Месца выхаду: Ліда
Дата выхаду: 2022-04-20
Copyright © 2022 by Таварства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
"Дзень, поўны радасці, настаў. Сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў. Алялюя!" Глыбокапаважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Умілаваныя браты і сёстры. Людзі добрай волі. Урачысты і велічны перазвон званоў, які з самага ранку загучаў у нашых святынях, у чарговы раз нагадаў аб радасці таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы і Пана Езуса Хрыста. На працягу многіх стагоддзяў радасным перазвонам Касцёл абвяшчае свету гэтую праўду, якую жанчыны перадалі апосталам: яны сказалі, што сустрэлі Хрыста жывога, Ён уваскрос! Ён перамог смерць! Ён выйшаў з магілы! Ён зноў з намі! Таму сёння літургія слова Божага яшчэ раз заглыбляе нас у атмасферу гэтай падзеі. Яна вядзе да таго месца, дзе Хрыстус перамог смерць. "У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы" (Ян 20, 1). Аднак вучні Хрыста былі настолькі напалоханыя падзеямі, што адбыліся ў Вялікую пятніцу, - напалоханыя тымі пакутамі, якія зносіў Езус, Яго ўкрыжаваннем і смерцю, што нават не ўспомнілі, што Езус прадказваў ім раней пра ўсе гэтыя здарэнні. Ні апосталы, ані жанчыны не думалі пра прадказанне Хрыста, што Сын Чалавечы ўваскрэсне з мёртвых, але думалі пра тое, як падрыхтаваць Яго цела на вечны спачын у адпаведнасці з дзеючым законам.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Наша Слова.pdf