага народа’, якое выступае ў Хроніцы М. Бельскага пачатку XVII ст. (Гістарычны слоўнік беларускай мовы, т. 7, Мінск 1986, с. 191)

Цікава заўважыць, што гэтунамі, гегунамі, гецікамі вялікарусы называюць беларусаў, адзначаючы такім чынам адменную вымову беларусамі слова гэты.

Назову крывічы ня трэба шукаць у далёкіх крыніцах. На тэрыторыі, займанай калісь крывічамі, а цяпер іхнымі нашчадкамі беларусамі, слова крывіч ужываецца ў штодзённым жыцьці й азначае ‘блізкіх па крыві, родных’ – адзначаюць Вацлаў Ластоўскі й Ян Станкевіч (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, Нью-Ёрк, люты – сакавік 1951, с. 33-54.). Таксама Этымалагічны слоўнік беларускай мовы значэньне слова крывіч падае як ‘кроўны сваяк’ (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, т. 5, Мінск 1989, с. 128), прычым заўважае, што другасныя значэньні слова галоўным чынам адмоўныя, бо зьвязваюцца з крывы (Параўн. Макс Фаěсмер, Этимологический словарь русского языка, Москва 1964-1973, т. 2, с. 375-376).

А. Матач на падставе назоваў мясцовасьцяў з коранем крыў вызначае тэрыторыю крывічоў паміж вытокамі рэк Дзьвіны, Дняпра, Волгі ды паўднёвай часткай Азёрнага краю (А. Матач, Абшар займаны Крывічамі і крыўская колёнізація, у: „Крывіч”, № 10, Каўнас 1925, с. 27-36).

Крывічы былі найбольшым беларускім племенем. Як піша Ян Станкевіч, на поўдні й паўднёвым захадзе межавалі з дрыгавічамі, на поўдні – з радзімічамі й севяранамі, на ўсходзе – зь вяцічамі, на паўночным усходзе – з суздальцамі, якія пазьней сталі звацца маскалямі, на поўначы – з ноўгарадзкімі славенамі й фінскімі чухонцамі, на паўночным захадзе – з эстонцамі й латышамі.

Аўтар публікацыі заўважае, што назоў крывічы мае падвойнае значэньне: пляменнае, якое ахоплівае смалянаў, палачанаў і псковічаў, ды агульнабеларускае, якое пашыралася на ўсе беларускія плямёны (драўлянаў, палешукоў, дрыгавічоў, радзімічаў, севяранаў, вяцічаў і крывічоў).

Я. Станкевіч вызначае этнаграфічныя межы Беларусі ад ракі Буг на захадзе да горада Гжацка і ўтоку Вугры ў Аку на ўсходзе, ды ад утоку Прыпяці ў Дняпро на поўдні да Пскова ўключна на поўначы.

Да прыходу славян на тэрыторыі Крывіч-Беларусі жылі балты. Балты насялялі Узьдзьвіньне (г. зн. Полаччыну зь Віцебшчынаю), Меншчыну, а таксама займалі Палесьсе, прастору ля Сожа, Севершчыну й Смаленшчыну, даходзячы на ўсходзе да сярэдняе Акі. Насялялі таксама цэлую Пскоўшчыну. Пра месца расьсяленьня балтаў сьведчаць балцкія геаграфічныя назовы, якія сустракаюцца побач з славянскімі, а таксама прозьвішчы балцкага паходжаньня. Балцкі ўплыў назіраецца і ў некаторых рысах беларускае мовы. Я. Станкевіч мае на ўвазе мяшаньне ч і ц, характэрнае частцы летувісаў, г. зв. дзукам, ды замену ж гукам з, вядомую латышам. Нявыключана таксама, што зьява аканьня паўстала пад уплывам мовы балтаў. У расейскай літаратурнай мове аканьне паявілася пад уплывам мовы крывіцкае інтэлігенцкае эміграцыі ў Маскву ў XVІІ ст. – заўважае Я. Станкевіч, спасылаючыся на прадмову П. Бяссонава да ягонага Зборніка беларускіх песьняў. (Я. Станкевіч, Кароткі начырк..., тамсама, с. 35).

