Баршчэўская Ніна

Праблемы культуры мовы на старонках часопісаў „Віці”, Веда” й „Рада Кругу”

1.

На старонках беларускіх эміграцыйных часопісаў закраналася розная мовазнаўчая праблематыка з галіны гісторыі мовы ды разьвіцьця яе на сучасным этапе. Разумеючы вялікае значэньне чысьціні мовы, асабліва ва ўмовах эміграцыйнага жыцьця, беларускія часопісы шмат увагі прысьвячалі яе культуры.

На пачатак інфармацыя пра згаданыя беларускія эміграцыйныя часопісы:

„Віці” – часопіс маладога пакаленьня – выдаваўся ў Нью-Ёрку Згуртаваньнем беларускае моладзі ды Беларускім студэнцкім таварыствам у ЗША;

„Веда” – навукова-літаратурны часопіс – выдаваўся ў Нью-Ёрку Крывіцкім (Беларускім) навуковым таварыствам Пранціша Скарыны;

„Рада Кругу” – часопіс Галоўнай кватэры беларускіх скаўтаў на чужыне – выдаваўся ў Чыкага.

„Пільнуймася духу роднае мовы!” – заклікала рэдакцыя часопіса „Віці”, якая паведамляла, што, ідучы насустрач сваім чытачам, зацікаўленым у пазнаньні роднае мовы, дзеля захаваньня ейнае чысьціні й культуры зьмясьціла сталую рубрыку, у якой будуць выясьняцца розныя зьявы беларускае мовы, не заўсёды ясныя й ведамыя, забытыя, ці ня браныя пад увагу людзьмі, адарванымі ад жывое крыніцы роднае мовы, а часта ў гэткім адарваньні ўзгадаванымі. (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 12-14)

Часопіс „Віці” раіў пазьбягаць некаторых словаў ці зваротаў, нехарактэрных беларускай мове, напрыклад:

- слова пагода ў беларускай мове азначае толькі добрае надвор’е, і таму казаць добрая пагода, гэта тое самае, што масла масьлянае;

- зусім няма патрэбы ў выкарыстаньні чужога слова рэзультат, калі ёсьць добрае ды ўсім зразумелае слова вынік;

- па-беларуску трэба казаць раз на тыдзень, а ня раз у тыдзень (гэта па-расейску – раз в неделю);

- удзел бяруць, а не прымаюць (гэта таксама па-расейску – прынимают участие);

- пераехаць можа воз альбо аўта, а чалавек у другое месца жыхарства перабіраецца;

- варта выкарыстоўваць тыпова беларускія словы сёлета й летась, якіх няма ў суседніх мовах, замест у гэтым годзе ды ў мінулым годзе і г. д. (Культура мовы, у: „Віці”, № 5, Нью-Ёрк, сьнежань 1953 – студзень 1954, с. 15.)

Часопіс ,,Віці” разглядаў значэньні некаторых лексэмаў, асаблівую ўвагу зьвяртаючы на словы, характэрныя беларускай мове, ды тыя, якія паявіліся пад уплывам расейскае мовы. (Культура мовы, у: „Віці”, № 2 (6), Нью-Ёрк, ліпень 1954, с. 35-36)

Слова хапаць у беларускай мове мае толькі адно значэньне: хапіць за руку, хапаць, што толькі можна, хвароба хапіла. У расейскай мове адпаведнае слова хватать разьвіло яшчэ адно значэньне, якое ў беларускай мове выражаецца словам ставаць. І пад уплывам расейскае мовы паявіліся чужыя для беларускай мовы канстрыкцыі тыпу: у нас хапае грошай, не хапае часу й адпаведны назоўнік – недахоп. Тым часам у беларускай мове ёсьць сваё слова – нястача, і толькі яно павінна ўжывацца – раіць часопіс „Віці”.

