Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 2001
Выдавец: Юнацтва
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2001 by Іван Шамякін
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Падрыхтаванае на падставе: Шамякін Іван, Пошукі прытулку. Аповесці, — Мінск: Юнацтва, 2001. — 350 с. У кнігу народнага пісьменніка Івана Шамякіна ўвайшлі новыя творы: аўтабіяграфічная аповесць «Слаўся, Марыя!», прысвечаная жонцы; «Губернатар», галоўнымі героямі якой з'яўляюцца сам губернатар i яго памочнік-пралаза, што змог арганізаваць яму i выбары, i «каханне», i яго ж забойства; «Пошукі прытулку» — пра пажылога чалавека, якому не было дзе прытуліцца на старасці гадоў; «У засені палаца» — пра сучаснага бізнесмена, i «Абмен» — пра цікавыя жыццёвыя калізіі закаханых.
Прачнуўся Ігнат Андрэевіч як пасля глыбокага наркозу. Не адразу выходзіў з небыцця. Ранкам ён чуў за сцяной галасы сына i нявесткі. Глухія галасы. Яны на нейкае імгненне разбудзілі яго, i тут жа ён зноў заснуў i не чуў, як Андрэй адыходзіў на працу. Сын усё ўмеў рабіць ціха i непрыкметна. Прафесія навучыла ці што? Следчы пракуратуры. Такой жа бясшумнай была i Паліна, нявестка, выкладчыца універсітэта. Яна ні разу не разбудзіла яго ні тады, кал i заставалася дома i гатавала снеданне, абед, ні тады, калі ў яе лекцыі былі з раніцы, i яна спяшалася да сваіх студэнтаў. Будзілі гукі піяніна: прачыналася чатырохгадовая ўнучка Света i, нягледзячы на сто папярэджанняў, не магла вытрымаць, каб не паказаць сваё музычнае майстэрства, а сыграць яна ўмела адзіную мелодыю «Жил-был у бабушки серенький козлик». (фрагмент)