Філаматы

Бюлетэнь Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання Таварыства аматараў ведаў (філаматаў)

4 (7)


Эўрапейскія кантэксты беларускага менталітэту

Гісторыя і сучаснасьць

Карані беларускага сьветаўспрыманьня ў беларускай гісторыі. Але да сёньняшняга дня яна не прааналізавана і неасэнсавана з гледзішча формаўтваральнага працэсу для нацыянальнага характару. Больш за тое, яе пакручастыя шляхі наўмысна спрашчаліся і спрамляліся аж да труізмаў кшталту: «Спачатку Беларусь захапілі літоўскія фэадалы, а потым польскія». Магчыма, што адной з прычынаў гэтага стану была недастатковая ўвага да гісторыі культуры Беларусі, гісторыі яе духоўных і цывілізацыйных пошукаў.

Бясспрэчна, што Беларусь ляжыць на памежжы буйных цывілізацыйных арэалаў. Празь яе праходзяць тэктанічныя культуралягічныя разломы, якія аддзяляюць усходнехрысьціянскую цывілізацыю ад заходнехрысьціянскай і паўночнаэўрапейскай – пратэстанцкай. На яе зямлі адбывалася ўзаемадзеяньне і ўзаемапранікненьне такіх даволі розных комплексаў культурных стэрэатыпаў, нараджаючы нешта, што магло быць суспэнзіяй, культурнай амальгамай, а стала сплавам, якасьць якога вышэй за якасьць заходніх кампанэнтаў.

Часы полацкага княства

Неабсяжныя, парослыя непраходнымі лясамі прасторы Ўсходняй Эўропы былі пакліканы да цывілізаванага жыцьця энэргіяй паўночных авантурыстаў – ворагаў. Шукаючы карацейшыя й бясьпечныя шляхі да багацьцяў сярэднявечнай хрысьціянскай імпэрыі, яны пратарылі славуты шлях «з варагаў у грэкі», шматлікія разгалінаваньні якога праходзілі празь Беларусь. Пад іх узьдзеяньнем і зьявіліся першыя беларускія гарады на водных артэрыях і на перавалах невысокай беларускай грады. Яны й сталі цэнтрамі княстваў, цэнтрамі гандлю й рамяства. І сярод іх першым быў Полацак.

Хрышчэньне, прынятае ў канцы Х ст. ад грэкаў, сталася вялізным крокам наперад, у цывілізаваную, пісьмовую гісторыю. Дзьве акалічнасьці, зьвязаныя з хрышчэньнем, вельмі істотныя для далейшай гісторыі беларусаў. Нашыя продкі прынялі хрысьціянства ў апошні пэрыяд існаваньня адзінай, сусьветнай, апостальскай царквы. Калі яна яшчэ не падзялілася на заходняю і ўсходнюю. Таму яны не атрымалі ў спадчыну ген непрымірымасьці. Ген схізмы. У адрозьненьне, дарэчы, ад Масквы, якая склалася як дзяржаўны цэнтар у часы заледзянелага раскопу.

Па-другое, хрышчэньне ахапіла найперш славянскія плямёны, якія адносна нядаўна зьявіліся ў Беларусі, асеўшы па далінах буйных рэк Аўтэхтонныя насельнікі – балты – былі выціснутыя ў міжрэчныя лясныя абшары, і першая хваля хрысьціянізацыі іх не закранула. Магчыма, з-за моўнага бар’еру. У выніку пачаўся працяглы (і ўнікальны для Эўропы) пэрыяд суіснаваньня хрысьціянаў з паганцамі. Пэрыяд мірны, бо зямлі было шмат, насельнікаў мала. Спробаў сілаю павярнуць літву, яцьвягаў, бужанаў ды іншых гісторыя не ведае. Ваявалі галоўным чынам за аднаўленьне незалежнасьці ад Кіева, часова страчанай пры Уладзіміру Святаслававічу. Ды за кантроль над гандлёвымі шляхамі.

Гэты першы, полацкі, пэрыяд адзначаецца хуткім культурным прагрэсам, дзякуючы шчыльным сувязям з Канстантынопалем. І ня менш хуткім драбленьнем княстваў, дзе ўлада пераходзіла ў спадчыну ад бацькі да сыноў. Уяўленьне пра нацыянальнае, ці дзяржаўнае, адзінства было яшчэ вельмі слабое. Зямля, падзеленая на незалежныя ўдзелы, уяўляла сабой лёгкую здабычу. Была патрэбная вонкавая пагроза, каб працэс драбленьня зьмяніўся на працэс кансалідацыі.