Зварот ня гледзячы ў беларускай мове мае толькі адно значэньне, напр. ня гледзячы нікому ў вочы, ён выйшаў з хаты. Сказ тыпу: нягледзячы на вецер, было цёпла – чужы для беларускае мовы. Пераноснае значэньне слова нягледзячы ізноў паявілася ў беларускай мове пад уплывам расейскага несмотря. Тым часам у народзе скажуць: дарма што вецер, але цёпла. Ня трэба таксама блытаць ня гледзячы зь не зважаючы: ён гаварыў, не зважаючы на гоман. (Тамсама, c. 35)

У беларускай мове ёсьць два словы на азначэньне расейскага поднять: падняць і ўзьняць. Падняць можна нешта зь зямлі, з падлогі, а дзеля выражэньня руху ўверх, трэба выкарыстаць слова ўзьняць: узьняць сьцяг, узьняць вочы й г. д. (Тамсама, c. 36)

2.

Навукова-літаратурны часопіс „Веда” публікаваў пастановы Зборкі пазнаньня й чысьціні беларускае мовы. На зборцы пазнаньня мовы 3 лістапада 1951 г. былі абмеркаваныя м. ін. словы: суліць, хіжы, дзярлівы, ліпучы ды рэкамэндаваныя да выкарыстаньня ў пісьмовасьці дзеля пашырэньня іх ужываньня. (Із Зборкі пазнаньня й чысьціні мовы 3.XІ.1951 г., у: „Веда”, Нью-Ёрк, кастрычнік-сьнежань 1951, с. 152-154)

Адзначаецца, што словы суліць, пасуліць ужываюцца ў значэньні рас. предлагать, поль. proponować, як у старабеларускай, так і ў сучаснай мове. Што боудетъ имъ соулилъ наима, через то имъ боле не взяти („Смаленская Праўда”, 1230). Удзельнікі Зборкі паведамілі, што ў сучаснай мове названыя словы шырока выкарыстоўваюцца ў павеце Ашмянскім, на Слонімшчыне, Люцыншчыне, Дзьвіншчыне ды нават у зрусыфікаваным вяціцкім дыялекце. (Тамсама, с. 153)

Беларускай лексэме хіжы адпавядаюць: у польскай мове sprytny, zręczny, żwawy, а ў расейскай проворный: У Нясьвіжы людзі хіжы; салому таўкуць, бліны пякуць; сена смажуць, бліны мажуць (Слоўнік Насовіча, с. 678); Чыя жана хіжа, языком дзяжу ліжа (Слоўнік Даля, с. 564). Тамсама)

Лексэма дзярлівы адпавядае рас. хищный, поль. drapieżny; дзярун – гэта хищник, drapieżnik. Ужываецца, між іншым, у паўночна-заходняй Полаччыне ды на Валожыншчыне, напр. Начамі, наводзячы жах, вылі дзярлівыя зьвяры (Н. Змагарка, Казка аб праўдзе). (Тамсама, с. 154)

Слова ліпучы ўжываецца ў значэньні рас. заразный, поль. zakaźny. Ліпучка – гэта заразная хвароба. Ужываецца, між іншым, у паўночна-заходняй Полаччыне ды Наваградчыне. (Тамсама)

Ян Станкевіч – галоўны рэдактар часопіса „Веда” – разглядае значэньне слова гудзець. (Што знача слова „гудзець” у песьні, у: „Веда”, № 3 (8), Нью-Ёрк, сакавік 1952, с. 86)

Чаму-ж мне ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў маёй хатаньцы
Парадак ідзець?

Цяпер лексэма гудзець выкарыстоўваецца ў словазлучэньнях: гудзяць жукі, вецер гудзіць, гудзіць вада ў павадкі, але не ў спалучэньні з чалавекам. Каб поўнасьцю зразумець значэньне гэтага слова, трэба зазірнуць у сівую даўніну беларускае мовы – раіць Я. Станкевіч. Тады слова гудзець значыла ‘іграць’, і такі яго сэнс у прыгаданай песьні. І цяпер яшчэ ў чэскай мове hudba значыць ‘музыка’, а hudebnik – ‘музыка’.

