Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 2024-07
Copyright © 2024 by Літаратурная Беларусь
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Вялізная чорная муха доўгі час атакавала аконную шыбу. Але марна. Свабода, што здавалася такой блізкай, была для яе недасяжнай марай. Бом, бом бом… У цішыні панурай хаты ўдары мухі аб шкло чуліся гучна. Яны ніяк не раздражнялі старую Аўдоццю, што ляжала на высокім ложку. Аўдося прызвычаілася да манатоннага і доўгага жыцця, у якім яе мала што магло ўжо зацікавіць. Ейная душа даўно прагнула вырвацца на свабоду прэч са спакутаванага хваробамі і перажываннямі цела. Бом, бом, бом… Аўдосі здавалася, што гэта не муха б’ецца ў брудную шыбу, а ейная душа прагне вольнага палёту. Змяркалася, святло далёкай бліскавіцы прабеглася па шыбах, па люстэрку, што вісела на сцяне, па шкле на рамах, з якіх глядзелі родныя і блізкія людзі, што засталіся толькі на гэтых фатаграфічных выявах ды ў памяці старой жанчыны. Аўдося паднялася і запаліла святло. Яна магла і далей ляжаць і ўзгадваць людзей, што былі на фотаздымках, і не толькі іх — усіх, з кім давялося спаткацца на доўгіх жыццёвых шляхах. Але цяпер павінна прыйсці праўнучка. Аўдося ведала той момант, і ніякі гадзіннік ёй быў не патрэбны. Аленка наведвалася штодня ў гэты час. Прыносіла вячэру і нешта з прадуктаў на раніцу, а таксама на полудзень наступнага дня.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Літаратурная Беларусь