5.
Зь летапісаў вядома, што па рацэ Ацэ жыло племя вяцічы. У Повести временных лет летапісец ня толькі залічае вяцічаў да крывіцкага народу, але й азначае іхнае месца ў крывіцкай сям’і. Кажа, што вяцічы – найбліжэйшая радня паўдзённым крывіцкім плямёнам: севяранам, радзімічам, а значыцца, і дрыгавічом, што жылі на захад ад гэтых, а далейшая радня крывічоў, што жылі на поўнач – у Смаленшчыне, Полаччыне й Пскоўшчыне. „Калі паўстала задзіночанае крывіцкае гаспадарства, ведамнае ў гісторыі пад назовам Вялікага Княства Літоўскага, дык Вяцічы прылучыліся да гэтага гаспадарства. А калі гэтае гаспадарства за вялікага князя Альгерда ў 2 пал. XIV стг. завяршала сваю будоўлю, дык усі Вяцічы ўвайшлі ў яго; граніца з Маскоўшчынаю была ўстаноўлена «па Мажайск і Каломну». Але, пачынаючы з апошняе чвэрці XV стг., калі настала нягодная міжнародная кан’юнктура для крывіцкага гаспадарства, Масква пачынае націскаць на Вяцічаў, аж пакуль у 1520 г. не паняволіла іхнага гаспадарства – Вялікага Княства Разанскага. Уся гісторыя Разанскага Княства сьветча пра ягоны апрычоны, розны ад маскоўскага, характар і пра сталую непрыязьнь Разанцаў да Маскоўшчыны і ходаньня іх із Княствам Маскоўскім. Лучыўшы гэтак у Маскоўскае гаспадарства, Вяцічы ўжо ў 16 стагодзьдзю мусілі ў сваю мову дапусьціць некаторыя ўплывы маскоўскія...” – адзначае Я. Станкевіч (Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с. 17). Але выглядае на тое, што яшчэ ў XVII ст. вяцічы гаманілі па-крывіцку. Моцная русыфікацыя настала ў XVIII ст. ды завяршылася ў першай палове XIX ст.
Мове вяцічаў не характэрнае ні дысыміляцыйнае крывіцкае аканьне, ні іх цоканьне. Толькі на памежжы вяціцка-крывіцкім адзначаўся ўплыў крывіцкага дысыміляцыйнага аканьня.
Я. Станкевіч не пагаджаецца з тэорыяй Н. Дурнаво, што маскоўскае аканьне паўстала пад уплывам вяціцкага, таму што паняволены народ ня ў стане аказаць уплыў на мацнейшых. Затое беларускі эміграцыйны дасьледнік прыхільна ставіцца да меркаваньня другога расейскага вучонага, П. Бяссонава, што аканьне ў Маскву прынесла ў XVII ст. крывіцкая інтэлігенцыя.
Я. Станкевіч адклікаецца да Слоўніка В. Даля, характарызуючы мову Пскоўшчыны й Цьвершчыны. Даль пісаў, што ў Пскоў, а нават у Калугу перанесена нямала зь Белай Русі й што ў Пскоўскай губэрні чуецца вялікае ўмяшаньне беларускае. Крывіцкія элемэнты Даль асабліва падкрэсьлівае ў мове Пскоўшчыны. Піша, што „вялікае ўчасьце беларускага чуваць у (губ.) Чарнігаўскай, Арлоўскай, Калускай, Цьверскай і асабліва ў Пскоўскай”. (Тамсама, с.19, за: Вл. Даль, Толковый словарь ...,с. LXX)
Ян Станкевіч параўноўвае выказваньне В. Даля з поглядамі іншых мовазнаўцаў.
Яўхім Карскі прылучаў да крывіцкае прасторы толькі паўднёвыя часткі паветаў: Апочацкага, Вялікалуцкага й Тарапецкага Пскоўшчыны ды Асташкаўскага, Зубцоўскага й Ржэўскага Цьвершчыны, значыць тэрыторыю на правым баку Волгі. (Тамсама)
Аўтары Диалектологической карты русского языка в Европе прызнаюць мову амаль цэлае Пскоўшчыны й паўднёва-заходняе часткі Цьвершчыны за пераходную ад крывіцкае мовы да паўночнага расейскага нарэчча. Сюды ўваходзяць: акаючая гаворка Петраградзкае губ. (паўднёвыя часткі Гдоўскага й Лускага паветаў), Пскоўскае губ., апрача акаючае гаворкі паўднёвае часткі Порхаўскага й паўночнае часткі Холмскага паветаў, што належаць да гаворак з паўднёва-расейскім наслаеньнем, у Цьверскай губ. гаворкі большай часткі Асташкаўскага й Ржэўскага паветаў і невялікае паўднёва-заходняе часткі Зубцоўскага павету (да г. Зубцова й р. Вазузы). (Тамсама, за: Диалектологическая карта русского языка в Европе, с. 36).