Я. Станкевіч задумоўваецца таксама над розьніцамі ў значэньні словаў родзіч і суродзіч. Слова родзіч адпавядае рас. земляк, поль. ziomek, rodak, а суродзіч – рас. соотечественник, поль. współrodak. Наогул звычайна ўжываецца слова родзіч, а суродзіч толькі дзеля падкрэсьленьня нашай блізкасьці з родзічамі. Падобным чынам ужываюцца словы: вернік – сувернік, грамадзянін – суграмадзянін і інш. (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), красавік 1952, с. 115-116)

На красавіцкай Зборцы ў 1952 г. абмяркоўваліся таксама словы: закідаць, упікаць, дакараць. У беларускай народнай мове слова закідаць ужываецца толькі ў значэньні рас. забрасывать, а не рас. упрекать ці поль. zarzucać. Пашыраныя ў друку закід, закідаць менавіта ў значэньні поль. zarzucać зьяўляюцца палянізмамі. Палянізмы гэтыя зусім непатрэбныя, бо ў беларускай мове ёсьць такія ўласныя словы, як: упікі – упікаць, дакоры – дакараць, і таму Зборка пастанавіла ўжываць іх, а не чужыя пераробкі. (Тамсама, с. 116)

3.

На старонках „Рады Кругу” разглядаецца мэтазгоднасьць выкарыстаньня ў беларускай мове словаў скаўт і скаўтынг (V. Panucevič, Da nazovu „skaŭt” i „skaŭtynh” – zaŭvahi, u: „Rada Kruhu”, № 1, Čykaha, lipień 1951, s. 4-7). Ангельскае слова скаўт (scout) у перакладзе на беларускую мову значыць выведнік.

„Viedama, kažny nazoŭ, a tym bolš vychavaŭčaj arhanizacyi, musić być zrazumieły dla kažnaha, abasnavany na sobskich histaryčnych tradycyjach, musić być pryciahalnym dla moładzi dy vyražać idealohiju arhanizacyi. (...) Rasiejcy ŭviali dasłoŭny pierakład „scout” – „raźviedčyk”, „raźviedčyca”, „Sojuz russkich razviedčykov”. Niemcy – „Pfadfinder” – šukalnik ściežki –, biaručy za asnovu adnu z halinaŭ skaŭckaha vyškaleńnia, što moža być i abahulniena i da ŭsioj skaŭckaj dziejnaści, jak „šukalnik najlepšaj ściežki” va ŭsich napramkach tak sobskaha jak i nacyjanalna-hramadzkaha žyćcia. Palaki pryniali nazoŭ „harcerz”, „harcerka”, „harcerstvo” ad słova „harcovać”, „harce”, što abaznačaje „vialikuju hulniu” i hetym vyražaje asnoŭnuju skaŭckuju metodu vychavańnia – praz hulniu. Ukraincy nazvali svoj skaŭtynh „płastam”, skaŭta „płastunom” („płastunkaj”), što maje vyražać staryja kazackija tradycyi baraćby za svabodu (par. „Płastuny” J. Kucharenka); čechi skaŭtaŭ nazvali „junakami” (Junak), finy – „partiopoikajarjesto”, hreki – „proskopon”, italjancy – „esploratores”, narvehi – „speidrgutt” i h.d.” (Тамсама, с. 4)

Беларусы ў 1928 г. спрабавалі замяніць слова скаўт назовам гайсак. Гэтае слова сустракаецца ў заяве У. Казлоўскага польскім уладам у справе атрыманьня дазволу на беларускі скаўтынг. Аднак гэты назоў не ўтрымаўся й ня быў агульна прыняты. Справа ў тым, што слова гайсак гэта прыблізны пераклад польскага harcerz, ад слова гайсаваць ‘бегаць, гуляць’ і не адпавядае ні гістарычным беларускім традыцыям, ні істотным мэтам скаўтынгу, ні псыхіцы беларускага народу, які крытычна ставіцца да гайсаваньня, г. зн. да бязмэтнай гульні. Утрымаўся дасюль чужы назоў скаўт, які для людзей застаецца пустым гукам і таму скаўцкі рух для народу зьяўляецца незразумелым. Значыць, трэба назоў зьмяніць. (Тамсама, с. 4-5)