Эпоха хрысьціянска-паганскай раўнавагі

Такая пагроза зьявілася ў пачатку ХІІІ ст. са стэпу і з мора. У 1201 г. рыцары Тэўтонскага ордэну закладаюць Рыгу і перакрываюць вольны выхад на Балтыку. Зьяўленьне крыжацкіх ордэнаў у Прыбалтыцы было выклікана тым, што мусульмане здолелі выціснуць іх з Палястыны напрыканцы ХІІ ст. А наяўнасьць паганскага насельніцтва ва Ўсходняй Прыбалтыцы давала нагоду для працягу існаваньня ўзброеных манаскіх ордэнаў з мэтаю хрысьціянізацыі гэтага насельніцтва.

Практычна адначасна з поўдня паўстала пагроза татара-мангольскага нашэсьця. І хоць яна не закранула земляў сёньняшняй Беларусі, а стасункі з крыжацкімі ордэнамі спачатку былі дастаткова мірнымі, старыя княжацкія роды страцілі свой уплыў і саступілі месца новай дзяржаваўтваральнай сіле. Ёю стаў наваградзкі князь Міндоўг. Дзякуючы вайсковым здольнасьцям і разумнай дынастычнай палітыцы, ён здолеў аб’яднаць пад сваёю ўладай амаль усе беларускія землі і стварыць Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Апроч таго, у 1253 г. ён прыняў каралеўскую карону, што стала сымбалем міжнароднага прызнаньня новай дзяржавы.

Але гэты факт вымагае тлумачэньня. Міндоўг належаў да паганскага племені. Аднак сам быў хрышчаны – пра гэта сьведчыць і ягоны тытул – вялікі князь і тым болей кароль. Сьцьверджаньне, што атрыманьне Міндоўгам кароны з Рыма гаворыць аб яго прыналежнасьці да каталіцкае царквы, няслушнае. Бо з 1204 г. па 1261 г. існавала прымусовая ўнія. Чацьвёрты крыжовы паход, як вядома, скончыўся захопам Канстантынопаля. Грэчаская імпэрыя распалася на некалькі дзяржаваў. Патрыярх Канстантынопаля мусіў прызнаць уладу Рыма. Зварот за прызнаньнем новай дзяржавы ў Рым быў натуральным крокам. І ўтварылася яна ва ў мовах хрысьціянскага адзінства. Праўда, хутчэй фармальнага.

Па сьмерці Міндоўга ў краіне ўспыхнула першая ў гісторыі Беларусі дамовая вайна. За ўладу змагаліся паганскія родзічы Міндоўга і ягоны сын Войшалк, які ўзначаліў хрысьціянскую (альбо рускую) партыю. Войшалк перамог, але, склаўшы з сябе вялікакняскія паўнамоцтвы, сышоў у пабудаваны ім пад Наваградкам манастыр. Да таго часу ўжо праваслаўны, бо царкоўны раскол аднавіўся. Войшалк вынайшаў геніяльны кампраміс. Ён перадаў вышэйшую і ваенную ўладу паганскай партыі, а адміністрацыйную ўладу й культурнае жыцьцё – хрысьціянскай партыі. Гэта выратавала новую дзяржаву ад распаду і забясьпечыла ёй больш чым сто гадоў стабільнага разьвіцьця без грамадзянскіх канфліктаў пры мірным суіснаваньні хрысьціянаў і паганцаў. Што і пакінула на пабытовай культуры і фальклёры беларускага народу невынішчальныя сьляды паганства.

Паварот на Захад

У змаганьні з татарамі на поўдні й крыжакамі на паўночным захадзе паступова ўзрастала моц і тэрыторыя Вялікага Княства. Асаблівай магутнасьці яно дасягае падчас Гедыміна й Альгерда, калі на працягу паловы стагодьдзя адбываецца беларуская рэканкіста – адваяваньне ў мусульманаў паўдзённых земляў Украіны. Але ваенны канфлікт з крыжакамі, які распачаўся зноў пасьля аднаўленьня царкоўнага расколу, набывае характар бясконцай упартай вайны. Пад яе ўздзеяньнем ваенная тактыка, зброя і рыштунак набываюць выразны заходнеэўрапейскі характар. Аднак ні адзін бок не ў стане атрымаць рашучую перамогу.

