Баршчэўская Ніна

Ян Станкевіч – папулярызатар Крывіччыны 1-4

1.

На старонках нью-ёрскага часопіса „Веда” беларускі эміграцыйны дасьледнік шырока прадставіў гісторыю Крывіч-Беларусі.

У публікацыі Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі (у: „Веда”, № 1, люты – сакавік 1951, с. 33-54) Я. Станкевіч вызначае этнаграфічныя межы Беларусі ад ракі Буг на захадзе да горада Гжацка і ўтоку Вугры ў Аку на ўсходзе, ды ад утоку Прыпяці ў Дняпро на поўдні да Пскова ўключна на поўначы.

Да прыходу славян на тэрыторыі Крывіч-Беларусі жылі балты. Балты насялялі Узьдзьвіньне (г. зн. Полаччыну зь Віцебшчынаю), Меншчыну, а таксама займалі Палесьсе, прастору ля Сожа, Севершчыну й Смаленшчыну, даходзячы на ўсходзе да сярэдняе Акі. Насялялі таксама цэлую Пскоўшчыну. Пра месца расьсяленьня балтаў сьведчаць балцкія геаграфічныя назовы, якія сустракаюцца побач з славянскімі, а таксама прозьвішчы балцкага паходжаньня. Балцкі ўплыў назіраецца і ў некаторых рысах беларускае мовы. Я. Станкевіч мае на ўвазе мяшаньне ч і ц, характэрнае частцы летувісаў, г. зв. дзукам, ды замену ж гукам з, вядомую латышом. Нявыключана таксама, што зьява аканьня паўстала пад уплывам мовы балтаў. У расейскай літаратурнай мове аканьне паявілася пад уплывам мовы крывіцкае інтэлігенцкае эміграцыі ў Маскву ў XVІІ ст. – заўважае Я. Станкевіч, спасылаючыся на прадмову П. Бяссонава да ягонага Зборніка беларускіх песьняў. (Тамсама, с. 35)

Да плямёнаў крывіцкага народу Я. Станкевіч залічае: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў, севяранаў і драўлянаў. (Тамсама, с. 36-37)

Толькі крывічы не былі паняволеныя татарамі нават на кароткі час. Апрача гэтага, з утварэньнем задзіночанай крывіцкай дзяржавы былі вызваленыя ад татараў у пачатку XІV ст. паўдзённа-ўсходнія крывіцкія землі (Севершчына), а крыху пазьней таксама ўсходняя частка Смаленшчыны. Даўжэй была пад татарамі ўсходняя частка племя вяцічаў, што тварыла Вялікае Княства Разанскае, але й яго з часам вызваліла ад татараў Вялікае Княства Літоўскае. (Тамсама, с. 41-42)

Я. Станкевіч піша, як зьмяняліся назовы беларускага народу. У XІІ ст. ужываўся назоў крывічы. Сьведчаць пра гэта захаваныя запісы, напр.: „Смаленск ведамы яшчэ ад тых часоў, калі Беларусы зваліся Крывічамі.” (Тамсама, с. 47) Пра тое, што назоў крывічы датычыў ня толькі гэтага племя, але быў назовам агульнанацыянальным, сьведчыць хаця б наступнае выказваньне крыжацкага летапісца Пятра Дусбурга: „Брат Гэнрык Маршалка ... прышоў у Крывічы і места іхняе, што Ноўгарадкам завецца, узяў.” (Тамсама) Тым часам вядома, што Наваградак распаложаны на пляменнай дрыгавіцкай прасторы.

У XІІІ ст. побач з назовам крывічы пачаў ужывацца назоў Літва. Пачынаючы з XV ст. выкарыстоўваецца ўжо толькі назоў Літва ў дачыненьні да ўсіх крывічоў. Літвою звалі самі сябе крывічы й Літвою звалі іхную дзяржаву суседзі: украінцы, палякі, немцы, маскоўцы. Таксама гісторык М. Кастамараў сьцьвярджае, што ,,назоў Літва стаўся собскасьцяй беларускага краю і беларускага народу”. (Тамсама, с. 48)

