Адклікаюцца рэхам гады

Вершы

Кавалюк Аўгіння


Роздум

Жывем, каб гэты свет сагрэць…


* * *

Лёсам нарочана слову служыць…
Як ручаёк, мая мова бяжыць
І ў акіяне вялікім не згіне...
Кропляй бурштыну станеш, Аўгіння.
Нехта падыме яе на ўзбярэжжы —
І заблішчыць твая кропля ў замежжы.


* * *

Зямля ў нас — золата і срэбра,
Галоўнае з зямных прыгод.
Нам неба вызначае код,
Яно ўсё дасць, што сэрцу трэба.
Вядзі, вядзі размовы з небам,
Не завядзі ў бяздонне вод
Ні сам сябе, ні свой народ,
З галоднымі дзяліся хлебам.


* * *

Пачаў ісці? Ідзі, не стой!
На тое дадзена дарога.
Ў жыцці цікавага так многа,
Другія пойдуць за табой.
Не цешся ўяўнай прастатой:
Жыццё з усіх спытала строга.
Не для сябе — кагось другога
Ты захавай набытак свой.


* * *

Каб не пакрыўдзіці нікога,
Жыві сумленна на зямлі,
Такімі ж родзічы былі, —
Ніколі не жадай чужога.
Калі ж жаданні не ад Бога,
Каб злітаваўся, не малі,
Бо чэрці ў пекла завялі, —
Адтуль не выпусцяць жывога.


* * *

Адводзіць слова боль і страх,
Яно глыбокае, як мора,
Свой асабісты мае нораў,
Свае і сілу, і размах.

Хіба ж, скажы, яно не птах?
Ды вартасць мае тое слова,
Што з сэрца вылеціць людскога,
Каб асвяціць камусьці шлях.


* * *

Ёсць нітка таямнічая між намі,
Яна — не для чужога вока,
Жывецца з ёю нам не адзінока,
І разарваць яе мы можам толькі самі.

Але навошта? Так пасуе гаме,
Як небу — незабудка сінявока.
І рэчка сіняя яшчэ далёка.
Не трэба клясца: мы з табой не ў храме.


* * *

Не трэба між людзей граніц,
Не трэба візаў і даведак,
Чужых вачэй, зайздросных сведак,
Не трэба з гора падаць ніц.

Празрыстасць рэчак і крыніц —
Для нашых для агульных дзетак,
Не трэба на іх лёсе метак
І тых знішчальных навальніц.


* * *

Мастак і з гліны злепіць дзіва,
Паўстане ў велічнай красе
І асалоду прынясе,
Каб толькі ты глядзеў зычліва,
А не з пагардай, не кічліва...
І ўсё ж зычлівыя не ўсе,
Хоць змалку ходзяць па расе.
Прымай іх хібіны цярпліва.


* * *

Жыць — гэта йсці і не стаяць,
Шукаць, жадаць, ствараць, знаходзіць.
Хай, можа, і не ўсё выходзіць,
Галоўнае — ход думцы даць.
І нечаканае — спаткаць,
Не гаварыць надзеі: «Годзе!»
Той, хто ідзе, заўсёды дойдзе
І пракладзе для іншых гаць.


* * *

Свой крыж яшчэ нясуць салдаткі,
Іх боль прыглушаны, пякучы...
Жыццё — бы цёмны лес дрымучы:
Стагоддзем зменены парадкі.
А шлях ізноў такі нягладкі!
Нам родных песень не агучыць,
І будуць нас да скону мучыць
Няпростыя жыцця загадкі.


* * *

Якая цемра, слота, стынь...
Жыццё імгненна, нібы сон, —
Цячэнне і хвілін, і дзён
Адносіць нас, як тую плынь.

Пакуль не прагучыць: «Амін...»
І цэдзіцца цяпло акон...
Не забывайце тых імён,
Што правялі нас да Святынь.


* * *

Ты быў нядаўна малады,
Мог проста ў мора акунуцца,
Мог ад хваробы адвярнуцца,
А зараз — з ёю назаўжды.
Маланкаю ляцяць гады —
Не паспяваеш азірнуцца,
Як прымушае час вярнуцца
І глянуць на свае сляды.


* * *

Нас мудрасць па жыцці вядзе,
Яна дае сагрэцца целу,
Яна і вызначае цэны,
Яна і лепіць з нас людзей.
І нават кожны божы дзень
Яна рыхтуе нам замену,
Яна наладжвае антэну,
Каб не згубіліся нідзе.


* * *

Вандруем мы спакон вякоў,
А лёс для нас дарогі мосціць,
Змушае аб'ядацца, посціць,
Калі вяртаемся дамоў.
Нямала наламае дроў
Той, хто шукае прыгажосці, —
Заўсёды вінаваты хтосьці,
Хто не прынёс для нас дароў.