Да крывіцкіх асаблівасьцяў яны залічылі:
· аканьне;
· выступаньне галоснага -ы: у прыметніках у назоўным склоне адзіночнага ліку: злый, худый, сіній, у дзеяслоўных формах: мый (загадны лад), мыю (цяперашні час), у назоўніках: напр. шыя, у назоўным склоне назоўнікаў множнага ліку: гарады, лясы, берагі;
· пераход в у становішчы перад зычным гукам ды у ў становішчы пасьля галоснага – у ў;
· зацьвярдзеньне ш, ж, ч, ц;
· дзеканьне й цеканьне;
· канчатак -ей у родным склоне займеньнікаў і назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку: такей, злэй;
· дублетныя формы дзеясловаў тыпу: нясе й нясець;
· крывіцкі націск (ніколі, нікога).
Да гэтых формаў Я. Станкевіч яшчэ дадае:
· зацьвярдзелае р у пскоўскіх гаворках, што адзначалася ўжо ў XV ст.: старынах, манастыры, осподара;
· формы давальнага склону займеньнікаў: табе, сабе;
· спалучэньне зычных гл на месцы дл: жэрэгло.
Як паўночна-расейскія асаблівасьці аўтары Диалектологической карты русского языка в Европе прывялі наступныя:
· цоканьне, г. зн. зьліцьцё гукаў ч і ц;
· вымова сь, зь збліжаная да мяккіх ш, ж;
· поўная асыміляцыя ў спалучэньні дн: анна замест адна;
· ужываньне дзеяслоўнага прыслоўя мінулага часу ў ролі выказьніка: карова была цяліўшы. (Тамсама, с. 19-20)
6.
Ян Станкевіч не пагаджаецца з поглядам расейскіх аўтараў і заўваже, што палятальная вымова сь, зь (збліжаная да мяккіх ш, ж) назіраецца ў паўночна-ўсходніх крывіцкіх гаворках. Даўней выступала на ўсёй пляменна-крывіцкай прасторы: ад Полацка й Смаленска да Пскова ўключна. Беларускі эміграцыйны дасьледнік адзначае, што гэтая зьява супольная зь вялікай часткай польскіх дыялектаў і з мовай ніжнелужыцкай. Тым часам ноўгарадзкае нарэчча гэтае зьявы ня ведае. Такое вымаўленьне ўзьнікла, відаць, пад уплывам балцкага субстрату, так як цоканьне, якое, дарэчы, характэрнае і паўночна-ўсходнім беларускім гаворкам, пад уплывам субстрату фінскага. Поўная асыміляцыя назіраецца па цэлай тэрыторыі Беларусі, а асабліва на захадзе: у Наваградчыне й Гарадзеншчыне. Ужываньне дзеяпрыслоўя ў функцыі выказьніка таксама не чужое беларускай мове. (Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с. 21)
З гэтага Ян Станкевіч робіць выснову, што ніякае расейскае асновы ў гаворках Пскоўшчыны й паўднёва-заходняй часткі Цьвершчыны няма. Калі ўзяць пад увагу тое, што ў найстарэйшую пару Пскоўшчына належала да Вялікага Ноўгараду, а пазьней, пасьля пэрыяду незалежнасьці й самастойнага быцьця ў задзіночанай крывіцкай дзяржаве, увесь час належала да Маскоўскае дзяржавы, дык трэба дзівіцца, што мова ейная нагэтулькі захавалася. Напэўна не было б гэтага, калі б крывіцкая мова была ў Пскоўшчыне толькі як наслаеньне.
