Дата выхаду: 2023
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2023 by Барыс Пятровіч; Copyright © 2022 by Kamunikat.org - ePub
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Ніколі не думаў, што жыццё маё мне некалі спатрэбіцца, што буду апісваць пражытае і бачанае мною. Хоць большасць пісьменнікаў толькі гэтым і займаюцца. Жыццё маё мне здавалася нецікавым, беcпадзейным, пустым, аднастайным... Гэтаксама і праца, незважаючы на тое, што быў я журналістам, а значыць, увесь час – каля і між людзей. Мажліва, у адрозненне ад іншых, я занадта крытычна ці занадта патрабавальна ставіўся да пражытага, калі не бачыў у ім нічога вартага для таго, каб пераказаць, занатаваць... І сёння жыццё пераконвае мяне, што гэта не так. Бо разам з маімі маладымі гадамі сышла ў нябыт і цэлая эпоха з ейнымі сімваламі, каштоўнасцямі, патрабаваннямі, адметнасцямі, героямі, прынцыпамі, крытэрыямі і г.д. Працаваў я ў газеце. Быў карэспандэнтам і спецкарэспандэнтам. Спачатку ў аддзеле сельскай гаспадаркі, потым – партыйнага жыцця (КПСС, вядома) “вёў” камсамол. Але дзе сёння тая калгасная вёска, дзе тыя партыя з камсамолам, пра якія мне даводзілася пісаць і нутро якіх я зведаў, калі сціпла сказаць, дасканала? Хіба варта пра іх сёння сур’ёзна гаварыць? Не. А несур’ёзна, з’едліва, здзекліва – тым больш. Пра мёртвых альбо добрае, альбо нічога, – памятаеце? Так і застаўся я быццам бы і з успамінамі і разам – без іх. Пэўна, як і большасць маіх аднагодкаў, што заспелі гібель імперыі. І ўсё ж я вяртаюся да свайго мінулага. Навошта? Мажліва, таму, што шкада ўмоўна страчаных гадоў жыцця і я хачу нейкім чынам упэўніць сябе, што яны – не зусім страчаныя, што яны – глядзі ты! – спатрэбіліся і ў нешта выліліся. (фрагмент)
Беларускія аўтары: Пятровіч Барыс
Каталёг: Kamunikat.org