Агледзіны. Вершы беларускіх паэтаў


Першая частка

Славамip Адамовiч

Зямля Ханаан

Дзе блакiтны ядловец свае раскiдаў пiрамiды,
дзе стаяць векавечныя дрэвы ў зялёных iмхах,
дзе люблю я жанчыну у вобразе юнай сiльфiды,
там святая зямля, там стагоддзямi ўвесь я прапах;
там жыве патаемнае ў пушчы цнатлiвай, а ўраннi
там на сонцы раса зiхацiць, як сухое ў фужэрах вiно,
там чмялi прызнаюцца чмялiхам у верным каханнi,
там бабры запрашаюць на святы ў свае казiно;
на дзядзiнцах штодня, выспяваючы, грэюцца кветкi,
срэбра крушняў дажджы намываюць, i лiпеньскi гром
там лагодна грымiць, а рамонкi – нiбыта сурвэткi
ў cталавальнi, дзе госцi сабой ажыўляюць мой дом;
у прыполе начнiц дагараюць там ясачкi-зоркi,
а самотны дзяркач, тэрарыст глухадольных балот,
штось па фенi балбоча й ляцiць яго крык за пагоркi;
дзе фiлонiць сава, дзе кажан зачапiўся за дрот...
О зямля Ханаан! Я прыдумаў цябе не для ўцехi,
а хутчэй для таго, каб душу ўратаваць ад бяды,
каб любiць твае храмы й палацаў блiскучыя стрэхi,
i дуброваў тваiх залатыя, дальбог, жалуды.
i пакуль на стале маiм вэрхал папер i асадак,
а на чыстым лiсце я крамзолю свой новы радок,
ты не знiкнеш, зямля, i не знiкне твой вечны парадак,
i наступнай вясной твае дрэвы распырскаюць сок.



Нiна Аксёнчык

Пейзаж да 26 красавiка 1986 года

Ах, як соладка пахнуць травы,
Ах, як пахнуць яны спакусна...
Кветак ранiшнiх смак гаркавы
Мёдам-водарам хмелiць вусны.

Удыхаю не пахi рання
З запаветных лугоў тых веснiх –
Трапяткое зямлi дыханне,
Што мяне, як травiначку, песцiць.

Басаногая ў райскiм лузе,
З матылькамi, што кружаць дзесьцi,
Як анёлы ў пчалiным гудзе,
Год я маю мо два, мо дзвесце.

Я не знала ў сваiм адхланнi,
Што Палесся душа – маленнем
Захлыналася. Рваў свiтанне
Здзек-Чарнобыль грэхападзення.



Эдуаpд Акулiн

Элегiя

Залачае... Гэта восень
вераснёвым свецiць лiсцем.
I душа адпачывае
мiж Наступным i Калiсьцi.

У супольнасцi з Сусветам
бусел – шчыры служка Бога –
адпусцiў грахi ўсе Лету
з купала рудога стога.



Алесь Аpкуш

Катpынка

Пяць мелодый катрынка спявае,
Толькi ведай – круцi рукавятку.
Люд у скрыню да старца кiдае
Неўмiручага жыта зярняткi.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Лес прачнуўся, дзе зараз палi –
Гонкiх дрэў загулi вершалiны.
Пераспелi на сонцы малiны,
А ў цямрэчы яшчэ не цвiлi.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Як дакладна чаргуюцца гукi –
Металёвая нудзiцца скрынка,
Спрацаваныя, ссохлыя рукi
Круцяць жыццi ў тужлiвай катрынцы.
Грай, катрынка,
Спявай безупынку.
Гук мелодый, як позiрк забыты,
Як вада з ледзяшамi ў палонцы.
Люд кiдае апошняе жыта,
А у скрынi ўсё роўна на донцы...
Грай, катрынка...



Уладзiмip Аpлоў

Спiлавалi дрэва – няма на пнiшчы
гадавых кольцаў.
Але гэта дрэва – пераконваю сябе.
Знаёмы паляўнiчы кажа: упаляваў
зайца, нi кроплi крывi не было ў яго.
Але гэта заяц...
Лётаюць над травеньскiм полем без-
галосыя жаўрукi...
Але гэта жаўрукi...

Iдзе насустрач мне чалавек.
Гэта чалавек – пераконваю сябе.



Генадзь Аўласенка

Былыя каханыя...

Былыя каханыя...
Як дрэўцы
зiмою закалыханыя
У сумным бары,
У самотным бары
Паснулi яны
да вясновай пары...
Ды толькi
цi будзе,
Цi прыйдзе яна,
Былога кахання
другая вясна?



Мiкола Аўрамчык

Так, як цеста ў дзяжы для хлеба
Падыходзiць, нiбы на дражджах,
На працягу вякоў наша глеба
Падышла на крывi i слязах.

I пад мiрным небам пагодным
Незалежны наш вольны край
На ўрадлiвых палетках родных
Небывалы збярэ ўраджай.



Людмiла Багданец

Адзiнота

Дзень сцiхае,
гасне сонца
пазалота.
Йду дамоў,
а там чакае
адзiнота.

На вяргiнi
вецер высушыў
расiнкi.
Нiбы выцер
ёй апошнiя
слязiнкi.

Паляцяць
буслы над полем
так далека.
Апячэ
нясцерпным болем
адзiнота.

Адышла,
навек растала
ў ciнiм раннi,
не пакiнула
надзеi
на спатканне.



Святлана Багданкевiч

Веpа

Веpу мусiм пpымаць напавеp,
Веpа тpымаецца на давеpы,
Бо нi зямля, нi pаслiна, нi звеp
Вам не адчыняць нябачнага дзвеpы,
Неадчувальнага тут i цяпеp.
Можна, здавалася б, жыць i без веpы
У свеце пpавеpаных вагаў i меp...
Толькi надзейнасцi гэтай не веp!
Pаптам лагоднасцi тваp pазвяpэджаны
Pыкне звяpынаю пашчай ашчэpанай,
Цвеpдзь затpасецца – i выpвецца вецеp,
Скpуцiць i веpнiка i знявеpанага!
Здpадзiць i вывеpанае i пpамеpанае!
Плынь панясе,i закpуцяць вipы,
Куст pатавальны пакpыецца цеpнямi.
Шчэбень абpынецца гpадам з гаpы,
Мост ваш надзейны, пpаедзены чэpвямi,
Скiне ў бяздонне, у таpтаpаpы!!!...
I з'явiцца веpа –
Адзiнаю цвеpддзю,
Учэпiстым веpвем.
Pатуймася ж веpаю!