Польскі філёляг А. Брукнэр у працы пад назовам Z niwy białoruskiej адзначае, што Беларусь мае мову апрычоную ад польскай, маларускай і вялікарускай, і што гісторыя Беларусі старэйшая й слаўнейшая, чым гісторыя Маларусі й Вялікарусі, але схаваная пад назовам Літвы. У працы Ruskopolski rękopis z r. 1510 Брукнэр заўважае, што паняцьці ,,літоўскі, Ліцьвін ужываюца замест беларускі, Беларус. Яшчэ Рэй у 1562 г. Ліцьвіном зваў Беларуса, а ў Маскве і ў XVІІ ст. литовский значыць беларускі.” (Тамсама) Я. Станкевіч дадае, што палякі гэтак называлі беларусаў нават у XІX ст., таму й А. Міцкевіч пісаў:Litwo, Ojczyzno moja”. Што назоў Літва быў у крывічоў назовам нацыянальным, а ня толькі палітычным, відаць таксама з таго, што ні ўкраінцы, ані жамойты Літвою ня зваліся, незалежна ад таго, што Ўкраіна ўваходзіла ў склад ВКЛ да 1569 г., а Жамойць была ў ім увесь час. (Тамсама, с. 48-49)

Назоў Русь быў прынесены норманамі ў ІX ст. і стаў нацыянальным назовам украінцаў. Пачаткова Русьсю былі толькі норманы, а крыху пазьней стаў гэтак называцца Кіеў з ваколіцамі. З часам у шырокім палітычным значэньні Русьсю сталі называцца землі рускіх князёў, зн. Рурыкавічаў, у тым ліку фінскія. У гэтым значэньні й крывіцкія землі XІ-XІІ ст.ст. нярэдка зваліся рускімі. (Тамсама, с. 49)

2.

Хрысьціянства было прынятае крывічамі ў канцы X ст. пры пасярэдніцтве Кіева, Русі. З гэтае прычыны хрысьціянства ўсходняга абраду – праваслаўная й грэка-каталіцкая цэрквы – былі вядомыя ў крывічоў пад назовам рускай веры, а вернікі зваліся русінамі. Разам з рускай вераю прыйшло рускае пісьмо й рускія кнігі, дзеля таго й мову гэных кніг крывічы сталі называць рускай, нягледзячы на тое, што пачаткова яна была царкоўна-славянскай, а пазьней крывіцкай. З кніжнае мовы гэты назоў быў перанесены на крывіцкую народную мову (Ян Станкевіч, Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, № 1, люты – сакавік 1951, с. 50).

Калі гаварыць пра суседзяў, то палякі спачатку называлі крывіцкую мову літоўскай, а пазьней, сутыкаючыся з крывічамі, пачалі называць так, як гэтыя, значыць – рускай. Украінцы старакрывіцкую літаратурную мову ўважалі за сваю й называлі яе рускай, а крывіцкую народную мову акрэсьлівалі літоўскай. Што да маскоўцаў, дык яны называлі літоўскай як літаратурную, гэтак і народную крывіцкую мову.

Назоў Беларусь да апошняга часу ўспрымаўся як чужы. У Маскоўшчыне паўстаў ён пад татарскім уплывам, дзе слова белы значыць вольны, слаўны. Таму й зямля вольная ад татарскага ўціску звалася Белай Русьсю. Калі ў XVІІІ ст., пасьля падзелаў Рэчыпаспалітай, ВКЛ было прылучанае да Маскоўшчыны, то этнаграфічна-крывіцкія землі былой Літвы атрымалі афіцыйны назоў Белая Русь. Рабілася гэта з мэтаю лягчэйшай асыміляцыі Крывічоў. – адзначае Я. Станкевіч на старонках навукова-літаратурнага часапісу „Веда”. – Назоў Літва быў перанесены расейцамі на чыста балцкую частку былога ВКЛ – на Аўкштоту й Жамойць. (Тамсама, с. 51)

Аўтар публікацыі Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі шукае адказу на пытаньне: дзяржавай якога народу было ВКЛ? З пункту погляду этнаграфічнага складу свайго жыхарства ВКЛ было, несумненна, крывіцка- ці беларуска-летувіскай дзяржавай, а ад паловы XІV ст. да вуніі з Польшчаю ў 1569 г. таксама ўкраінскай. Аднак з гледзішча таго, які народ стварыў гэтую дзяржаву, дык ВКЛ было беларускай дзяржавай. Блытаніна назоваў і гістарычнае мінуўшчыны, створаная расейцамі, прычыняецца да таго, што не для ўсіх гэта цалкам зразумелае. (Тамсама, с. 65)

