![]() |
![]() |
Вёска Парэчча на Піншчыне стала ўласнасцю роду Скірмунтаў у 90-ыя г. 18 ст. Яе разам з суседняй вёскай Моладава набыў у Міхала Клеафаса Агінскага берасцейскі маршалак Сымон Скірмунт (1747-1835). Менавіта з гэтым чалавекам звязаны росквіт Скірмунтаў. Старажытны род, прадстаўнікі якога згадваюцца ў гістарычных крыніцах па меньшай меры з сярэдзіны 14 ст., працяглы час не адыгрываў прыкметнай ролі ў палітычным, гаспадарчым і культурным жыцці беларускіх зямель. І толькі Сымон Скірмунт, дзякуючы поспехам на дзяржаўнай службе і багатаму пасагу жонкі Эльжбеты з роду Ажэшкаў, здолеў вывесці Скірмунтаў у лік найбольш багатых і ўплывовых родаў.
Новы ўладальнік зрабіў цэнтрам набытага маёнтку вёску Моладава. Менавіта тут у самым канцы 18 ст. быў збудаваны прыгожы палац у стылі ампір. Па сваёй кампазіцыі ён нагадваў каралеўскі палац у Вілануве пад Варшавай. Пакоі і залы палаца ўпрыгожвалі партрэты Скірмунтаў і Ажэшкаў. Вакол палаца быў разбіты парк у англійскім стылі. А вось Парэчча асаблівай сімпатыяй Сымона Скірмунта не карысталася. Толькі ў другой палове 30-ых гадоў 19 ст. у гэтым кутку Палесся распачаліся перамены.
Іх ініцыятарам стаў сын Сымона Аляксандр Скірмунт. Аляксандр нарадзіўся ў 1798 г. Пасля заканчэння фізыка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта (1818) працягваў адукацыю за мяжой у Германіі, Бельгіі і Францыі. Асабліва цікавіўся хіміяй. Дзеля авалодання практычнымі навыкамі працаваў рабочым на адным з бельгійскіх прадпрыемстваў.
Пасля вяртання дадому (1823) прыняў ад бацькі кіраванне ўсім скірмунтаўскім маёнткам, які ахопліваў амаль 30 тыс.га зямель у Кобрынскім і Пінскім пав. Аляксандр Скірмунт энергічна ўзяўся за справу. У 1830 г. ён наладзіў вытворчасць цукру ў Моладаве і стаў адным з заснавальнікаў цукровай вытворчасці ў Беларусі. У гэтым самым годзе ён атрымаў дзяржаўны патэнт на ўласнае вынаходніцтва апарата для паскоранага выпарэння цукровага сіропа[1]. Аднак у цэлым гэтая спроба не была досыць удалай. У 1835 г. цукровы завод згарэў. Пазней ён быў адноўлены, але наладзіць масавую вытворчасць цукру так і не атрымалася. У 1848 г. моладоўскі цукровы завод быў зачынены.
У 1836 г. А.Скірмунт заснаваў у Парэччы фабрыку сукна, якая ўжо ў год заснавання дала першую прадукцыю. Ад паслугаў германскіх спецыялістаў Аляксандр Скірмунт хутка адмовіўся. Ён зрабіў стаўку на мясцовых ураджэнцаў. У Парэчскім вучылішчы дзяцей сялян вучылі асновам пісьменнасці і ткацкаму майстэрству. Некаторыя з іх за кошт прадпрымальніка накіроўваліся на фабрычную практыку за межы Расіі. Добрая адукацыя рабочых, разумная сацыяльная палітыка ўладальніка (для семейных рабочых было пабудавана 4 дома на 90 кватэр, для несямейных – 4 інтэрнаты. А.Скірмунт утрымліваў урача і шпіталь на 12 месцаў і інш.[2]) дала плён. Размах вытворчасці здзіўляў сучаснікаў. Кошт прадукцыі, якая прадавалася ў Расіі складаў каля 300 тыс.руб. штогод[3]. (Адам Кіркор называў суму ў 500 тыс.руб.[4]) Якасць сукна была вельмі добрай. Прадукцыя парэчскай фабрыкі атрымала вялікую сярэбраную медаль на Мануфактурнай выставе ў Маскве ў 1865 г., на Сусветнай выставе ў Парыжы ў 1878 г., залатую медаль на Усерасійскай мастацка-прамысловай выставе 1882 г. у Маскве і інш.