Алесь Бадак

Адкрыйце цiхiя гранiцы
Па ўсiм, па ўсiм пакутным краi.
Каб больш таму не паўтарыцца,
Вы дайце людзям падзiвiцца,
Як нацыя тут памiрае.

I я пакуль яшчэ не знаю,
Цi верш мой будзе ёй малiтвай
Ад бед, што кружацца над краем,
Цi ў помнiк ёй дзе-небудзь з краю
Ён ляжа лёгкаю цаглiнкай.



Алесь Бакач

Анёл Пагоня

Крыжы i чаркi зблытаў наш народ.
Цi не таму наўкол нялад i скруха,
Што крывадушнасць нас вядзе на звод?
Зацменне духу...

Анёл Пагоня мечам паказаў
Дарогу, непадзельную надвое,
Адзiны шлях збавення й волi даў –
Святога воя!

Не жах раба прад караю нябёс,
Не ўзнагароды наймiцкай дамова –
Нанова зоркай асвяцi нам лёс,
Любоў Хрыстова!



Марыя Баравiк

Рух

I зачарнеўся грак з бялюткай звесткай.
Дымком паслаўся рэчкi рукавок.
I выйшаў дзень, блакiтны, як пралеска,
I сыпануў травой на астравок.

Плыве на сад хмурынка цi надзея?
I гром буркоча недзе ў цiшынi.
Вясна сяўбы.
I дзень перапацее
На возе навальнiчнай цеплынi.

Дрыжыць-дрыжыць жаўрук на промнi веснiм.
I ледзь задрэмяць зоркi на расе –
Перавядзе дыханне зноў на песню
I досвiтак у горле прынясе.



Раiса Баравiкова

Зачэпiцца сонца за снежную горку,
i хлыне ў далiну патокам вада...
Забуду апошнюю нашу гаворку,
а ўсё-такi... нечага трошкi шкада.

Нiколi не выспее яблык дачасна,
за радасцю часта прыходзiць нуда,
сказаць не магу, каб была я няшчаснай,
ды ўсё-такi... нечага трошкi шкада.

Бывае, заўважу ў аконным праёме,
пытаюцца, хто ты – такая бяда! –
спакойна адказваю – проста знаёмы,
i ўсё-такi... нечага трошкi шкада.



Рыгоp Баpадулiн

Не ведаючы тэорыi вольных вершаў,
Не чуўшы нiчога
Пра факт iснавання авангардызму,
Мама
Лiсты мне пiсала верлiбрам
Без знакаў прыпынку,
Без абавязковых вялiкiх лiтар.
Падчас у радок
Прарывалiся самi рыфмы,
Як вецер зiмовы ў комiн
Цi восеньскi той,
Што далiчваў лiсты на яблынi.
А рыфмы не вытыркалiся вельмi,
Яны перагуквалiся па сутнасцi:
"Мой сынок, каласок, васiлёк,
Баравое зеллейка,
Мой каласутанька..."
I ў кожным радку
Столькi было зямлi i неба,
Лесу i мурагу,
I столькi мне дабра напрарочана,
I кожны радок
Быў да сэрца прытулены,
Што Бiблiю слова матулiнага
Берагу,
Каб не сурочылi.



Таццяна Баpысюк

Гойдаюцца думкi
на веццi ўспамiнаў.
На галаву мне падаюць
пераспелыя яблыкi
недаравальных памылак.



Святлана Басуматpава

Не снiцца ўночы мне Амерыка –
Чародкi птушак на парталах,
Рэклам стракатая iстэрыка
У фешэнебельных кварталах.
У снах не бачу я Швейцарыю,
Што дзiвiць казкаю зiмовай,
Дзе дух займае дзёрзкай мараю
Лыжня над безданню суровай.
Не снiцца ўночы мне Бразiлiя –
Раслiн трапiчных вадаспады,
Саладкагучная iдылiя
Звыштэмпераментнай ламбады.
Мне снiцца край з вадой атручанай,
З абпаленымi пералескамi,
З ракой, бядою скаламучанай,
З пустымi вёскамi палескiмi.
Тут выглядае бруднай ямiнай
Шырокi луг, што вабiў кветкамi,
I белы бусел з чорнай плямiнай
Плыве распяццем над палеткамi.



Фелiкс Баторын

Час

Ёсць рабаўнiк вялiкi на зямлi.
Ён возьме ўсё, што мы з табой знайшлi,
Што здабылi няўтомнай працай мы:
Зруйнуе ён палацы i дамы,
Пакрые сталь раз'едлiвай iржой,
Закрые даль сляпучаю iмжой,
Развее неўпрыкмет усiх сяброў,
Прыцьмянiць мары i астудзiць кроў –
I ўрэшце забярэ самiх ён нас.
Завецца той грабежнiк жорсткi – Час.

I ёсць на свеце шчодры дабрадзей,
Якi нямала робiць для людзей.
Ён ад зiмы вядзе нас да вясны,
З лiпнёвай спекi ў верасень грыбны.
Здзяйсняе ён задумы ў плынi дзён.
Дзяцей гадуе нам на змену ён.
Ён гоiць раны, сунiмае боль
I дорыць нам сяброўства i любоў.
Ён надзяляе мудрасцю ўсiх нас.
Ёсць дабрадзей вялiкi. Гэта – Час.

I часта ты пытаешся ў сябе:
Час - рабаўнiк цi дабрадзей табе?
А ўсё залежыць толькi ад таго,
Ён валадар твой альбо ты – яго.