Гэтакага становішча прытрымліваўся Першы Скаўцкі Зьезд у Нямеччыне ў 1947 г. Пасьля доўгіх пошукаў і гістарычных студыяў Вацлаў Пануцэвіч выбраў назоў віцязь, Згуртаваньне Беларускіх Віцязяў. „Na pieršy pohlad hučyć hetaje słova dla zvyčajnaha čałavieka niezrazumieła jak i „skaŭt”. Adnak jano jość našaje, siońnia zabytaje, poŭnaje histaryčnaha źmiestu. Sustreć jaho možna siańnia ŭ niekatorych hieahrafičnych nazovach i imionach (proźviščach): Viciabsk, Vićba, Śviciaź, Viacičy, Vit, Vitka, Vitoŭščyna, Vitaŭt, Vitkoŭski, Vityčy, Vicień, Vitkun. (...) Siudy adnosiacca i takija nazovy, jak Viciabsk (stary Vitbiesk), Vićba, Vituničy i inš. Nazoŭ „vit” adnosiŭsia nia tolki da bahoŭ, ale i da panujučych kniazioŭ, jak da vaładaroŭ. Astatkami jaho jość „vici”, „vić”, słova pierachavaŭšajesia pa siońnia, što abaznačała vaładarski nakaz da vajennaha pachodu. (...) „Viciaziami” nazyvalisia voi (rycary), prynaležnyja da družyny vita, dobra ŭzbrojenyja i vyškalenyja – hałoŭnaja zbrojnaja siła ŭ časie vajennych pachodaŭ i achova krainy” (Тамсама, с. 5-6). З гэтага Вацлаў Пануцэвіч робіць выснову, што слова віцязь найбольш адпаведнае для беларускага скаўта.

4.

Беларускія эміграцыйныя часопісы зьвярталі вялікую ўвагу на лексічнае багацьце беларускае мовы. Адзначалі мэтазгоднасьць выкарыстаньня сынонімаў. „Чым багацейшая мова на сынонімы, тым яна дакладнейшая, гнутчэйшая, тым яна багацейшая наагул. Нашая мова мае вельмі вялікае багацьце сынонімаў, ды, нажаль, мы вельмі мала карыстаемся, і проста нат вельмі мала ведаем з гэтага багацьця, а таму й часам вельмі-ж зьбядняем нашую мову, робім яе і недакладнай, і аднастайнай, шэрай...” (Культура мовы, у: „Віці”, № 2 (8), Нью-Ёрк, жнівень 1955, с. 11.)

У выпадку абсалютных сынонімаў павінен часьцей ужывацца той, які больш арыгінальны ў беларускай мове, напрыклад, у выпадку сынонімаў шматмнога, апошніастатні больш пашыранымі павінны быць шмат ды апошні. Каб пазьбегнуць паўтору альбо, калі падыктавана гэта паэтычнай мовай, могуць выкарыстоўвацца адны й другія словы: Радасьці і суму шмат, і натхненьня многа. (Тамсама, с. 12)

Вобразнасьці мовы спрыяе выкарыстаньне прыказак і фразэалягізмаў. На старонках „Веды” быў зьмешчаны Маленькі маскоўска-беларускі слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў, апрацаваны Янам Станкевічам пры ўдзеле Антона Адамовіча (у: „Веда”, № 1 (6), Нью-Ёрк, студзень 1952, с. 1-21). У слоўніку падаюцца беларускія адпаведнікі расейскіх фразэалягізмаў са спасылкай на крыніцу: мастацкі твор ці мясцовасьць, у якой беларуская прыказка альбо фразэалягізм былі запісаныя.

