Баршчэўская Ніна

Беларускія плямёны, іх мова й тэрыторыя

1.

Беларускія пдямёны, іх мова й тэрыторыя ў асьвятленьні Яна Станкевіча – гэта тэма перадачы з цыклу Мова й нацыянальная тоеснасьць.

Публікацыі Яна Станкевіча пра беларускія плямёны зьмяшчаліся на старонках нью-ёрскага часопіса „Веда”. Беларускі эміграцыйны дасьледнік шырока ахарактарызаваў дрыгавічоў, драўлянаў, палешукоў, палевікоў, севяранаў, вяцічаў і крывічоў.

Дрыгавічы межавалі на захадзе з балцкімі яцьвягамі, на паўночным захадзе з балцкай Аўкштотаю, на поўначы й паўночным усходзе з крывічамі, на ўсходзе з радзімічамі й на паўднёвым усходзе з драўлянамі. Дакладная прастора іх пасяленьня вызначаецца наступным чынам: паўдзённа-заходняе Палесьсе да ракі Стыр на ўсходзе, басэйн паўночных прытокаў Прыпяці, Падляшша й паўночная Холмшчына, басэйн Нёмна, Вяльлі, Бярэзіны. На ўсходзе дрыгавічы даходзілі да Дняпра, а на поўначы да Дзьвіны. З дыялекталягічнага гледзішча, прастора дрыгавічоў характарызуецца недысыміляцыйным аканьнем. [Я. Станкевіч, Беларускія плямёны // „Веда”,  № 6 (11), Нью-Ёрк 1952,с. 161-176].

З часам украінскія валыняне, пад ціскам турка-татарскіх плямёнаў, часткова выціснулі дрыгавічоў на поўнач, а часткова зьмяшаліся зь імі на поўдні. На заходнім Палесьсі й на Падляшшы назіраецца даволі вялікі ўкраінскі ўплыў на беларускую мову. У дрыгавічоў – піша Я. Станкевіч – былі такія гарады, як: Берасьце, Горадзен, Ваўкавыск, Слонім, Ноўгарадак, Клецак, Вільня, Менск, Барысаў, Слуцак. [Тамсама, с. 165]

У сваю чаргу драўляне займалі тэрыторыю: на ўсходзе – да Дняпра, на левым беразе якога былі ўжо севяране; на поўначы – да Прыпяці; на захадзе – прыблізна да ракі Стыр. Суседзямі драўлянаў на поўначы й захадзе былі дрыгавічы. На поўдні іх мяжу станавіла рака Ірпень, паўднёвы бераг якой займалі ўкраінскія паляне. На тэрыторыі драўлянаў былі такія гарады, як: Іскарасьцень, Аўруч, Мозыр, Тураў, Пінск. Ян Станкевіч уважае, што такія моўныя рысы, як:

· дыфтангічнае вымаўленьне галосных о, э у закрытых складох (куол, але колок,

· узьнікненьне дыфтонгу іе на месцы былога яць (ліес) зьяўляецца тыповай рысай паўдзённага беларускага дыялекту;

· таксама зацьвярдзелае р,

· форма назоўнага склону прыметнікаў мужчынскага роду з канчаткам , а не –ый,

· ды канчатак для давальнага склону назоўнікаў мужчынскага роду (каму? суседу, кавалю) аб’ядноўваюць гэтую тэрыторыю зь беларускімі гаворкамі [тамсама, с. 166].

Сёньня гэтая тэрыторыя зукраінізаваная. Маем дачыненьне з пераходнымі беларуска-ўкраінскімі гаворкамі, аснова якіх, у ацэнцы Станкевіча, беларуская, а наслаеньні – украінскія, што, дарэчы, выклікана гістарычнымі фактарамі. У X ст. драўляне былі пераможаныя ўкраінскімі палянамі, а ў пазьнейшы пэрыяд, пасьля Люблінскай вуніі 1569 году паўдзённа-заходнае Палесьсе было далучана ў палітычным пляне да Польшчы, але ў адміністрацыйным – да Ўкраіны, у межах якой застаецца па сёньняшні дзень.