Паказчыкаў аб крывіцкасьці ВКЛ ёсьць шмат:

Па-першае, гербам ВКЛ быў узброены коньнік-рыцар, што гоніцца за непрыяцелем. Як сьведчыць Іпатаўскі летапіс, гэты герб быў устаноўлены вялікім князем Віценям у канцы XІІІ ст. і тады, як і цяпер, зваўся пагоняй. З прывілею Вялікага Князя Ягайлы, выданага баярству 20 лютага 1387 г., даведваемся, што па-народнаму пагоняй звалася паспалітае рушэньне (заклік да вайны ўсіх мужчын). Паколькі слова пагоня крывіцкае, а не летувіскае, дык ясна, што й сам герб быў узяты з крывіцкага асяродзьдзя. Апрача таго, на шчыце рыцара ёсьць крыж, а Аўкштота й Жамойць, якія сёньня завуцца Летувою, былі хрышчаныя: першая ў XІV ст., а другая ў 1417-148 гадох. І таму няма сумневу, што герб гістарычнае Літвы крывіцкага паходжаньня. (Тамсама, с. 66)

Па-другое, дзяржаўнай мовай ВКЛ была мова крывіцкая (беларуская). За пяць з паловай стагодзьдзяў існаваньня Княства няма ніводнага дакумэнту, які быў бы напісаны па-летувіску. Невядомыя таксама з таго часу прыватныя лісты ў летувіскай мове. Калі б крывіцкая мова была моваю царквы, а жыхары Аўкштоты й Жамойці былі супольнай веры з крывічамі, то дзяржаўнасьць крывіцкае мовы й распаўсюджаньне яе на тэрыторыю Аўкштоты й Жамойці не выклікала б зьдзіўленьня. Але ў крывічоў праваслаўнага й грэка-каталіцкага веравызнаньняў мовай царквы была царкоўна-славянская мова, а ў каталікоў – лацінская мова. І таму дзяржаўнасьць крывіцкае мовы можна тлумачыць толькі тым, што й ВКЛ было крывіцкай дзяржавай. Таксама адміністрацыйныя й фіскальныя назовы былі крывіцкія. (Тамсама, с. 66-67)

Па-трэцяе, кодэкс правоў ВКЛ, слаўны Статут Літоўскі быў ня толькі крывіцкім па сваёй мове, але й па паходжаньні зьмешчаных у ім правоў. У Статут увайшлі некаторыя правы з канстытуцыяў асобных крывіцкіх княстваў папярэдняга пэрыяду (Полацкага, Смаленскага), напр. пункты пра асабістую незачэпнасьць (ніхто ня мог быць пазбаўлены свабоды без суду), загарантавана было права выезду за мяжу, права неадказнасьці сям’і за аднаго зь ейных чальцоў і г. д. Гэтыя правы з канстытуцыяў асобных земляў увайшлі ў прывілей Вялікага Князя Казімера з 1447 г., а стуль у тры Статуты Літоўскія (1529, 1566 і 1588 гадоў). (Тамсама, с. 67-68)

Па-чацьвертае, назоў Літва быў тэрытарыяльным і ахопліваў у першай палове XІІІ ст. як аўкштотцаў, так і крывічоў, займаючых трыкутнік, верхам якога быў уток Вяльлі ў Нёман, бакамі абедзьве гэтыя рэкі й асноваю – таксама Нёман. Тэрыторыя гэтая была заселеная ў асноўным крывічамі. (Тамсама, с. 73)

3.

p>Я. Станкевіч адзначае, што ўжо ў канцы XІV ст. была крывіцкая літаратурная мова, асновай якой сталіся ўсходнія гаворкі крывіцкага сярэдняга дыялекту, дакладней – гаворкі паўдзённай часткі Полаччыны (Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларуісі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с.  129-145).  Гэтая крывіцкая мова была мовай асьвячоных клясаў на ўсёй тэрыторыі ВКЛ, моваю літаратуры, права і моваю дзяржаўнай. Яна ж была да канца XVІІ ст. моваю міжнародных дачыненьняў і дыпляматыі на ўсходзе Эўропы (Тамсама, с. 129).