Я. Станкевіч піша, як зьмяняліся назовы беларускага народу. У XІІ ст. ужываўся назоў крывічы. Сьведчаць пра гэта захаваныя запісы, напр.: „Смаленск ведамы яшчэ ад тых часоў, калі Беларусы зваліся Крывічамі” (С. Максимов, Белоруская Смоленщина, с. 458; за: Я. Станкевіч, Кароткі начырк..., с. 47) Пра тое, што назоў крывічы датычыў ня толькі гэтага племя, але быў назовам агульнабеларускім, сьведчыць, між іншым, наступнае выказваньне крыжацкага летапісца Пятра Дусбурга: „Брат Гэнрык Маршалка (...) прышоў у Крывічы і места іхняе, што Ноўгарадкам завецца, узяў” (Я. Станкевіч, Кароткі начырк...., с. 47). Тым часам вядома, што Наваградак распаложаны на пляменнай дрыгавіцкай прасторы.

2.

У XІІІ ст. побач з назовам крывічы пачаў ужывацца назоў Літва. Пачынаючы з XV ст. выкарыстоўваецца ўжо толькі назоў Літва ў дачыненьні да ўсіх крывічоў. Літвою звалі самі сябе крывічы й Літвою звалі іхную дзяржаву суседзі: украінцы, палякі, немцы, маскоўцы. Таксама гісторык М. Кастамараў сьцьвярджае, што ,,назоў Літва стаўся собскасьцяй беларускага краю і беларускага народу”. (М. Костомаров, Две русские народности, с. 39; за: Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, Нью-Ёрк, люты – сакавік 1951, с. 48).

Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася ў XІІІ ст. Яно задзіночыла амаль усе беларускія плямёны ды ў часе гаспадараньня вялікіх князёў Альгерда й Вітаўта сталася найбольшым гаспадарствам тагачаснае Эўропы. Прастора ВКЛ сягала ад Балтыйскага да Чорнага мора. Апрача беларусаў жылі на гэтых землях балцкія народы, якія цяпер завуцца летувісамі й латышамі, ды ўкраінцы – падкрэсьлівае Ліцьвін (Літва – стары назоў Беларусі, у: „Маладая Беларусь”, № 6, Нью-Ёрк 1960, с. 7-9).

У ВКЛ урадавай мовай была старабеларуская мова, на якой пісаліся дзяржаўныя дакумэнты й законы. На беларускай мове размаўлялі вялікія князі й шляхта. Па-беларуску пісалі свае рэлігійныя кнігі мусульмане-татары й жыды. Культура й асьвета Літвы была на высокім узроўні. Ведамы зборнік законаў на старабеларускай мове Літоўскі Статут быў доўга ўзорам ва ўсёй Усходняй Эўропе. У Маскве цяперашнюю кірыліцу даўжэйшы час звалі літоўскай азбукай (тамсама, с. 7).

Гэта Масква пачала зваць Літвою жамойцкі народ, што належаў да гістарычнае Літвы, але сябе Літвою ня зваў і мовы свае ня зваў літоўскай. У сваю чаргу сапраўдным ліцьвінам быў накінуты назоў беларусы. Беларусяй маскалі называлі й раней усходнюю частку гістарычнае Літвы – тыя землі, на якіх ішло літоўска-маскоўскае змаганьне. Вольная беларуская прэса зусім слушна называе колішніх жамойтаў летувісамі, а край іхны Летувой, а не ліцьвінамі й Літвою, захоўваючы гэты назоў для азначэньня беларусаў і для характарыстыкі пэрыяду ВКЛ (тамсама, с. 8). На жаль, пад назовам Літва (Lithuania) іншыя народы разумеюць толькі колішнюю Жамойць.