Гісторыя беларускага народу адлюстроўваецца ў розных казках. Ян Станкевіч прыводзіць казку пра палешукоў, палевікоў і севяранаў [Я. Станкевіч, Паляшукі й Палявікі. Севяране // „Веда”, № 7 (12), Нью-Ёрк 1952, с. 214-219] з кнігі Аляксандра Сержпутоўскага Казкі й апавяданьні Беларусаў з Слуцкага павету, выданай у 1926 годзе.

Казка пачынаецца так: „Было ў бацькі дванаццацёх сыноў ды ўсе яны вельмі ўдалыя дзецюкі. Жылі яны ў цёмным лесе, дзе вялося шмат усялякага зьвяр’я, пасьцілі свой статак ды лавілі зьвярыну. Суседзі жылі далёка і рэдка рабілі ім шкоду, бо баяліся ўдалых дзяцюкоў, каб не нагрэлі ім па патыліцы. Жылі яны разам і слухалі старога бацькі”. Але калі памёр стары бацька, жонкі пачалі сварыцца й намовілі сваіх мужоў дзяліцца. „Вядома, калі бабы чаго захочуць, то й сам чорт іх не пераставіць” – кажацца ў казцы. Як пачалі браты дзяліцца, дык і пабіліся. Толькі два малодшыя жылі паміж сабою вельмі згодна. Не хацелі яны біцца з братамі й таму кінулі сваю зямлю ды пайшлі ў сьвет і „забраліся ў такі лес, што й канца яму нямашака”. Ня могучы прабіцца праз гэты лес, старэйшы брат застаўся ў ім. І назвалі яго ды ягоных дзяцей палешукамі. Малодшаму ж брату ўдалося працерабіць дарогу й выбрацца зь лесу. Пачаў ён абрабляць поле і адтуль пайшоў назоў – палевікі [Тамсама, с. 214-215].

Палевікамі палешукі завуць тых беларусаў, што жывуць навонкі Палесься – выясьняе Станкевіч.

2.

Северская зямля распаложаная на ўсход ад драўлянаў і ўкраінскіх палянаў, на левым баку Дняпра. „Селі на Дясьне і па Семі і па Суле і назваліся Севера” [Я. Станкевіч, Паляшукі й Палявікі. Севяране // „Веда”, № 7 (12), Нью-Ёрк 1952, с. 217] – кажа пра іх пачатны летапіс. Племя гэтае займала басэйн Дзясны, апрача яе вярхоўя, што належала да Смаленскае зямлі й было здаўна занята крывічамі. Вададзел Сожа й Дзясны аддзяляў яго ад радзімічаў, вададзел Акі – ад вяцічаў, Дняпро быў заходняй мяжою ад палянаў і драўлянаў. У лепшыя часы северскай калянізацыі яны з канцавых сваіх селішчаў ля Сейма й Сулы пашырыліся на Данец і нават Дон. Арабскія пісьменьнікі кажуць пра шматлікае славянскае насельніцтва ў Хазарыі. А з усіх славянаў гэта маглі быць толькі севяране, бо ж і Данец зваўся Северскім – адзначае Ян Станкевіч. Толькі ціск печанегаў аслабіў іхную калянізацыю [Тамсама, с. 217]. Найдалейшай калёніяй севяран на паўднёвым усходзе быў горад Тмутаракань ля Азоўскага мора. Пра северскасьць гэтае калёніі сьведчыць сталая сувязь Тмутараканя з Чарнігавам.

Ян Станкевіч адзначае, што на левым баку Дняпра былі толькі севяране. Украінскія плямёны не займалі левага берага Дняпра. Паляне й улічы даходзілі на ўсходзе толькі да Дняпра. Калі б якія ўкраінскія плямёны былі на левым баку Дняпра, дык севяране на сваім поўдні межавалі б зь імі, і северска-беларуская гаворка мела б некаторыя пераходныя рысы, як гэта бывае на сумежных прасторах блізкіх моваў. Тым часам нічога падобнага не назіраецца ў беларускай мове Севершчыны. Там, дзе гэтая мова захавалася, яна належыць да сярэдняга дыялекту, гэта значыць зьяўляецца такою ж, як каля Рагачэва, Барысава, Вялейкі й на памежжы зь летувісамі [Тамсама, с. 218-219].

У севяран былі такія гарады, як: Ноўгарад Северскі, Чарнігаў, Любеч, Старадуб, Трубчэўск, Бранск, Карачэў, Болдыж, Дамагашч, Пераяслаў, Пуціўль, Рыльск, Курск [Тамсама, с. 219].

