Ляхновіч Павал

Павал Ляхновіч, Адно толькі слова

Ішоў па прычальнай сьценцы Кацярынінскай гавані начпо, і думаў аб вялікай і магутнай расейскай мове. Вось, напрыклад слова “вы..баць”. Гэта і аб’явіць спагнаньне, і правесьці выхаваўчую працу з падначаленым, і вылаяць за якіясьці хібы ў форме адзеньня, у дысцыпліне… ды за што заўгодна. Ня кажучы ўжо пра асноўны, так бы мовіць, спракавечны сэнс.

А пра што яшчэ думаць палітработніку? Не пра міжпаходавы ж рамонт, ці там пра заняткі па сьпецыяльнасьці. Палітработнік – асоба тонкая, гуманітарная. Думае пра высокае, ня ўсім даступнае.

Адно толькі слова, а якая безьліч нюансаў, значэньняў, тонаў-паўтонаў!

Вось злавілі, напрыклад матроса ў самаволцы і арыштавалі, і на гаўптвахту пасадзілі. Адседзеў, вярнуўся – як ён пра здарэньне браткам-маракам распавядзе? Скажа – “вы…балі”. Або застукаў яго камандзір баявой часьці ў час прыборкі за нейкай іншай справай і разнос устроіў. “Не вымаючы”. Зноў скажа: “бычок вы…баў”.

Як мінаў караблі ОВРа, выскачыў з бліжэйшага СКРа матросік чарнявы. Усё правільна зрабіў – загадзя на страявы крок перайшоў, руку да бесказыркі ўськінуў, і з моцным акцэнтам нешта прагергетаў. З усяго толькі і зразумеў контр-адмірал, што “…дазвольце зьвярнуцца…”. Спыніўся: “Ну, што табе, сынок?” – Няправільна гэта, парушае прынцып адзінаначальля, але што возьмеш з неадукаванага сына гор… Ці можа якіх там пустынь…

“Сынок” зноў загергетаў, і выдзеліў слых начпо некалькі ключавых словаў – “прыборка” “камандзір” і “…бе”.

“Гэта ж трэба! Толькі што пра гэта думаў, і – на табе! Відаць кепска прыборку зрабіў і за гэта камандзір ці спагнаньне аб’явіў, ці можа аблаяў,” – падумаў палітработнік унутрана сьцепануўшыся. – Непрыемна, калі матрос пры адмірале такія словы ўжывае. Больш натуральна, калі наадварот. Але што тут казаць? Тлумачыць яму, што з такімі пытаньнямі да адміралаў не зьвяртаюцца, што ён увогуле павінен зьвяртацца толькі да камандзіра аддзяленьня, бессэнсоўна.

А матрос стаяў і чакаў. Чаго чакаў? Відаць справядлівасьці. Можа чакаў, што адмірал зараз жа выкліча ягонага крыўдзіцеля-камандзіра і тут жа на шматкі падзярэ? “Як Бобік грэлку…” – прыйшла недарэчы адміралу показка, і ён нечакана для сябе заўсьміхаўся. Добра так заўсьміхаўся. Па-бацькоўску. Не, нават па-дзядоўску, бо па гадох якраз у дзяды гэтаму чарняваму азіятку падыходзіў.

- Сынок! Ты ж прысягу даваў! Даваў жа? – Зрабіў паўзу і востра ўперыўся ў матроса. – Даваў?

- Прысяга… э-э…даваў. – Згадізўся матрос.

- Вось! – Узрадаваўся начпо. Ён то ведаў, што матрос прысягаў, але не быў упэўнены, што той зразумее сэнс ягонага пытаньня, і тады іхняя гутарка пяройдзе ў гутарку двух глухіх. – Даваў! А там што запісана? Што там запісана? (Чорт, ці не вельмі складана я выражаюся?)

- Што запісана? – Паўтарыў матрос.

- А там запісана так:”стойка пераносіць ўсе нягоды і цяжар ваеннай службы”! – Адмірал выпрастаў сьпіну і падняў угору па-старэчаму крываваты ўказальны палец. – Стойка! Пераносіць! Нягоды! А тое, што цябе камандзір…э-э…(А-а! А то не зразумее.)…вы…баў! Ха! Плюнь! Гэта і ёсьць тыя самыя нягоды!

- Нэ запісана. – Сказаў матрос.

- Ты-ы…, гэт-та…, вось што… Ты са мной не спрачайся. Ты колькі служыш?

- Я колькі служыш?

- Ну вядома, ты! Я ўжо трыццаць шосты год служу…

- Я – карась. Паўгода служыш.

