Дата выхаду: 2023
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2023 by Уладзімір Міхно; Дзеяслоў; Kamunikat.org - ePub
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Падрыхтаванае на падставе: Міхно Уладзімір, Квадратны цвік. Аповесць; Дзеяслоў, Лiтаратурна-мастацкі часопіс 1 (122) 2023; 31-98 с.; 2 (123) 2023; 48-116 с.
Сакавік. Другі дзень і першы панядзелак вясны. Я зноў іду ў школу. Я – пажыццёвы вясковы настаўнік. Сідзень, мярлюк – маміны слоўцы. Сяджу тут, у вёсцы, добраахвотным вязнем, у галечы... А равеснікі мае – у гарадах, пры далярах... Якія харошыя словы – “сідзень”, “мярлюк”! Колькі ў іх невыдумнага, сапраўднага – народнага! І знаходзіла ж мама гэткія слоўцы-дыяменты! Бывала, сыпле імі, як перлінамі. Мы ва ўніверсітэце дыялекталогію вывучалі, у нас, між іншым, сам Ніл Сымонавіч выкладаў. На практыку ездзілі фальклор збіраць, колькі касет паспісвалі, ды маміных слоў я нідзе там, на Міншчыне, не чуў. Мы – віцебскія, у нас сваё, спрэс, ад Дуброўна да Бягомля... Мальцы... Дзе яшчэ пачуеш такое, акрамя як у нас?.. Зноў заснежыла. Сёння ўжо вясна скончылася, так і не пачаўшыся. Яшчэ пазаўчора было ціха, цёпла. Дзеці насіліся вокал школы, смоллю ліплі да возера, лезлі на лёд. І наш дырэктар Пагодзіна ўвесь дзень з імі гаўкалася. Лёд зараз подлы, здрадлівы: тоўсты, ды гнілы. Дзіва што! Пачынаючы ад зімовых канікулаў, стаяла ці то восень, ці вясна. А можа, прырода прыдумала ўжо нейкую пятую пару года, пра якую яшчэ ў падручніках не паспелі расказаць? Во дзе прастор для творчае фантазіі пісьменнікам! (Фрагмент)
Каталёг: Kamunikat.org