Ян Станкевіч піша, што на вялікай частцы старавечных севяран – больш-менш на поўнач ад Дзясны – захавалася беларуская мова. На іншай частцы, што падпала пад вялікі ўкраінскі ўплыў, у мове жыхарства захаваліся беларускія рысы, якія сьведчаць пра генэтычную прыналежнасьць да беларускае мовы.

Мяжа паміж чыстай беларускай мовай і яе пераходнай беларуска-ўкраінскай гаворкай – як піша аўтар публікацыі – ідзе, пачынаючы на ўсходзе, крыху на поўдзень ад Глухава, далей проста на захад да ўтоку Сейма ў Дзясну, па Дзясьне да Остра, адгэтуль проста да Дняпра ля ўтоку яго ў Цецерава. У мясцовасьцях паміж гэтай мяжою й тэрыторыяй зь беларускай моваю выступаюць такія рысы, якія спалучаюць яе з паўднёва-заходнім беларускі дыялектам. Гэта, між іншым:

· аканьне,

· адрозьніваньне галосных і, ы ды зьмякчэньне зычных перад галоснымі пярэдняга раду, асабліва перад і: госьті, гаманіть, у некаторых мясцовасьцях гэтае прасторы выступае дзеканьне;

· на цэлай тэрыторыі ёсьць зацьвярдзелае ц;

· апрача дыфтонгаў у націскных закрытых складох, выступаюць таксама дыфтонгі пад націскам у адкрытых складох, значыць, такіх, якія канчаюцца галосным гукам: вуосень, нуочы;

· яць перад складам зь і не перайшоў – так як ва ўкраінскай мове – у і, але ў – е: седіть;

· перад галоснымі о і у выступае прыстаўны зычны в: вутка, вуокны, вуочы;

· у займеньніках 3 асобы адсутнічае пачатковае н: у яго, із йім;

· назіраецца прадуктыўнасьць дэмінутыўнага суфікса -усеньк- у прыметніках, займеньніках і прыслоўях: нічагусенька, памалюсеньку, чысьтюсенькі;

· канчатак ў назоўным склоне назоўнікаў ніякага роду: вароты, вератёны;

· а таксама лексічныя асаблівасьці, характэрныя для белрускае мовы: аўторак (укр. вівторок), верабей (укр. горобэць), луста хлеба (укр. скіба хлеба), маланка (укр. блискавка), летась (укр. у мінулому році) [Я., Станкевіч Севяране // „Веда”. Нью-Ёрк 1952. № 8 (13), с. 238-240].

Ян Станкевіч спасылаецца на працу дасьледніка гаворак Куршчыны М. Халанскага пад назовам Народные говоры Курской губ., які асноўную ўвагу засяроджвае на паўднёва-заходняй частцы губэрні, павеце Пуцільскім, жыхары якога завуцца гарунамі й адрозьніваюцца гэтак ад маларусаў, як і ад вялікарусаў [Тамсама, с. 241-242]. Апрача толькі што названых рысаў, мове гаруноў характэрныя:

· пераход л у ў у канцы дзеясловаў: прасіў, аддаў, хадзіў;

· падаўжэньне зычных: карэньня, зельля;

· пераход прыназоўніка с у з: з бат’камі, з гора;

· чаргаваньне заднеязычных г, к, х з зь, ц, сь: на беразе, на руцэ, у гаросі;

· клічная форма склону мужчынскіх назоўнікаў, напр. Іграй, Доне, іграй;

· канчатак ў зборных і абстрактных назоўніках мужчынскага роду: чаго?сьвету, сьнегу, тавару, ветру;

· пытальная часьціца чі, напр.: Чі вы піць, чі вы есть, чі вы с намі пагулять?

З сынтаксічных рысаў:

· прыназоўнік пра замест аб: А первая кніга – то пра пана Івана, а другая кніга – то пра яго жану, а трэтія кніга – то пра яго детак;

· пры выказваньні мэты – прыназоўнік па, а не за: Ступай у дарогу па мёд, па гарелку, па краснаю деўку [Тамсама, с. 242-248].

3.