Патэнцыял хрысьціянска-паганскай раўнавагі, «кампрамісу Войшалка», быў вычарпаны пад канец ХІV ст. Па сьмерці Альгерда, які перадаў вялікакняскі пасад Ягайлу – старэйшаму сыну ад другога шлюбу, праігнараваўшы сыноў ад першага шлюбу, выбухнула другая дамовая вайна. Старэйшыя Альгердавічы паспрабавалі прыцягнуць на свой бок Маскву, аказаўшы ёй падтрымку ў бітве на Кулікоўскім полі. Адначасна супраць Ягайлы пайшоў ягоны дзядзька – князь Кейстут, які таксама выставіў свае прэтэнзіі.

У гэтай складанай сытуацыі Ягайла прыняў прапанову Польшчы заняць каралеўскі пасад на ўмовах хрышчэньня паганскага насельніцтва ВКЛ паводле каталіцкага абраду і дынастычнага шлюбавання з каралеўнай Ядвігаю. Зацемлю, што Ягайла перахрысьціўся і сам. Пра ягоную належнасьць да ўсходнехрысьціянскай канфэсіі сьведчаць роспісы храмаў на шляху зь Вільні да Кракава. А таксама роспісы каралеўскай спальні ў Вавэлі.

Гэты рэлігійны канфармізм вялікага князя ня толькі вынік талерантнасьці, што існавала ў княстве на працягу многіх стагодзьдзяў. І ня толькі палітычны крок, які ўмацоўваў ягонае ўнутрыпалітычнае становішча. Але й відавочны геапалітычны і цывілізаваны выбар. Ён быў зроблены ў часы, калі адбываўся няўхільны заняпад усходнехрысьціянскай імпэрыі Візантыі, а заходнеэўрапейскія краіны перажывалі эканамічны й культурны росквіт.

Але ўнутрыпалітычную барацьбу Ягайла прайграў. Пасад вялікага князя заняў яго стрыечны брат Вітаўт, які ачоліў праваслаўную бальшыню насельніцтва і аднавіў «кампраміс Войшака». ВКЛ і Польскае каралеўства ўтварылі нейкі наноўдынастычны зьвяз. Вітаўт прызнаў першынство Ягайлы, але захаваў уладу ў княстве. І, будучы каталіком, шырока адчыніў брамы для экспансіі заходнеэўрапейскай культуры. Прававой, гаспадарсьцьвеннай і духоўнай. Зь ягоных часоў гарады пачалі набываць магдэбурскае права. Юнакі атрымалі магчымасьць вучыцца ва ўнівэрсытэтах. Побач з родаваю праваслаўнаю арыстакратыяй паўстала новая, якая набывала багацьце і ўплыў за дзяржаўную службу.

Сто гадоў цягнуўся працэс прарастаньня заходнеэўрапейскай цывілізацыі праз пласт грэцкай культурнай традыцыі. Фармальным заканчэньнем яго можна лічыць прывілей 1496 г. вялікага князя Аляксандра, якім ён канчаткова ўніфікаваў правы праваслаўнага й каталіцкага насельніцтва.

Беларусь як прыклад для Эўропы

Прарастаньне ў Эўропу не абышлося без стратаў і набыткаў. Пры тым жа Аляксандры ВКЛ згубіла велізарныя абшары на Ўсходзе, якія добраахвотна адышлі «пад руку» праваслаўнае Масквы, якая на гэты час заявіла свае прэтэнзіі на спадчыну Візантыйскай імпэрыі – першынство ва ўсім праваслаўным сьвеце. Але скансалідаваная краіна перажывае чарговы пэрыяд хуткага культурнага прагрэсу пры двух апошніх Ягелонах – Жыгімонце Старым і Жыгімонце Аўгусце. У іх час зараджаецца і квітнее сьвецкае рэнесансавае мастацтва й архітэктура. Зьяўляецца лацінамоўная паэзія і кнігадрукаваньне. Пашыраюцца культурныя повязі з Заходняй Эўропай. Па краіне пракочваецца хваля рэлігійнай рэфармацыі, якая ахоплівае ня толькі каталікоў, але й праваслаўных.