Часопіс „Беларуская Думка”, са спасылкай на публікацыю Юры Весялкоўскага Нарысы па гісторыі Беларусі (у: „Голас часу”, № 2, Лёндан 1989), у якой аўтар цытуе чэскага дасьледчыка Паўла Шафарыка, піша пра паходжаньне назову Літва (Я. Л., Літва, у: „Беларуская Думка”, № 35, Нью-Ёрк – Саўт Рывэр 1990, с. 2-4) ад славянскага племя лютычаў, лютаў, якія жылі на тэрыторыі Віленшчыны, Гарадзеншчыны і ўсходняй Ковеншчыны. Падобную думку выказаў таксама іншы чэскі дасьледчык Любомір Нідэрле, які адцеміў, што пры транскрыпцыі славянскага слова Літва трэба разумець лютычаў – а не літоўцаў у сёньняшнім сэнсе.

У сваю чаргу Іван Ласкоў у артыкуле Племя пяці родаў (у: „Літаратура і Мастацтва”, № 33 (3495), Мінск 1989) мяркуе, што слова Літва не славянскае, а комі-пярмяцкае. Дарэчы, і польскі гісторык Віктар Ярмаловіч у сваім артыкуле Усходнія славяне, Крывія, Русь піша, што найважнейшыя архэалягічныя досьледы паказваюць, што на беларускай зямлі жылі калісь угра-фінскія плямёны, якія з часам адышлі на паўночны ўсход. Відаць, гэта й былі тыя комі-пермякі, вывучаючы мову якіх, Іван Ласкоў высунуў гіпотэзу пра паходжаньне слова Літва (Я. Л., Літва, тамсама, с. 2).

Па словах І. Ласкова, гукавы склад комі-пярмяцкай мовы нагадвае беларускую. Ёсьць у ёй гук дз, заўсёды мяккі. Вядомы дасьледнік пермскіх моваў В.І. Лыткін у артыкуле Коми-пермяцкий язык (у: Языки народов СССР, т. 3, Москва 1966) так і піша, што гэты гук комі-пермяцкай мовы блізкі да беларускага дз у слове дзень. Ёсьць і гук дж, заўсёды цьвёрды – таксама, як і ў беларускай мове. У сваёй іншай працы Древне-пермский язык (Москва 1952) В.І. Лыткін паведамляе:

Старжытнае «в», асабліва перад галоснымі непасрэднага раду акустычна блізка стаяла да нескладавога «у» (гэта значыць да «ў» кароткага). Такая асаблівасьць захоўваецца ў сучасных комі мовах.” (Я. Л., Літва, тамсама, с. 2)

Афрыката тш у комі-пярмяцкай мове адпавядае беларускаму цьвёрдаму ч. Такім чынам атрымоўваецца, што амаль усе гукавыя адрозьненні беларускай мовы ад расейскай узятыя са старажытнай пермскай мовы:

Можна сказаць, ад комі-пярмяцкай мовы так і патыхае старажытнасьцю, тым таемным часам, калі чалавек толькі вучыўся гаварыць. Як захаваліся да нашага часу гэтыя «ва» (вада), «му» (зямля), «пу» (дрэва), «ог» (агонь): Слава народу, што іх пранес праз тысячагодзьдзі, каб мы маглі зразумець, з чаго пачыналася мова.” (тамсама, с. 2-3).

Ідучы гэтым сьледам, аўтар „Беларускай Думкі” стараецца высьвятліць значэньне слова Літва, але пра гэта слухайце праз тыдзень.

3.

Аўтар „Беларускай Думкі” стараецца высьвятліць значэньне слова Літва, якім раней называліся беларускія землі.