Пішучы пра крывіцкую мову, Я. Станкевіч адклікаецца да слоўніка Даля (Толковый словарь живаго великорускаго языка, І изд. 1863-1866, ІІ изд. 1880-1882, ІІІ изд. 1903-1909, IV изд. 1913, V изд. Москва 1978-1980). У артыкуле пад назовам Крывіччына у „Толковым Словару Живаго Великорускаго Языка” В. Даля (у: „Веда”, студзень 1951, с. 3-26) аўтар паведамляе, што Даль разглядае ў Слоўніку тры нарэччы: усходняе, заходняе й паўднёвае.  Пра заходняе нарэчча Даль піша ў артыкуле, прысьвечаным вялікарускім нарэччам у разьдзеле Смаленскае нарэчча. Яно ,,цягнецца ад Масквы на захад і незаўважна пераходзіць у чыстае беларускае, на каторае ўжо выразна намякае нават гаворка ў Валакаламску, Рузе й Мажайску. Бязь ніякага нацягненьня можна ўлучыць сюды ўсе заходнія губэрні нашыя, і тады да гэтага нарэчча будуць належаць губэрні: Смаленская, Віцебская, Магілеўская, Ковенская, Віленская, Гарадзенская, Менская: адны толькі паны, шляхта гавораць там папольску...” (Тамсама, с. 5, за: Вл. Даль, Толковый словарь ..., с. LXXIV-LXXV). 

 Далей Даль пералічае такія фанэтычныя асаблівасьці заходняга нарэчча, як:
• аканьне, пераход ненаціскнога у на пачатку складу ў ў (ня ўмее),
• прыстаўное в перад пачатковымі о, у (вока, вуха),
• вымаўленьне прыназоўніка с як з (з намі),
• дзеканьне й цеканьне (у Смаленскай губэрні часткова ня дзекаюць толькі ў Вяземскім і Гжацкім паветах),
• пераход в і л у ў (галоўка, хадзіў),
• зацвярдзелыя шыпячыя ж, ш, ч, (жыць, шыла, чытаць), зычны р (трэсьць), этымалягічнае ц (цэлы),
• чаргаваньне заднеязычных г, к з з, ц (дарога – на дарозе, рэчка – у рэчцы),
• адсутнасьць пераходу ў вымаўленьні г у в у канчатку -ага (белага, чаго),
• падваеньне зычных у інтэрвакальным становішчы (жыцьцё, вясельле),
• пераход ф у гук х альбо спалучэнне зычных хв (хунт, Хведзька).

З словаўтваральных асаблівасьцяў Даль адзначае:
• выступаньне формы асабовых назоваў на –онак (Іван – Іванёнак),
• павелічальных назоўнікаў з суфіксам -уга (дамюга, ваўчуга),
• ласкальных назоўнікаў з суфіксам -ухна (матухна, цётухна).

З  марфалягічных асаблівасьцяў Даль зьвяртае ўвагу на:
• канчатак назоўнікаў усіх трох родаў у назоўным склоне множнага ліку (лясы, дамы, вокны, гусяняты),
• мяккі канчатак у 3 асобе адзіночнага ліку дзеясловаў (ён ходзіць, яны ходзюць),
• форма 2 асобы адзіночнага ліку атэматычных дзеясловаў дам, ем (дасі, ясі),
• формы дзеясловаў 1 асобы (крыю, мыю, а ня крою, мою) і г. д. (Тамсама, с. 6-7, за: Вл. Даль, Толковый словарь ..., с. LXXV-LXXVІ)

 Гэтыя моўныя рысы Смаленскай гаворкі ў вялікай бальшыні аднолькавыя з усёй крывіцкаю мовай, а некаторыя аднолькавыя з паўночна-ўсходнім нарэччам крывіцкае мовы. Гэтае беларускае нарэчча пашыраецца на захад да польскіх губэрняў, на поўдзень да маларускіх, розьнячыся ў розных мясцовасьцях некаторымі асаблівасьцямі ды прыймаючы па суседзтву словы, звароты й гаворку польскую, маларускую ці вялікарускую; апошняе асабліва адносіцца да губэрні Смаленскай, а вялікі ўдзел беларускага чуваць у Чарнігаўскай, Арлоўскай, Калускай, Цьверскай і асабліва Пскоўскай; можна сказаць, што яно чуецца ў Маскве, таму што аканьне ці высокая беларуская гаворка, стаўшыся агульнай, несумненна ўзьнікла з сумесі ноўгарадзкай з смаленскай (Тамсама, с. 7, за: Вл. Даль, Толковый словарь ..., с. LXXVІ).