Мiхась Башлакоў

З лiстападамi, з лiстападамi
Завiтаю я зноў сюды,
Дзе ў сцюдзёную студню падаюць,
Цiха падаюць жалуды...

Усё праходзiць, усё мiнаецца:
Смутак,
радасць,
любоў,
гады...
Толькi ў студню сцюдзёнай ранiцай
Цiха падаюць жалуды...

Што ж так сэрца,
як лiст, трапечацца?..
Зачарпну я вядро вады.
I душа, нiбы студня свецiцца.
Цiха падаюць жалуды...

I мне верыцца i не верыцца –
Тут юнацтва майго сляды.
Праз гады зноў да студнi вернешся –
Цiха падаюць жалуды...

Жоўты вецер крочыць прысадамi.
Аблятаюць далоў лiсты.
I ў сцюдзёную студню падаюць,
Цiха падаюць жалуды.



Аляксей Белы

Дзяцiнства

Дзядзьку майму, Аляксею, прысвячаю

Нам па сем ды па дзесяць – такiя ў дзяцiнства гады,
Мы пакуль яшчэ марым у кошык злавiць блiскавiцу.
I Лiтоўчык Алёша такi малады-малады,
Залатыя пагоны i "крылцы" ў блакiтных пятлiцах.

Зноў i дзядзьку i нас да бабулi Каштанка вязе –
Колькi ў гэтых паездках i радасцi i летуценняў!
I фуражку яго прымяраем усе па чарзе,
I малодшыя зноў па гадзiне не злазяць з каленяў.

Самы стрыжань зiмы. Памiж шыбамi вата, бы снег,
А за вокнамi студзеньскiх яблынь пачэсная варта.
Ну, а ў хаце – Каляды, у хаце гамонка i смех,
I прыгубленай чарку хаваць за бутэльку няварта.

А калi хто з дачок (iх чацвёра ў сям'i) запяе,
То падхопяць усе пра хлапца, што гаруе ў салдатах...
I падкручвае дзед пасiвелыя вусы свае,
I ўсмiхаецца: бачыш, раднi сёння поўная хата.

А пад вечар – дадому, зашыўшыся пад кажухi,
I ў палукашку нам мала горш, чым у царскай карэце.
I глядзiм, як на хутары лепiцца дым да страхi,
I далёка-далёка агеньчыкi цьмяныя свецяць.

Мы ляцiм, абмiнаючы рыжыя купы лазы,
Пабылi у гасцях – ды дахаты б дабрацца да ночы.
I Каштанка храпе. I адчайна рыпяць палазы,
I глядзяць з-за сумёта гарачыя воўчыя вочы.



Данута Бiчэль-Загнетава

Кожны самотна пpойдзе свой лёс
па вадзе – як Iсус Хpыстос.
З птахамi ўпpочкi не паляцiш.
Мусiш самотна несцi свой кpыж.

Шлях у нябёсы канчаецца тут.
Тpэба адно зpазумець:
хто панявеpыць pаззбpоены люд,
гэткiх ня вызвалiць смеpць.

Пpаўды ня ведаў, вядомай здавён,
хто пpадаваў pодны кpай:
тут, на зямлi, бессмяpоцце i сон,
тут, на Pадзiме, адхланне i pай...



Анатоль Бpусевiч

Свечка

Я свечку запалiў прад алтаром начным.
Лагоднае святло адбiлася ў вакне.
Апошнi колер дня згарэў у бляску тым.
I бiўся чорны цень, бы дэман, на сцяне.

А за акном туга пляце калючы дрот.
I толькi мой агонь перацiнае жах.
Але загасне ён без нейкiх там турбот.
Застыгне жоўты воск слязiнкаю ў вачах.



Галiна Булыка

Млын белаpускi

Млын, заценены лiсцем стрымцелым i чорным,
У мiжрэчную выспу забiты, бы кол,
Круцiш духам якiм ненажэрныя жорны,
Мелеш чорту якому зярнiсты падзол?
То пратнуцца нябёсы арлiцай залётнай.
То патоне прыблудных варон чарада.
То з усходу на захад,
То ў бок адваротны
Без дарог круцiць хiсткае кола
Вада.
Дзе ж той волат, што выспу паднiме на плечы
I стрывае ў няўмольнай чужой пустаце,
Аж пакуль азярынка на ростанi рэчак,
Як дзiцячае цемечка,
Не зарасце?..



Генадзь Буpаўкiн

Цяжкi застой на Беларусi
Каторы год.
I разважаюць людзi:
Мусiць,
Такi народ.

Чужым i ўласным дармаедам
Глядзiць у рот
I паслухмяна крочыць следам –
Такi народ.

Як нi гукай адчайна:
– Людцы!
Ганiце зброд!
Яны ў адказ адно смяюцца.
Такi народ.

Не хочуць мець парадак новы.
Наадварот,
Гатовы жыць без роднай мовы.
Такi народ.

Хаця прывык да ўсякай працы,
Шукае брод,
Каб не дай бог не вытыркацца.
Такi народ.

Трываць дурныя кпiны будзе
I недарод...

Няўжо i праўду кажуць людзi –
Такi народ?



Мiкола Бусько

Шугавей

Сёння ноччу выць сабакам –
У ваўкоў скаромнiна.
Дым застыў магiчным знакам
Над душою комiна.

Хат заплюшчваюцца вочы,
Клямкай нехта бразгае,
Па гарбу страхi грукоча,
Сыплючы абразамi.

Явар гнецца пугавiшчам,
Снег, што хмара, сцелецца, –
Выпускае на iгрышча
Шугавей мяцелiцу.



Венанцы Бутрым

Варта

"Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць..."
М. Багдановiч

Праз пустэчы, хмызы, абыходзячы яр,
Зноў высiльваем коней здарожаных.
З набрынялых пакутлiвым зарывам хмар
Вараннё, пасланцом устрывожаным.