У 1860 г. А.Скірмунт успомніў свой першы вопыт прамыслоўца. У Парэччы быў заснаваны цукровы завод, які штодзень перарабляў да 100 т цукровых буракоў. Амаль адначасова быщ збудаваны бровар. На прадпрыемствах Парэчча працавала ў гэты час болей за 600 рабочых.
Па прыкладу свайго бацькі Аляксандр Сымонавіч Скірмунт падзяліў свае ўладанні паміж шасцю сынамі. Парэчча атрымаў Аляксандр (1830-1909), які паспяхова спалучаў справу гаспадарчых ператварэнняў з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ужо ў 17-цігадовым узросце ён стаў ганаровым назіральнікам вучылішчаў Кобрынскага пав., у 1858 г. быў прызначаны гласным губернскага камітэту па ўладкаванню быта памешчыцкіх сялян, актыўна ўдзельнічаў у з’ездах шляхты (Менск, Вільня і Пецярбург), на якіх абмяркоўваліся ўмовы адмены прыгоннага ладу. Ягоная актыўнасць у гэтай справе была адзначана сярэбранай медаллю.
Першай праблемай, з якой сутыкнуўся новы ўладальнік Парэчча, стала праблема сядзібы. Парэчча не мела ні палаца, ні якога-небудзь іншага будынку, прыдатнага для жыцця сям’і А.А.Скірмунта. Па звестках польскай даследчыцы Зофіі Дзерналовіч у сям’і А.Скірмунта і Тэафілы з роду Любаньскіх было ўжо чацвёра дзяцей: Вацлаў, Тэафіла, Аляксандр і Браніслава. Тым не менш гаспадар адмовіўся ад пабудовы палаца і прызначыў для сваёй рэзыдэнцыі адзін з фабрычных будынкаў, які знаходзіўся ў вельмі маляўнічым месцы на беразе р.Ясельды. Гэты гмах нават пасля перабудовы і адпаведных прыстасаванняў захаваў досыць суровы выгляд. Р.Афтаназі, у прыватнасці, адзначыў адсутнасць элементаў якога-небудзь з вядомых архітэктурных стыляў[5]. Адзіным упрыгожваннем фасада стаў балкон з жалезнай балюстрадай. Даволі сціплым быў таксама ўнутраны інтэр’ер сядзібы. Толькі ў некаторых залах быў пакладзены паркет. Затое ўсе пакоі для гасцей былі абстаўлены мэбляй канца 18 ст., часткова прывезенай з Моладаўскага палаца. У сядзібе захоўваліся багатыя калекцыі абразоў, мініятыры, жывапісу, еўрапейскага фальклору. Гонарам гаспадароў была таксама бібліятэка з багатым зборам гістарычнай літаратуры і часткай сямейнага архіву.
Актыўная гаспадарчая і грамадская дзейнасць Аляксандра Аляксандравіча была перарвана падзеямі 1863 г. Два браты Аляксандра – Казімір і Канстанцін – былі асуджаны за ўдзел у паўстанні. Сам ён адмовіўся падпісваць вернападданіцкі адрас на імя цара. Аднак, як заўважыў пазней аўтар пасмяротных успамінаў, прысвечаных А.А.Скірмунту, “шчаслівы лёс уратаваў Парэчча”[6]. Пасля паўстання ўладальнік Парэчча спрабаваў працягваць грамадскую дзейнасць. Ён быў адным з заснавальнікаў Пінскага таварыства дабрачыннасці, мясцовага сельскагаспадарчага таварыства, доўгі час узначальваў Банк узаемнага крэдыту палескіх землеўласнікаў. Але галоўнай справай заставалася гаспадарка.
З 1870 па 1879 г. у Парэччы існаваў цукровы завод, які па аб’ёмах вытворчасці ў 50 разоў пераўзышоў свайго маладоўскага папярэдніка[7]. Чарговыя ўзнагароды на міжнародных выставах атрымлівала прадукцыя суконнай фабрыкі. Паводле ацэнкі Адама Кіркора цукровы завод і суконная фабрыка Скірмунтаў лічыліся найлепшымі ў краі[8]. Бровар ператварыўся ў сапраўдны вінакураны завод. Была налажана меліярацыя прылеглай да маёнтку поймы р.Ясельды. Даваў прадукцыю крухмальны завод. Распачалося вытворчае ўзнаўленне лесу[9].
