Месца выхаду: Менск
Дата выхаду: 2004
Мастацкі рэдактар: Паваляева Натальля
Выдавец: Логвінаў
Выдавецкая сэрыя: Другі фронт мастацтваў
Памеры: 156с.
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2004 by Андрэй Хадановіч
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт); EEDC — бібліятэка Усходнеэўрапейскага дэмакратычнага цэнтру, ul. Proletariacka 11, Białystok (папяровы асобнік)
Інвэнтарныя нумары: EEDC — [2694]
Сыгнатура: V.1.Chad
Лімэрыкі (пэданты ставяць націск на першым складзе) — паэтычны жанр, выпрабаваны гісторыяй. Паводле паданьняў, яны паходзяць з Ірляндыі, з аднайменнага места Лімэрык (ці Лімрык), жыхары якога пяялі жартаўлівыя песьні й спаборнічалі гэткім чынам у бязглузьдзіцы. Іншыя спробы вытлумачыць этымалёгію назову "лімэрыкі" не вытрымліваюць крытыкі. Першапачаткова лімэрыкі існавалі ў фальклёры, а пасьля трывала атабарыліся ў ангельскамоўным (і ня толькі) красным пісьменстве. Вялікі дзякуй Эдварду Ліру, які ў сярэдзіне XIX ст. напісаў "Кнігу бязглузьдзіц" — шэдэўр ангельскай паэзіі абсурду. Кніга складалася менавіта зь лімэрыкаў і адразу выклікала шмат перайманьняў. Гэты літаратурны гатунак дажыў і да нашага часу. Ён традыцыйна ўспрымаецца як жанр дзіцячай літаратуры. (Але ня толькі: яскравы довад — шматлікія пахабныя лімэрыкі!) Адметная рыса гэтых вершаў — спалучэньне неўтаймоўнай фантазіі й пэдантычнага захаваньня цьвёрдых фармальных канонаў (Перадмова, А. Х., фрагмэнт)