Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 2015-12
Рэдактар: Дзянісава Святлана
Выдавец: Літаратура і мастацтва
Copyright © 2015 by Маладосць
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дабрыдзень, яснавяльможны спадар Зюзя, траскучых маразоў і ўтрапёных завірух уладар! Звяртаюцца да Цябе з просьбай пакорнаю літаратурных старонак «Маладосць», што выходзяць у горадзе стольным гаспадарства нашага, апекуны і пісары. Не вазьміце за дзёрзкасць, але вельмі ўжо хочацца нам пабачыць, у асаблівасці на Каляды, сапраўдны, шляхетнага кшталту снег, які крышталікамі дзівоснай прыгажосці ляцецьме з нябёсаў на галовы нашыя і зямельку-матухну. Бо некалі звыклая прыродная з’ява зрабілася сёння рэдкасцю ў гаспадарстве нашым. А з тым, каб задобрыць Цябе, мы на Каляды куццю не толькі ў сем’ях нашых, але і ў творчым доме паставім. А дзеля таго, каб як найлепш Цябе пацешыць, і каб крышталікаў дзівосных як найболей натрусілася, кожны з нас па першай лыжцы кашы за акно кіне. А як пабачым мы цуд, Табой створаны, то шчыры дзякуй Табе скажам, і футрам новым адорым.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Маладосць