- У чорта на куличках – 1. За сьветам; 2. Проці ліха на ўзгорачку;

- Бог видит, кто кого обидитБог не цяля, бачыць круцяля;

- Будет и наше время – 1. Будзе й на нашым рынку кірмаш; 2. Будзе й на нашай вуліцы сьвята; 3. Загляне сонца і ў наша ваконца;

- Два сапога – пара – 1. Абое рабое; 2. Адным возам па піва едуць; 3. Усе чэрці аднэй шэрсьці;

- На безрыбье и рак рыбаНа бязьлюдзьдзі і дзяк чалавек;

- Одним миром мазаныАдзін чорт маляваў;

- Первый блин комомПершы блін сабаку;

- Утро вечера мудренееПераначуем – болей пачуем.

Я. Станкевіч прыводзіць таксама ветлыя звароты, такія як спадар ды вашэць, вашэця.

- Словы спадар, спадарыня, спадарства выступаюць ужо ў XV ст., напрыклад: Спадарыня, перапёлачка, зорухна, зернетка, дай ложачку дзіцятку варыўца сырога (Баркулабаўскі Летапіс); Спадару Божа, чыстая вада твая ачысьці цела мае грэшнае (Аль Кітаб) (Тамсама, с. 18).

- Ваша, вашэць, вашэця паўсталі з ваша міласьць. Вашаць выступае ў прыказцы: Я вашаць, і ты вашаць; хто-ж нам хлеба напашаць. Прыналежныя прыметнікі - для мужчынскага роду вашэцеў і для жаночага вашэцін. (Тамсама, с. 19)

Беларускія эміграцыйныя часопісы шмат увагі ўдзялялі фанэтычным пытаньням.

Яшчэ Я. Карскі адзначыў агульную й старадаўную тэндэнцыю да пераходу ў беларускай мове прыметнікавых формаў з н перад канчаткам зь мяккага адменьніка ў цьвёрды, напр. старадаўны (Беларусы, т. ІІ, вып. 2, с. 48). Таму мусіць быць і адпаведны, іхны, а не адпаведні, іхні.

На Зборцы пазнаньня беларускае мовы 14 чэрвеня 1952 г. разглядалася кансанантычная сыстэма беларускае мовы, м. ін., замена запазычанага гука ф беларускімі п, x ці , напр. Піліп, Панас, хварба, хвабрыка, хунт. Так гэтыя словы вымаўляюцца ў беларускіх гаворках. І таму Зборка рэкамэндавала ўжываць ф толькі ў тых словах, якія ня сталіся народнымі ў беларускай мове: фізыка, філёзофія, географія (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 14 чырвіня 1952 г., у: „Веда”, № 6 (11), чэрвень 1952, с. 184).

5.

Беларускія эміграцыйныя часопісы адзначаюць, што асабліва шкоднымі зьяўляюцца чужыя ўплывы ў галіне сынтаксісу. Язэп Лёсік яшчэ ў 1924 г. пісаў: „Дух мовы – гэта яе сынтаксыс, яе фразэалёгія, яе ўласьцівы спосаб выражэньня. Сіла тут не ў паасобных словах, а ў тых сынтаксычных формах, у якіх мы злучаем словы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Пераймаючы чужыя сынтаксычныя звароты, мы надаём нашай літаратурнай мове неўласьцівага беларускай мове характару і тым абарачаем яе ў нейкі няйснуючы дыялект, або ў карыкатуру. Наша кніжная мова, мова школьных падручнікаў, папулярных народных кніг і асабліва мова штодзённых газэт, агулом кажучы, мала падобна да запраўднай жывой беларускай, або крывічанскай ці крывіцкай мовы ды прыпадобнілася да адзежы з чужога пляча.” (у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 12) Гэтак напісаў Язэп Лёсік у артыкуле Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы, апублікаваным у 2 нумары часопіса „Полымя” за 1924 год, а ягоныя словы працытавала Рэдакцыя часопіса „Віці” за 1953 год, адзначаючы, што кожны раз будзе зьвяртаць увагу чытачоў на тыя ці іншыя зьявы, якія пярэчаць самому духу беларускае мовы.