„З гледзішча гістарычнага мова Пскоўшчыны і прынамся менаванае часьці Цьвершчыны ё чыста крывіцкая, але ў цяпершнім сваім стане яна далёкая ад нормальнай, чыста крывіцкай, бо вельмі а вельмі ў ёй шмат расійскага ўплыву, асабліва ў слоўніку.” (Тамсама, с.21-22)
„Гэткім парадкам – працягвае Я. Станкевіч – Даль у сваім слоўніку ўлучыў у паўночнае нарэчча расійскае вялікую моўную тэрыторыю крывіцкую, часткава з чыстай моваю крывіцкай, а ў вялікай бальшыні з моваю балей альбо меней абруселаю, тэрыторыю, абыймаючую прасторы вялікае часьці Цьвершчыны, усяе Пскоўшчыны і паўдзённых часьцяў Гдоўскага й Лускага пав. губ. Пецярбурскай, а з выняткам паўночнае часьці Порхаўскага пав. Пскоўшчыны.” (Тамсама, с.22)
Аказваецца, што з чатырох расейскіх нарэччаў, зь якіх Даль улучыў лексіку ў свой слоўнік, моўная прастора двух – заходняга й паўдзённага – вылучна крывіцкая. Ейная крывіцкасьць па сёньняшні дзень праяўляецца ў фанэтыцы, марфалёгіі й часткова ў слоўніку. У трэцяе – паўночнае – нарэчча Даль таксама ўключыў вялікую прастору крывіцкае мовы, хаця й “запсаваную” ў значнай ступені расейскімі ўплывамі. Маецца на ўвазе Пскоўшчына й Цьвершчына. І толькі ўсходняе нарэчча ў Даля сапраўды расейскае.
Падсумоўваючы свае разважаньні пра крывіцкую мову Пскоўшчыны й Цьвершчыны, беларускі эміграцыйны дасьледнік, заўважае, што:
· ня ўся Цьвершчына належыць да крывіцкае моўнае прасторы;
· з Пскоўшчыны не належыць да крывіцкае моўнае прасторы паўночная частка Порхаўскага павету;
· паўдзённае нарэчча (калі карыстацца Далевай тэрміналёгіяй) толькі зь гістарычнага гледзішча зьяўляецца крывіцкім, а цяпер там расейская мова зь вялікай колькасьцю крывіцкіх асаблівасьцяў;
· крывіцкая мова Цьвершчыны й Пскоўшчыны таксама вельмі сапсаваная расейскімі ўплывамі;
· Даль запісваў ня толькі крывіцкую мову з гэтае прасторы, але таксама расейскую, размаўляючы між ішым з расейскамоўнымі жаўнерамі. (Тамсама, с.23)
Ян Станкевіч задумоўваецца над тым, якая карысьць з Далевага Слоўніка, і прыходзіць да высновы, што карысьць немалая, але пра гэта ў нашай перадачы гутарка пойдзе праз тыдзень.
7.
Ян Станкевіч задумоўваецца над тым, якая карысьць з Далевага Слоўніка, і прыходзіць да высновы, што карысьць немалая.
1. Крывіцкая лексыка з гэтых усходніх і паўночных тэрыторыяў можа ў вялікай ступені прычыніцца да пазнаньня геаграфічнага пашырэньня розных крывіцкіх словаў і ўстанаўленьня іх усекрывіцкасьці.
„Гэтак, прыкладам, калі слова «еміна» маем запісанае толькі ў Пархвенаве ля Докшыцаў Вялейскага пав., дык можна думаць, што гэта слова мясцовае. Калі аднак знаходзім у слоўніку Далевым запісанае ў Пскоўшчыне, дык ясна, што яно агульна крывіцкае, пры гэтым можна з пэўнасьцяй сказаць, што яно ўжываецца болей меней на ўсёй прасторы паміж гэтымі дзьвюма мясцовасьцямі. І запраўды, гэтае слова знаходзім у зьменшанай хорме „емінка” у краёвым слоўніку Віцебшчыны Касьпяровічавым, запісанае ў Сянскім пав. або слова «ірты» (мас. лыжы), падаванае этнографам Машынскім з Мозырскага Палесься ды запісанае яшчэ ў Любчу Наваградзкага павету падае Даль із Трубчэўскага пав. Арлоўшчыны, яно-ж ведама і ў Віцебшчыне. А гэт’кіх словаў знойдзецца ня мала.” (Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с. 24)
2. Крывіцкія словы зь менаваных тэрыторыяў могуць прычыніцца да лепшага пазнаньня фанэтыкі крывіцкае мовы гэтай жа прасторы.