На пачатку 20 ст., калі пад ціскам рэвалюцыйных падзей 1905 г. царызм быў змушана пайсці на пэўную лібералізацыю ўнутрыпалітычнага курса, Аляксандр Скірмунт прыняў даволі актыўны ўдзел у палітычным жыцці Беларусі. Ён належаў да т.зв краёўцаў, якія выступалі як прадстаўнікі Беларусі і Літвы і кіраваліся нацыянальна-культурнымі, рэлігійнымі, эканамічнымі і гістарычнымі асаблівасцямі і інтарэсамі беларуска-літоўскага краю і яго карэнных народаў. Дарэчы, менавіта “голас” Аляксандра Скірмунта вызначыў перамогу краёвай пазіцыі пры абмеркаванні праграмы польскай грамадскасці Менскай губ. на выбарах у І Дзяржаўную думу[10]. У гэты час ён ужо лічыўся амаль што патрыярхам польскага руху ў Беларусі.
Памёр Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт у 1909 г. Пахаванне адбывалася на родавых могілках Скірмунтаў у Моладаве. Вядома, што калі працэсія з целам накіравалася з Парэчча ў Моладава, то сяляне па ўласнай ініцыятыве зелянінай і кветкамі ўпрыгожылі вёскі і на руках неслі дамавіну ўсе 7 вёрст. На пахаванні выступаў адзін з кіраўнікоў беларускіх палякаў сябра Дзяржаўнай Рады Расіі Эдвард Вайніловіч[11].
У валоданне маёнткам уступіў Раман Скірмунт (1868-1939). Аднак правы на частку маёнтку захаваў таксама яго старэйшы брат Аляксандр (1858-1940). Раман Аляксандравіч Скірмунт нарадзіўся 25 красавіка 1868 г.[12] Ён выхоўваўся ў Парэччы. Пасля закончэння нямецкай гімназіі ў Рызе, вывучаў права за мяжой. Потым заняўся гаспадаркай. Услед за бацькам стаў сябрам Менскага сельскагаспадарчага таварыства. У 1902 г. узначаліў спецыяльную Секцыю, якая займалася праблемамі Палесся. У наступным годзе быў абраны ў Раду таварыства. З гэтага моманту распачалося яго сяброўства з Эдвардам Вайніловічам. Раман Скірмунт быў прыхільнікам супрацоўніцтва землеўласнікаў і сялян. Менавіта ён ініцыіраваў прыняцце сялян у склад Менскага таварыства[13].
Што датычыць самога Парэчча, то дзякуючы Раману Скірмунту ў маёнтку з’явіўся вялізны парк (каля 60 га), які цягнуўся ад самога палаца да берага р.Ясельды. Парк не меў дакладна пазначаных межаў і выдатна ўпісваўся ў навакольны ландшафт[14]. Парк перасякалі каналы з перакінутымі праз іх і выгнутымі ў дугу мосцікамі. Галоўная алея, якая цягнулася з поўначы на поўдзень і ўкліньвалася ў прылеглы лес, дзяліла парк на дзве часткі. Найбольш цікавай была заходняя, перарэзаная дзесяткамі шляхоў і сцежак, большасць з якіх вяла на бераг ракі. Тут былі пасажаныя дубы з дамешкам ясеней, клёнаў і вязаў, раслі шматлікія экзатычныя гатункі, як, напрыклад, цюліпанавае дрэва, балотны кіпарыс, лістоўніца Кэмпфера, піхты, чырвоныя дубы, канадскія яліны і яліны Энгельмана і інш. Усяго звыш 30 відаў дрэў. Усе дрэвы мелі таблічкі з дакладнай батанічнай назвай. У парку жылі розныя віды жывёл і цэлыя роі балотных птушак, для якіх будаваліся спецыяльныя домікі. На астраўку, утвораным р.Ясельдай і яе прытокам р.Ясенем, быў пасаджаны пладовы сад[15]. Так, на пачатку 20 ст. закончылася фармавання сядзібнага комплекса ў Парэччы.
