Месца выхаду: Ліда
Дата выхаду: 2024-07-24
Copyright © 2024 by Таварства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Ламаліся дзіды, звінелі кальчугі, ляцелі іскры ад жалезных мячоў. Коні білі капытамі і, становячыся на дыбкі, ішлі на ворага. Грунвальдская бітва ў Дудутках! Падзеямі першага дня сталі эпізоды рэканструкцыі бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі каля прускага мястэчка Грунвальд, паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і саюзнікаў: Вялікага Княства Літоўскага (у якое ўваходзіла сучасная Беларусь) і Каралеўства Польскага. 20 ліпеня, пешыя рыцары змагаліся на мячах, дзідах і нават на сякерах. Пасля баёў і перамог узнагародай сталі відовішчы: на некалькіх канцэртных пляцоўках выступалі выбітныя фолк і рок калектывы Беларусі і іншых краін. Праводзіліся традыцыйныя майстар-класы па сярэднявечных танцах, працаваў "горад майстроў". 21 ліпеня на спецыяльна абсталяванае рысталішча выехала 12 рыцараў-коннікаў і пачаліся цікавыя двубоі. І коні, і вершнікі-рыцары (ад "заморскіх" сэраў Генрыхаў да спадароў Заслаўскага і Ракаўскага) добра былі экіпіраваныя па мерках сярэднявечча. Конныя турніры праходзілі па правілах ХІV стагоддзя, былі жорсткімі, але захапляльнымі і крэатыўнымі. Вельмі дапамагалі сваім рыцарам іх асабістыя збраяносцы. Разгарачаных коней рэзка спынялі, паварочвалі і накіроўвалі па правільным маршруце. Збраяносцы, у асноўным юнакі і дзяўчаты, строга сачылі за амуніцыяй жалезных воінаў і коней. У іх гэта атрымлівалася, і рыцары былі на вышыні ў сваіх двубоях.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Наша слова.pdf