Гэты раз – не паспець, зняўся злодзей крымчак,
Зашпурнуўшы на стрэхi паходнi!
Над пажарышчам чорным скрываўлены знак –
Маладзiк, як паўмесяц усходнi.

Не паспець! Бо iдзем ад заходняй мяжы –
Ў Нёмне коней паiлi надоечы.
Зноў нахабны крыжак на святым – на крыжы! –
Распiнае зямлю нашу, кроячы!

Як даўно ступаком не краналi раллi,
Ўсё страмёны шліфуем упарта.
Нам прытулак адно пры начлежным агнi,
Наш удзел – ВЕКАВЕЧНАЯ ВАРТА!

I сумуе сялiба, чакае сям'я.
Груша-дзiчка маркоцiцца голлем.
Ды ў бясконцым чаканнi, аднак, спакваля
Забываюць здабытчыкаў волi.

Над аўчынамi пушчаў, над срэбрам вады,
Нерухомай у месячным ззяннi,
Ўсё з пагонi ў пагоню ляцяць праз гады
З плоцi плоць векавечныя зданi...

I не сцiснуцца сэрцы – не пройме адчай.
I не стомяцца верныя конi.
Бо за iмi, прад iмi – бацькоўскi наш край...
I супынку няма для ПАГОНI!



Павел Вераб'ёў

Трэцяе вока

У зацятым чаканнi
Застыла гара Арарат;
Ажываюць варункi,
Што змыла Сусветным патопам.
Новы лад,
Асвячоны крывёй немаўлят,
Пабрыдзе па пякельных
Дарогах асветнай Еўропы.

I Аллах i Хрыстос,
I свiтальна-задумлiвы Вiшну
У супольнай трывозе
Збудуюць супольны каўчэг.
Хто здалее дайсцi,
Той не будзе ў прыстаннi тым лiшнiм;
Стане ўсiм цеплынi, стане хлеба
I цiхiх уцех.

Чалавеча,
Удачлiвы чуйнымi скурай i целам,
Спадзяванняў сваiх
I сляпцам невiдушчым пакiнь.
Хай адкрыецца ў кожнага
Пiльнае трэцяе вока,
Скiраванае ў далеч
Патайных уласных глыбiнь.

У амшэлым адхоннi
Гнiюць верставыя слупы.
Не прыдаўся нажытак –
Паўсюль непатрэбныя клункi.
Хто сябе распазнацьме не ў стане –
Ён горш чым сляпы,
Хоць i знойдзе сцяжыну –
Не знойдзе нiколi ратунку.



Аpтуp Вольскi

Гадзiннiк

Вось i ўсё.
Жыцця жалобны вынiк.
I няма ратунку ўжо нiдзе.
Чалавек памёр.
Але гадзiннiк на яго руцэ яшчэ iдзе.

Ён цяпер адлiчвае хвiлiны,
што належаць iншаму павiнны.

Вось i ўсе.
Турбот бясконцых вынiк.
Па труне стукоча жвiр – не ў лоб.
Анi дактароў ужо, нi клiнiк.
Нi пакут нiякiх.
Нi хвароб.

Ды, на жаль, хваробы i пакуты
у труну ад iншых не закуты.

Вось i ўсё.
Быцця зямнога вынiк.
Пройдзена апошняя мяжа.
Цотны лiк надломленых вяргiнек.
Ды слупок чырвоны.
Без крыжа.

Ды здаўна вядзецца ў свеце гэтак –
хопiць для магiлак новых кветак.

Вось i ўсё.
Блуканняў сумны вынiк.
Прарасце травiца на грудзе.
Сын цi ўнук пачэпiць той гадзiннiк
ды на ход далейшы завядзе.

I яму да самай дамавiны
злiчыць ён сумленна ўсе хвiлiны.

Час!
Мае надзеi не глушы.
Хоць i грэшны я, але не цынiк.
Веру, што для вечнае душы
не патрэбны ў вечнасцi гадзiннiк.



Анатоль Вялюгiн

Чалавек з гiтаpай

Я – Афгана ветэран
з маршу першага.
Пiльна вылiчыў душман
воя першага.

А былi ружанцы зор
не замглёныя,
як выходзiлi ў дазор
мы каньёнамi.

Горы сталi на дыбы
шара-шэрыя.
Кручы, скалы, як гарбы
драмадэравы.

Гвазданула – з лёту хах! –
гулка, горача.
Толькi полымя ў вачах,
пырскi зорачак.

У крывi, сляпы, крычу,
крыкам сватаю
Леанiду Iльiчу
Зорку пятую.

Што было – завалакло,
памяць зорыцца.
Тое горнае святло
не паўторыцца.

Гэта смутак жураўля
над гiтараю:
– А дзе, зоранька мая,
вочы карыя?..



Вера Вярба

Паводле Бунiна

Як добра сэрцу быць свабодным,
Калi шчаслiвым нельга быць,
I нават розумам халодным
Жыццёвай горычы не збыць.
Страфа вядомая акрэслiць
Мiнулай шчырасцю хвiлiн:
Сабаку вернага ля крэсла,
Агнём палаючы камiн.
Каму жаданне не вядома
Таемным поклiчам душы? –
Печ запалiць у стылым доме
I жар, як памяць, варушыць.
Калi наблiзяцца адразу,
Каб аддалiцца назаўжды
Усмешкi лёсу i абразы,
Усе пражытыя гады.
I час без ценю красамоўства
Прад'явiць доказы прыкмет –
Прыватнасьць зыбкую сяброўства
I подласцi трывалы свет.
Дарую ворагам мiжволi
Учынкамi сяброў спаўна.
У прыхаваным даўнiм болi
Ёсць прысмак добрага вiна.
Не долi чуюцца пагрозы –
Завеi снежаньскай выццё,
А дровы трэскаюць з марозу
I цiшыня, як забыццё...



Анатоль Вярцiнскi

Баiцца быць беларус беларусам...