Рэдакцыя часопіса ,,Віці” раіць асьцярожна карыстацца словамі ёсьць і зьяўляецца, якія пранікаюць у беларускую мову зь іншых моваў. Спасылаецца на працу акадэміка Я. Карскага (Беларусы, т. 2, вып. 2, с. 66), які ў сваім нарысе сынтаксісу беларускае мовы піша, што звычайна ў жывой беларускай мове назіраецца асаблівы нахіл да прапушчаньня ёсьць, у выніку чаго зьвязкі ў цяперашнім часе не бывае. Часопіс „Віці” раіць ужываць словы ёсьць і зьяўляецца толькі тады, калі: 1. гаворка ідзе пра быцьцё – існаваньне ці зьяўленьне чаго-небудзь; 2. калі бяз гэтых словаў атрымліваецца бяссэньсіца (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 12).

Трэба задумоўвацца таксама над ужываньнем словаў: што, які й каторы у даданых сказах (Культура мовы, у: „Віці”, № 5, Нью-Ёрк, сьнежань 1953 – студзень 1954, с. 15-16). Беручы за прыклад народную мову, часопіс „Віці” аддае перавагу выкарыстаньню што замест які (чалавек, што гаварыў), але гэта не выключае ўжываньня слова які, ня так частага ў народнай мове, як у літаратурнай (ішла я тэй дарогаю, якую вы ммне паказалі). Хаця час ад часу і ў літаратурнай, і ў народнай мове можна ў гэтай функцыі сустрэць і слова каторы (чалавек, каторы гаварыў), то аднак часопіс „Віці” раіць не ўжываць яго як ня вельмі характэрнага беларускай мове. Пры гэтым ужываецца яно ў суседніх мовах: польскай і расейскай, якія аказваюць і так завялікі ўплыў на беларускую мову, паслабляючы нацыянальную самабытнасьць беларусаў (Тамсама, с. 15).

Занепакойвае таксама факт пашыранага ўжываньня прыназоўніка для ў тых канструкцыях, у якіх ён зусім непатрэбны, напрыклад: даю гэта для вас замест даю гэта вам, на што, дарэчы, ужо зьвяртаў увагу ў 20-х гадох Язэп Лёсік. Нельга выкарыстоўваць для й замест прыназоўніка на, напр.: жыта на насеньне, а не жыта для насеньня. Для – на думку Язэпа Лёсіка – ужываецца ў беларускай мове толькі тады, калі трэба выразіць прыналежнасьць ці прычыну або мэту дзеяньня на чыю-небудзь карысьць ці на шкоду, напр. нарэзала многа курэй і гусей для сваіх любых гасьцей (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (7), Нью Ёрк, студзень 1955, с. 13-15).

Часопіс „Віці” зьвяртае ўвагу на адсутнасьць у беларускай мове прыназоўніка у ў значэньні ‘каля (ля)’. Нельга сказаць па-беларуску: яна стаяла ў вакна, ці – у яго ног сядзеў сабака. У абодвух выпадках можна ўжыць толькі словы каля (ля). Гэтая скарочаная форма ля часта ўжываецца ў народнай мове, значыць: яна стаяла ля вакна, ля яго ног сядзеў сабака (Тамсама, с. 15).

На Зборцы пазнаньня беларускае мовы 9 лютага 1952 г. разглядалася ўжываньне прыназоўнікаў да й у (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 9 лютага 1952 г., у: „Веда”, № 2 (7), люты 1952, с. 50-53). Прыназоўнік да азначае мяжу, да якой даходзіць дзеяньне ў прасторы: Ад Любяча да Чарнігава 50 кілямэтраў; альбо ў часе: Рабілі да вечара. У сваю чаргу прыназоўнік у паказвае, што дзейнасьць кіруецца ўсярэдзіну, унутр: увайсьці ў склад арганізацыі (Тамсама, с. 50-51).

