Publication Place: Мінск
Publication Date: 2008-10
Copyright © 2011 by За свабоднае веравызнанне
Book Collection: KAMUNIKAT — this site (online version)
Source: www.forreligiousfreedom.com
Гэтая беларусізацыя можа быць толькі тады, калі ў кожным прыходзе за настаяцеля будзе свядомы беларускі патрыёт». Выказвалася ўпэўненасць, што, «працуючы на нацыянальнай беларускай ніве, праваслаўнае духавенства будзе тым цэмэнтам, што змацняе беларускую нацыю». Аднак дамагчыся таго было няпроста ва ўмовах вайны і з прычыны перавагі ў складзе святароў асоб прарускай і прапольскай арыентацый. Росту колькасці апошняй катэгорыі садзейнічала, як вядома, паланізатарская палітыка ўлад Другой Рэчы Паспалітай. Яны добра пастараліся на ўмацаванне польскага фактару ў праваслаўным набажэнстве, што, між іншым, было зусім не ў яго традыцыях. Улады хутчэй былі гатовы дазволіць дзейнасць праваслаўнай царквы ў адпаведнасці з рускімі, чым беларускімі культурна-моўнымі традыцыямі. Рабілася ж такое з адзінай мэтай: усяляк перашкаджаць росту нацыянальнай самасвядомасці беларусаў.
Catalog: Kamunikat.org
Periodicals: За свабоднае веравызнанне