Нягледзячы на цяжкія войны з Масквою, жорсткасьць якіх тлумачыцца цывілізаваным адрозьненьнем, краіна перажывае эканамічны росквіт. Яе фактычна эўрапейскі характар фіксуе Трэці Статут 1588 г., які абвяшчае роўнасьць усіх веравызнаньняў, абмежаванасьць правоў караля і выбарны характар заканадаўчай улады. Палажэньні Статуту былі прыкладам для Эўропы, дзе ў гэты час разгарэліся кровапралітныя рэлігійныя войны.

Але ў гісторыі Беларусі за 20 гадоў да прыняцьця Трэцяга Статуту адбылася яшчэ адна лёсавызначальная падзея. Дынастыя Ягелонаў канчалася. Гэта пагражала разбурыць дынастычную ўнію з Польшчай, бо Польскі сойм абіраў каралём спадчыннага вялікага князя. Зь іншага боку, вайсковы націск Масквы пагражаў існаваньню ВКЛ, бо Масква прэтэндавала на панаваньне над «рускім» насельніцтвам. Як ніколі раней, у гэты час высьветліўся рэлігійны сэнс гэтага тэрміна. Назоў Русь дала Візантыя паўночнай царкоўнай правінцыі Канстантынопальскай патрыярхіі. Ён распаўсюджваўся на ўсіх вернікаў бяз розьніцы іх племяннога ці этнічнага паходжаньня. Рэлігійны зьмест тэрміна захаваўся да сёньняшняга дня. А ў XVI ст. ён даваў падставу для агрэсіі супроць краіны, дзе кіруючая дынастыя была іншага веравызнаньня.

З гэтых прычынаў Жыгімонт Аўгуст у 1569 г. склікаў аб’яднаўчы Сойм у Любліне з мэтаю выпрацаваць новы парадак абраньня агульнага валадара, захаваўшы сувязі з Польшчаю. Паколькі ягоны плян выклікаў супраціў дэлегацыі ВКЛ, якая не жадала абмяжоўваць сувэрэнітэт княства, Жыгімонт зьвярнуўся за падтрымкай да ўкраінскай часткі дэлегацыі, для якой ён быў «айчычам» – вярхоўным валадаром украінскіх земляў. І ўкраінская дэлегацыя прагаласавала за добраахвотнае далучэньне да Польскага каралеўства. Дэлегацыя ВКЛ мусіла пагадзіцца на ўнію, бо ў скарочаным выглядзе княства ня мела магчымасьці супроцьстаяць націску Масквы.

Яшчэ адзін доказ выбару заходнеэўрапейскай цывілізацыі і яшчэ адзін прыклад для Эўропы. Бо зьмена дзяржаўных межаў адбылася мірна і шляхам дэмакратычнай працэдуры. У тыя часы ў Рэчы Паспалітай ужо існавала саслоўная дэмакратыя, якая толькі пасадаю выбарнага караля розьнілася ад старажытнагрэцкай. Бо ўсе правы мелі свабодныя, абавязаныя бараніць краіну, заможныя людзі. Таму ва ўспрыманьні сучасьнікаў Рэч Паспалітая стала краінаю «залатой вольнасьці».

Працэс далучэньня да заходнеэўрапейскай цывілізацыі быў завершаны Берасьцейскай рэлігійнай уніяй 1596 г. Вынікам яе стала ўтварэньне грэка-каталіцкай канфэсіі, яе галавою прызнаваўся япіскап Рыма. Так адрадзілася і духоўнае адзінства Беларусі з Эўропаю. І гэта было найвялікшім дасягненьнем нашых продкаў, бо рэлігійнаяя ўнія стала калыскаю для непаўторнай беларускай культуры зь яе талерантнасьцю, духоўнай свабодай і незвычайнай трываласьцю. Яна захавала свае ўнікальныя рысы, нягледзячы на ўсе выпрабаваньні, што выпалі за наступныя паўтысячы гадоў.

Беларускі менталітэт

Беларускі менталітэт загартоўваўся ў цяжкіх войнах XVII ст. Яны прывялі ня толькі да скарачэньня насельніцтва ўдвая й эканамічнага заняпаду. Цяжкім ударам для беларускай культуры стала тое, што набілітэт краіны хутка акаталічыўся. Бо ва ўмовах адначаснай вайны з праваслаўнай Масковіяй, пратэстанцкай Швэцыяй і мусульманскай Турцыяй толькі рыма-каталіцкая канфэсія гарантавала патрыятызм яе адэптаў. І, адпаведна, прыярытэт пры замяшчэньні вайсковых і дзяржаўных пасадаў.