„Прыкладам, слова «вукула», запісанае Далям у Варанешчыне й Смаленшчыне, ня толькі перадае крывіцкую асаблівасьць пераходу л, стаячага ля даўнейшага ъ, у ў (паходзе з «ваўкула» а гэта з вълкола), але й дагэтуль нікім не рагледжаную крывіцкую асаблівасьць часткавага пераходу злучэньня оў раз у у – хуста, патураць, іншы раз у о – сонца, мова і сьветча аб цеснай, аж да драбязнасьці, сувязі фонэтычнай паміж гаворкамі вяціцкімі а цэлай крывіцкай моваю.” (Тамсама, с. 24-25)
3. У крывіцкай мове сустракаюцца некаторыя палянізмы. Адны зь іх можна пазнаць па іх фанэтычных прыкметах, але іншых гэтак пазнаць нельга. І тут з дапамогай прыходзяць крывіцкія прасторы.
,,Калі сумлеўнае слова ўжываецца й тамка на гэных далёкіх ад Польшчы нашых прасторах, дык ясна, што яно ня польскае, а супольнае з польскай моваю, як «стол» і інш. Да гэткіх супольных із польскай моваю нашых словаў належа, прыкладам «кавалак», ужыванае таксама ў «заходнім» нарэччу ды ў Куршчыне й Пензеншчыне.” (Тамсама, с. 25)
4. У крывіцкай мове сустракаюцца некаторыя словы балцкага паходжаньня, якія выступаюць на цэлай разгляданай прасторы.
,,Нехта мог-бы падумаць, што яны ўжываюцца толькі на памежжы зь цяперашнімі Балтамі, і, як барбарызмы, увайшлі ў крывіцкую мову ў гістарычную яе пару з мовы літоўскай або латыскай. Пашырэньне такіх словаў (як луста й інш.) на разгледжаных прасторах сьветча, што яны ў крывіцкай мове спрадвеку, што ўвайшлі ў яе разам із словамі славянскімі ў ёй, ёсьцека такой самай собскасьцю крывіцкае мовы, як, прыкладам, словы кельцкія мовы ангельскае.” (Тамсама )
5. Немалое значэньне маюць уласныя назовы балцкага паходжаньня, захаваныя на згаданай тэрыторыі. Гэта дадатковае пасьведчаньне таго, што балцкі элемэнт разам з славянскім зьяўляецца складовай часткай крывіцкага народу на цэлай тэрыторыі ягонага расьсяленьня.
,,Ня толькі на захадзе Крывіччыны ёсьць Ашмяна, але й Мажайск на ўсходзе (па-летувіску мажас значыць малы).” (Тамсама )
Гэты Слоўнік В. Даля можа быць карысным ня толькі для мовазнаўства, а асабліва крывічаведы, але таксама й для іншых навук. Пазволіць пазьбегнуць шмат якіх непаразуменьняў у навуковых дасьледаваньнях – адзначае Ян Станкевіч на старонках навукова-літаратурнага часопіса „Веда”.
Я. Станкевіч паралельна з тэрмінам крывіцкая мова ўжывае таксама тэрмін беларуская мова. Адзначае ён, што новая беларуская літаратурная мова вырасла ў XІX ст. з сучасных дыялектаў беларускае народнае мовы й крышталізавалася ў XX ст. (Я. Станкевіч, Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) у розныя пэрыяды гісторыі Беларусі, у: „Веда”, № 1 (28), 1954, с. 6)
8.
У беларускай народнай мове Я. Станкевіч выдзяляе чатыры дыялекты: паўночна-ўсходні, паўдзённа-заходні, віленска-ашмянскі й сярэдні.
Паўночна-ўсходні дыялект пачынаецца ў Полацкім павеце (крыху на захад ад Полацку) і цягнецца на ўсход ды поўнач. На тэрыторыі гэтага дыялекту знаходзяцца такія гарады, як: Полацак, Віцебск, Себеж, Невель, Вяліж, Імсьціслаў, Клімавічы. Гэты ж дыялект ахоплівае ўсю Пскоўшчыну, беларускую (заходнюю) частку Цьвершчыны ды ўсю Смаленшчыну. У гэтым дыялекце дзеясловы маюць у 3 асобе адзіночнага ліку форму з канцавым -ць, як пад націскам: (ён) бярэць, вядзець, так і бяз націску на канцы: кажыць, гукаіць.
