У прытчах затоена мудрасць: калекцыя афарызмаў Зьмітра Цехановіча

Чорны Кузьма (11.06.1900 – 22.11.1944)



сапр.: Мікалай Карлавіч Раманоўскі; Псеўданімы: Максім Алешнік; М. Біруля; Ігнат Булава з-пад Турава; Вясёлы; М.Сідарэўскі; Сусед-вясёлы; Раман Талапіла; Арцём Чамярыца; Сымон Чарпакевіч; А.Чорны; Крыптанімы: Р. М.; М.Р-скі; К. Ч.) — празаік, драматург, публіцыст.





Кожная тая кніга добрая, калі яна ўзбівае чалавека на сталыя і важныя думкі.

/Дзённік, 10 верасня 1944г./

Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.

Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы – час – мае вечнага свайго дапаможніка – працу.

Вайна не толькі лье кроў, але і кожную брудную душу выверне на паказ свету.

Калі я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на ім было гола і пуста.

Я чалавек і хачу жыць.

Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль дзіцяці.

Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым.

Хто ведае, чым падтрымліваецца існаванне некаторых глухіх дарог, па якіх мала хто калі ездзіць і якіх ніколі ніхто не правіць і не глядзіць. Але вельмі можа быць, што такая дарога больш бачыла на сабе чалавечага ўтрапеньня, чым біты шлях.

/Пошукі будучыні. Раман.1943г./

Маленькія і нязначныя здарэнні слабым здаюцца вялікімі і страшнымі. Вялікія і страшныя здарэнні моцным здаюцца маленькімі і нязначнымі.

/На пыльнай дарозе.Апавяданне.1926г./

Загаварылі кулямёты – сціхлі птушкі.

/Буры. Апавяданне.1926г./

Вялікі паход скупы на адпачынак.

/Начлег у вёсцы Сінегах. Апавяданне.1927г./

Спакой і вытрымка бяруць верх над крыкам і самаўпэўненасцю.

Паважае сябе толькі той, хто паважае другіх.

Чыстая, як усход сонца ў ціхі веснавы дзень, усмешка шчаслівага маленства.

/Насцечка/

Дзяды і прадзеды ў цябе былі, і там, дзе яны жылі, сонца на дрэвах бывае кожны дзень.

/Вялікае сэрца. Апавяданне. 1944г./

Усякі сам і для сябе толькі можа рабіць што і калі сам захоча.

Чалавеку цяжка перарабіцца адразу. Можна думаць і гаварыць іначай, а сам чалавек доўга будзе ранейшым.

/Лявон Бушмар. Аповесць. 1929г. /

Усё звыклае чалавеку і нецікавае, нават апрыкралае, можа стаць яму раптам вялікім шчасцем і радасцю.

Попел – вечны колер сатлелага жыцця.

Свет не толькі бязлітасны і жорсткі. Ён яшчэ ласкавы і ясны.

/Млечны шлях. Раман.1944г./