Месца выхаду: Менск
Дата выхаду: 1999-01
Рэдактар: Бяляцкі Алесь
Выдавец: Праваабарончы Цэнтр Вясна
Copyright © 1999 Праваабарончы Цэнтр Вясна
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Выданьне публікуецца тут за ласкавай згодай Праваабарончага Цэнтру Вясна
25 сьнежня, пасьля падпісаньня ў Маскве чарговых папераў аб намерах аб’яднаньня Беларусі і Расіі ў саюзную дзяржаву, у Мінску адбыўся стыхійны мітынг... Падпісаўшы ў Маскве дамовы аб “далейшым яднаньні” з Расійскай Федэрацыяй, презідэнт Лукашэнка тут жа безапеляцыйна заявіў: гэтыя дамовы “ня маюць патрэбы ў пацьвярджэньні, у волевыяўленьні” народаў абедзьвюх краінаў. Аднак многія беларусы ўспрынялі такі “калядны падарунак” як асабістую абразу. Вельмі сімвалічна выглядае той шок, які атрымалі 25 сьнежня мае знаёмыя. Яны былі на сьвяточнай імшы ў Чырвоным Касьцёле, калі на пэйджэр аднаму з іх прыйшло паведамленьне пра падзеі ў Маскве... Не пасьпеў дасохнуць атрамант на подпісах Лукашэнкі ды Ельцына, як на мінскі прасьпект Скарыны ўжо выліўся стыхійны пратэст. Незадаволеных і абураных "аб’яднаньнем" было ў той дзень шмат. Але нават для іх стала нечаканасьцю тое, што каля 20 чалавек перакрылі аўтамабільны рух на прасьпекце ў раёне пляцу Якуба Коласа. Паказальная рэакцыя на раптоўны пікет 20-ці сьмельчакоў міліцыянтаў і грамадскасьці. Міліцыя сьпярша нават разгубілася, а мінакі на вуліцы ды кіроўцы спыненых аўтамабіляў шчыра дзякавалі пікетоўшчыкам і з захапленьнем пыталіся: “Што гэта за людзі?”