Месца выхаду: Ліда
Дата выхаду: 2022-03-16
Copyright © 2022 by Таварства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Педагог, навуковец і прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч нарадзіўся 30 сакавіка ў 1931 годзе ў вёсцы Новы Свержань на Стаўпеччыне. Скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1954), аспірантуру (1957). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага". Аляксей Пяткевіч жыў у Гародні з 1957 года. Ён быў адным з ініцыятараў за наданне Гарадзенскаму ўніверсітэту імя выдатнага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры. Там, у Гарадзенскім універсітэце, Аляксей Міхайлавіч адпрацаваў амаль усё сваё жыццё. Выступаў як крытык і літаратуразнавец з 1958 года. Выдаў шэраг кніг па гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Сярод якіх - "Літаратурная Гродзеншчына", "Людзі культуры Гродзеншчыны", "Старонкі спадчыны", "Слова і кніга Прынёмання", "Аўтографы - разам" і іншыя. Памёр Аляксей Пяткевіч у шпіталі, ён хварэў на каронавірус. Аляксей Пяткевіч быў старэйшым сябрам Гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, актыўна браў удзел у творчых сустрэчах і выездах у рэгіёны, быў у эпіцэнтры сяброўскіх кампаній. Аляксей Пяткевіч быў дэлегатам Устаноўчага з’езда ТБМ імя Ф. Скарыны, быў абраны ў Рэвізійную камісію. Многія гады ўзначальваў Гарадзенскую гарадскую арганізацыю ТБМ, на працягу многіх кадэнцый уваходзіў у рэспубліканскую Раду ТБМ, уваходзіў у рэдкалегію газеты “Наша слова”.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Наша Слова.pdf