Слова «Літва» мае два склады: «літ» і «ва»: «Літ» у комі-пярмяцкай мове чарадуецца з «віт» і азначае ‘пяты’, а „ва” – ‘вада’, ‘рака’. Атрымліваецца: „літва” – ‘пяць водаў, пяць рэкаў’... Але Ласкова гэтыя назвы не задавальняюць, ён ідзе далей у сваіх разважаньнях і прыходзіць да высновы, што «Літва» азначае ‘племя, племя пяці родаў, пяці разгалінаваных сем’яў.” (Я. Л., Літва, у: „Беларуская Думка”, № 35, Нью-Ёрк – Саўт Рывэр 1990, с. 3)

Вымоўным сьведчаннем паходжаньня племя Літва зь фіна-уграў, а не з балтаў, зьяўляецца вялікая колькасьць назваў з ва на Беларусі. Ласкоў налічыў іх 33, тыпу: Зэльва, Літкава, Маргва, Жытва, Восава, Кернава, Нарва, Лонва, Тонва ды іншыя. Некаторыя словы з ва І. Ласкоў расшыфроўвае. Напрыклад: дзіва азначае ‘глухі, густы лес’, прорва – ‘топкае месца’, ізва – ‘камень’, нарва – ‘нары’, лахва – ‘даліна’, тонва – ‘мёрзлы, абледзянелы’.

Шмат ёсьць у Беларусі назваў рэк і паселішчаў угра-фінскага паходжаньня, якія ня маюць складу ва, напрыклад: Ашмяны – гэта значыць ‘мядзьведзь’, Іўе – ‘выток ракі’, Жодзішкі – ‘кіслае малако’, Кушляны – ‘голы, лысы’, Ардашы – ‘рыба’ і г.д. (Тамсама)

Тэрыторыю Літвы Мікола Ермаловіч вызначае арэалам верхняга Панямоньня. Гэта пацьвярджаецца й рэкамі. Менавіта на гэтую тэрыторыю прыпадае згушчэньне рэк з ва ў назове. Калі ўсяго ў Беларусі такіх рэк 33, то 11 зь іх цячэ на Гарадзеншчыне.

Таксама Вацлаў Пануцэвуч прыгадвае, што ўжо ў XVI-XVIII стагодзьдзях Лікас Давід, Гардткнох і Прэторыюс выводзілі назоў Літва ад лютычаў. (Vacłaŭ Panucevič, Krytyčnyja zaciemki. Pra nacyjanalny charaktar Vialikaha Kniastva Litoŭskaha j histaryčny termin „Litva”. „Zapisy”, kn. 3, Miunchen 1964, s. 35-89, u: „Litva”, № 1, Čykaha, studzień – červień 1967, s. 130-197). У сярэдзіне XІX ст. чэскі славіст Шафарык таксама даводзіў назоў Літва ад тых жа лютычаў альбо волатаў-велетаў. У ацэнцы Пануцэвіча, у гэтым няма нічога недарэчнага, бо на падставе аналізу назоўнага й моўнага матарыялу вядома, што часьціца ва неабавязкова мусіць стаяць у канцы слова (Літ-ва), дрыг-ва). Яе можа ня быць і тады сам корань (Літ-, Лет-, Лёт-, Лют-) выражае сэнс, а ў пэрыядзе тварэньня мовы часьціца ва магла стаяць і перад коранем слова (Ве-лет, Во-лат) (Тамсама, с. 131).

Сьлядамі засяленьня волатаў-лютычаў пабярэжжа Балтыйскага мора ёсьць густая сетка тапаграфічнага назоўніцтва, пачынаючы ад Фінляндыі аж да ракі Эльбы на захадзе. Углыб на поўдзень гэтыя назвы ахопліваюць усю беларускую тэрыторыю з асаблівым згушчэньнем у паўночнай частцы. Напрыклад:

Велетава – у раёне Пецярбурга; Волатава – ля Вялікага Ноўгараду на правым баку ракі Волхавец; Волаты – ля Пскова; Волаты й Волатава – каля Смаленска; Волатава – каля Магілёва; Валатоўня й Валатоўка – каля Віцебска; Велетыя – каля Менска; Валатыня – каля Горадні.

У Віленшчыне вялікае згушчэньне гэтых назоваў з характэрным іканьнем, г.зн. замены вэль, вол на віль: Вілья, Вілейка, Вільня, Вілачы, Вілянова, Вільчышкі, Вілейшы, Вілейты, Вількалі, Вільканцы, Вілкавышкі, Вілкі, Вількія, Вількіншчына, Вількіня, Вілейнішкі, Вілкомір.

