Месца выхаду: Менск
Дата выхаду: 2007-05-14
Рэдактар: Анісім Алена, Кароль Аляксей
Выдавец: Прыватнае выдавецкае унітарнае прадпрыемства Час навінаў
Выдавецтва/ друкарня: УП Плутос-Маркет, Мінск
Copyright © 2007 by Новы Час
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Выдаецца з сакавiка 2002 г.; Заснавальнік: Мінская гарадская арганізацыя ГА ТБМ імя Ф.Скарыны; Пасведчанне аб рэгістрацыі № 1798 ад 25 сакавіка 2002; Адрас: 220005, г. Мінск, вул. Румянцава, 13. Тэл.: 288–23–52; Рэдакцыя можа друкаваць артыкулы дзеля палемікі, не падзяляючы пазіцыі аўтараў; Пры выкарыстанні матэрыялаў газеты спасылка на „Новы Час” абавязковая; Рукапісы рэдакцыя не вяртае і не рэцэнзуе мастацкія творы; Чытацкая пошта публікуецца паводле рэдакцыйных меркаванняў. Выданьне публікуецца тут за ласкавай згодай Рэдакцыі
Водбліскі вайны Падумалася, што на ўсім Маім жыцці ляжыць водбліск Вайны. Радасці і самоты, Упэўненасці і трывогі, Веры ў непахісныя ісціны і Пераасэнсавання іх. І светлай Павагі-памяці да франтавікоў. Праз усе мае гады, на розных Віражах пасляваеннай Афіцыйнай версіі гісторыі Вялікай айчыннай. Яно і не дзіўна: бацька — франтавік, што прайшоў усю вайну ў пяхоце, на перадавой, з шасцю перапынкамі на шпіталі пасля раненняў (і сёмым праз пяць гадоў пасля вайны — ампутацыя нагі). Ад Беластока з баямі выхад з акружэння, абарона Масквы, Сталінград, наступленне праз Віцебск, Мінск, Вільнюс, Кёнігсберг. Чатырнаццаць узнагарод. Баявых, акрамя пасляваенных. Аднак запомнілася, калі распытваў, дзе і за што: „Найвышэйшая мая ўзнагарода — застаўся жывым. Не ведаю, якім цудам”. Для яго 9 мая, безумоўна, было Днём Перамогі, як і для нас — дзяцей, а потым і для нашых з сястрой дзяцей. У розныя гады па-рознаму ўрачысты, па-рознаму палітызаваны, але заўсёды і вышэй за ўсё — гэта быў галоўны сямейны дзень. Ёсць мір, ёсць дом, сям’я, родныя побач. Бацька браў цюльпаны: „Пойдзем да хлопцаў”. І мы ціха ішлі з ім па вуліцы да брацкай магілы. Так і атрымалася, што кожны год у гэты дзень я прыязджаю ў Маладзечна, дзе жылі бацькі, напачатку адзін, потым з жонкай, потым з сынам і дачкой. Напачатку — у бацькоўскі дом, потым і цяпер — да бацькоўскіх магіл. Дзеці ўжо дарослыя. У іх свае сем’і. Але і для іх тая вайна ніколі не стане проста даўняй старонкай гісторыі. Але іх памяць, уяўленне пра вайну, безумоўна, іншае.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Новы Час