У такіх умовах унія становіцца веравызнаньнем сацыяльных нізоў грамадства – сялянаў і мяшчанаў. І нараджае незвычайнае для Эўропы таго часу дэмакратычнае сакральнае мастацтва, тым самым апярэджваючы на стагодзьдзі культурныя працэсы на Захадзе. Яно розьніцца шчырасьцю й незвычайнай экспрэсіўнасьцю. Нешта падобнае можна назіраць у мастацтве народаў Лацінскай Амэрыкі й Афрыкі. Але гэта фэномэны больш позьняга часу. Мастацтва ж манархічнай Эўропы перажыло гэты працэс «апрашчэньня» толькі ў канцы ХІХ – пач. ХХ ст.

Дзясяткі тысячаў беларускіх рамесьнікаў і мастакоў былі ўведзены ў палон войскамі цара Аляксея Міхайлавіча і прычыніліся да працэсу «вэстэрнізацыі» расейскай культуры. Бязь іх не было б у Маскве ні грэка-славяна-лацінскай акадэміі, ні рэфарматара Пятра І.

Але менавіта з часоў гэтага самадзержца на тэрыторыі Беларусі амаль увесь час знаходзяцца расейскія войскі. Яны ўмешваюцца ў нутраныя канфлікты і замінаюць спробам дасягнуць палітычнай стабільнасьці ў краіне. Яны адкрыта, грашыма і сілаю, падтрымліваюць дысідэнтаў – праваслаўных і пратэстантаў, колькасьць якіх ня больш 10% разам.

Гэтае ўмяшальніцтва прыводзіць у рэшце рэшт да аслабленьня і падзелу Рэчы Паспалітай паміж суседнімі монакультурнымі краінамі, для якіх не характэрна ні талерантнасьць ні дэмакратызм улады. Але не прыводзіць да міжканфэсійных ці міжнацыянальных канфліктаў на зямлі Беларусі. Тут па-ранейшаму мірна разам жывуць беларусы, летувісы, украінцы, палякі, рускія, татары, гэбраі, немцы. Каталікі і праваслаўныя, мусульмане і іудэі. Пратэстанты розных накірункаў.

Толькі ў канцы ХІХ ст. адзначаюцца выпадкі антысемітызму, справакаваныя расейскімі манархічнымі арганізацыямі. І гэта пасьля надзвычай змрочнага стагодзьдзя, адзначанага трыма антырасейскімі паўстаньнямі, калі была практычна вынішчана беларуская акаталічаная эліта. Пасьля закрыцьця ўнівэрсытэту, забароны ўніі й ліквідацыі беларускіх друкаваных выданьняў і ўвядзеньня расейскага школьніцтва.

Але беларуская культура выжыла. Яна страціла вышэйшы арыстакратычны пласт, але захавала глыбінны, народны, адкуль і выйшла першая хваля беларускага Адраджэньня. Яе лепшыя прадстаўнікі альбо загінулі, альбо былі выкінуты за межы радзімы. Зь сярэдзіны стагодзьдзя да канца 80-х гадоў набірала моцы новая хваля.

На маю думку, сёньня ў Беларусі няма рэальнага выбару. Ва ўмовах абвостранага міжцывілізацыйнага канфлікту ў нас адзін шлях – на Захад, у Эўропу, дзе наша законнае месца зь XV ст. Два апошнія найбольш цяжкія для беларускай самастойнасьці стагодзьдзі толькі загартавалі асноўныя рысы нацыянальнага характару. Адсутнасьць улады ў руках нацыянальнай эліты й яе малалікасьць – сур’ёзная праблема. Але прызнаць яе рашаючай у час гістарычнага выбару немагчыма. Як немагчыма і ігнараваць небясьпеку прамаруджваньня. Бо апірышча й асяродак існаваньня традыцыйнай беларускай культуры хутка разбураецца ў выніку ўрбанізацыі вясковага жыцьця.

Іншымі словамі, беларусы – еўрапейцы паводле свайго менталітэту. Нам трэба сьпяшацца, каб рэальна далучыцца да эўрапейскай цывілізацыі.