На тэрыторыі жамойцкай альбо зь мяшаным насельніцтвам захоўваецца корань вель: Велекены ля Панявежа, Велерова ды Вельянова ў Ковеншчыне, Вельнява або Літва каля Радзыня, Вельпесы каля Расен, Велайты каля Тэльшы.

Нямала назоваў з гэтай жа прасторы тыпу Люцічы з асаблівым згушчэньнем у Прыбалтыцы: Люцын каля Рэжыцы ў Латгаліі; Люцынішкі ў Троцкім павеце; Людэлішкі ў Віленскім; Людэнродэ ў Прусах, Лютэйкі на правым прытоку Нёмана, Люткі ля Ольштына, Лютоша на Ашмяншчыне, Лютыка недалёка Вільні, Лютыніца на правым прытоку Дзьвіны, Ліда ў басейне Нёмана. Далей на захад назовы гэтыя цягнуцца аж да ракі Эльбы. (Тамсама, с. 133-134)

В. Пануцэвіч не сумняецца ў тым, што вытокі назову Літва зьвязаныя зь велетамі-лютычамі. Гэта датычыць пэрыяду да III-V стагодзьдзяў нашай эры, ці ранейшага. У другой палове першага тысячагодзьдзя нашай эры Літва зусім акрэсьлена пачала тварыць свой цэнтар дзяржаўнага значэньня. Аб гэтым сьведчаць раскопкі гарадзішчаў г. зв. усходне-літоўскага тыпу, лінія якіх ідзе ўздоўж плямёнаў жэмаў (жэмайтаў і зэмгалаў). (Тамсама, с. 135)

У далейшай частцы публікацыі В. Пануцэвіч піша пра Аўкштоту як памежную паласу паміж Нявежай і Дубісай, якую вызначаюць наступныя геаграфічныя назовы: Аукшце, Аўкшкулі, Аўкштоле, Аўкшташліне – вёскі ў раёне Расены, Аукшгуды – вёска над ракой Вадокштай, Аўкштагое, Аўкшце – двор каля Панявежа, Аўкштатракіс – вёска ў Панявежскім павеце, Аўкштыголе – вёска ў воласьці Жэймы Ковеньскага павету й г. д. (Тамсама, с. 145)

4.

Славянскасьць Літвы сьцьвярджае Ян Бахэмскі, які ў сваёй працы De gentium moribus (1538) піша, што мова гэтага народу падобная да польскай (Vacłaŭ Panucevič, Krytyčnyja zaciemki. Pra nacyjanalny charaktar Vialikaha Kniastva Litoŭskaha j histaryčny termin „Litva”. „Zapisy”, kn. 3, Miunchen 1964, s. 35-89, u: „Litva”, № 1, Čykaha, studzień – červień 1967, s. 163).

Польскі філёляг А. Брукнэр у працы пад назовам Z niwy białoruskiej адзначае, што Беларусь мае мову апрычоную ад польскай, маларускай і вялікарускай, і што гісторыя Беларусі старэйшая й слаўнейшая, чым гісторыя Маларусі й Вялікарусі, але схаваная пад назовам Літвы (A. Bruckner, Z niwy białoruskiej, Kraków 1918, с. 3, за: Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, Нью-Ёрк, люты – сакавік 1951, с. 48).

У працы Ruskopolski rękopis z r. 1510 Брукнэр заўважае, што паняцьці ,,літоўскі, Ліцьвін ужываюца замест беларускі, Беларус. Яшчэ Рэй у 1562 г. Ліцьвіном зваў Беларуса, а ў Маскве і ў XVІІ ст. литовский значыць беларускі” (A Bruckner, Ruskopolski rękopis z r.1510, „Slavia”, VІІ, 1928, с. 10; за: Я. Станкевіч, Кароткі начырк..., тамсама, с. 48).

