Месца выхаду: Нью-Ёрк
Дата выхаду: 2011-01
Выдавец: Нью-Ёрскі аддзел Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Унядзелю, 19-га сьнежня, на 3-й Авэню на Мангэтане прайшоў мітынг за свабодныя і празрыстыя выбараў у Беларусі. Ён быў зладжаны Нью-Ёрскім аддзелам БАЗА і прыцягнуў шмат удзельнікаў. Напачатку мітынгу старшыня Нью-Ёрскага аддзелу БАЗА Віталь Зайка распавёў прысутным пра мэты акцыі. “Сёньня ў Беларусі адбыліся выбары. На гэты час яны ўжо канчаюцца. Аднак ніякіх гарантыяў свабоды і празрыстасьці выбараў не было. Адпачатку дзейны прэзыдэнт меў да паслугаў увесь магутны дзяржапарат і кішэнны выбарчы камітэт. Нязьмененым засталося выбарчае заканадаўства, правы назіральнікаў засталіся абмежаваныя, ціск і ўмяшаньне рэжыму ў волевыяўленьне грамадзянаў ня зьменшыліся. Таму мы сёньня выйшлі сюды, да кансуляту Рэспублікі Беларусь, каб заявіць аб сваёй салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, што зараз выходзяць на вуліцы, каб патрабаваць сыходу Лукашэнкі й правядзеньня сапраўды свабодных выбараў.” Гучэлі лёзунгі “Далоў Лукашэнку”, “Беларусь – так, Лукашэнка – не”, “Жыве Беларусь!”. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Удзельнікі акцыі трымалі плякаты ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і супраць яшчэ аднаго тэрміну для Лукашэнкі. Мінакам раздаваліся ўлёткі пра мэты акцыі.
Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Весткі й Паведамленьні