Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 2019-10
Рэдактар: Каваленка Алена
Выдавец: Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва»
Copyright © 2019 by Мастацтва
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Крыніца: www.kimpress.by
Тады пытанне пра асобную Карцінную галерэю не вырашылася: музей быў выселены са свайго будынка на Архірэйскім падвор’і ў чатыры пакоі Дома калгасніка і ў 1934-м атрымаў назву Дзяржаўнага сацыяльна гістарычнага музея БССР. Але паколькі месца было мала, то ён не функцыянаваў як публічная ўстанова. Усебеларускія мастацкія выставы, што перыядычна адкрываліся з 1925 года, праходзілі ў непрыстасаваных памяшканнях то Камуністычнага ўніверсітэта, то Клуба працаўнікоў асветы, то Дома калгасніка ці Дома Чырвонай арміі. Маладая беларуская сталіца патрабавала асобнай мастацкай пляцоўкі: наступалі часы грандыёзных ідэалагічных юбілейных экспазіцый — напрыклад, да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі «Ленін і Сталін — арганізатары БССР». Упершыню гэтае пытанне разглядалася на Бюро ЦК КП(б)Б у чэрвені 1936-га. У 1937 годзе пры Інстытуце літаратуры, мастацтва і мовы АН БССР пачала працу спецыяльная група па арганізацыі Карціннай галерэі БССР. 24 студзеня 1939 года выйшла пастанова Савнаркама БССР «Аб арганізацыі карціннай галерэі ў г. Мінску»: галерэя павінна была размясціцца ў пяці пакоях былога будынка Акадэміі навук БССР пасля пераезду Акадэміі ў новыя карпусы, узведзеныя Іосіфам Лангбардам.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Мастацтва