* * *

Працуе рупная пчала,
Як чалавек, самааддана.
Да вечара ўвесь дзень ад рана.
Дзе ж сілы гэтулькі ўзяла?
Няўжо нектар такі піла,
Што ад вачэй людскіх схаваны?
Ляціць штодзённа праз туманы
Туды, дзе ліпа зацвіла.


* * *

Ёсць грэх... Дык ёсць і пакаранне
За лёс загубленых гадоў.
За слёзы маці, слёзы ўдоў
Няма й не будзе апраўдання.
Бо неадчэпнае пытанне
Ў душу людскую лезе зноў,
Да нашых дочак і сыноў, —
І патрабуе пакаяння.


* * *

Жывем, каб гэты свет сагрэць,
Збіраемся на працу зрана,
Працуем там самааддана
І не спяшаемся старэць.
Адно не можам зразумець,
Што старасць прыйдзе нечакана,
І запячэ, заные рана...
Трываць таксама трэба ўмець.


* * *

Дае разумная прырода
Жыцця свядомага настрой,
Каб зразумелі мы з табой,
Што ёсць палон і ёсць свабода.
Свабода — гэта рух народа,
Культура, вера і спакой, —
Ўсё лепшае ідзе ў сувой
Нашчадкам, як узнагарода.


* * *

Мы марым так пражыць гады,
Каб не зрабілі з нас паяцаў, —
Самому ж лепей пасмяяцца,
Ад смеху здаравей заўжды.
А хто да белай барады
Прывык для некага крыўляцца,
Таму не грэх і ў цырк падацца —
Схавацца ад сваёй бяды.


* * *

Усплывае часам перажытае,
Бо незабыўныя ёсць даты:
Матулі погляд сумнаваты,
Слязінкамі жыццё размытае…
Зямля дзядоў, здаўна абжытая,
Твае засмучаныя хаты
Заўжды пабелены на святы —
Маўчыш, туманамі спавітая.


* * *

Вецер вясновы варушыць галіны,
З дрэў абтрасае з болем расу.
Водар хваёвы — подых былінны
Хаваюць туманы, як маці слязу.
Хаваюць туманы пачуцці ў даліны,
Хаваюць зямлі гэтай дзіўнай красу,
Лісты закаханых — чыесь успаміны —
Стагоддзі у вечнасць, як дар, панясуць.


* * *

Пакуль жывы — кахаць спяшы,
Каханых не бярэ адчай,
Незакаханым спачувай,
Не заглушы сваёй душы.
Душы сваёй не заглушы,
Каханню скарбы ўсе аддай,
Яго, нібы вясну, вітай
І вогнішча не затушы.


* * *

Хто сілы за народ аддаў
І хто душу сваю збярог
Ад болю, бедаў і трывог —
Той славаю народа стаў.
А хто з людзей тры скуры драў,
Краў і хлусіў, як толькі мог, —
Ад хцівасці зусім знямог,
Ў жыцці адны грахі прыдбаў.


* * *

Паміж багамі і людзьмі
Заўжды нябеснае свячэнне:
Дабра і хараства злучэнне...
Вазьмі ў жыцці сваё, вазьмі.
Яго знянацку не задзьмі:
Патрэбна вечнае гарэнне
Для азарэння пакалення.
Праўдзівым будзь перад дзяцьмі.


* * *

Мы мроім кожнаю вясной
Вяртаннем цеплыні і свята,
Чакаем ураджай багаты
У гэтай мітусні зямной.
Прыродзе цешымся зямной,
Глядзім на поле вінавата,
Працуем шчыра і заўзята...
Так тчэцца наш зямны сувой.


* * *

Гавораць: лёс нас па жыцці вядзе,
Ён вызначае нам дарогі,
Надзеі кідае пад ногі,
А часам іх у нас крадзе.
А што нам з тых няздзейсненых надзей:
Адны пакуты і трывогі.
Мы ж не анёлы і не богі —
Адвечны з намі грэх людзей.


* * *

Бяздоннае жыццё сусвету...
Як розумам яго акінуць?
Не можа думка недзе згінуць,
Калі наведала планету.
Нясі душу да мінарэту,
Дзе думкі нашы не астынуць,
Дзе і надзеі не загінуць,
Аднойчы вызначыўшы мэту.


* * *

Штармуе мора, вецер злуе,
Нясе прылівы і адлівы...
Напэўна, стане той шчаслівы,
Хто буры і штармы мінуе.
Пульсуе час, жыццё пульсуе,
Бываюць сумныя наплывы...
Хто стрыманы і хто цярплівы —
Таму і сумны час пасуе.


* * *

За нешта неба нас карае...
Загадкавасці многа ў свеце:
Ламае бураломам вецце,
З карэннем дрэвы вырывае.

Вясна разводзіцай гуляе,
Шмат мора выкідае смецця,
Калі над ім гуляе вецер...
Планета неяк выжывае.