4.

Ян Станкевіч параўноўвае меркаваньні В. Даля з поглядамі іншых мовазнаўцаў на мову крывіцкай прасторы. У 1915 г. Маскоўская Дыялекталягічная Камісія выдала Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии (карта ды 132 бачыны тэксту). Аўтарамі гэтай працы былі сябры Камісіі, прафэсары Н. Дурнаво, М. Сакалоў і Д. Ушакоў. Яны дзеляць усходнія прасторы крывіцкае мовы на дзьве часткі: заходнюю з чыстай крывіцкай мовай і ўсходнюю з мовай крывіцкай, „запсаванай” расейскімі ўплывамі. Усходнюю мяжу чыстай крывіцкай мовы яны праводзяць, пачынаючы на поўначы пры сутыку павету Сычаўскага Смаленскай губэрні з паветам Зубцоўскім губэрні Цьверскай, пазьней мяжа йдзе на поўдзень уздоўж ракі Вазузы, далей уздоўж мяжы Дарагубскага павету з паветам Юхноўскім, цераз паўночна-ўсходнюю частку Ельнінскага павету ды ўходзіць у губэрню Калускую, дзе праходзіць уздоўж ракі Болвы, пазьней уваходзіць у Арлоўскую губэрню, пераразае Бранскі павет у паўдзённа-заходнім кірунку, уваходзіць у Трубчэўскі павет, пазьней у павет Мглінскі ў Чарнігаўшчыне, уздоўж ракі Дзясны падыходзіць да мяжы павету Ноўгарад-Северскага. На захад ад гэтай мяжы ляжаць прасторы чыстае крывіцкае мовы, а на ўсход – з расейскім уплывам. (Кароткі начырк гісторыі Крывіч-Беларусі, у: „Веда”, кастрычнік – сьнежань 1951, с. 8, за: Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очеркарусской диалектологии, Москва 1915, с. 56-57)

 Я. Станкевіч заўважае, што В. Даль прызнаў мову Смаленшчыны крывіцкай, але назваў яе заходнім нарэччам мовы вялікарускае.

 Да прасторы паўдзённага нарэчча В. Даль залічае наступныя губэрні: Разань, Тулу, Калугу, Арол, Курск, Варонеж, Тамбоў, Пензу, Саратаў, Астрахань. „Гэткім парадкам – адзначае Я. Станкевіч – калі правядзём ліню ад Мажайску на Каломну, дык азначым паўночную граніцу гэтае мовы.” (Тамсама, с. 10) Заходняй мяжой яе будзе ўсходняя мяжа „запсаваных” крывіцкіх гаворак – як Даль акрэсьлівае беларускія гаворкі з расейскімі ўплывамі. Паўдзённую мяжу вызначае мяжа з украінскай мовай.

 Ян Станкевіч заўважае, што ў г. зв. паўдзённа-расейскім нарэччы праяўляецца шмат асаблівасьцяў крывіцкае мовы, такіх як:
• дысыміляцыйнае аканьне, у якім назіраецца рэдукцыя пераднаціскнога а ў становішчы, калі пад націскам выступае гук а (въда – вады),
• мернае аканьне, у якім у першым пераднаціскным складзе пасьля мяккіх зычных перад цьвёрдымі выступае а, але перад мяккімі – і, альбо вельмі закрытае е (вясна, але сіляне),
• а таксама аканьне вялікае, у якім кожнае ненаціскное о і э пераходзіць у а.

Аканьне дысыміляцыйнае выступае ў паўдзённа-заходняй частцы Тульскай губэрні ды ў частцы Арлоўскай і Курскай губэрняў. Гэтыя мясцовасьці мяжуюць з крывіцкаю мовай і тып іх аканьня знаходзіцца ў беспасярэдняй сувязі з крывіцкім дысыміляцыйным аканьнем, ідучым з Смаленшчыны. Інакш кажучы, паўстала яно зь вялікага аканьня пад уплывам крывіцка-смаленскага дысыміляцыйнага аканьня.

