Мудроў Вінцэсь, Ператвораныя ў попел

Ператвораныя ў попел

эсэ, фантасмагорыі, успаміны

Мудроў Вінцэсь

Месца выхаду: Менск

Дата выхаду: 2004

Выдавец: Логвінаў

Катэгорыя: Мастацкая літаратура

Copyright © 2004 by Вінцэсь Мудроў

Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт); EEDC — бібліятэка Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру, ul. Proletariacka 11, Białystok (папяровы асобнік); прыватны кнігазбор у Беластоку (папяровы асобнік)

Інвэнтарныя нумары: EEDC — [2696]

Сыгнатура: V.1.Mud

Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю, калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году вясну, бачу шпака, што сьпявае на разгалістай яблыні, і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна. “Шпак”, — прамаўляе маці й вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку. У гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае: “Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это скворец!” Мы з бацькам сьмяемся зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай, ледзь чутна прамаўляе: “Скворец”. З таго красавіцкага ранку мінула безьліч гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькаў сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці. Дзьве душы — беларуская ды расейская — жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на божай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая — беларуская — забавіцца на хвіліну. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая ўсьмешка, ведайце: я памёр беларусам.

Беларускія аўтары: Мудроў Вінцэсь

Выдаўцы і выдавецтвы: Логвінаў

Каталёг: Kamunikat.org | EEDC | Прыватны кнігазбор

Глядзець/ спампаваць гэты разьдзел/ артыкул... Уся кніга ў адным файле

Глядзець/ спампаваць гэты разьдзел/ артыкул... Уся кніга ў адным файле