Але не толькі гаспадарчыя справы займалі час Рамана Скірмунта. На самым пачатку 20 ст. ён зацікавіўся палітыкай. Амаль адразу Раман Аляксандравіч стаў адной з найбольш прыкметных постацей сярод краёўцаў. Сапраўдным Маніфестам краёвасці стала яго кніга “Głos przeszłości i potrzeba chwili (Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi)” (Львоў, 1905). У 1906 г. Р.Скірмунт быў абраны дэпутатам Дзяржаўнай думы І склікання ад Менскай губ. Праз чатыры гады землеўласнікі Менскай губ. падтрымалі яго кандыдатуру на выбарах у Дзяржаўную Раду. Пазіцыя Рамана Скірмунта ў Думе выклікала абурэнне большасці, але гэты чалавек заўсёды адрозніваўся мужнай паставай і ўпэўненасцю ва ўласнай праваце. Палітычныя погляды Рамана Скірмунта набліжаліся да праграмы партыі “Саюз 17 кастрычніка”, якая займала пазіцыі кансерватыўнага лібералізма. А вось ягоная краёвасць хутка эвалюцыянавала ў бок беларускасці.
У сакавіку 1917 г. ён узначаліў Беларускі Нацыянальны Камітэт, а праз месяц ужо ладзіў перамовы з Часовым Урадам Расіі аб аўтаноміі для Беларусі. Няўдача гэтай спробы не спыніла Рамана Аляксандравіча. Ён працягваў палітычную дзейнасць і, разумеючы неабходнасць паяднання ўсіх беларускіх сіл, спрабаваў прыцягнуць да беларускага руху прадстаўнікоў арыстакратычных родаў, у прыватнасці, Радзівілаў. Аднак сацыяльны радыкалізм кіраўніцтва БСГ перашкодзіў рэалізацыі гэтага праекту. У 1918 г. Раман Скірмунт дзейнічаў як прынцыповы прыхільнік незалежнай Беларусі. У маі-чэрвені 1918 г. ён узначальваў урад БНР. Няўдача беларускай палітыкі і падзел Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй спрылі адыходу энергічнага і таленавітага палітыка ад актыўнай дзейнасці.
У другой палове 1919 г. ён вярнуўся да спраў маёнтку. Парэчскі палац і яго зборы ў час першай сусветнай вайны ацалелі. Затое фабрычныя будынкі і фальваркі былі абрабаваныя немцамі, а пазней зруйнаваныя падчас ваенных дзеянняў. Сродкаў для іх аднаўлення Раман Скірмунт не меў. Некаторыя з ацалелых пабудоў былі прызначаныя на гаспадарчыя мэты. Амаль год жыхары маёнтку (Раман Скірмунт жыў разам з малодшай сястрой Аленай і яе мужам Балеславам Скірмунтам) жылі ў даволі цяжкіх умовах. На стале практычна не было мясной ежы. Але пры гэтым Раман Скірмунт рэгулярна дапамагаў парэчскім сялянам. Наогул, успаміны малююць вобраз памешчыка, які вельмі добра ставіўся да сялян: “З сваёй абслугай і сялянамі Раман гутарыў толькі пабеларуску. Сяляне казалі: “Ён наш пан, ён навет панашаму гаворыць”. … Апрача ўсяго ён быў людзяным. Ён быў добрым для сваёй абслугі й не адной пажылай сялянскай асобе памог тым, што сваёй абслугай прывёз, парэзаў і парубаў дровы зімою, або вясной падсыпаў зярна ў іхнюю засеку. Не толькі абслуга маёнтку, але й навакольныя сяляне спаміналі Рамана Скірмунта адно добрым словам”[16].
Майскі пераварот 1926 г. і прыход да ўлады Юзафа Пілсудскага вывеў яго з палітычнага небыцця. У 1930 г. Р.Скірмунт быў абраны сенатарам ад спіска Безпартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам. Удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі ІІ Рэчы Паспалітай. Аднак знайсці сваё месца ў палітычным жыцці ён так і не здолеў. Былыя краёўцы былі не патрэбнымі новай Польшчы. Раман Скірмунт ізноў адышоў ад палітычнай дзейнасці і на гэты раз назаўсёды.
Яго жыццё абарвалася трагічна на пачатку кастрычніка 1939 г. Раман Скірмунт разам з мужам сястры Балеславам быў забіты ў лесе недалёка ад Парэчча. Апошнія хвіліны жыцця Скірмунтаў здолеў рэканструяваць на падставе ўспамінаў жыхароў Парэчча пінскі журналіст Вячаслаў Ільянкоў. Тыя, хто забіваў мелі асабістыя рахункі з уладальнікам маёнтку і вельмі хацелі выслужыцца перад новай уладай[17]. Залішне казаць, што ніякай адказнасці за забойства ніхто не панёс. Улада патурала падобным учынкам.