Паўдзённа-заходні дыялект, які ўключае й палескія гаворкі, ахоплівае тэрыторыю з такімі гарадамі, як: Ліда, Наваградак, Горадня, Саколка, Беласток, Ваўкавыск, Слонім, Баранавічы, Лунінец, Пінск, Столін, Слуцак, Мазыр і Рэчыца. У гэтым дыялекце дзеясловы першага спражэньня маюць у 3 асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу форму без канцавога -ць як бяз націску, так і пад націскам: (ён) кажа, піша, чытае, бярэ, нясе, а ўсе дзеясловы другога спражэньня як з націскам, так і бяз націску на канцы выступаюць з канцавым -ць: (ён) сядзіць, крычыць, водзіць.
Віленска-ашмянскі дыялект знаходзіцца на поўнач ад паўдзённа-заходняга дыялекту. Апрача Вільні й Ашмяны ахоплівае такія мястэчкі, як: Крэва, Гальшаны, Астравец, Тургелі, Лаварышкі, Трокі, Еўе. У гэтым дыялекце ўсе дзеясловы першага спражэньня маюць форму 3 асобы без канцавога -ць: (ён) рэжа, піша, чытае, дзярэ, вядзе, а дзеясловы другога спражэньня форму бяз -ць толькі тады, калі націск не падае на канчатак, напр.: (ён) носе, робе, гавора, але дрыжыць.
Сярэдні дыялект выступае паміж дыялектам паўночна-ўсходнім з аднаго боку, ды паўдзённа-заходнім і часткова віленска-ашмянскім, з другога. Цягнецца ён шырокаю паласою з паўночнага захаду: ад мястэчка Гадуцішкі ля мяжы зь Лятуваю на паўдзённы ўсход да ракі Дзясны. На прасторы гэтага дыялекту распаложаны: Дрыса, Друя, Браслаўе, Дзісна, Гадуцішкі, Докшыцы, Лепле, Сянно, Вялейка, Маладэчна, Смаргоні, Валожына, Радашкавічы, Лагойск, Барысаў, Магілеў, Ігумен, Ст. Быхаў, Рагачэў, Новазыбкаў, Ноўгарад-Северскі, Погар, Старадуб, Клінцы, Трубчэўск, Мглін, Почап, Бранск.
На падставе дзеясловаў 3 асобы адзіночнага ліку цяперашяга часу беларускі эміграцыйны дасьледнік у сярэднім дыялекце выдзяляе тры паласы: заходнюю, у якой 3 асоба мае такія самыя формы, як у віленска-ашмянскім дыялекце ці ў паўдзённа-заходнім; усходнюю, дзе ўсе формы з канцавым -ць, значыць, гэтакія ж як і ў паўночна-ўсходнім дыялекце; сярэднюю, у якой пад націскам дзеясловы выступаюць з канцавым -ць: (ён) цьвіцець, стрыжэць, жнець, б’ець, пяець, злуець, блішчыць, а не пад націскам – без канцавога -ць: (ён) можа, меле, цягне, кажа, сьнедае, сябруе, хварэе, носе, просе, кура, гавора, крыша. Меркаваньнем Я. Станкевіча, сярэдняя паласа сярэдняга дыялекту й ёсьць хрыбтом беларускае мовы, і таму ейныя формы павінны быць уведзеныя ў літаратурную мову.
Я. Станкевіч у сваёй моўнай практыцы верна адлюстроўваў гэтак фанэтычныя, як і марфалягічныя рысы сярэдняй паласы сярэдняга беларускага дыялекту. Не пазьбягаў таксама вельмі рэдкіх словаў, характэрных толькі для некаторых рэгіёнаў ці асобных населеных пунктаў Крывіч-Беларусі. Ён дасканала адчуваў стылёвыя й сэнсавыя адценьні сынонімаў, а калі адчуваў, што ў літаратурнай мове нестае нейкага слова, дык ствараў яго й папулярызаваў сярод беларускай эміграцыі, друкуючы на старонках розных часопісаў, у тым ліку й навукова-літаратурнага часопіса ,,Веда”.
Я. Станкевіч стараўся вярнуць беларускаму народу мінуўшчыну, згубленую разам са стратай гістарычных назоваў Беларусі. І таму карыстаўся ў сваіх працах некалькімі паралельнымі назовамі дзеля азначэньня Беларусі, яе народу й мовы.
Ніна Баршчэўская