Жыў пад прыгнётам ды пад прымусам,
зваўся лiцвiнам, русiнам, русам,
зваўся тутэйшым, мяшканцам, мяшанцам...
Не знае, рабiць што з апошнiм шансам,
якi ён сення атрымоўвае,
як быць з сваiм iмем, з сваёю моваю,
быць цi не быць беларусам нарэшце...
Пытанне няпростае, канешне.
(Дазволю сабе тут крышку iронii.
Характар наш тут, як на далонi.)

Не знае?
Не хоча?
Не смее?
Баiцца?
Вялiкая гэта таямнiца.

Зведаў ён лiха апраметнага.
Ён не баяўся таго i гэтага.
Хапала адвагi, каб з ворагам бiцца,
ад голаду-холаду каб баранiцца...
Ды вось быць самiм сабою баiцца.

Прайшоў праз Хатынь,
праз Курапаты,
зносiць цярплiва Чарнобыль пракляты,
упарта крынiца яго бруiцца...
Ды быць беларусам ён баiцца.
Вось дык ноумен, вось дык феномен –
гэты ўнук бабiн, сын гэты ўдовiн.

Казалi "не будзь!" –
ён схiляўся нiцма.
Гавораць "будзь!" –
усе роўна баiцца.
Вось што робiцца з беларусам.
З сiнявокiм, з белавусам,
не з недарэкам, не з няўмекам,
з добрым увогуле чалавекам.

Баiцца быць беларус беларусам...
Цi, можа, ужо не баiцца?



Леанiд Галубовiч

Эpатагpафiя для нявiнных

...Я з губ тваiх любовi п'ю атруту –
I цноты шаўкавiстая мяжа
Паволi тлее, нiбы губка труту,
Пакуль душы даможацца душа...

Цячэ спакусны мёд гаркавай плоцi
Скрозь соты ацяжэлыя грудзей,
I цела твае ў кожным павароце,
Як цецiва нацятая гудзе...

Душа перакладае шэпт шалёны
Душы – i намагаюцца наноў
Высокiх рук заплеценыя кроны
Высмоктваць сок з глыбокiх каранёў.



Навум Гальпяровiч

Вiцебск
(Эцюд)

Спiны гарбатыя вулачак сцiшаных,
Стромкiх праспектаў асфальт i бетон,
Пышны вянок разам з кветкамi сцiплымi
Перад жалобнай гранiтнай плiтой.
Рэшткi муроў. Пусткi. Трубы фабрычныя.
Рэек трамвайных карункi, масты.
Быццам гравюру, мне ўсё гэта вычарцiць
Ранак з туманам, сiвым i густым.
Толькi зноў сонца праб'ецца, святлеючы,
Захад шукаць нетаропка памкне,
Быццам квадрат таямнiчы Малевiча,
Ярка-чырвоны на белай сцяне.



Iнга Гаравая

У змiтроўскую суботу

Слупы стаяць, як далакопы,
Сяло – як могiлкi ў iмжы.
Крывыя дахi. Сена копы.
Антэн сагнутыя крыжы.

Вясковае жыццё ў дрымоце.
У вёсцы лiстапад iзноў.
Iзноў няўтульнасць у прыродзе,
У шэрым прыцемку вякоў.

Iзноў туманны надвячорак
Збiрае нас каля куццi.
I гэтулькi людскога гора
Ў сабачым жаласным выццi!



Усевалад Гаpачка

Асеннi паpк (паэты i бамжы –
Такая небагатая багема),
Ты кожнаму знайсцi дапамажы
На чаpку цi pашэнне нейкай тэмы.

А лепей дай, не будзь i тут скупым,
Як тых лiстоў апошнiх не шкадуеш,
Сваю жуpботу сцiшаную iм,
Уpажлiвасць i веpу маладую.

Не можаш даць – дык падаpы спакой,
Што назаўжды ад веpшаў уpатуе.
Пад голас манатонны твой
Я, можа стану белаю статуяй.

Абступяць туi (хутка час бяжыць),
I буду я бялець у пpыцьме нема.
Асеннi паpк. Паэты i бамжы –
Такая небагатая багема.



Вiктар Гардзей

Мiлыя, усмешлiвыя дзеткi!
Хто чакае лiтасцi ад iх?
Гэта страшна: мiнскiя падлеткi
Галубоў падпальваюць жывых.

Абальюць бензiнам альбо газай,
Паднясуць запалку апасля.
З чорнаю паўзучаю заразай
Родная цi справiцца зямля?

Так, вiдаць, прыходзiць час расплаты
За хлусню пра веру i любоў.
Гэта страшна: маладыя каты
Вешаюць сабачак i катоў.

Пакланенне жорсткасцi i сiле:
Закурыў i – сябра абакраў.
Мы сваiх дзяцей перакармiлi,
Да зямных не прывучылi спраў.

I таму балюча мне i горка,
Што святыя сохнуць каранi.
Гэта страшна: дзесьцi на задворках
Рвецца ў неба голуб у агнi.



Ларыса Генiюш

У горы я над тваiмi ранамi...
Божа, болей цябе не карай,
старажытны, любы, каханы мой,
вечна скованы, родны край!

Мой курганны, жытнi, зубрыны мой,
вытрывалы ў агнi пакут,
Ефрасiнiн, святы, Скарынавы
Беларускi адвечны кут.

Ломяць вiхры збуялае, кволае,
абмiнаюць цвярдыя камлi.
Прашумелi яны над сёламi,
свой пакiнуўшы след на зямлi.

Воблiк твой i адвечную мову,
лiтасць ў сэрцы i лад стары
не крануў нат вiхор суровы
у балотах ды у бары.

Свiтка наша, льняная кашуля
не здала свае мовы ў палон,
затулiла яе, прыгарнула,
захавала да сённяшнiх дзён.

Калi зноў агартае нас цемра,
мы ўцякаем душою ў сяло,
бо прывыклi мы чэрпаць аберуч
у народа жывога святло.



Уладзiмip Гетманчук

Пеpшы pанак

Не аддаваў я перавагу цацкам,
Хоць быў яшчэ i хлапчанё.
За бацькам плёўся. Ну а бацька
Iшоў за плугам, за канём.