- Дык ты са мной не спрачайся. Значыць так: перадасі камандзіру, што я загадаў яму ў цябе залік тэксту прысягі прыняць. І хай мне даложыць. Зразумеў? Паўтары!

- Камандыру мая прысяга казаць, камандыр адміралу казаць…

- Правільна! Толькі ты бяз крыўды. Гэта ж служба, сынок. А тое, што цябе камандзір вы..баў, ты і ў галаву не бяры. Гэта служба! Яна такая! Цябе вы…балі, а ты страпянуўся – і служыш, быццам нічога ня здарылася. Эх! Мне б тавае гады!...

Памаўчаў.

- Ты што думаеш, сынок – твайго камандзіра ніхто не …бе? Ха! Каб жа так! Проста, вам, матросам, гэта невядома. А насамрэч… Як твайго камандзіра прозьвішча? Ягораў? О-хо-хо! Твайго Ягорава камандзір дывізіёна кожны дзень так на каркалыгу надзяе, ажно прасьціна ўздымаецца! – Адмірал разыйшоўся. Бачыў даверлівыя шчылінкі вачанятаў матроса і імкнуўся ў даступнай форме данесьці тое, у чым быў перакананы. І можа нават выклікаць якіясьці добрыя да сябе пачуцьці. – Я твайго Ягорава ведаю. Летась на парткамісіі мы яго так вы…балі, так… .

Альбо возьмем камандзіра дывізіёна… Думаеш яго ніхто не …бе? Памыляешся, сынок, калі так думаеш! Ня часта, не. Але хоць раз на тыдзень, камандуючы…

Па-сакрэту скажу, сынок. Раз на месяц я ў Севераморску бываю ў начальніка Палітупраўленьня. І мяне там так, бывае, …буць! Ты не ўяўляеш! Але вы…буць, я зраблю пэўныя высновы, вярнуся сюды, вы…бу падначаленых… Глядзіш праз пэўны час і заўвагаў у мой адрас меней. А галоўнае, сынок, галоўнае – не прымаць блізка да сэрца гэта ўсё. Памятаць прысягу і стойка пераносіць… Ты зразумеў, сынок? Цярпі. Прывыкнеш пакрысе. Ды што гэтыя твае тры гады? Блісь – і дадому. З пачуцьцём гонару…

Зноў памаўчаў. Матросік чакальна, з надзеяй пазіраў яму ў твар. Што яму яшчэ сказаць? Здаецца добра ўжо сказаў. Правёў выхаваўчую працу.

- Ну, добра. Ідзі ўжо. Не забудзься камандзіру пра прысягу дакласьці.

Матросік крутануўся – далонь ля бесказыркі – кругом. Пайшоў на карабель.

І контр-адмірал пасунуўся на сопку, да сябе ў палітаддзел. Ішоў і злаваўся: “Бач ты, тры словы ведае, зь якіх адно не для друку, а мне пярэчыць будзе!” Але нешта трывожыла. Прыйшоў у кабінэт, пакорпаўся па кніжных паліцах, знайшоў запыленую кніжку “Агульнавайсковыя статуты Узброеных Сілаў СССР”. Памятаў – там недзе знутры на вокладцы тэкст прысягі павінен быць. Ага. Вось. Прабег вачыма: “ Я, грамадзянін…та-та-та…камандзіраў і начальнікаў.

Я клянуся…та-та-та-та… і Савецкаму ўраду.

Я заўжды гатовы…мужна…та-та-та…і самаго жыцьця… - Ёркінк літар! – Калі ж я нарушу…!” Няма пра нягоды і цяжар! Я ж гэтыя словы як сваю маму памятую! Дзе ж? Ага! Так і ёсьць – пераблытаў. Пра нягоды – гэта ў другім артыкуле “Статута унутранай службы”. Некалі ў ваеннай палітвучэльні прымушалі напамяць – вось і засела, ёксель-моксель! Ну, ды і хрэн зь ім, з тым матросам. Усёроўна ён, відаць, нічога з той прамовы не зразумеў.

Зразумеў. А паколькі па моладасьці заступаў на дзяжурства амаль штодня, то ўперадзе была цэлая ноч. Прыстроіўся пад лямпачкай на скрынцы з ЗІПам, і на аркушы з вучнёўскага сшытка ў клетку напісаў ліст. Да дзядзькі ў Маскву.