Часта празьмерна выкарыстоўваецца злучнік і, што вынікае з забываньня пра яго сынонімы: ды, а таксама дый. Ды значыць тое самае, што й і, толькі апрача сэнсу злучэньня мае яшчэ адценьне й дадаваньня. Яшчэ мацнейшым за ды ёсьць злучнік дый, які паявіўся ў выніку злучэньня ды зь і. На замену злучніка і часам можа ўжывацца а, якое мае значэньне ня толькі злучэньня, але й лёгкага супрацьстаўленьня, напр.: ідуць а йдуць яны (Культура мовы, у: „Віці”, № 2 (8), Нью-Ёрк, жнівень 1955, с. 11).

Ніна Баршчэўская

6.

Вялікай праблемай зьяўляецца засьмечваньне беларускае мовы нехарактэрнымі ёй дзеяпрыметнікамі (Культура мовы, у: „Віці”, № 4, Нью-Ёрк, ліпень – жнівень 1953, с. 14-17). Часта ў мове выступаюць дзеяпрыметнікі з суфіксамі -н- (паважаны чалавек, пастаўленая міска), -т- (падпіты чалавек, пакінутае месца) і -л- (пасівелы чалавек, зарослае месца). Здараюцца аднак дзеяпрыметнікі з суфіксам -ш- (пасівеўшы чалавек замест пасівелы) альбо нават з суфіксам -ем- (паважаемы чалавек замест паважаны). Такія дзеяпрыметнікі беларускай мове нехарактэрныя. На гэта зьвярнуў увагу яшчэ ў 1918 г. аўтар першай Беларусай граматыкі для школ Браніслаў Тарашкевіч. У 1924 г. Язэп Лёсік у сваіх Увагах да нашае літаратурнае мовы таксама выступіў супраць засьмечваньня беларускае мовы згаданымі расейскімі дзеяпрыметнікамі. Пад Лёсікавым уплывам усе пісьменьнікі тагачаснае Савецкае Беларусі пачалі як мага высьцерагацца гэтакіх формаў, і ў мове такіх аўтараў, як: Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Лукаш Калюга, а таксама ў мове тагачасных часопісаў і газэтаў іх няма. Аднак, калі ў 1933 г. быў выдадзены дэкрэт пра рэформу беларускае мовы, мэтай якой была яе русыфікацыя, былі адноўленыя ў правах расейскія дзеяпрыметнікі з суфіксамі -ш- і -эм-, а цяпер аж роіцца ад падпіўшых і напіўшыхся, друкуемых, кіруемых, чытаемых і г. д. Замест гэтых дзеяпрыметнікаў, калі няма беларускіх эквівалентаў, лепш выкарыстаць апісальныя формы, напр. замест пабіўшаяся міскаміска, якая пабілася. Пэўную праблему выклікаюць таксама дзеяпрыметнікі з суфіксамі -уч- (захапляючае месца). У народнай беларускай мове іх няма, і таму Язэп Лёсік раіў іх таксама не ўжываць. Але ў старой літаратурнай мове такія формы існавалі, і таму Браніслаў Тарашкевіч дазволіў у сваёй Граматыцы на іхнае ўжываньне. Баранілі іх таксама такія беларускія мовазаўцы, як праф. Пётр Бузук і др Ян Станкевіч (Тамсама, с. 14-15).

Часопіс „Віці” зьвяртае ўвагу сваіх чытачоў на тое, што нельга блытаць расейскіх формаў дзеяпрыметнікаў з суфіксам -ш- (падпіўшы чалавек) з дзеяпрыслоўямі з гэтым жа суфіксам, якія часта ўжываюцца ў беларускай мове, напр. падпіўшы, чалавек пайшоў у скокі (Тамсама, с 15).