Мне ў ногi холадна. Стамiўся.
Ды бацька раптам на мяне:
– А ну, сынок, за плуг вазьмiся,
Глядзi, трымай яго мацней!

Ўхапiўся я за ручкi жвава,
Шчаслiвы, што ару. Ды плуг
То ўлева выверне, то ўправа –
I так пакутуем удвух.

Хiстауся ранак. Я ўсё цёпаў.
Кашуля ўзмокла на спiне.
I ў ногi босыя так цёпла,
I нават горача ўжо мне...

У кожнага ў жыццi свой ранак,
Калi мы ўпершыню змаглi
Праз халадок раллi ўзаранай
Адчуць цяпло сваёй зямлi.



Алесь Гiбкоўскi

ЛiцвiНАМ

Ад тонкiх свечак цемра не радзее...
Мо йдзе на схон дрыготкае святло?
А мы з няпэўнай стомленай надзеяй
Ляцiм шукаць апошняе жытло...

Зноў Сонечны нясе ў нiкуды Вецер.
Сляпыя конi збруяю грымяць.
Ды не знайсцi прыстанiшча ў сусвеце,
Пакуль не ўспомнiм мы Сваё Iмя.



Нiл Гiлевiч

Тpывайма, бpаты!

Нас могуць
Зневажаць i абражаць,
Нас могуць
Не любiць
i ненавiдзець,
Але мы мусiм
Цвёрда помнiць-знаць:
У нас ёсць Нёман,
I Дзвiна,
I Прыпяць.

Нас могуць
Чорным брудам палiваць,
Культываваць бяспамяцтва,
Бяспраўе,
Але мы мусiм
Цвёрда помнiць-знаць:
У нас ёсць Полацк,
Тураў
I Заслаўе.

Нас могуць
Ачмураць
i падкупляць,
Штодзень даваць
Цацанкi-абяцанкi,
Але мы мусiм
Цвёрда помнiць-знаць
Наказ Францiшка,
Кастуся
I Янкi.

Нас могуць бiць –
Аж да крывавых слёз,
Каб лёкаяў зрабiць
З ахвяраў здзеку,
Але мы мусiм
Адстаяць свой лёс,
Каб ён для нас
Шчаслiвы быў
Давеку.

Таму –
Трывайма, любыя браты!
Трывайма й верыма:
Нiшто не сплямiць
I не асiлiць нашай праваты,
I нам яшчэ паслужыць
Наша памяць!



Адам Глобус

1989. Менск. Тpаецкае пpадмесце

У 1972 годзе я з аднакласнiкамi
гуляў на вулiцы Нямiга i шпурляў
каменнi ў вокны пустых дамоў.
У 1982 годзе я працаваў
на рэстаўрацыi Траецкага прадмесця.

У Траецкiм прадмесцi збiраюцца вольныя людзi.
Мастакi абгаворваюць вартасцi новых заказаў.
Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць.
Аутагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам.

Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсiмiльных выданняў.
Прастытуткi жадаюць злучэння мастацтва з навукай.
Хiпаны апяваюць спакой, талакоўцы – змаганне.
Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку.

Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,
На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай.
Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай.
Пры жаданнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца.

Афармiцелi п'юць больш за ўсiх i чамусьцi з папамi;
Менш за ўсiх п'юць географы сцiплыя ды iнжынеры.
Рэкецiры любуюцца сцiснутымi кулакамi.
У Траецкiм прадмесцi гасцiнна пагрукваюць дзверы.



Сяpгей Гpахоўскi

Паэты памiраюць на хаду
I падаюць, як каласы на пожнi,
А я не здамся, я не упаду,
Пакуль не дапiшу радок апошнi.

Вiдаць, пiсаў я не заўсёды так,
Каб ажылi мае у сэрцах песнi,
Вiдаць, дарэмна думаў, што – мастак,
Што – творца, а выходзiць – быў рамеснiк.

Збяру ўсе сiлы, боль i жар душы
I над самiм сабою узнiмуся,
Каб сэрца загадала: "Запiшы
Адзiн радок, патрэбны Беларусi".



Анатоль Гpачанiкаў

Доля

А ведалi
На Ўсходзе ўладары:
Паэты –
Вешчуны i бунтары,
Мяцежнiкi паэты
I прарокi
I чыстыя,
Як горныя патокi.
Нацкоўвалi
Фанатыкаў на iх,
Iх рукапiсы
У агнi палiлi,
Народ жа
Далучаў iх да святых,
Iх песнi шанаваў
I iх магiлы.
Цi не таму
Яны, уладары,
Iх пачалi прыручваць
Пры двары,
Каб толькi iх
Паэты апявалi,
Авечкамi
Пакорлiвымi сталi?
Але вылiньваў
Залаты халат
У тых,
Хто не ўтрымаўся
Ад спакусы.
Паэт сапраўдны –
Чалавеку брат.
Ён у гарэм
Сваю не сплавiць музу.
Iшоў паэт сапраўдны
У жабракi,
Ды не працягваў
Ўладарам рукi.



Марыя Гудкова

Што адбываецца з намi?
Быццам над прорвай якой.
Атамны пыл – пад нагамi,
Скрозь дэфiцыт,
Неспакой...

Вылезлi з нораў глыбокiх,
Скiнулi маскi дзялкi.
I ад iх, чырванашчокiх,
Колер навокал якi!

Травяць сябе наркаманы,
П'янiцы п'юць дыхлафос,
Славяць свой час графаманы.
Перабудова...
Хаос...



Юpы Гумянюк

Вiтаўту Чаропку

Кiтайскi бажок на пiсьмовым стале.
Крыштальная шклянка напоўнена пiвам.
Лунаюць пачуццi ў загадкавым сне.
Дрыжыць на талерачцы костка ад слiвы.

Глядзiш праз вакно. Бачыш мёртвы ландшафт.
Зноў вусны твае прагнуць вуснаў жанчыны.
Але ў памяшканнях унутраных шахт,
здаецца, спынiлiся эрамашыны.