“Ас-салом алейкум, Юльчы-акя! Хай Алах, усемагутны і справядлівы пашле табе, тваёй сям’і здароўе, доўгі век, хай твой дом будзе як поўная піяла…

…Юльчы-акя, я не турбаваў бы цябе, але тое, што я маю паведаміць я магу даверыць толькі табе. Ты – мой дзядзька і разумееш, што апрача цябе пра гэта не павінны даведацца нашы… Ніхто з землякоў, а асабліва са сваякоў…

…Я служу на СКРы, служыць цяжка ў тым сэнсе, што вельмі мала прыходзіцца спаць. Тут усталяваны такі парадак, што маладыя матросы, а нават і маладыя афіцэры маюць мала правоў. Вось і мне прыходзіцца амаль кожны дзень заступаць на дзяжурства. Гэта калі карабель наш стаіць ля прычала. У моры лягчэй.

А яшчэ я паводле раскладу па прыборках зьяўляюся прыборшчыкам каюты камандзіра. Гэта значыць тры разы на дзень, па камандзе, я павінен зьявіцца ў тую каюту, вымыць там палубу, пераборкі, подвалак, выцерці пыл, саставіць акуратна кніжкі на паліцы. Увогуле працы няшмат, бо каюта маленькая. Але справа нават не ў прыборцы.

Нават не ведаю, як табе распавесьці… Сорамна.

…Карацей – камандзір наш, як я прыходжу на прыборку, зачыняе каюту на ключ і… Ну, ты разумееш, Юльчы-акя? Мне сорамна і балюча, і страшна – ён можа зрабіць са мной што заўгодна. Напрыклад шапнуць “гадкам”, і мяне могуць выкінуць у моры за борт. Тут вельмі злыя “гадкі” – гэта матросы, якія заканчваюць службу. Камандзір ім спрыяе ва усім, а яны гатовы выканаць любое яго даручэньне.

Сёньня па прычальнай сьценцы ішоў вялікі начальнік, адмірал. Я рызыкнуў, зьбег на сьценку і распавёў яму пра тое, што камандзір СКРа мяне амаль кожны дзень гвалціць. І ты ведаеш, што ён мне адказаў? Ён адказаў, што на флоце ўсе знаходзяцца ў палавых адносінах. Што нават зь ім (я ледзьве не разрагатаўся, калі ён мне пад вялікім сакрэтам гэта паведаміў – ён зусім стары, і я не ўяўляю, што хтосьці на яго можа паквапіцца) раз на месяц нейкі ягоны начальнік робіць тое ж, што са мной камандзір.

Юльчы-акя, ты жывеш у Маскве і маеш сувязі. Зрабі, каб мяне перавялі на іншы карабель. Інакш мне ня жыць…

*

- Юльчы-мульчы… – незадаволена перадражніў асабіст, разгарнуўшы аркушык у клетку. – Набяруць на флот чурбаноў, а ты правярай, што я ны тут панапісалі… Глядзі вось, - сунуў аркуш суседу, - гэта якая мова? Узбецкая, туркменская? Можа азербайджанская? У Маскву піша, Багіраву Юльчы. Сваяку, відаць… Паўсюль распаўзьліся…

- Не, гэта відаць фарсі… А можа і не… Халера яго ведае! Паслухай, ну якія сакрэты можа гэты чурка напісаць? Што, з-за гэтага аркушыка будзеш перакладчыка шукаць? Невядома зь якой мовы?

- Ну, паколькі мы выбарачна правяраем, будзем лічыць, што гэты ліст да мяне не трапляў. Так? Не настукаеш?

- Кінь дурное…

Юльчы аказаўся сапраўды з сувязямі. Праз тыдзень на Паўночны флот выправілася камісія. Ажно з ЦК КПСС. Яшчэ два тыдні флот стаяў ракам. Разабраліся з кім папала. І вы…блі. У харошым сэнсе, спагнаньні аб’явілі. Камандзіра таго пасадзілі. Матросіка перавялі. Сакрэтны загад “Аб выпадках гомасексуалізму на Паўночным флоце” выдалі. Над ім рыдаў са сьмеху увесь ВМФ.

*

Калі продкі сучасных рускіх былі яшчэ цюркамі і вызнавалі паганства, быў у іхным пантэоне бажок, які адказваў за рост насельніцтва. Зваўся “Баць”. Потым частка цюркаў ад сваёй цюрскасьці адраклася і падалася ў славяны, але слова гэтае, і вытворныя ад яго перайшлі ў мову, што Ламаносаў прыдумаў. А яшчэ пазьней, як рускія ў канцы васямнаццатага веку Літву захапілі і Беларусьсю назвалі, тыя цюркізмы і да нас трапілі. “Бацька”, дарэчы, таксама ад таго бажка. Сьлед двухсотгадовай каланіяльнай залежнасьці.

Адно толькі слова, а якая безьліч нюансаў!