У беларускай літаратурнай мове, у адрозьненьне ад народнай, празьмерна пашыраны канчатак -а ў форме роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў мужчынскага роду. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на Зборцы пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г. (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), красавік 1952, с. 112-116) Яшчэ ў 1912 г. А. Шахматаў пісаў, што ў беларускай мове мужчынскія зборныя назоўнікі, рэчыўныя й абстрактныя маюць у родным склоне канчатак -у (-ю): пяску, палуну, лесу, народу, жалю (Тамсама, с. 114-115). Пры гэтым не залежыць ён ад месца націску, пра што ўжо пастанавіла ў 1937 г. Зборка чысьціні мовы ў Вільні. Пастановы Зборкаў, што адбываліся ў Вільні перад Другой Сусьветнай вайной, былі апублікаваныя ў 1937 г. у Вільні ў брашуры пад назовам Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску.

Таксама асабовыя назоўнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку ў месным склоне заўсёды маюць канчатак -у (-ю): аб кавалю, аб купцу, аб брату, аб Івану. Пра гэтую асаблівасьць беларускае мовы ўжо ў XІX ст. вучыў выдатны мовазнаўца А. Сабалеўскі. Дарэчы, таксама Зборка чысьціні беларускае мовы ў Вільні зрабіла такую пастанову: „Мясцовы склон адз. ліку ймёнаў мужчынскіх асобавых канчаецца на -у (-ю): аб гасьцю, аб купцу, аб сыну, аб суседу, аб пану, аб поэту, аб Хрысту, аб Буслу (прозьвішча), хоць кажацца аб бусьле, калі бусел птушка.” (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 12 красавіка 1952 г., у: „Веда”, № 4 (9), красавік 1952, с. 115)

Пытаньні выклікае таксама выкарыстаньне націскных канчаткаў давальнага й меснага склонаў назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду множнага ліку -ом, -ох, напр.: сталом, ласём; аб сталох, ласёх і г. д. Гэта вельмі важная асаблівасьць беларускае мовы, якую ,,бальшавікі знарок забаранілі, каб наблізіць яе да мовы расейскае”. (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 13.) Трэба аднак памятаць, што гэтая асаблівасьць не датычыць назоўнікаў жаночага роду з канчаткам , і таму трэба казаць: у руках, на нагах і г. д. (Тамсама, с. 13)

Чарговая моўная праблема датычыць правапісу чужых словаў. ,,Ведама, што ў пазычаных словах гукі з, с застаюцца цьвёрдымі, напр. магазын. Але ёсьць з гэтага адзін вынятак, устаноўлены на аснове народнага вымаўленьня яшчэ аўтарам першае Беларускае граматыкі для школ Браніславам Тарашкевічам. (...) Перад суфіксальным ія зычныя зьмякчаюцца: камісія, экскурсія, сэсія, гімназія, паэзія. У народнай мове заўсёды скажуць: Азія, азіят, а ніколі Азыя, азыят.” (Культура мовы, у: „Віці”, № 1 (3), Нью-Ёрк, студзень 1953, с. 13)

Беларускія эміграцыйныя мовазнаўцы прапанавалі пашырыць правапіс вялікай літары. На Зборцы пазнаньня беларускае мовы 9 лютага 1952 г. было пастаноўлена зь вялікай літары пісаць назовы народаў і плямёнаў, таксама, як пішацца імя й прозьвішча аднаго чалавека. (Із зборкі пазнаньня беларускае мовы 9 лютага 1952 г., у: „Веда”, № 2 (7), люты 1952, с. 52-53)

Зразумела, гэта далёка ня ўсе праблемы, што абмяркоўваліся на Зборках пазнаньня беларускае мовы. Гэта таксама ня ўсе праблемы, якія знайшлі сваё адлюстраваньне на старонках беларускіх эміграцыйных часопісаў. Тым ня менш, прыведзеныя прыклады зьяўляюцца яркім доказам таго, што праблема чысьціні беларускае мовы ды яе культуры моцна турбавала беларускае эміграцыйнае асяродзьдзе, якое, разумеючы немагчымасьць ажыцьцяўленьня прапанаваных зьменаў на Бацькаўшчыне, старалася рэалізаваць іх у эміграцыі.

Ніна Баршчэўская