Эксплёзiя казачных думак – мiраж.
Мозг стомлены. Вочы святло праклiнаюць.
Яшчэ дзве хвiлiны. Пачнецца пасаж.
Мелодыя слоў. Ад краю да краю.



Хведар Гурыновiч

На засiдцы

Пагаснуў дзень.
Але паўночным ззяннем
Гараць яшчэ бясконцыя снягi.
Патроны на ваўка з запечка ўзяў я,
Надзеў валёнкi з бацькавай нагi.

Там, дзе ў лагчыне складзена прываба,
Звiняць слядоў таемных ланцугi,
На гранi слыху далятае слаба,
Як вые воўк са смутку i тугi.

Ён у кашары колькi мог зарэзаў,
Ён быў суддзя там, сiла i закон.
Але я пахну дымам i жалезам,
I ходзiць кругам ля прывабы ён.

А ноч – як звон!
I снег сухi, як порах!
Газоўкi поўня ў воблаку капцiць.
I я лаўлю напружна кожны шолах:

Цi пiскне мыш, цi тхор пралапацiць,
Цi гаўкне лiс, цi пройдзе лёгкi заяц,
Цi фiлiн нема зарагоча ў змрок...
Я – слых, i зрок, i палец указальны,
Што нацiскае спускавы кручок.



Андpэй Гуцаў

Муp

Мы пакахалi дзень i ноч
i ўжо не зводзiлi з iх воч.
I не пыталiся, чаму
час вечны-вечны, нiбы мур.

Анёлы ўсiх начэй i дзён
нам пасылалi плён i сон.
I як нам дзячыць i каму,
што час бясконцы, нiбы мур?

Надыдзе ноч i дзень, i час –
шкада анёлам будзе нас.



Леанiд Дайнека

Белаpускi сцяг

Прыляцеў (яго не руш!)
Вольны, чысты, добры, смелы,
На азёры нашых душ
Лебедзь бел-чырвона-белы.

Зведаў ён жахоццi скрозь –
Турмы, краты i расстрэлы.
Памiраў, але ўваскрос
Лебедзь бел-чырвона-белы.

Мы адновiм родны край.
Свет убача гэта цэлы.
Дык жывi, плывi, лунай,
Лебедзь бел-чырвона-белы.



Аксана Данiльчык

Касцёла гатычнага ўзмах
У змрок вечаровы сплывае.
Яе пазнаюць па вачах –
Жанчыну, якая кахае.

Вiльготнае лiсце дрыжыць,
Вiльготныя вусны трапечуць.
Яна ў гэты час на мяжы
Мiж лёсам зямным i адвечным.

I вось немаўляцi хадой
Праз дрэваў iдзе галерэю
Туды, дзе пад летняй вадой
Альтанкi павольна старэюць.

Так прывiд у вежы свае
Заманьвае з д'яблам на пару.
Iлюзiя – вочы яе,
Абрыс дасканалага твару.

I зноўку на сотнi шматкоў
Паперу мастак разрывае,
Бо фарбаў пакуль не знайшоў
Жанчыне, якая кахае.



Леанiд Дpанько-Майсюк

Завушнiцы

У тумане мая галава,
Меладзiйным тумане...
Што мне трэба? Глыток хараства
I з табой мiлаванне.

Ты глядзiш на мяне, ты глядзiш,
Нечаканая госця, –
Так Венера глядзiць на Парыж
I спрыяе мiлосцi.

Мiлавання бiблейскi выток
Не загiне, не счэзне.
Ты – пачатак, ты першы радок
Саламонавай песнi.

Я шапчу той радок, я пяю...
Я запомнiць спрабую
Навальнiцу тваю i тваю
Цiшыню маладую.

Голас мой кацянём прыстае,
Мякка скача на блузку...
Як урок, паўтараеш мае
Словы па-беларуску.

Амываеш мой сумны пагляд
Хваляй рук-ручаiнаў.
Твае цела абвiў вiнаград
Старажытных Афiнаў.

Ён зялёны, як мора ўскалых
На дзiцячых малюнках;
Ён паспее ў абдымках маiх
I ў маiх пацалунках.

I як першую гронку сарву –
Патану ў вадаспадзе!
Наляцiць на маю галаву
Вадаспад вiнаградзiн.

Я спазнаю да кроплi нектар
Пачуццёвага выйсця,
Прадзiраючыся праз гушчар
Вiнаграднага лiсця.

Я закрыю тваю галiзну
Пераможным дыханнем
I жаданне твае ахiну
Гэткiм самым жаданнем.

Нiчыя... Ты яшчэ нiчыя,
I ў мяне ты часова,
Ружа чорная, ружа твая
Стане ружай пунсовай.

Не спяшайся, свiтанак, паспi,
Не палохай праменнем...
У пакоi, куды не ступi,
На падлозе – адзенне.

За акном дыяфанавы пляц
Iанiчнага мора,
Пачынае святло прапускаць
Кiпарысная штора...

Ты адмовiлася ад вiна,
Знiкла ты легкакрыла.

Ты на столiку каля акна
Завушнiцы забыла.

P.S.
У якой там бажбе-варажбе,
Дзе ты чуў закаханы, ці сніў дзе,
Каб дзяўчына казала табе:
“Я цябе не хачу пакрыўдзіць...”?

Каб яна, забываючы страх
І атруту падманнае страсці,
У глыбокіх тваіх валасах
Завушніцы губляла на шчасце?

Гаварыла пра сына твайго,
І пра жонку тваю гаварыла
І пры гэтым ніякай тугой
І нічым сябе не засмуціла?

Пэўна, гэтак бывае тады,
Калі Бог на зямлю пазірае,
Калі кожную кроплю вады
У віно ён ператварае.

А віно? Мне патрэбна яно –
Завушніцы кладу я ў віно.



Алесь Дубpоўскi

...А потым была адзiнота –
каханка аматараў волi.
I, быццам адзiная нота,
самота гучала пад столлю.