Зрэшты, лёс мужчын іншых галінаў роду Скірмунтаў у 1939 г. нараджае сумненні ў тым, што ў смерці Рамана і Баляслава вінаватыя толькі мясцовыя бандыты. Справа ў тым, у 1939-1940 гг. пры розных абставінах загінулі практычна ўсе мужчыны гэтага роду, якія знаходзіліся ў Польшчы. Апроч згаданых гэта Антоні Станіслаў, Ксаверый, Генрых, Баляслаў, Каспер і Уладыслаў Скірмунты[18]. Быццам, быў рэалізаваны нейкі д’ябальскі план. У 1942 г. савецкімі партызанамі была забіта Алена Аляксандраўна Скірмунт, апошняя ўладальніца Парэчскай сядзібы. Праз два гады сядзібны дом у Парэччы быў разрабаваны і разбураны. Паступова прыйшоў у заняпад і парк.
У 1992 г. на магіле Скірмунтаў у заходняй частцы парку быў пастаўлены крыж з надпісам на польскай мове. Ініцыятарамі ўшанавання памяці былі Вячаслаў Ільянкоў і Тэрэза Скірмунт з Варшавы. Плануецца ўстаноўка помніка з надпісам па-польску і па-беларуску.
Сумныя думкі прыходзяць у галаву пасля наведвання Парэчча. Можа беларуская зямля – гэта край пракляты Богам?! Якім жахлівым быў лёс многіх таленавітых сыноў і дачок Беларусі! Звычайна – або самотнасць і адзінота, або перадчасовая смерць ці выгнанне на чужыну. Сапраўды – чужая Бацькаўшчына! Тэрэза Скірмунт аднойчы заўважыла, што трагедыя Беларусі не толькі ў тым, што вынішчылі найлепшых. Самым жахлівым было тое, што роль непасрэднага ката выконвалі зачастую самі беларусы. Быццам забівалі ўласную будучыню.
[1] Киштымов А. Скирмунты: династия предпринимателей // Деловой вестник.1994 № 9-10, с. 32.
[2] Киштымов А. Скирмунты…, с. 32.
[3] Konarski S. Skirmunt Aleksander (1798-1870) //Polski słownik biograficzny. T. XXXVIII/2. Warszawa-Krakow, 1998, s.174
[4] Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Под ред.П.Семёнова. Т.3. Санкт-Петербург-Москва, 1882, с. 377.
[5] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wydanie 2. T.2. Wojewodztwa brzesko-litewskie, nowogrudzkie. Warszawa, 1992, s. 120-121.
[6] S.K. [Skirmuntt Konstancja?]. Aleksander Skirmunt // Kurier Litewski. 1909 Nr 161
[7] Киштымов А. Скирмунты…, с. 32.
[8] Живописная Россия…, с. 218.
[9] Ильенков В. Скирмунты // Пінскі веснік. 27 студзеня 1993 г.
[10] Wojniłłowicz E. Wspomnienia. 1847-1928. Część I. Wilno, 1931, s. 112-113.
[11] S.K. [Skirmuntt Konstancja?]. Aleksander Skirmunt // Kurier Litewski. 1909 Nr 161
[12] НГАБ у Менску, ф. 319, в. 3, с. 286, а. 15-16. (Дакладную дату нараджэння ўсталіў беларускі архівіст У.Вяроўкін-Шэлюта.)
[13] Brzoza Cz., Stepan K. Skirmunt Roman // Polski Słownik Biograficzny, T. XXXVIII/2, Z. 157. Warszawa-Krakow, 1998, s. 184.
[14] Кулагин А. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Минск: Наука и техника, 1981, с. 114.
[15] Сітнікава І.А. Парк «парэчча» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобл. Мінск, 1984, с. 311.
[16] Зважай. 1975 № 2(3), с. 4. (цытата на мове арыгіналу).
[17] Ильенков В. Трагедия Скирмунтов // Пінскі веснік. 25 сакавіка 1992 г.
[18] Jasiewicz K. Lista strat ziemiaństwa polskiego. 1939-1956. Warszawa, 1995, s. 947-949.