Аповяд пра чарговыя плямёны – радзімічаў і вяцічаў – Ян Станкевіч пачаў з Повести временных лет, у якой чытаем, што два браты – Радзім і Вятка – прыйшлі й пасяліліся: Радзім над Сожам, а Вятка – па Ацэ. Ад іхных імёнаў і пайшлі назовы плямёнаў – радзімічы й вяцічы [Я. Станкевіч, Радзімічы й Вяцічы // „Веда”, №№ 9-10 (14-15), Нью-Ёрк 1952, с. 309-313].

Зямля радзімічаў была ля Сожа, левае прытокі Дняпра. Радзімічы займалі паветы Гомельскі, Рагачэўскі, частку Старабыхаўскага й Чэрыкаўскага былой Магілеўскай губэрні ды частку Сураскага й Мглінскага былой Чарнігаўскай губэрні. На поўначы мяжа радзімічаў з крывічамі супадала, відаць, зь мяжою паўднёва-беларускага недысыміляцыйнага аканьня й крывіцкага дысыміляцыйнага аканьня. Суседзямі радзімічаў на поўдні былі севяране, а на захадзе дрыгавічы. У радзімічаў былі такія гарады, як: Гомель, Прапойск і Чачэрск [Тамсама, с. 309].

Зямля вяцічаў была пачаткова ля верхняй, а пазьней таксама ля сярэдняй Акі, пра што даведваемся ня толькі з Повести временных лет, але таксама з падзеяў X-XІІІ стагодзьдзяў. Гэтак у пачатным летапісцу пад 964 годам напісана, што кіеўскі князь Сьвятаслаў знайшоў вяцічаў на Ацэ. Пазьней у XІІ стагодзьдзі Валадзімер Манамах ехаў у Ростаў цераз вяцічы. Суседзямі вяцічаў на захадзе былі крывічы, на поўначы суздальцы, пазьней званыя маскоўцамі, на паўночным усходзе вяцічы межавалі зь фінскай Мераю, ды на поўдні зь севяранамі. Яны займалі прастору наступных былых губэрняў: Калускай, Тульскай, большай часткі Арлоўскай, цэлую Разанскай і частку Маскоўскай. У вяцічаў былі такія гарады, як: Разань, Пронск, Расьціслаў, Казельск, Елец, Каломна, Акшыра, Сярпухоў [Тамсама, с. 309-310].

Ян Станкевіч, характарызуючы вяцічаў і радзімічаў як беларускія плямёны, спасылаецца на выказваньні іншых дасьледнікаў: В. Папова, М. Дурнаво, А. Шахматава, І. Сразьнеўскага, І. Патэбні, М. Надзеждзіна, П. Жыцецкага, Т. Лера-Сплавіньскага, Н. Трубяцкога, К. Міхальчука, Ю. Шэраха [Я. Станкевіч, Беларускасьць Вяцічаў // „Веда”, №№ 1-2 (18-19), Нью-Ёрк 1953, с. 18-22.]. І так, паводле расейскага мовазнаўцы В. Папова, які спасылаецца на летапісныя крыніцы, беларускія дыялекты ня толькі не зьяўляюцца часткай вялікарускага, але й вялікарускі, у сваім паўднёва-вялікарускім дыялекце паходзіць ад мовы крывіцкіх плямён, на месцы якіх цяпер знаходзім псковічаў і смальнян [Тамсама, с. 18].

Усе дасьледнікі прызнаюць спрадвечную істотную блізкасьць паміж вяціцкай і беларускай мовай – адзначае Ян Станкевіч. Гэтак М. Дурнаво заўважаў, што важныя супольныя рысы ў вяціцкай і беларускай мовах сьведчаць пра іх супольнае жыцьцё ў дагістарычную эпоху. А. Шахматаў пісаў, што беларуская мова на ўсёй сваёй тэрыторыі мае яшчэ такія гукавыя асаблівасьці, што найцясьней збліжаюць яе з паўднёвай галіною вялікарускага нарэчча, значыцца з моваю цяперашніх Разанскай, Тульскай, Калускай, Тамбоўскай і Арлоўскай губэрняў. Гісторычныя сьведчаньні даводзяць, што тут былі суцэльныя пасяленьні вяцічаў” [Тамсама, с. 21].