Мернае аканьне таксама паявілася зь вялікага пад уплывам мернага маскоўскага аканьня, паўсталага там – па словах мовазнаўца Н. Дурнаво – пазьней пад чужым уплывам. Значыцца, пачаткова ў паўдзённа-расейскім нарэччы было толькі вялікае аканьне. Гэтае паўдзённа-расейскае аканьне зусім чыста згаджаецца з аканьнем цэнтральнага крывіцкага дыялекту. Значыць з аканьнем прасторы, дзе Старадуб, Навазыбкаў, Рагачоў, Ігумен, Магілеў, Барысаў, Лагойск, Вялейска, Маладэчна, Валожына, Смаргоні. (Тамсама, с. 11) 

Зь іншых рысаў аналізаванага дыялекту Я. Станкевіч зьвяртае ўвагу на:
• адсутнасьць пераходу е пасьля мяккіх зычных перад ж, ш, ц у ё (тешча, вядеш, нясеш, а ня тёшча, ведёш, несёш);
• канчатак назоўнага склону назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку -ый, -ій (маладый);
• формы тыпу мыю, а ня мою;
• пераход ненаціскнога у на пачатку складу ў ў (не ўгадаў);
• прыстаўное в перад пачатковымі о, у (вугал);
• фрыкатыўнае г замест расейскага выбухнога г (нага, а не нога);
• адсутнасьць замены гука г у родным склоне прыметнікаў і займеньнікаў гукам в (яго, белага, а не его, белого);
• пераход л, стаячага побач даўнейшага цьвёрдага ера (ъ) ў ў (граў, меў, насіў);
• пераход в перад зычнымі й на канцы слова ў ў (ўся);
• зацьвярдзеньне этымалягічнага ц;
• прысутнасьць дзеканьня й цеканьня на сярэдняй Ацэ ды ў Ніжняломаўскім павеце, што сьведчыць пра ранейшую наяўнасьць гэтых крывіцкіх рысаў у цэлым паўдзённа-расейскім нарэччы, якія – па словах Я. Станкевіча – зьніклі пад расейскім уплывам;
• замена гука ф спалучэньнем зычных хв (хвартух);
• мяккае вымаўленьне канчаткаў 3 асобы дзеясловаў адзіночнага й множнага ліку (ходіт’, ходят’, а не ходіт, ходят);
• форма займеньніка ты ў давальным і месным склонах (табе, а не тебе); 
• чаргаваньне к-ц (рука – на руцэ, рака – у рацэ);
•  канчатак -ох лічэбнікаў ад 5 да 20 у родным склоне (васьмёх);
•  канчатак назоўнага склону назоўнікаў ніякаг роду (рабяты);
• займеньнік яны; прыназоўнік да замест к.  (Тамсама, с. 11-13)

Усе пералічаныя асаблівасьці аднолькавыя з асаблівасьцямі крывіцкае мовы ды выразна адрозьніваюцца ад асаблівасьцяў паўночна-расейскага нарэчча й паўсталае зь яго расейскае літаратурнае мовы. Усе мовазнаўцы – піша Я. Станкевіч – у тым ліку й расейскія, прызнаюць розьніцу паміж паўдзённа-расейскім нарэччам і паўночна-расейскім. Заўважаюць яны, што пад уплывам расейскай мовы некаторыя рысы крывіцкае мовы занікаюць у паўдзённа-расейскім нарэччы. Тым часам ёсьць падставы меркаваць, што калісьці „яно ня толькі не зьяўлялася чымсь апрычоным ад мовы крывіцкае, але наадварот, складала часьць аднаго з двух нарэччаў мовы крывіцкае.” (Тамсама, с. 16)
 
 Крывіцкая мова разгляданае тэрыторыі не магла паўстаць пад ніякім вонкавым уплывам – адзначае Я. Станкевіч, – значыць, „само насельніцтва гэтае прасторы мусіла спачатна гаманіць пакрывіцку, інакш кажучы, яно было крывіцкае.” (Тамсама)

Ніна Баршчэўская