У прытчах затоена мудрасць: калекцыя афарызмаў Зьмітра Цехановіча

Волян Андрэй (1530 — 06.01.1610)



Палітычны дзеяч, філосаф, ідэолаг

Вельмі добра, калі чалавек спалучае ў сабе жвавасць дасціпнага розуму і цвёрдую непахіснасць волі.

Усякая чалавечая супольнасць ствараецца, галоўным чынам, каб забяспечыць сабе спакойнае, мірнае жыццё, свабоднае ад звадаў і варожай пагрозы.

Ва ўмовах адсутнасці свабоды разумовыя і фізічныя задаткі не могуць належным чынам выканаць сваё прызначэнне і ашчаслівіць чалавека.

Ад раскошы багацеяў патыхае рабствам.

Свабода ўласцівая самой чалавечай прыродзе і ніхто не нараджаецца рабом.

Усялякая празмернасць ператвараецца ў загану.

Калі грамадства дазваляе чалавеку не зважаць на закон і рабіць усё, што кожны хоча, яно гэтым самым патурае прыхамаці і сваволі мацнейшых і нясе рабства згалелым і нямоглым.

Свабода заўсёды мае на мэце высакародныя ўчынкі і заўсёды спалучаецца са станоўчым ладам мыслення.

Чалавек, не абазнаны ў мудрасці, не здольны як след распарадзіцца і сваім багаццем.

Законы ёсць сродкі гамаваць чалавечае свавольства і нахабства.

Свабода кожнага будзе забяспечана дастаткова, калі законы ў грамадстве прымусяць людзей жыць так, каб ніхто нікому не шкодзіў.

Законы – глухія і няўмольныя. З іх больш карысці слабому, а не моцнаму.

Прыслухоўвайцеся больш да чужых словаў, а не да свайго славаслоўя.

Няхай ніхто не спадзяецца, што трывалы мір і спакой усталююцца ў грамадстве, дзе мацнейшым паслабілі цуглі і тыя прыгнятаюць слабейшых.

Вартае найчасцей і спараджаецца вартым.

Калі ты будзеш лайдаком і не прыкладзеш вялікага намагання і працы, каб узгадаваць і ўзрасціць закладзенае ў цябе зерне, то замест добрага плёну атрымаеш адзін чартапалох. Талент, які тоіцца ў чалавеку, падобны да іскаркі. Падзьмеш, падкладзеш распалу – і загарыцца яна яркім полымем. А перастанеш дбаць і клапаціцца пра сваю іскарку – давядзеш да таго, што яна ніколі ўжо не засвеціць.

Нікчэмныя людзі замест існых каштоўнасцяў ганяюцца за іх ценямі.

Кароль павінен рабіць толькі тое, што прадугледжвае ці патрабуе закон – вярхоўны ўладар як над грамадзянамі, так і над манархам.

Калі свабода нам дарагая, дык будзем карыстацца ёю памяркоўна. Іначай, неабмежаваная свабода можа ператварыцца ў сваю процілегласць, то бок у рабства.

Дзяржаўныя законы – найлепшыя вартаўнікі свабоды. Розніца паміж беззаконнем і свабодай заключаецца ў тым, што беззаконнае дзеянне кіруецца толькі жаданнем бягучага моманту, а свабода стрымлівае безразважныя, аблудныя памкненні цуглямі розуму.

Суровасць пакарання мусіць адпавядаць цяжкасці злачынства. Калі ж пакаранне аказваецца суровейшым за віну злачынцы, то гэта жорсткасць, а калі лягчэйшым, то самавольства. Як адно, так і другое нельга назваць справядлівасцю.

Паміж жыццём чалавечым і жыццём звяроў ёсць розніца. Звяры забяспечваюць сваё існаванне сілай, і таму іх баяцца слабейшыя. Людзі ж з дапамогай законаў ствараюць грамадзянскую супольнасць, у якой моцныя і слабыя, багатыя і бедныя маюць аднолькавы прававы статус. Калі ж роўнасць у статусе тым ці іншым спосабам парушаецца, то няхай ніхто не грэе надзеі, што такая супольнасць будзе трывалай і даўгавечнай.

Дзе ёсць несправядлівыя законы, там ёсць і прадажныя суды.

Калі за нязначнае правапарушэнне і сур’ёзнае злачынства прадугледжваецца аднолькавае пакаранне, то ад справядлівасці не застаецца нічога.

Мэта законаў – гарантаваць чалавеку спакойнае валоданне ўласнасцю і абараніць яго ад несправядлівасці.

Здаровы сэнс вучыць, што ў шлюбе трэба старанна і рупна дбаць пра душэўную чысціню.

Запазычваць непрыстойныя, нізкія норавы нам не варта.

П’яныя напоі шкодзяць не толькі прапойцам, але і ўсяму грамадству.

Кожны, хто знаходзіць у ахмяленні асалоду, робіцца безразважны.

Кожны, на каго звальваецца п’яная напасць, страчвае свой набытак і дабрабыт, робячыся голым, як той бізун.

Умеркаванасць ёсць калі не крыніцай, то ахавальніцай і аздобай усякай чалавечае вартасці.

Падпарадкоўвайце свае жаданні загадам розуму.

Калі мы хочам зберагчы наша грамадства, мы павінны з дапамогай законаў стрымаць тых ненасытных, якія ператварыліся ў рабоў раскошы і марнатраўства.

Жаночай прыстойнасці спрыяюць не золата, не пурпур і не смарагды, а пабожнасць, памяркоўнасць і цнатлівасць.

Нікчэмны той, хто бачыць, як нехта чужы дае яго жонцы тое, чаго не даў ён сам.

Суддзя пры разумным асэнсаванні справы павінен заўсёды кіравацца прынцыпамі дабра і справядлівасці, не пераступаць межы правасуддзя і праз гэта апошняе не ператвараць найвышэйшы закон у найвышэйшую несправядлівасць.

Справядлівасць патрабуе сумленна жыць, нікому не чыніць шкоды, кожнаму аддаваць тое, што яму належыць па праве, за добрыя справы ўзнагароджваць, а за дрэнныя – караць.

Цвёрдасць волі азначае здольнасць асобы не паддавацца ніякім мольбам і просьбам, ніякім запалохванням і пагрозам мацнейшых, якія хацелі б перашкодзіць законнаму правасуддзю.

Падабенства звычак, інтарэсаў мацней яднае тых, хто мілы адзін аднаму сэрцам.

Прырода падарыла людзям сон, каб яны, знясіленыя і змардаваныя дзённаю працай, хоць на кароткі час пазбавіліся ўсякай мітрэнгі.

Памяркоўная стрыманасць заўсёды дорыць і ахоўвае душэўны спакой.

Шмат хто, папускаюцы сваім жаданням і жарсцям, не вытрымлівае ўмеркаванасці, якой патрабуе прырода. І тады асалода, прызначаная на ўмацаванне цела, нясе яму гібель.

Чалавечая прырода патрабуе столькі, колькі вымагае неабходнасць, а не панада і прыхамаць.

Калі знатны нашчадак аказваецца гультаём і лодырам, калі ён загразае ў распусце і блудзе, то вядомасць продкаў не толькі не дапамагае яму, а наадварот – выкрывае і высвечвае яго ліхія ўчынкі тым выразней, чым ярчэйшаю была слава яго бацькоў і дзядоў.

Слава продкаў служыць патомкам як светач. Яна не дазваляе рабіць употай ні добрае, ні дрэннае.

Гнеў – ён ёсць нішто іншае як прыкмета слабавольнасці, пры якой для ўзважанай памяркоўнасці няма месца.