Месца выхаду: Ліда
Дата выхаду: 2025-01-15
Copyright © 2025 by Таварства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Цудадзейны абраз Жыровіцкай Божай маці, з-за якога Жыровічы атрымалі назву "літоўскага Чанстахова", паводле легенды, цудоўным чынам з'явіўся ў лесе на грушы ў 1470 г. Тагачасны ўладальнік Жыровічаў, літоўскі падскарбій Аляксандр Солтан, якому пастушкі прынеслі гэты абраз, пераканаўшыся ў яго цудадзейнасці, пабудаваў у лесе царкву і размясціў у ёй гэтую святыню. Быў гэта невялікі абраз, накшталт абразкоў, які размяшчаюць на рыцарскіх нагрудных знаках - рынграфах, выява Маці Божай была выразана на яшме. Якое ж паходжанне гэтага абраза? Безумоўна - заходняе, хаця б таму, што праваслаўная царква не прызнае рэзьбаў у сваіх храмах. Хутчэй за ўсё, абраз каталіцкі. Аляксандр Солтан, як мы ведаем, быў у Рыме ў 1471 г. пасля чаго адбыў пілігрымку ў Іерусалім, дзе стаў рыцарам св. Труны. Праваслаўны з паходжання Солтан, у Рыме перайшоў у каталіцызм з захаваннем грэцкага абраду. Найверагодней, менавіта з Рыма ён прывёз гэты незвычайны па форме і памерах святы абраз Божай Маці. Пасля вяртання ў Вільню Солтан сустрэў там вельмі непрыязнае стаўленне да сябе з боку каталіцкага духавенства, якое не прызнала яго за католіка. Кс. прафесар Каміль Кантак у сваёй манаграфіі "Бернардыны ў Польшчы" 1 (Т. 1., С. 172.) так расказаў пра гэты эпізод: "Катэдральны прапаведнік з амбона выступіў супраць Солтана, не саромеючыся назваць яго сабакам. Гэтак аблаяны, ён зноў адпаў у схізму".
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Наша слова.pdf