Дзеля гэтае блізіні – піша Ян Станкевіч – І. Сразьнеўскі ўважаў беларускую мову за частку вяціцкае мовы, называючы яе паўднёва-вялікарускім нарэччам. І. Патэбня пісаў, што беларускае нарэчча выдзялілася пазьней з паўднёва-вялікарускага. А. Шахматаў даводзіў, што беларускае аканьне было прынесенае з усходу, ад вяцічаў. Такія погляды – па словах Станкевіча – не вытрымліваюць крытыкі. Хопіць зьвярнуць увагу на тое, што беларуская мова разьвівалася свабодна ў незалежнай сваёй дзяржаве – Вялікім Княстве Літоўскім, тым часам як мова вяцічаў, пасьля ліквідацыі ў 1520 годзе Маскоўшчынай вяціцкай дзяржавы, падпала пад усё большы расейскі ўплыў. Няма ніводнае такое моўнае рысы, якая прапала б на ўсёй тэрыторыі беларускае мовы, тым часам на тэрыторыі вяціцкай такіх рысаў ёсьць шмат. Ад некаторых засталіся толькі сьляды. Ня трэба быць нават мовазнаўцам, каб бачыць пашырэньне расейскіх уплываў на вяцічаў, у тым ліку асабліва на вяціцкую мову. Погляд І. Сразьнеўскага й І. Патэбні мог паўстаць толькі пад уплывам таго факту, што ў XІX стагодзьдзі расейцы былі народам пануючым, а беларусы – паняволеным [Тамсама, с. 22].

4.

Многія навукоўцы вяціцкі дыялект выводзяць зь беларускае мовы – заўважае Ян Станкевіч. Першым зь іх быў М. Надзеждзін у 1841 годзе. Пазьней П. Жыцецкі супрацівіўся поглядам І. Сразьнеўскага й І. Патэбні, даказваючы большую магчымасьць уплыву мовы беларускае на вяціцкую, чым наадварот. Т. Лер-Сплавіньскі ў Roczniku Slawistycznym даводзіў, што пачаткова мова беларуская, вяціцкая і ўкраінская складалі адну цэласьць, якая супрацьстаўлялася мове расейскай. Ягоную гіпотэзу пераняў Н. Трубяцкі. Вядомы ўкраінскі дыялектоляг К. Міхальчук таксама выводзіў вяціцкую мову з мовы беларускай. Пра найбольшую верагоднасьць гэтага варыянту напісаў украінскі мовазнаўца Ю. Шэрах [Я. Станкевіч, Беларускасьць Вяцічаў // „Веда”, №№ 1-2 (18-19), Нью-Ёрк 1953, с. 22]. Іхныя меркаваньні працытаваў на старонках навукова-літаратурнага часопіса “Веда” Я. Станкевіч.

У публікацыі Мова Вяцічаў [Я. Станкевіч, Мова Вяцічаў // „Веда”, №№ 4-6 (21-23), Нью-Ёрк 1953, с. 73-78] Ян Станкевіч прывёў важныя старыя рысы, супольныя ў беларускай мове ды ў вяціцкім дыялекце, да якіх залічыў:

· аканьне ды яканьне, значыць пераход ненаціскных о, э ў а (у выпадку аканьня пасьля цьвёрдых зычных, а ў выпадку яканьня – пасьля мяккіх зычных) і вымаўленьне тыпу: нага, галава, зямля, гуляя (аканне цяпер выступае таксама ў расейскай літаратурнай мове ды ў гэтак званых расейскіх сярэдніх гаворках, але яно адрозьніваецца ад беларускага й вяціцкага. Я. Станкевіч прыгадвае, што расейскае аканьне паўстала ў Маскве ў XVІІ стагодзьдзі пад уплывам мовы беларускае інтэлігенцкае эміграцыі);

· зь індаэўрапейскага доўгага е перад насавым зычным ці перад групаю насавых разьвіўся галосны аднолькавы з рэфлексам старога яць: руменіцца, пляменьнік (у расейскай мове ў такіх выпадках ёсьць я: племянник);

· яць перад складам зь і не перайшло ў і: сядзіць (па-расейску сидит);

· злучэньні ръ, рь, лъ, ль у становішчы паміж галоснымі перайшлі ў злучэнні ры, лы, лі, напрыклад: грыміць, хрысьціянскі, бліснуў, яблынка (у расейскай мове ў такіх выпадках выступае ре, ро, ло, ле: гремит, блеснул, яблоня) [Станкевіч 1953, №№ 4-6, 75];