Сапраўднасць зрывала маскi
з герояў узнеслых сноў...
Канчаецца кожная казка
дзесяткам банальных слоў.

...I потым была адзiнота.



Зiнаiда Дудзюк

Я – толькi ўсхлiп,
Ты чуў яго скрозь вецер,
Ды голас мой зусiм не пазнаваў.
Не заўважаў:
Цягнулася я веццем,
Вязалася, як нiцая трава.

Я – толькi плач,
Якi ты чуў заўчора
Скрозь цiхi шэлест дробнага дажджу.
Акно чарнела, нiбыта пячора,
I поўня з хмар
Надзела паранджу.

Я – толькi стогн...
Ты чуеш, чуеш зараз?
I думаеш: зiмовы стогне сад.
А гэта мне ўсяго за тое кара,
Што часта азiраюся назад.



Маp'ян Дукса

Хваля – прышчураны белы сабака
лашчыцца, пальцы шчаслiвыя лiжа.
Мяккi пясок, залацiсты i рыжы,
дыхае ў шчокi, аж хочацца плакаць.

Сцiшаны ветрык, прабегшы паўсвета,
у валасах тваiх спiць – не прачнецца.
Свойская мошка узлезла на сэрца
i пазiрае з сярэдзiны лета.

Лiсце пажухне, а кветка завяне,
сонца адыдзе – далей за экватар.
Восень – душэўных згрызот завадатар –
хмура зiрне на нябесным экране.

Ясны ж мой дзень – фатаграфiя ў раме...
Ззянне паўдзённае – проблiск нябыту.
Зноў ля разбiтага буду карыта
кнiгу ўспамiнаў гартаць вечарамi.

Шчодрае лета, не сып пазалоту.
Робiш багатым мяне як на смех ты.
Узнагародзiш па-царску, а нехта
з сонечнай выспы варочае ў слоту.



Анатоль Дэбiш

Цi зразумець?

Цi зразумець: куды коцiцца поўня мiж хмар,
Падае знiчка, стамiўшыся ў небе гарэць?
Ў сэрцы збалелым кахання апошняга жар –
Цi зразумець?

Цi зразумець: першых красачак веснiя сны,
Сонца праменнi, што душы iмкнуцца сагрэць,
Ворага ўсмешку i сябра пагляд ледзяны –
Цi зразумець?

Цi зразумець: сум паэта ля роднай мяжы,
Песню якому ужо даспяваць не паспець.
I на кладах ставяць свечку чаму i крыжы –
Цi зразумець?

У ланцугу хуткаплынных iмгненняў i дзён,
Дзе ўсё няiснае, дзе толькi iсная смерць, –
Волю губляю, да гвалту трапляю ў палон...
Цi зразумець?

Мне цi лiстотай кружляць па-над роднай зямлёй,
Зоркаю ззяць, цi мiж хмар перунамi грымець, –
Каб цалаваць твае вусны i стан мiлы твой?..
Не зразумець.



Васiль Дэбiш

Ява падання

Чуў я гiсторыю. Чуў я калiсьцi такую:
У ночку купальскую, у цiхую ночку святую
Хлопец русалку сустрэў каля рэчкi, ля яру,
I прыгажосцi яе ён паддаўся i чарам.
З гэттай пары стаў марнець i згараць, нiбы свечка.
Кожную ночку, самотны, блукаў каля рэчкi.
Кляў ён каханне i плакаў у змрочную цемру.
Клiкаў русалку, ды... толькi ён клiкаў дарэмна,
Бо яна знiкла навекi ў рачной кругаверцi,
Смутак пакiнуўшы хлопцу i думкi аб смерцi...

Гэтак i я цiхай вулкай, самотны, блукаю,
Клiчу цябе з цiшынi. Толькi марна гукаю.

Хто дапаможа? Маўчы. Толькi месячык срэбны
З неба самотна глядзiць: "Прэч iдзi!..Непатрэбны!.."
Сэрца заходзiцца болем... Табой раскаханы,
Прочкi бягу я праз ноч, праз крывавы свiтанак...



Алесь Жамойцiн

Аддзячыць поле табе...

Аддзячыць поле табе, аддзячыць,
Ракою звонкай сваiх зярнят;
Яму вось толькi б адчуць i ўбачыць,
Што ты не знекуль, а з гэтых хат.

Што ты хадою не кiнеш ценю,
Ў якiм не ўзыдзе святло зямлi;
Што ты цяжкое збярэш каменне
З найсамай цвёрдай яго раллi.

Аддзячыць поле табе, аддзячыць,
Аддасць гарою калосны дар;
Яму вось толькi б адчуць i ўбачыць,
Што ты не госць тут, а гаспадар!..



Кастусь Жук

Вяpтанне Евы

Тайна шэптаў,
тайна гукаў,
тайна слодычных абдымкаў...
Я цябе
да ранку слухаў,
гнуткую
сваю лазiнку.

Жырандоль
скакала ў танцы.
Гаслi свечкi.
Нiклi гукi.
I шалелi
ў лiхаманцы
нашы вусны,
нашы рукi.

Танцавалi,
танцавалi,
танцавалi
як хацелi,
звар'яцелi,
звар'яцелi,
звар'яцелi
нашы целы.

Адшугала...
Адбылося...
Залпам
выпiлася чаша.
Валасоў
тваiх калоссе
шапацiць
пра тайну нашу.



Васiль Жуковiч

Мова

Табою, знаю, пагарджалі,
табе знішчэннем пагражалі,
а ты – жыла, а ты – тварыла,
ты свету геніяў дарыла,
о, маці мова! Тваё слова –
паветра для душы жывой,
заўсёды мне, славянка-мова,
такі гаючы гоман твой.
А ты сама – душа народа,
яго краса, яго прырода;
народ, нікім не растаптаны,
праз навальніцы, ураганы
цябе, адвечную, пранёс.
Ты неахопная, як воля,
ты неацэнная – як доля,
ты неад’емная – як лёс.