Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 1998
Выдавец: Юнацтва
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 1998 by Іван Шамякін
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Падрыхтаванае на падставе: Іван Шамякін, Палеская Мадонна: Аповесці — Мінск: Юнацтва, 1998. У кнігу Народнага пісьменніка Рэспублікі Беларусь Івана Шамякіна ўвайшлі аповесці «Палеская мадонна», «Выкармак», «Крывінка» i інш. Яго героі — нашы сучаснікі. Яны жывуць i дзейнічаюць у наш час, трапляюць у розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі, з якіх не так проста знайсці выйсце. Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.
Два мужчыны сядзелі ў парку на адной скамейцы. Збоку здавалася — незнаёмыя, староннія, прыселі адпачыць у цяні старых ліп. Так робяць пенсіянеры. Але ў парку незнаемых пенсіянераў не бывае; пастаянныя наведвальнікі, яны ведаюць адзін аднаго, як школьнікі аднаго класа. Сядзелі мужчыны маладыя. Той, што чытаў газету, —зусім малады з тых, каго называюць стылягамі: светлыя, доўгія, як у дзяўчыны, валасы перавязаны чорнай лентай з іерогліфамі. Сектант? Такое моднічанне часам паганіць чалавека, якому далека не семнаццаць. А гэты, глядзі, што пераступіў за чвэрць стагоддзя. Аднак чорная лента пасавала яго абліччу. Чытаючы ён варушыў рудаватымі вусамі, раз-пораз папраўляў вялікія круглыя, што вочы кобры, акуляры. Нaгy закінуў на нагу — як выставіў новыя жоўтыя басаножкі; прамень сонца, што прабіваўся праз лісце ліп, залаціў медныя пражкі на ix. Бледна-сінія джынсы на каленях модна выцертыя. А сарочка з квяцістага паркалю — простая, як у маладога сельгасрабочага. (фрагмент)