· на пачатку складу перад о й у выступае прыстаўное в: вока, вуха, навука;

· г у вяціцкім дыялекце фрыкатыўнае, а ў мове расейскай выбухное;

· цяпер у вяціцкім дыялекце выступае р мяккае, але мноства словаў з р зацьвярдзелым сьведчыць пра тое, што раней яно было зацьвярдзелае;

· пісьмовыя помнікі сьведчаць таксама пра ранейшы пераход л у ў, хаця ў сёньняшні час гэтая зьява ў вяціцкім дыялекце зьнікла пад уплывам расейскае мовы;

· аднак назіраецца пераход у ў в і у, напр. галоўка, былі ў мяне;

· у 3 асобе адзіночнага ліку цяперашняга часу дзеясловы маюць мяккія канчаткі: сядзіть, нясеть, сядять;

· займеньнік зваротны ды асабова-ўказальны ты ў давальным і месным склонах маюць форму: табе, сабе;

· абстрактныя й зборныя назоўнікі мужчынскага роду ў родным сконе адзіночнага ліку маюць канчатак : пяску, народу [Тамсама, с. 76].

Усе гэтыя рысы супольныя ў вяціцкага дыялекту зь беларускай моваю зьяўляюцца – піша Ян Станкевіч – сьведчаньнем таго, што ў праславянскую пару беларуская мова разам зь вяціцкім дыялектам складала адзін дыялект [Тамсама].

Таксама шмат ёсьць новых рысаў вяціцкага дыялекту, якія супадаюць з рысамі беларускае мовы, а менавіта:

· формы інфінітыва на -эць пасьла шыпячых: пішчэць, шуршэць;

· канчатак , назоўнага склону множнага ліку назоўнікаў ніякага роду: вокны;

· формы на назоўнага склону адзіночнага ліку такіх назоўнікаў, як дзіцё;

· канчатак -ым, -ім у месным склоне адзіночнага ліку прыметнікаў мужчынскага й ніякага родаў: у белым балахоне.

Ян Станкевіч адзначае, што гэтыя новыя асаблівасьці разьвіліся ў вяціцкім дыялекце не раней, чым у XVІІ стагодзьдзі. Аль Кітаб, пісаны беларускай народнай моваю ў XVІ стагодзьдзі, ня мае ніводнага прыкладу на гэтыя асаблівасьці. З гэтага Я. Станкевіч робіць выснову, што яшчэ ў XVІІ стагодзьдзі вяціцкі дыялект жыў супольным жыцьцём з усёй беларускай моваю. Пра гэта сьведчаць і вяціцкія словы, такія, як: летась, леташні, благі ў значэньні ‘нядобры’, гарбуз, хлопец, маляваны, падла, парада, шлях, трапіць. З гэтага вынікае, што вяціцкая мова была зрусыфікаваная толькі пасьля XVІІ стагодзьдзя – падкрэсьлівае Я. Станкевіч.

5.

Крывічы – гэта найбольшае беларускае племя [Я. Станкевіч, Крывічы // „Веда”, №№ 4-6 (21-23), Нью-Ёрк 1953, с. 78-81]. Крывічы межавалі на поўдні й паўднёвым-захадзе з дрыгавічамі, на поўдні – з радзімічамі й севяранамі, на ўсходзе – зь вяцічамі, на паўночным усходзе – з суздальцамі (пазьнейшымі маскалямі), на поўначы – з ноўгарадзкімі славенамі й фінскімі чухонцамі, на паўночным захадзе – з эстонцамі й латышамі. У крывічоў былі такія гарады, як: Полацак, Віцебск, Вяліж, Невель, Апочка, Ізбарск, Пячора, Пскоў, Клічаў (Асташкава), Тарапец, Вялікія Лукі, Ржэва, Зубцова, Белае, Гжацак, Мажайск, Вязьма, Ельня, Смаленск, Імсьціслаў, Рослаў, Крычаў [Тамсама, с. 78].