Я. Станкевіч дадае, што палякі гэтак называлі беларусаў нават у XІX ст., таму й А. Міцкевіч пісаў: „Litwo, Ojczyzno moja”. Што назоў Літва быў у крывічоў назовам нацыянальным, а ня толькі палітычным, відаць таксама з таго, што ні ўкраінцы, ані жамойты Літвою ня зваліся, незалежна ад таго, што Ўкраіна ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага да 1569 г., а Жамойць была ў ім увесь час (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, Нью-Ёрк, люты – сакавік 1951, с. 48-49).

Ян Станкевіч шукае адказу на пытаньне: дзяржавай якога народу было ВКЛ? З пункту погляду этнаграфічнага складу свайго жыхарства ВКЛ было, несумненна, крывіцка- ці беларуска-летувіскай дзяржавай, а ад паловы XІV ст. да вуніі з Польшчаю ў 1569 г. таксама ўкраінскай. Аднак з гледзішча таго, які народ стварыў гэтую дзяржаву, дык ВКЛ было беларускай дзяржавай. Блытаніна назоваў і гістарычнае мінуўшчыны, створаная расейцамі, прычыняецца да таго, што не для ўсіх гэта цалкам зразумелае.

Паказчыкаў аб крывіцкасьці ВКЛ ёсьць шмат:

Па-першае, гербам ВКЛ быў узброены коньнік-рыцар, што гоніцца за непрыяцелем. Як сьведчыць Іпатаўскі летапіс, гэты герб быў устаноўлены вялікім князем Віценем у канцы XІІІ ст. і тады, як і цяпер, зваўся пагоняй. Апрача таго, на шчыце рыцара ёсьць крыж, а Аўкштота й Жамойць, якія сёньня завуцца Летуваю, былі хрышчаныя: першая ў XІV ст., а другая ў пачатку XV ст. І таму няма сумневу, што герб гістарычнае Літвы крывіцкага паходжаньня.

Па-другое, дзяржаўнай мовай ВКЛ была мова крывіцая (беларуская). За пяць з паловай стагодзьдзяў існаваньня ВКЛ няма ніводнага дакумэнту, які быў бы напісаны па-летувіску. Невядомыя таксама з таго часу прыватныя лісты ў летувіскай мове. Калі б беларуская мова была моваю царквы, а жыхары Аўкштоты й Жамойці былі супольнай веры з крывічамі, то дзяржаўнасьць беларускае мовы й распаўсюджаньне яе на тэрыторыю Аўкштоты й Жамойці не выклікала б зьдзіўленьня. Але ў крывічоў праваслаўнага й грэка-каталіцкага веравызнаньняў мовай царквы была царкоўна-славянская мова, а ў каталікоў – лацінская мова. І таму дзяржаўнасьць беларускае мовы можна тлумачыць толькі тым, што й ВКЛ было крывіцкай дзяржавай. Таксама адміністрацыйныя й фіскальныя назовы былі крывіцкія.

Па-трэцяе, кодэкс правоў ВКЛ, слаўны Статут Літоўскі быў ня толькі крывіцкім па сваёй мове, але й па паходжаньні зьмешчаных у ім правоў.

Па-чацьвертае, назоў Літва быў тэрытарыяльным і ахопліваў у першай палове XІІІ ст. як аўкштотцаў, гэтак і крывічоў, займаючых трыкутнік, верхам якога быў уток Вяльлі ў Нёман, бакамі абедзьве гэтыя рэкі й асноваю – таксама Нёман. Тэрыторыя гэтая была заселеная ў асноўным крывічамі.

Я. Станкевіч адзначае, што ўжо ў канцы XІV ст. была крывіцкая літаратурная мова, асновай якой сталіся ўсходнія гаворкі крывіцкага сярэдняга дыялекту, дакладней – гаворкі паўдзённай часткі Полаччыны (Я. Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларуісі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с. 129-145).

Гэтая крывіцкая мова была мовай асьвячоных клясаў на ўсёй тэрыторыі ВКЛ, моваю літаратуры, права і моваю дзяржаўнай. Яна ж была да канца XVІІ ст. моваю міжнародных дачыненьняў і дыпляматыі на ўсходзе Эўропы (Тамсама, с. 129).