Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 2023-01-06
Рэдактар: Сярэдзіч Іосіф
Copyright © 2023 by Народная воля
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Учора ў судзе Ленінскага раёна г.Мінска пачаліся слуханні “па справе “Вясны”. Усё ідзе да таго, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці чатырох праваабаронцаў: Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка па камандзе Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Зміцера Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь. За высокім сталом ў мантыі суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года. Суд адкрыты. Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўлялі з суддзёй на беларускай мове. Праваабаронцы заяўлялі хадайніцтвы – весці працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не задаволіла першае хадайніцтва, а другое нават не разглядала. Алесь Бяляцкі на пачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Народная воля