Да характэрных рысаў крывіцкага, альбо інакш – паўночнага дыялекту беларускае мовы належаць:

· дысымілятыўнае аканьне й яканьне, гэта значыць такое, у якім выступае распадабненьне ненаціскнога а тады, калі пад націскам выступае менавіта а. Гэтае распадабненьне прыводзіць да ўзьнікненьня ў выпадку аканьня рэдукаванага галоснага ъ, які вымаўляецца паміж а й ы, а ў выпадку яканьня – і, напр. тръва, къзаў, въда, гълъва, але: німа травы, пъдняў гълаву, нясу ваду, гарод;

· замена гукаў ч і ц (цалавек, чарква) альбо збліжаная да сябе іх вымова;

· збліжаная да мяккіх ш, ж вымова сь, зь і замена ш на с, а ж на з (парозны замест парожны) [Тамсама].

Цяпер гэтыя рысы крывіцкіх гаворак ня ўсюды моцна выступаюць. Пад уплывам іншых беларускіх гаворак ды расейскае мовы яны аслабіліся альбо й зусім зьніклі. Але даўней яны былі вельмі моцныя на цэлай крывіцкай прасторы [Тамсама, с. 78-79].

Назоў крывічы паходзіць ад слова кроў. Крывіч – гэта чалавек тае самае крыві, значыць таго самага народу. Аўтар публікацыі заўважае, што пачаткова ўвесь беларускі народ зваўся крывічамі, але з часам, з розных прычынаў, часткі беларускага народу пачалі звацца іншымі імёнамі, пляменнымі. Гэтак адны ад дрэва назваліся драўлянамі, пазьней – палешукамі, іншыя ад слова дрыгва – дрыгавічамі, яшчэ іншыя (таксама з зусім іншых прычынаў) радзімічамі, севяранамі, вяцічамі. Гэтыя назовы ўжываліся побач з агульнанацыянальным назовам крывічы. Але частка беларускага народу доўгі час карысталася толькі адным назовам – крывічы. На гэтай тэрыторыі назоў агульнанацыянальны супадаў з назовам пляменным. Аднак пазьней і пляменныя крывічы атрымалі новыя мясцовыя назовы: смаляне, палачане, псковічы. Гэтыя назовы ўзьніклі ад назоваў гаспадарстваў – Смаленскага, Полацкага й Пскоўскага. Ад назову народу крывічы паўстаў і назоў ягонага краю Крывічы. Гэта зусім таксама, як напрыклад ад прозьвішча Пятровіч паўстаў назоў сяла Пятровічы. Тады ад назову краю Крывічы ўзьнікла новая форма назову народу – крывічане. Гэтая новая форма ўжывалася паралельна з старою. У XІІІ стагодзьдзі побач з назовам Крывічы пачаў выкарыстоўвацца іншы назоў – Літва. Да паловы XІV стагодзьдзя пераважаў назоў Крывічы, а з XV стагодзьдзя пачаў ужывацца толькі назоў Літва, ліцьвін [Тамсама, с. 79].

Існуе шмат сьведчанняў пра племя крывічоў. У летапісе Нестара пад 862 годам жыхары Полацка названыя крывічамі. Расейскі этнограф А. Пыпін пісаў, што асноваю беларускага племя й мовы былі тыя старыя плямёны, якія сядзелі на паўночным захадзе старавечнае Русі – крывічы, дрыгавічы ды іншыя, а асабліва першыя, асноўнымі гарадамі якіх былі: Полацак, Ізбарск і Смаленск. Вядомы расейскі лінгвіст В. Чарнышоў адзначаў, што па Волзе йшоў моцны рух беларускіх плямёнаў. Былое Цьверскае Княства ў вялікай ступені было заселенае беларусамі. Другі расейскі лінгвіст В. Папоў пісаў, што на месцы крывіцкіх плямёнаў знаходзім цяпер псковічаў ды смальнян зь мяжуючымі зь імі краінамі. Выдатны ўкраінскі дыялектоляг К. Міхальчук уважаў беларусаў і ўкраінцаў за простых спадкаемцаў дзьвюх пачатковых групаў усходніх славян і зваў першых крывічамі, а другіх паўднёварусамі. Дыялектоляг Р. Аванесаў адзначаў, што крывіцкімі гарадамі былі: Смаленск, Полацак, Пскоў ды Ізбарск [Тамсама, с. 80-81]. Зь іхнымі поглядамі чытачоў нью-ёрскага часопіса „Веда” знаёміць Ян Станкевіч.

Ніна Баршчэўская