Дата выхаду: 2022
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2002 by Валеры Гапееў; Copyright © 2022 by Kamunikat.org - ePub
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Падрыхтаванае на падставе: Гапееў Валеры, Пастка на рыцара. Аповесць, апавяданні; для дзяцей сярэд. i ст. шк. узросту. — Мінск: Юнацтва, 2002, 191 с.
Памірала вёска. Цяпер ужо кожнаму, хто праходзіў доўгай вуліцай з прарэджанымі радамі хат, было зразумела, што яшчэ колькі год — і каля адзінае студні з галосна рыпучым жоравам не натоліш смагу, бо вада пазелянее, набудзе непрыемны пах старасці і затхласці. Як і не паласуешся са здзічэлага саду яблыкам маленькім і кісла-горкім. Вёска памірала. Толькі некалькі хат насцярожана ўглядваліся з-пад стрэх-брывоў жоўтымі вачамі вокнаў у шэрае поле пад час доўгіх восенькіх вечароў. Гэтыя нешматлікія жывыя агеньчыкі, якія ўспыхвалі ў навакольнай цемры, выглядалі з бальшака, што прабягаў міма, бездапаможнымі і сумнымі, поўнымі нявыказанай тугі. У позняга па-дарожніка яны надзею не выклікалі на добрую вячэру і ўтульную цеплыню, а, хутчэй, жаданне зайсці і дапамагчы, бо пачуццё нейкага вялікага гора ззяла ў гэтых старэчых вачах — вокнах. Там, далёка за гэтымі тужлівымі вокнамі, свяціўся ад ліхтароў увесь гарызонт — там была калгасная сядзіба. Адтуль часам у ціхія летнія вечары даносілася музыка, і тады здавалася, што яшчэ ніжэй прыпадалі старыя хаты да зямлі ў чорнай асэнсаванасці сваёй страчанай маладосці і непазбежнасці смерці. (фрагмент)
Беларускія аўтары: Гапееў Валеры
Каталёг: Kamunikat.org